Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Шчодрыя россыпы таленту (1982 г., Голас Радзімы)

Шчодрыя россыпы таленту (1982 г., Голас Радзімы)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ШЧОДРЫЯ РОССЫПЫ ТАЛЕНТУ

– Хто нам спадабаўся найбольш? Наталля Гайда. У яе такія выразныя, глыбокія і разумныя вочы, такі цудоўны голас. (З размовы гледачоў). 

– Аперэту "Паўлінка" я пісаў з разлікам на талент Гайды. (Народны артыст БССР кампазітар Ю. Семяняка). 

– Калі б было прынята не толькі сярод спартсменаў, але і сярод артыстаў складаць зборныя алімпійскія каманды, у зборную савецкай аперэты Наталля Гайда, бясспрэчна, увайшла б адной з самых першых, самых лепшых, самых годных. (Музыказнаўца Э. Шумілава). 

Змаўкаюць апошнія воплескі, усхваляваныя гледачы разыходзяцца, паступова пусцее тэатр… І апошнім, як заўсёды, пагасне святло ў грымёрцы нумар 229. Праз колькі часу з яе выйдзе невысокая зграбная жанчына і, стомлена ўсміхнуўшыся дзяжурнаму, нетаропка пакрочыць па Нямізе. На сцэне, у бляску сафітаў яна – графіня Марыца, гордая Наста, бліскучая Разалінда, Чаніта, Адэта… А ў жыцці – надзвычай сціплы, абаяльны, прыгожы чалавек, ды і завуць яе проста і па-тэатральнаму кідка – Наталля Гайда. 

З іменем гэтай артысткі звязана станаўленне і лепшыя здабыткі беларускай аперэты, яна – яе сапраўдная гордасць і слава. Сёння Наталля Гайда – выдатны майстар музычнай камедыі, яе талент і праца адзначаны высокім званнем народнай артысткі БССР, яе ведаюць і любяць не толькі ў рэспубліцы, але і ў Маскве, Кіеве, Свярдлоўску, Данецку, Мурманску, Венгрыі, Польшчы – усюды, дзе бачылі ігру беларускай артысткі, чулі яе пранікнёны голас. 

А ўсё пачыналася не так бліскуча і гладка, як гэта можа здацца на першы погляд. Семнаццацігадовай дзяўчынкай прыязджае Н. Гайда ў Маскву паступаць у музычнае вучылішча пры кансерваторыі і не праходзіць па конкурсу. Першая жыццёвая няўдача заўсёды балючая. Дзяўчына год працуе лабаранткай, а потым паступае, але не ў музычнае вучылішча, а на… юрыдычны факультэт. Гайда вывучае старажытнае рымскае права, а марыць пра сцэну, займаецца крыміналістыкай, а думае пра кантылену і верхняе "рэ". І многа спявае – сола і ў студэнцкіх ансамблях. Актыўную і здольную ўдзельніцу мастацкай самадзейнасці заўважылі спецыялісты і прапанавалі ёй паступіць у кансерваторыю. Так Наталля Гайда нарэшце сустрэлася з даўняй марай, сустрэлася з вопытным педагогам і чулым чалавекам Л. Драздовай. Пра яе і сёння артыстка ўспамінае з вялікай цеплынёй і сардэчнасцю. Гады вучобы ў кансерваторыі – гэта не толькі бясконцыя гамы, эцюды, арыі, гэта і дасціпныя студэнцкія вечары – "капуснікі", і стажорская практыка ў оперным тэатры, і страшэннае хваляванне перад першым выхадам да гледачоў. Тэатральны дэбют артысткі быў не зусім звычайны. 

Ёй давялося тэрмінова замяніць захварэўшую спявачку. І, як вы напэўна здагадаліся, Гайда зрабіла гэта з поспехам. Так ярка, сапраўды па-тэатральнаму, пачалася сцэнічная біяграфія артысткі. Біяграфія, якую піша натхненне і штодзённая напружаная праца. 

Яшчэ адзін адметны паварот на жыццёвай і творчай дарозе актрысы – 1971 год. У гэты час у Мінску адкрываецца Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі, і Н. Гайда, якая была тады салісткай беларускай оперы, вырашыла перайсці ў аперэту. Рашэнне было рызыкоўным, але, як паказаў час, правільным. Яшчэ працуючы ў оперы, артыстка звярнула на сябе ўвагу рознабаковасцю свайго таленту. Яна не толькі ўпэўнена спраўлялася са складанымі партыямі лірычна-каларатурнага сапрана ў операх Вердзі, Пучыні, Рымскага-Корсакава, але сапраўды жыла на сцэне, жыла лёгка, элегантна, імправізавана. Гэта адзначыў славуты савецкі спявак І. Казлоўскі, які пасля аднаго з гастрольных спектакляў на Крамлёўскай сцэне ў Маскве зайшоў у грымёрку да Гайды, пацалаваў ёй руку і сказаў: " Вы – шампанскае!" 

Так, за плячыма артысткі быў пэўны вакальны вопыт, і ўсё ж аднаго гэтага для аперэты было б недастаткова. Складаны сінтэтычны жанр вымагае ад акцёра ўмення аднолькава хораша спяваць, танцаваць, весці дыялог, а галоўнае – быць раскаваным, артыстычным на сцэне. Нават першы спектакль беларускай аперэты "Пяе Жаваранак" паказаў, што Гайда спаўна надзелена ўсімі гэтымі здольнасцямі, яна проста народжана для аперэты. 

…Гартаю старыя тэатральныя афішы. Прэм’еры, юбілейныя спектаклі, канцэрты. Самыя розныя, заўсёды галоўныя ролі ў беларускіх аперэтах, у творах савецкай і замежнай класікі, першае выкананне песень беларускіх кампазітараў Ю. Семянякі, Я. Глебава, І. Лучанка і заўсёы – поспех, перамога. 

Гісторыя савецкай аперэты ведала нямала бліскучых прымадон. Адны вылучаліся асаблівым сцэнічным тэмпераментам і кідкасцю, другія – лірычнай пранікнёнасцю і цеплынёй. У чым жа адметнасць таленту беларускай артысткі? Коратка гэта можна акрэсліць так: ва універсальнасці, глыбіні і інтэлектуальнасці яе творчага дару. Н. Гайда паспяхова працягвае тую лінію развіцця савецкай музычнай камедыі, якая ідзе ад славутай Т. Шмыгі, арыентуючыся, найперш, на праўдзівасць, натуральнасць і шматграннасць мастацкага вобраза. У выкананні беларускай артысткі Разалінда з "Лятучай мышы" І. Штрауса, Сільва з аднайменнай аперэты І. Кальмана, Эліза Дулітл з "Маёй цудоўнай лэдзі" Ф. Лоў – гэта не толькі дасканалая вакальная тэхніка, танцавальная элегантнасць, зайздроснае прыроднае ўменне насіць касцюм. Але гэта яшчэ і пераадоленне састарэлых і надакучыўшых стэрэатыпаў меладраматычнасці, цыганшчыны, псеўдатэатральнасці. Нехта дасціпна і мудра заўважыў: "Нішто так не забівае эфекту, як імкненне яго стварыць". І ў вакале, і ў драматычным дыялогу Н. Гайда максімальна імкнецца да арганічнасці і яснасці думкі, ствараючы арыгінальны і сапраўды эфектны сцэнічны вобраз. 

У гутарцы з артысткай я выказаў думку, што зараз яна знаходзіцца на той ступені прызнання, калі поспех яе новых работ у значнай ступені абумоўліваецца самім імем. На гэта Наталля востра запярэчыла: маўляў, акцёру, як і спартсмену, нельга жыць на працэнты ад учарашніх перамог, ён павінен кожны раз, як упершыню, даказваць свой талент і годнасць артыста. А ў тытулаванага акцёра правоў на памылку яшчэ менш: публіка і крытыкі не даруюць яму нават дробных хібаў. 

Сярод многіх адметных рысаў таленту Н. Гайды смеласць – ці не самая прывабная! Мяркуйце самі. У мюзікле А. Лебедзева "Мост мары" актрысе давялося ўвасобіць вобраз семнаццацігадовай дзяўчыны Марыны. Аперэтачная прымадонна, якую мы звыклі бачыць вытанчана элегантнай і шыкоўнай у дарагіх сукенках і бліскучых дыядэмах, тут адважылася выйсці на сцэну ў джынсах і акулярах, выканаць шэраг акрабатычных кульбітаў, адважылася быць на сцэне непрыгожай. Гайда слушна ўбачыла зерне, канфлікт п’есы не ў любоўным трохкутніку, а ў вострым сутыкненні духоўнасці і прагматызму, высокай рамантыкі юнацтва з прозай будзённасці. Пасля прэм’еры была хвіліна цішыні, а потым – сапраўдны шквал апладысментаў. І слёзы, слёзы суперажывання і ачышчэння, што ўвогуле так рэдка бывае на аперэтачных спектаклях. 

Асобная і значная старонка ў творчай біяграфіі актрысы – ролі ў беларускіх аперэтах. Яе гераіні розныя, але ёсць нешта агульнае, што збліжае гераічную Ірыну з аперэты "Пяе Жаваранак", Кацю з вадэвіля "Тыдзень вечнага кахання", гордую Насту з "Несцеркі" і нават кемлівую Лісу з дзіцячага спектакля "Сцяпан – вялікі пан". Гэта – шырокая і шчодрая гайдаўская ўсмешка, абаяльнасць і духоўная прыгажосць яе гераінь. 

Але сапраўдным трыумфам таленту артысткі стала роля купалаўскай Паўлінкі ў аднайменнай аперэце Ю. Семянякі. Тут усё аднолькава бліскуча: вакал, ігра, танец, тут усё пазначана вышэйшым прафесіяналізмам і адначасова глыбінёй, багаццем асобы самой артысткі. "Такую б Паўлінку ды ў купалаўскі тэатр", – сказала народная артыстка СССР Л. Александроўская, сказала, не прыніжаючы купалаўцаў, а ўзнімаючы акцёрскае майстэрства Н. Гайды да акадэмічнага ўзроўню. 

Размаўляючы з Гайдай, забываюся, што перада мной славутая артыстка: ні ценю прэм’ерства, капрызнасці, задаволенасці сабой. Тактоўнасць, інтэлігентнасць і бескампраміснасць. Расказваючы аб нейкім цікавым здарэнні, Гайда настолькі захапляецца, што проста тут, сярод вулічнага тлуму, пачынае прадстаўляць выпадак у асобах, чым шчыра забаўляе людей. І аб чым бы ні ішла гаворка – аб прэм’еры оперы "Новая зямля" ці новых запісах Элізабет Шварцкопф – Гайда вяртаецца да аперэты. Бо гэта яе праца. Гэта яе любоў. 

…Невысокая зграбная жанчына ідзе па Нямізе. Многія пазнаюць яе, азіраюцца. Толькі што яна была Настай у "Несцерцы", а цяпер спяшаецца дамоў да сваёй Насці, дачкі, з якой яшчэ трэба паспець пазаймацца музыкай. Вечарэе, але зорак над горадам не відаць – засветла. Жанчына думае пра тое, што заўтра турботны дзень. З раніцы рэпетыцыя ў тэатры, потым запіс на тэлебачанні, а вечарам вельмі ж хочацца пабыць на прэм’еры мужа – опернага спевака Юрася Бастрыкава. Так, клопатаў багата, але ўсе яны ў радасць, бо звязаны з тым асноўным, што надае сэнс жыццю – з мастацтвам.

В. КАРАТАЙ.
Голас Радзімы. – 1982. – 16 верас.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: