Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Шляхетны духам (2007 г., Літаратура і мастацтва)

Шляхетны духам (2007 г., Літаратура і мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

ШЛЯХЕТНЫ ДУХАМ

Можна развязаць дыскусію наконт месца беларускай інтэлігенцыі ў народзе і ў грамадстве (што не адно і тое ж). Можна спрачацца, ці прыйдзе той час, калі беларускіх інтэлігентаў пачнуць гукаць, шукаць – і знаходзіць хіба толькі на старонках энцыклапедый… Але не варта ўсчынаць палеміку, бо яна атрымаецца бясконцая, як само жыццё, і адыме ў нас хвіліны радасці. Той радасці, падставу для якой даюць сустрэчы са "шляхетнымі духам" – сапраўднай беларускай інтэлігенцыяй. Сярод гэтых вельмі розных і зазвычай адасобленых – нават між сабою – людзей ёсць сапраўдныя кандыдаты ў "Чырвоную кнігу". Іх арганічны артыстызм, неўтаймоўны творчы талент спалучаюцца з рэдкаснай сціпласцю, што, пэўна, і ёсць праяваю шляхетнасці духу… 

Відаць, гэтая рарытэтная шляхетнасць духу і не дазволіла Уладзіміру Кандрусевічу за ўжо даволі доўгія гады яго плённай і прызнанай кампазітарскай творчасці "прабіць" свой аўтарскі канцэрт. Упершыню яго вечарына адбылася ў азнаменаванне 30-годдзя творчай дзейнасці кампазітара – дзякуючы ініцыятыве сталічнага прадзюсерскага цэнтра "Спамаш". 

Было гэта некалькі месяцаў таму ў Беларускім дзяржаўным музычным тэатры. У ролю экскурсавода па маршруце "Жыццё і творчасць Уладзіміра Кандрусевіча" арганічна ўвайшла папулярная тэлевядучая Каліна Вардомская. На экране, усталяваным па-над сцэнай, нібы старонкі жыццяпісу, змяняліся фотакадры. Расповед вядучай пераплятаўся з выступленнямі артыстаў, якія выконвалі творы У. Кандрусевіча ці дасціпна віншавалі яго ад імя сваіх тэатральных калектываў. Пастановачная група імпрэзы (рэжысёр Настасся Грыненка, дырыжор Мікалай Макарэвіч, балетмайстар Ніна Дзячэнка, хормайстар Святлана Пятрова) стварыла арыгінальнае, з пэўнай інтрыгай, яскравае, дынамічнае відовішча. Яго нават не хацелася параўноўваць з многімі іншымі юбілейнымі вечарынамі, абцяжаранымі сцэнарнымі штампамі, "дзяжурнымі" выступленнямі з уручэннем стандартных адрасных папак. Тут усё было непрадказальна – і лагічна, нязмушана – і сур’ёзна. 

Спакваля высноўваліся факты біяграфіі. Гродна; клапатлівыя інтэлігентныя бацькі; дзяцінства, напоўненае адкрыццём свету музыкі. Юнацтва; захапленне класікамі рок-н-рола; каб купіць уласную гітару, разгружаў вагоны. Мінск, Беларуская дзяржаўная кансерваторыя; захапленне рок-н-ролам было пакарана выключэннем У. Кандрусевіча з ліку студэнтаў. Літасць лёсу і выбітныя настаўнікі: паспяховае заканчэнне кансерваторыі па класе фартэпіяна ў прафесара Леаніда Юшкевіча; служба ў войску; зноў кансерваторыя – клас кампазіцыі ў прафесара Яўгена Глебава. Інтэнсіўная і паспяховая творчая дзейнасць; шчаслівае сямейнае жыццё; таленавітыя высокаадукаваныя дзеці… 

А цяпер – пра "факты творчасці", якая ва Уладзіміра Кандрусевіча даўно спакроўленая з тэатрам і кіно. Каб хаця збольшага пералічыць дакументальныя, мастацкія, анімацыйныя стужкі, драматычныя, лялечныя і радыёспектаклі з яго музыкай, спатрэбіцца дадатковая газетная плошча – настолькі яны шматлікія. І разнастайныя. Адчуванне прыроды сцэнічнага відовішча, веданне законаў драматургіі, багаты досвед у так званых прыкладных жанрах, – усё гэта паспрыяла развіццю У. Кандрусевіча як кампазітара-драматурга. Ім нямала напісана для музычнай сцэны: балеты "Бураціна", "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" (лібрэта паводле У. Караткевіча складаў сам), "Крылы памяці", "Мефіста"; мюзіклы "Нявеста для Марціна", "Джулія", "Залёты" (паводле В.Дуніна-Марцінкевіча), "Шклянка вады", "Небяспечныя сувязі"… Далёка не ўсё пастаўлена, а з пастаўленых у Беларускім дзяржаўным музычным тэатры мюзіклаў, у якіх новымі гранямі зіхацела зорка таленту Наталлі Гайды і якія захоплена прымала публіка, да бенефісу аўтара "не дажыў" ніводны… (Праўда, зусім нядаўна, пры канцы тэатральнага сезона, адбылася прэм’ера спектакля "Шклянка вады", узноўленага пасля трохгадовага перапынку, але пра гэта будзе ўжо асобная размова). 

Вечарыну ўпрыгожылі ўражлівыя фрагменты з балета "Мефіста", з мюзіклаў "Шклянка вады", "Небяспечныя сувязі" і "Джулія" (так хочацца, каб гэты яскравы сюжэт з рамана С. Моэма "Тэатр" зноў з’явіўся на мінскай сцэне). Выканаўцы былі выбітныя: Юлія Дзятко, Канстанцін Кузняцоў, Віталь Краснаглазаў, Наталля Гайда, Арнольд Ранцанц, Валянціна Пятліцкая, Леся Лют, Ілона Казакевіч, Дзмітрый Якубовіч… 

Гучалі цудоўныя, прасякнутыя шчырасцю, дабрынёй і сонечным цяплом сучасныя песні ў выкананні маладых салістаў з прадзюсерскага цэнтра "Спамаш", мастацкае кіраўніцтва якога ажыццяўляе У. Кандрусевіч: Дарыі, Алены Ланской, Юліі Гусевай, Івана Буслая, Дзмітрыя Карпінчыка ды вакальнай групы "Чысты голас". 

"Сонца праз лісце…" – назву вечарыне дала аднайменная даўняя і ў свой час вельмі папулярная ў асяродку мінскай інтэлігенцыі песня У. Кандрусевіча, якую аўтар выканаў на вечарыне разам з вядомым гітарыстам Уладзімірам Угольнікам. Світэр, джынсы, гітара… Як арганічна, нязмушана і артыстычна выглядаў У. Кандрусевіч у гэтым абліччы! А потым – бездакорны вечаровы гарнітур, клавіятура элегантнага раяля: якое бліскучае пераўвасабленне ў вобраз маэстра! І незабыўны апафеоз: "Тэатральная сцэна – наша плаха і трон", – пачынала Наталля Гайда "Гімн Тэатра" з мюзікла "Джулія", і выходзілі да публікі ўсе ўдзельнікі праграмы, і сыпаўся з няўгледнага тэатральнага неба залаты дождж…

Падчас традыцыйнага свята з нагоды Міжнароднага дня тэатра У. Кандрусевіча ганаравалі прэміяй Беларускага саюза тэатральных дзеячаў, якая носіць імя легендарнай Л. Александроўскай. А не так даўно ў канцэртнай зале "Мінск" адбылася вечарына-прэзентацыя цэнтра "Спамаш". Здаецца, набывае заслужаную папулярнасць імя У. Кандрусевіча як аўтара песень і рамансаў, што пішуцца адмыслова з разлікам на індывідуальнасці салістаў, кіраўніка, скажам так, "студыі песенных зорак", куды адбіраюць таленавітых прэтэндэнтаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Цяпер у цэнтры ідзе праца над пастаноўкай новага маладзёжнага мюзікла, створанага У. Кандрусевічам. Дзякуй за ўсё гэта спонсарам. Але хто зверне ўвагу публікі на іншыя грані таленту кампазітара? Ужо і не ўспомніць, калі чулі ў жывым выкананні прыхільнікі творчасці У. Кандрусевіча, ды і сам аўтар, араторыі "Паданне" на вершы Янкі Купалы, "Аблачынка з Чарнобыля" (тэксты Г. Бураўкіна і А. Разанава), сімфонію "Плач перапёлкі" (паводле І. Чыгрынава), Канцэрт для аркестра і саліруючага фартэпіяна, аркестравую "Музыку сталічных і правінцыйных тэатраў", вакальныя творы на вершы Янкі Купалы, Максіма Танка… Гэты кампазітар, які шчыра прымае творчыя прапановы і запрашэнні да супрацоўніцтва (іх, дзякуй таленту і лёсу, пакуль стае), не пойдзе з паклонам ні ў філармонію, ні да кіраўніцтва музычнага тэатра, у якога сёння відавочныя праблемы з папаўненнем арыгінальнага беларускага рэпертуару, са стварэннем свайго, нацыянальнага аўтарскага кола, якое існавала ў першыя дзесяцігоддзі дзейнасці творчага калектыву. 

Уладзімір Кандрусевіч, кампазітар з мудрым сонцам у вачах… Можа, ён і з кандыдатаў у "Чырвоную кнігу". Але відавочна, што не стаіць у чарзе, каб трапіць на яе старонкі. Жыве, стварае і, калі можа, дапамагае іншым творчым людзям.

С. БЕРАСЦЕНЬ.
Літаратура і мастацтва. – 2007. – 20 ліп.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: