Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/"Сільва". Рэінкарнацыя (2011 г., Настаўніцкая газета)

"Сільва". Рэінкарнацыя (2011 г., Настаўніцкая газета)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

"СІЛЬВА". РЭІНКАРНАЦЫЯ 

11-61aНовымі прачытаннямі класічных балетаў і опер, сучаснымі пастаноўкамі мюзіклаў у Беларусі цяпер ці наўрад каго здзівіш. Галоўны рэжысёр Беларускага акадэмічнага музычнага тэатра Сусана Цырук замахнулася на апошнюю "цытадэль" савецкага тэатра: класічную аперэту.

У адрозненні ад іншых іншых жанраў мастацтва, аперэта мае дакладную дату нараджэння: 5 ліпеня 1855 года французскі кампазітар і музыкант Жак Афенбах адкрыў на Елісейских палях у Парыжы свой тэатр "Буф-Парыз’ен". З таго часу аперэта пачала сваё пераможнае шэсце па свеце. У Беларускім тэатры музычнай камедыі (так раней называўся Музычны тэатр) гэты жанр доўгі час з’яўляўся асновай рэпертуару. Ды і цяпер на сцэне калектыву ідуць творы трох вялікіх кампазітараў, якія працавалі падчас росквіту венскай класічнай аперэты: Іагана Штраўса-малодшага ("Ноч у Венецыі" і "Лятучая мыш"), Імрэ Кальмана ("Марыца") і Франца Легара ("Вясёлая ўдава").

Тыя гледачы, хто трапляюць на мінскія спектаклі ўпершыню, захапляюцца пышнасцю пастановак, напалам пачуццяў і эмоцый. А сапраўдныя прыхільнікі Музычнага тэатр справядліва заўважаць, што некаторыя з іх састарэлі як маральна, так і ў мастацкім плане. У іх знасіліся дэкарацыі і касцюмы. Бо асобныя аперэты ідуць на сцэне тэатра вось ужо некалькі дзесяцігоддзяў.

Але самае галоўнае, сусветны тэатр пайшоў у сваім развіцці далёка наперад. Таму традыцыйнае чытанне класічных аперэт становіцца прадказальным: досыць паглядзець некалькі спектакляў, каб уявіць (прадставіць) усе астатнія. Відавочна, такі падыход шмат у чым вычарпаў сябе. Апошні раз аперэта ("Баядэра") ставілася на сцэне тэатра шэсць гадоў таму і не стала творчым поспехам калектыву. І толькі "Сільва", ажыццёўленая ў гэтым сезоне на сцэне Музычнага тэатра рэжысёрам Сусанай Цырук, успрымаецца як праява новых павеваў.

Мабыць, сімвалічна, што аб’ектам для эксперыментаў быў абраны менавіта гэты спектакль. Напісаная Кальманом у 1915 годзе, "Сільва" сапраўды стала аперэтай нумар адзін у свеце. А такія знакамітыя нумары, як дуэт галоўных герояў "Помнишь ли ты?", куплеты "Без женщин жить нельзя на свете" і многія іншыя ўжо даўно маюць самастойнае жыццё. Аднак, калі паспрабаваць ахарактарызаваць прэм’еру адным сказам, скажам прама: звыклай класічнай аперэты ў новай "Сільве" не знайсці.

Зразумела, нікуды не знікла музыка Кальмана. Засталіся цэлымі ўсе "хіты". Практычна не змяніўся сюжэт. У яго аснове – гісторыя кахання шансанеткі Сільвы (Маргарыта Аляксандровіч) і князя Эдвіна (Сяргей Суцько). Апошняга сям’я прымушае ажаніцца з графіняй Стасі (Леся Лют), на якую закаханымі вачамі глядзіць Боні (Дзяніс Нямцоў), сябар Эдвіна…

Мабыць, варта нагадаць, што ўсе класічныя аперэты існуюць па няпісаных законах жанру. Працягласць кожнай пастаноўкі звычайна складае тры гадзіны, яны падзелены на тры дзеянні. Першае часцей за ўсё сканчаецца аптымістычна, другое – драматычна, але ў трэцім героі, вядома ж, сустрэнуцца, каб больш не разлучацца. Прычым, кульмінацыяй спектакля будзе пышны баль, на якім пакажуць устаўны харэграфічны нумар. У кожнай аперэце дзейнічаюць тры пары персанажаў: "герой" і "гераіня", "прастак" і "субрэтка", а таксама камічная немаладая пара.

У чым жа выявілася наватарства пастаноўкі? Тры дзеянні трансфармаваліся ў два, зніклі ўстаўныя нумары, у выніку чаго дзеянне набыло лёгкасць і дынамізм. Але самае галоўнае, змянілася канцэпцыя "Сільвы". Ва ўсіх класічных аперэтах шчасцю галоўных герояў заміналі лёс або правілы вышэйшага свету. Арыстакраты, зразумела, ахвотна наведвалі закуліссе, кабарэ і вар’етэ, але ніколі не пагадзіліся б пусціць іх прадстаўнікоў у свае сем’і. У савецкія часы акцэнт любілі рабіць на саслоўнасці, на непераадольнай дыстанцыі, якая ляжала паміж элітай і "працаўнікамі сцэны".

Атрымліваецца, што гледачы ў ХХІ стагоддзі змушаны падладжвацца пад погляды мінулага стагоддзя, калі існавалі саслоўі, і пераконваць сябе ў тым, што калісьці даўно людзі думалі інакш.

Але сюжэты класічных твораў вечныя і актуальныя заўсёды. Толькі распавядаць іх трэба так, каб у гледача склалася ўражанне сваёй асабістай прысутнасці ў гэтай гісторыі, каб ён бачыў у героях або сваіх сучаснікаў, або асоб, якіх хвалююць тыя ж праблемы, што і яго. Вось гэта ў новай беларускай "Сільве" атрымалася цудоўна.

Дзве пары з трох (бацькі і сябры) адышлі на другі план. У цэнтры апынуліся менавіта галоўныя героі. Прычым акцэнт зроблены на тым, што яны самі павінны вырашаць свой лёс (тады як у класічнай версіі згоду на шлюб Эдвіна і Сільвы давала маці князя, сама былая артыстка кабарэ). Нельга забываць і пра жаданне дзяўчыны працягваць тэатральную кар’еру (хоць Эдвін марыць, каб яго будучая жонка пакінула сцэну). Чым не аналогія з сучаснасцю, з праблемай працаваць ці не працаваць жанчынам, якую ставяць перад імі некаторыя мужчыны?

Будзе не зусім шчыра не сказаць чытачу пра некалькі фрагментаў "Сільвы", якія выклікалі здзіўленне і нават расчараванне. У імкненні зрабіць спектакль больш сучасным, рэжысёр чамусьці прыдумала а-ля эратычную мізансцэну, калі Боні і Стасі ў палкім парыве страсці літаральна катаюцца па сцэне. Пытанні выклікаюць і фрагмент, калі чацвёрка маладых герояў занадта актыўна высвятляюць свае ўзаемаадносіны. На жаль, у агульную стылістыку спектакля такія эпізоды зусім не ўпісваюцца. Таксама выклікаюць здзіўленне элементы сцэнаграфіі, ужо скарыстаныя раней у мюзікле "Аднойчы ў Чыкага".

Зрэшты, невялікая лыжка дзёгцю ці наўрад змагла сапсаваць шыкоўную бочку тэатральнага мёду. Пра спектакль можна спрачацца, згаджацца ці не прымаць рэжысёрскае прачытанне. Але для тых, хто не стаіць на месцы і імкнецца адкрываць для сябе новыя далягляды, пастаноўка стала сапраўдным адкрыццём у айчынным тэатральным мастацтве.

Дзяніс МАРЦІНОВІЧ.
Фота Сяргея СУЛАЯ.
Настаўніцкая газета. – 2011. – 4 чэрв. – С. 10.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: