Без участия оркестра.
Ранее на эту дату был запланирован показ оперетты "Граф Люксембург"
« НазадСЕЗОН АДАМА МУРЗІЧА І вось – мінуў яго першы сезон. Мінуў год, адметны для тэатра канструктыўнай прафесійнай працай, пошукам і здзяйсненнем свежых мастацкіх ідэй, новых праектаў, паспяховымі прэм’ерамі. Мурзічу зноў можна паапладзіраваць! Тым болей, што акурат сёння Адам Асманавіч прымае віншаванні з днём нараджэння: яму споўнілася 70. У асяроддзі музыкантаў яго асоба знакамітая і паважаная: адзін з лепшых айчынных педагогаў па вакале, А. Мурзіч мае вялікія заслугі ў развіцці беларускай школы акадэмічных спеваў, у падрыхтоўцы спецыялістаў-выканаўцаў. Вядома нямала гісторый пра тое, як Адам Асманавіч літаральна "выратоўваў галасы", а ўрэшце – лёс маладых спевакоў, выпраўляючы чужыя прафесійныя памылкі. Ён доўгі час (чатыры дзясяткі гадоў!) працаваў у Мінскім дзяржаўным музычным вучылішчы імя М.І. Глінкі, узначальваў там вакальнае аддзяленне. Па запрашэнні маэстра М. Фінберга пабыў кансультантам групы салістаў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі. Паралельна выкладаў сольныя спевы ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, аднак ад прэстыжных прапаноў перайсці туды ў штат адмовіўся. Пры ім 80 працэнтаў выпускнікоў ММВ працягвалі навучанне спевам у лепшых кансерваторыях былога СССР. Вучняў, якія скончылі клас А. Мурзіча, і выхаванцаў, на чыё прафесійнае ўдасканаленне паўплывалі кансультацыі майстра, – не злічыць: пераможцы прэстыжных міжнародных конкурсаў і фестываляў, яны працуюць у лепшых творчых калектывах краіны, спяваюць на музычных сцэнах Аўстрыі, Германіі, Расіі, Украіны, Францыі… Школу Мурзіча прайшлі вядучыя салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Алег Мельнікаў, Ілья Сільчукоў, Станіслаў Трыфанаў, Дзмітрый Капілаў, Аляксандр Жукаў… І раптам Яго Вялікасць Настаўнік пагадзіўся на круты паварот у сваёй дзейнасці. Ён прыйшоў у тэатр, вызначыўшы для сябе канкрэтныя задачы: павялічыць у рэпертуары колькасць класічных твораў, актывізаваць працу над беларускім нацыянальным музычным матэрыялам, паспрыяць павышэнню выканальніцкага майстэрства творчага калектыву. Прыроджаны лідар, інтэлігент і мудрэц, чалавек шчыры і ўраўнаважаны, А. Мурзіч адразу падкрэсліў, што ні "палачнай дысцыпліны", ні дыктату з боку мастацкага кіраўніцтва не будзе: "Я цалкам давяраю прафесіяналізму і досведу калег – дырыжора, рэжысёра, балетмайстра. Я павінен стварыць умовы для раскрыцця і развіцця высокамастацкіх ідэй, добрага густу, адпаведным чынам фарміруючы рэпертуар, дбаючы пра паўнавартасны склад і належны прафесійны ўзровень трупы. І "любімчыкаў" у мяне не будзе: яны будуць у публікі". Пытаюся ў Адама Асманавіча, ці не расчаравала яго новая праца. "Чым больш уваходзіў у жыццё тэатра, тым цікавей рабілася! Раней займаўся выключна вакалам, рыхтуючы артыстаў да ўваходжання ў свет вялікага мастацтва. Цяпер – зусім іншае кола абавязкаў, бо я непасрэдна спрычынены да гэтага мастацтва, якое нараджаецца ў складаным спалучэнні жывой музыкі, харэаграфіі, сцэнічнага дзеяння, дэкарацый, касцюмаў і, вядома ж, спеваў. Я мушу спрыяць суладнасці індывідуальных мастацкіх намераў, творчаму камфорту ўсіх, хто працуе поруч". Сам Адам Асманавіч ніколі не быў артыстам, хоць прырода падаравала яму багаты голас, а лёс – добрую вакальную школу (Брэсцкае музычнае вучылішча, Беларуская дзяржаўная кансерваторыя). У студэнцкія гады, задумаўшыся пра сольную кар’еру, бескампрамісны і самакрытычны А. Мурзіч пачаў сумнявацца: маўляў, для ўвасаблення галоўных оперных партый спеваку патрэбна іншая сцэнічная фактура. Невядома, чым скончыліся б тыя сумненні, але якраз паступіла прапанова працягнуць педагагічную практыку на прафесійнай аснове. І Мурзіч пачаў выкладаць у Мінскім музычным вучылішчы… Нават змяніўшы прафесію, Адам Асманавіч застаецца, як ён кажа, педагогам на ўсё жыццё. Адной з першых ініцыятыў новага мастацкага кіраўніка сталася запрашэнне на працу ў БДАМТ у якасці педагогаў-кансультантаў па вакале знакавых асоб: Наталлі Гайды і Пятра Рыдзігера. Вядома, сёння і сярод салістаў, і ў тэатральным хоры нямала вучняў Мурзіча. Будуць і новыя, бо ён знаходзіць час для правядзення майстар-класаў, кансультацый. Працуючы ў тэатры, падрыхтаваў траіх артыстаў да І міжнароднага конкурсу вакалістаў "Гран-при Санкт-Петербурга", у якім удзельнічала больш як 200 выканаўцаў з розных еўрапейскіх краін. Беларусы выступілі паспяхова: Яўген Ермакоў стаў лаўрэатам ІІІ прэміі, Сяргей Суцько – дыпламантам. Ён марыць і пра сваё прафесійнае спаборніцтва для спевакоў: у новым сезоне плануе заручыцца падтрымкай Міністэрства культуры ды Мінскага аблвыканкама і запачаткаваць у сценах тэатра ўсебеларускі конкурс маладых вакалістаў імя С. Манюшкі, па сутнасці адрадзіўшы на новым узроўні "Убельскую ластаўку". Ёсць і намер паставіць адну з Манюшкавых камічных опер. І правесці ўнутрытэатральны конкурс на лепшы твор сучаснага айчыннага кампазітара, напісаны на беларускую нацыянальную тэму. Аўтар праекта "Барытоны Беларусі спяваюць пра каханне", кіраўнік летніх канцэртаў "Чарадзейная ноч класікі ў музеі пад адкрытым небам" ды "Вечар старадаўняга раманса ў Мірскім замку" Адам Мурзіч сабраў у гэтых праграмах не толькі лепшыя галасы двух сталічных тэатраў, але і некаторых нашых землякоў, якія паспяхова працуюць за мяжой. У канцэрце, прысвечаным памяці Лучана Павароці і замоўленым на 9 кастрычніка, майстар плануе зноў сабраць сузор’е беларускіх галасоў з усяго свету: з Гамбурга, Венскай оперы, "Марыінкі", Вялікага тэатра Расіі… І прызнаецца, што марыць вярнуць таленавітых землякоў на радзіму. Каб яны не толькі прыязджалі ў якасці гасцей – удзельнікаў праектаў, але і працавалі тут, што не перашкодзіла б ім заключаць прэстыжныя замежныя кантракты і рэалізоўваць сябе на міжнародным узроўні. Святлана БЕРАСЦЕНЬ. |
тел.: (017) 275-81-26
220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44
Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by