Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Што нi акцёр – тэатр! (2001 г., Лiтаратура і мастацтва)

Што нi акцёр – тэатр! (2001 г., Лiтаратура і мастацтва)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ШТО НI АКЦЁР – ТЭАТР!

Гісторыя вяртання славутай аперэты ў рэпертуар Дзяржаўнага музычнага тэатра Беларусі вымушае не злоўжываць словам "прэм'ера". Чаму – зразумець няцяжка. "Лятучая мыш" апынулася нібыта па-за шэрагам прэм'ер музычна-тэатральнага сезона з тае прычыны, што на замоўленую раней цалкам новую пастаноўку не хапіла сродкаў, і каб не страціць з планаў даўно чаканую назву (чаканую і гледачом, і самімі артыстамі), давялося рабіць узнаўленне колішняга спектакля.

Мала знойдзецца ў Мінску людзей, якія дэталёва памяталі б той спектакль: усё ж такі амаль паўтара дзесятка гадоў мінула, як сышоў ён з афіш. Хто ў такіх сітуацыях самы памятлівы? Вядома, "старажылы" тэатра. Артысты! Адной з іх, Валянціне Пятліцкай, і дастаўся нялёгкі чын рэжысёра ўзнаўлення пастаноўкі 1981 года. Балазе, сцэнічны малюнак тагачаснай "Лятучай мышы" не вызначаўся эксперыментатарскімі штукарствамі. Рэжысёр А. Малчанаў, музычны кіраўнік-дырыжор I. Абраміс і яго малады калега А. Сасноўскі, мастак С. Кошкін, балетмайстар В. Бутрымовіч, хормайстар Н. Андросава ставілі класічную аперэту ў традыцыях тэатральнай практыкі, без навацый. (Дарэчы, добрым тонам выглядае напамін у сённяшняй праграмцы імёнаў стваральнікаў таго спектакля).

Адчуванне рамантыкі жанру, шчыры і кранальны "старамодны" стыль мізансцэн, спрыяльны для больш выразнага раскрыцця псіхалогіі персанажаў, для максімальнай рэалізацыі акцёрскага і вакальнага майстэрства, – усё гэта ці дасталося новай "Лятучай мышы" ў спадчыну ад яе папярэдніцы, ці нарадзілася ў творчай працы цяперашняй пастановачнай групы?.. Апроч В. Пятліцкай, над узнаўленнем спектакля працавалі Генадзь Праватораў (музычны кіраўнік і дырыжор), Яўген Ждан (кіраўнік аднаўлення сцэнаграфіі), Вольга Жалонкіна (аўтар ужо зусім новых сцэнічных касцюмаў), хормайстар Святлана Пятрова, балетмайстар Ніна Дзячэнка…

Акцёры!

Найперш яны сваёй ігрой, спевамі, пластыкай унеслі непаўторнасць, свежасць у чарговы перыяд ужо, відаць, бясконцага (класіка ж!) сцэнічнага жыцця старой добрай аперэты, мелодыі з якой і многія рэплікі знаўцы-паклоннікі трымаюць у сваёй памяці, нібы радкі са школьнай хрэстаматыі.

Найперш яны, злучыўшыся ў сапраўдны музычна-сцэнічны ансамбль на самым першым паказе ўзноўленага спектакля, так "завялі-раскруцілі" публіку, што… Што якім бы скептыкам ні пачуваў сябе глядач на пачатку дзеі, а трапіўшы ў палон абаяльнасці акцёрскага тэатра, ён апынуўся ў атмасферы сапраўднай прэм'еры!

Прэм'ернае ўражанне зазвычай цяжка паддаецца аналізу: хіба можна раздрабніць-прэпарыраваць святочны настрой, радасныя эмоцыі? Гэта потым ужо ловіш сябе на думцы, што раскошная штраусаўская уверцюра пры закрытай заслоне падаецца зацягнутай, выкананай не надта ахайна, і ад недасканаласці аркестравага гучання магла б адцягнуць увагу нейкая сцэнічная карцінка, візуальны рух; што ніякі маэстра не здолее "перамагчы" фальш скрыпак, пакуль гэтага не зробяць самі музыканты; што жывы спектакль не застрахаваны ад тэмпарытмічных збояў у злучэнні сцэнічнай дзеі з музыкай, спевамі, танцам…

Пераважаюць, аднак, іншыя думкі-згадкі, звязаныя, зноў жа, з акцёрскімі адкрыццямі. У той прэм'ерны вечар вяло рэй сапраўднае сузор'е артыстаў. I кожны, з прафесійнай годнасцю, пачуццём жанру, меры мастацкага густу і "тэмпературы" ў зале, увасабляў сабою Тэатр.

Для мяне было неспадзяваным адкрыццём не столькі, можна сказаць, рэжысёрскі дэбют В. Пятліцкай, як яе акцёрская работа ва ўзноўленай "Лятучай мышы". Маладая, энергічная, спакуслівая, трошку даверлівая, трошку хітраватая разумніца-пакаёўка Адэль у выкананні В. Пятліцкай трымаецца на роўных з героямі гэтай чароўнай, дасціпнай, гуллівай і сентыментальнай карнавальнай гісторыі пад назвай "Лятучая мыш". Дай Бог актрысам новага пакалення гэтак жа добра "трымаць форму" і захоўваць голас, які ўражвае чысцінёй інтанацыі, пластычнасцю фразіроўкі, тонкай філіроўкай гуку! 

У В. Пятліцкай – выдатныя, чулыя партнёры. Найперш – Л. Кузьміцкая ў ролі гаспадыні дома, жаноцкай, ласкавай, рахманай, крыху інфантыльнай прыгажуні Разалінды, якая пад маскай таямнічай начной істоты ператвараецца ў пяшчотную і драпежную "інфернальніцу", абуджае інстынкт "вечнага паляўнічага" ва ўласным мужу, што ўрэшце сам жа трапляе ў бліскучую пастку. Мяккая і дакладная манера ігры, выразны вакал…

Генрых Айзенштэйн. Гэты вобраз увасабляе адзіны на ўсе выканаўчыя склады В. Бажэнаў. Жыццялюб, жартаўнік, шукальнік прыгод, безабаронны ў сваёй закаханасці, самавіты "мацак" з душою хлапчука… Генрых В. Бажэнава – пераканальны "герой рамана", увасабленню якога дапамагае найперш прыгожы, выкшталцоны голас артыста (жанчыны ж, як вядзецца, "кахаюць вушамі!"). У яго адмысловы сапернік, "воздыхатель" Разалінды Альфрэд: віртуозная акцёрская работа В. Мінгалёва, уражанне ад якой не сказаць каб надта псуюць відавочныя праблемы з голасам.

Яшчэ адно прэм'ернае адкрыццё – Фальк у выкананні Э. Мартынюка. Вось ужо сапраўды – чалавек-Тэатр! Беспардонны, востры на язык, самаўпэўнены, але прытым і крыху баязлівы, фантазёр, балбатун… Дзіва што: Фальк – дырэктар тэатра! Пры гэтым Э. Мартынюк не правакуе рогат залы, не спрабуе рабіць са сваіх маналогаў ды рэплік устаўныя сольныя нумары, застаючыся зоркай у сузор'і. А грань паміж так званымі размоўнымі зонамі ды вакалам у яго амаль празрыстая, нібыта і не заўважаеш, як Фальк-Мартынюк скончвае гаманіць і пачынае спяваць: так арганічна і выразна гэта ў яго атрымліваецца! I дыкцыя выдатная, і голас інтанацыйна багаты. А ўжо міміка…

Прэм'ерны ансамбль "Лятучай мышы" быў бы бяднейшы на акцёрскія фарбы, калі б не сталае майстэрства В. Сердзюкова ў ролі бядотнага адваката Блінда, калі б не камедыйны дар А. Ранцанца ў вобразе дырэктара турмы Франка, калі б не высакародная стрыманасць сцэнічнай манеры А. Заянчкоўскага – хлебасольнага князя Арлоўскага. Калі б, урэшце, не зорны балетны дуэт Ю. Дзятко ды К. Кузняцова ў прыгожай сцэне вальса!

Складаныя вакальныя ансамблі ў сваёй музычнай выразнасці, дакладнасці выканання маглі калі-нікалі канкурыраваць з ансамблевымі сцэнамі ў спектаклях нашага акадэмічнага тэатра оперы. А іскрынкі акцёрскай ігры распальвалі захапленне публікі, жывым агеньчыкам асвятляючы, здавалася б, пакрытыя пылам драматургічныя сцяжынкі, на якіх артыстаў падпільноўваюць заштампаваныя вобразы, зацёртыя жарты.

Дайце веры, усё глядзелася-слухалася, нібы ўпершыню: і гісторыя з Эмай, "сабачкам Шульца", і спроба Альфрэда, загорнутага ў халат гаспадара дома, "зрабіць шчаслівай" засмучоную Разалінду, і розыгрыш Адэлі на княжацкім балі, і камічныя сцэны ў той сумнавядомай установе, дзе "калі нават ходзіш, дык усё адно – сядзіш", і любоўная гульня з удзелам Разалінды, Генрыха ды… ягонага гадзінніка…

Аперэту слушна параўноўваюць з шампанскім. Паспытаеш – і ўжо глядзіш на людзей са спагаднай усмешкай, і жыццё ўспрымаеш лягчэй, і пачынаеш ідэалізаваць зямны свет, у якім, аказваецца, ёсць месца для моцных, прыгожых і чыстых пачуццяў.

С. БЕРАСЦЕНЬ.
Лiтаратура і мастацтва. – 2001. – 14 снеж. – С. 11.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: