Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Што там, за маскай? (Святлана Берасцень, "Літаратура і мастацтва", 29.06.2012)

Што там, за маскай? (Святлана Берасцень, "Літаратура і мастацтва", 29.06.2012)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ШТО ТАМ, ЗА МАСКАЙ?

12-178a На пачатку тыдня ў нашай сталіцы завяршыліся гастролі Свярдлоўскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра музычнай камедыі.

Візіт артыстаў з расійскага Екацярынбурга вылучыўся сярод падзей сёлетняга артсезона, вядома ж, не толькі працягласцю (тры тыдні) і прадстаўнічасцю (прыехалі 230 чалавек). Той, хто пазнаёміўся з іх творчасцю, можа шчыра сказаць: музычна-тэатральны Мінск вітаў амаль незнаёмых гасцей з далёкага Урала, а праводзіў, і праводзіў ужо зусім па-сваяцку, — добрых сяброў. Таленавітых прафесіяналаў. Натхнёных майстроў. Дваццаць адзін вечар запар яны выходзілі на сцэну свайго творчага пабраціма — Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. Да таго ж, выступалі на выязных сустрэчах з гледачамі Маладзечна, Барысава, Гомеля... За час гастроляў сыгралі 23 спектаклі. А для самага апошняга, дваццаць першага вечара падрыхтавалі разам з мінскімі калегамі вялікую канцэртную праграму.

"Зайздрошчу гэтаму тэатру ў тым, што ён ніколі не быў абдзелены афіцыйнай увагай", — прызнаўся журналістам дырэктар БДАМТ А. Пятровіч і патлумачыў: "Мне расказалі, што ў часы, калі кіраўніком Свярдлоўскай вобласці быў Барыс Ельцын, ён не прапусціў ніводнай прэм’еры гэтага калектыву. І на кожнай ранішняй планёрцы звяртаўся да сваіх падначаленых з абавязковым першым пытаннем: "Ну, хто ўчора быў у тэатры?" Такім чынам ён "прывучыў" мясцовае начальства хадзіць на спектаклі, а гэта, само сабой, істотна паўплывала на статус тэатра ў грамадстве, паспрыяла яго своечасовай дзяржаўнай падтрымцы і развіццю. Радуе, што гэты калектыў, жывое ўвасабленне "Золотой маски", знайшоў магчымасці прыехаць да нас".

Афіша гасцей уключала восем разнажанравых спектакляў, якія не ідуць на нашай сцэне. Гэта паспяховыя пастаноўкі, адзначаныя рознымі тэатральнымі прэміямі, у тым ліку прэстыжнай "Золотой маской", якой работы ўральцаў ганараваліся ўжо 16 разоў. Аднак дырэктар уральскага тэатра М. Сафронаў заўважыў: "Калі ласка, не падумайце, што мы "хаваемся за маскай". Мы выбіралі ўсё лепшае з нашага рэпертуару, пра што пішуць у Расіі і што хацелася паказаць, каб у вашага гледача склалася як мага больш поўнае ўяўленне пра Свярдлоўскі тэатр".

Нават самая пераборлівая публіка пераканалася, што "за маскай" — моцны самавіты Тэатр, з жывымі класічнымі традыцыямі, арыгінальным рэпертуарам, трапнай і мудрай рэжысурай (Кірыла Стрэжнеў), выбітнымі музыкантамі, дырыжорамі (Барыс Надэльман, Віктар Олін), яркімі салістамі: сталымі, тытулаванымі, маладымі. Тэатр, які нездарма называюць лабараторыяй расійскага мюзікла (кампазітары пішуць адмыслова для яго трупы).

Кожны вечар — прыемнае адкрыццё, пра якое можна разважаць гадзінамі.

Музычныя хронікі часоў Расійскай імперыі "Кацярына Вялікая" кагосьці ўразілі шыкоўным сцэнічным увасабленнем, кагосьці — тонкай псіхалагічнай трансфармацыяй вобразу прынцэсы Фіке — Вялікай княгіні Кацярыны Аляксееўны ва ўвасабленні Марыі Вінянковай, трапнасцю ролі імператрыцы ў выкананні Ніны Шамбер, неадназначнасцю персоны Рыгора Арлова, пераканаўча сыгранага Уладзімірам Аляксеевым. А для кагосьці сапраўдным адкрыццём сталася партытура кампазітара С. Дрэзніна, які сучасную амерыканскую "мюзіклавую матрыцу" напоўніў рускім інтанацыйным зместам. Багатая меладыйная мова, прасякнутая найтанчэйшымі вакальнымі рэмінісцэнцыямі творчасці А. Варламава, А. Гурылёва, М. Глінкі, С. Рахманінава, рускага песеннага фальклору і рытуальных царкоўных спеваў, віртуозна спалучаецца з блюзавымі гармоніямі ды сінкопамі, рытмікай рока і рэпа...

Спектакль за спектаклем — і мы пераканаліся, якой кранальнай і сучаснай можа быць музычная прыпавесць пра вайну "Ахоўвай мяне, любая"; якім рамантычным атрымліваецца шпацыр па "Парку савецкага перыяду", калі гучыць жывая музыка яшчэ незабытага часу. Мы адчулі, што "гогаль-могаль" (так вызначаны жанр двухактовага мюзікла В. Пантыкіна "Мёртвыя душы") — не салодкі дзіцячы кактэйль, а магічны мікс, дзякуючы якому дасціпная містыфікацыя М. Гогаля раскрывае свой неўміручы падтэкст. Мы зразумелі, што музычную камедыю-фарс А.Фельцмана "Цётка Чарлі" не трэба параўноўваць з папулярным тэлефільмам "пра дону Розу", бо самадастатковы твор Свярдлоўскага тэатра захапляе дынамікай і віртуознай пластычнасцю мізансцэн, камедыйным майстэрствам і пачуццём эстэтычнай меры артыстаў Ігара Ладзейшчыкава, Паўла Дралава, Аляксея Шамбера, Таццяны Макравусавай, Святланы Беражной...

Гала-канцэрт "Зоркі тэатра ззяюць для вас..." прайшоў не тое што з аншлагам: прастору залы "ўшчыльнялі", наколькі дазваляла інструкцыя, дадатковымі крэсламі. Сузор’е артыстаў, якіх не пералічыць. Шыкоўныя ансамблевыя сцэны з удзелам зводнага аркестра, хору, балета і салістаў двух тэатраў; супольнае выкананне вядомых песень. Інтэрнацыянальныя дуэты беларускіх і расійскіх артыстаў. Унікальныя сюрпрызы ўральскіх сяброў: куплеты лялькі Алімпіі з "Казак Гофмана" Ж. Афенбаха, дзе гераіня віртуознай Людмілы Лакайчук паўстала ў абліччы сучаснай сакратаркі; выступленне музычнай групы "Изумруд" і эфектнае сола Яўгена Ханчына на ксілафоне; нумары "Эксцэнтрык-балета Сяргея Смірнова"; скрыпічны "двубой" Кацярыны Галавуры і Кацярыны Клімчуковай...

Збор ад гала-канцэрта накіраваны на стварэнне помніка Уладзіміру Мулявіну на яго радзіме, у Екацярынбургу. Манумент будзе ўсталяваны на вуліцы "Уралмаша" і ўрачыста адкрыты падчас гастроляў Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, запланаваных на верасень наступнага года.

Святлана БЕРАСЦЕНЬ.
Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА.
Літаратура і мастацтва. – 2012. – 29 чэрв. – С. 18.

На здымку: Сцэна са спектакля "Мёртвыя душы".



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: