« Назад
ШЛЯХ ДА ХРАМА МУЗ
3 мая ў Беларускім дзяржаўным музычным тэатры адбылася неардынарная падзея – асвячэнне будынка пасля рамонту. Блаславенне на правядзенне абраду было атрымана ад Мітрапаліта Мінскага i Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Праводзіў абрад святар Свята-Духава кафедральнага сабора айцец Уладзімip Увараў. У цырымоніі ўдзельнічаў хор тэатра, які пад кіраўніцтвам галоўнага хормайстра Святланы Пятровай падрыхтаваў i выканаў царкоўныя песняспевы.
Акрамя ўласна сцэны i глядзельнай залы, былі асвечаны фае, рэпетыцыйныя памяшканні, грымёркі ды іншае закуліссе – увесь будынак да апошняга закуточка. Пасля усе (i айцец Уладзімір таксама) засталіся на рок-оперу А. Рыбнікава "Юнона" i "Авось". Taкі збег па часе абраду i спектакля быў невыпадковым.
– У кожнага свой шлях да храма, – сказала загадчыца літаратурнай часткі тэатра, былая салістка балета Людміла Рабушка. – Maжліва, i наш спектакль стане для кагосьці сцяжынкай не толькі да мастацтва, але i да яшчэ больш высокіх сфер духоўнасці.
Яшчэ ў 2002 г., калі у тэатры вырашылі ставіць "Юнону...", звярнуліся за блаславеннем да Miтpaпaлiтa. Кансультантам спектакля па пытаннях царкоўнага этыкету стаў айцец Максім Логвінаў. Дый той факт, што сёлета на Ражджаство тэатр быў адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, гаворыць пра многае.
Сёлета год увогуле адметны для калектыву. Справа не толькі ў прэм'еры мюзікла Марка Самойлава "Дон Жуан у Севіллі", якая адбудзецца пад канец сезона. Увосень, на пачатку новага сезона, Беларускі дзяржаўны музычны тэатр адзначыць двайны юбілей: 35 гадоў самога тэатра (раней ён называўся тэатрам музкамедыі) i чвэрць стагоддзя, як ён "прапісаўся" у цяперашнім будынку. Рамонт вёўся каля трох гадоў, пры гэтым тэатр практычна не зачыняўся, прадастаўляючы будаўнікам па чарзе то прыступкі, то тэатральную залу, фае i г.д. Нарэшце, усё завершана, будынак асвечаны. I гэта, трэба спадзявацца, дабратворна паўплывае на ўсю тэатральную атмасферу.
Культура. – 2006. – 6–12 мая.
|