Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Сінтэз замест сінтэтыкі (2011 г., Культура)

Сінтэз замест сінтэтыкі (2011 г., Культура)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

СІНТЭЗ ЗАМЕСТ СІНТЭТЫКІ

11-115aСёння Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр завяршае абменныя гастролі ў Смаленску. Напярэдадні ж ад’езду, тыдзень таму, нашы артысты не толькі яшчэ раз рэпеціравалі пяць гастрольных спектакляў, але і прэзентавалі некалькі новых канцэртна-тэатралізаваных праграм. Адна з іх сталася поўнамаштабным прадстаўленнем публіцы нядаўна прызначанага галоўнага дырыжора тэатра Алега Лесуна. Другая – прадэманстравала чарговыя, але заўсёды нечаканыя пераўвасабленні салісткі тэатра, лаўрэата прэміі імя Л.Александроўскай Лідзіі Кузьміцкай.

Ах, каханне-чараўніцтва!

Літаратурна-музычная кампазіцыя паводле балета С.Пракоф'ева "Рамэа і Джульета" з'явілася ў планах аркестра задоўга да таго, як у калектыў прыйшоў А.Лясун. І хаця дагэтуль малады маэстра працаваў у нашым Вялікім тэатры, ні аднайменным спектаклем, ні сюітнай музыкай з гэтага балета дырыжыраваць яму не даводзілася. Упершыню выконваў гэты твор і аркестр. Што ж да балета са спевамі "Каханне-чараўнік", дык гэта папраўдзе чароўная музыка Мануэля дэ Фальі, іспанскага кампазітара першай паловы ХХ стагоддзя, нават для многіх знаўцаў сталася адкрыццём.

– Разам з Алегам Уладзіміравічам, – ледзь не ў адзін голас пракаменціравалі выбар праграмы дырэктар тэатра Аляксандр Пятровіч і мастацкі кіраўнік Адам Мурзіч, – было пераслухана-перагледжана шмат самых розных балетных партытур. Штосьці з гэтага, дарэчы, можа ўвайсці ў рэпертуар аркестра надалей. Зараз жа трэба было знайсці такую музыку, якая пасавала б Пракоф'еву і Шэкспіру, выклікаючы не дысананс, а гарманічнае сугучча.

Рэжысёр Ганна Маторная паставіла за мэту стварэнне сучаснага сінтэтычнага спектакля ў дзвюх частках. Першая, іспанская, літаральна дыхала полымем жарсцей. Другая – давала выхад у адкрыты космас агульначалавечых пачуццяў, разгортванне мастацкіх эпох ад Адраджэння да рамантызму і, надалей, да вострай канфліктнасці ХХ стагоддзя. Усе выканаўцы, уключаючы поўны склад аркестра, знаходзіліся на сцэне і станавіліся паўнапраўнымі ўдзельнікамі падзей. Замест грувасткіх дэкарацый – відэавыявы (цікава, што многія паўторы на іх супадалі з музычнымі лейтматывамі твораў). Колеравая палітра – чырвонае, чорнае, белае – у спалучэнні са светлавой драматургіяй. Салісты балета тэатра Вольга Яновіч і Ігар Ханцэвіч – з Хабанерай Ю.Чапкоўскага ў ролі яркай, відовішчнай уверцюры. Двое запрошаных салістаў: Наталля Акініна з Вялікага тэатра (ёй удалося перадаць усю прыцягальнасць старадаўняй андалусійскай спеўнай манеры кантэ хонда, засвоіўшы не толькі яе рытма-інтанацыйную арнаментыку, але і тэмбравыя асаблівасці гуказдабывання) і Джэрар Гара – іспанец па паходжанні, студэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (ён чытаў іспанскую паэзію так, што яна стала не дадатковым, а адным з асноўных складнікаў гукавой прасторы твора).

11-115b Дырыжор кіраваў настолькі ўпэўнена, быццам выконваў гэты твор усё свядомае жыццё. Узгадалася, як А.Лясун ратаваў колішні фестывальны канцэрт у філармоніі, замяніўшы раптоўна захварэўшага госця (таксама, дарэчы, у найскладанай партытуры ХХ стагоддзя). І як яшчэ раней выступаў дырыжорам-пастаноўшчыкам балета "Макбет" Вячаслава Кузняцова, прадэманстраваўшы выдатную арыентацыю ў сучасных кампазітарскіх пошуках. Цудоўна ўдаюцца яму і тонкія рамантычныя фарбы, сведчаннем чаго стала аперэта "Лятучая мыш" І.Штрауса, у п е р шыню прадырыжыраваная ім 17 лютага і, другі раз, 1 сакавіка на адкрыцці згаданых гастроляў у Смаленску.

Не пазнаць было і аркестр. Прыдзірліва ўглядаючыся ў твары артыстаў, я не верыла сваім вачам: запрошаных музыкантаў былі адзінкі, а ўсе сола гучалі – выдатна! Літаральна спаліўшы ўсе сілы на вогненнай стыхіі дэ Фальі, для пракоф'еўскай партытуры аркестранты, пэўна, пакінулі запал, але не набылі той свабоды выканання, што дасягаецца трывалым знаходжаннем твора ў пастаянным рэпертуары ці хаця б даволі працяглым рэпетыцыйным перыядам, у тым ліку разам з артыстамі, якія чыталі шэкспіраўскі тэкст на фоне музыкі, увасабляючы Рамэа, Джульету і пастара Ларэнца. Адбівалася і "непрывучанасць" аркестра да шчыльнай, насычанай аркестравай фактуры, якой у тэатры імкнуліся пазбягаць з-за акустычных складанасцей залы. Новым кіраўніцтвам тэатра быў узяты курс на жывое гучанне, вяртанне артыстаў да высокіх акадэмічных асноў. І праца, распачатая з гэтым калектывам знакамітым Аляксандрам Анісімавым, не прайшла дарма: відавочна, што аркестранты засумавалі па добрай музыцы і сольным выступленням. Трэба спадзявацца, А.Лясун разам з іншымі дырыжорамі тэатра канчаткова замацуе першыя вынікі і рушыць надалей па шляху ўсё большай музычнасці, а не простага "акампанементу".

"Дуэт апантаных"

Лідзія Кузьміцкая – дадатковы доказ таго, што артысты нашага Музычнага тэатра здольныя на самыя дзёрзкія здзяйсненні. Выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, яна з кожным годам спявае ўсё лепей. Можа, яшчэ і таму, што не спыняецца адно на тэатральным рэпертуары, а разам з такой жа неўтаймоўнай піяністкай Аленай Аляксеевай ладзіць штогод адметныя сольныя праекты. Што ў іх толькі не гучала! Вакальныя цыклы, монаоперы, малавядомая, але цудоўная музыка, прэм'еры… Нядаўні канцэрт у філарманічнай зале імя Р.Шырмы нагадваў шыкоўны камерны спектакль то вакальнага, то інструментальнага тэатра. Да згаданага "дуэта апантаных" далучылася выхаванка, а цяпер малодшая калега А.Аляксеевай – віртуозная Алена Асташкіна-Мысліўчык. А дзейнымі асобамі нечаканага відовішча сталі два раялі з адкрытымі крышкамі, падобныя да караблёў пад ветразямі (вядома, з "рулявымі"), дзіця-гарэза ў атачэнні свайго сямейнага кола, "ажыўлены" плюшавы Цяпа, усмешлівы інтэлігент пачатку мінулага стагоддзя з хітрынкай у вачах. А ўсё разам – чароўны альбом-настальжы, адкрыты таямнічай, амаль блокаўскай незнаёмкай.

Чорны вэлюм тут зусім не пры чым. Бо і без яго – пераўвасабленні Л.Кузьміцкай былі папраўдзе неверагоднымі. У цыкле "Дзіцячая" М.Мусаргскага яна выйшла ў брыджах ды кароткай камізэльцы, з валасамі, сабранымі ў дзіцячыя "хвосцікі", і з грукатам цягнула за сабой крэсла, бы якую нецікавую цацку. А яркі, папраўдзе званочкавы голас набываў надзвычай разнастайныя адценні, бо выступала яна і за Мішачку, і за няню – усё з цудоўнай дыкцыяй і такой выразнай інтанацыйнасцю, якой я не чула ў гэтым творы нават у прызнаных расійскіх оперных зорак. Майстэрства вышэйшай пробы! Па-новаму былі прачытаны і "Сатыры" Д.Шастаковіча на словы Сашы Чорнага. У гэтым "мужчынскім" цыкле не аказалася ні скептычнай уедлівасці, ні чорнага гумару – толькі шчадралюбны, заразлівы смех, часам скрозь слёзы і адчай. А між тым, у тэатры Лідзія выконвае адно лірычныя партыі, і сярод самых любімых – Разалінда ў "Лятучай мышы". З гэткім багатым патэнцыялам і жаданнем працаваць – гэта ж у колькіх яшчэ характарных партыях мы можам яе ўбачыць і пачуць!

Надзея БУНЦЭВІЧ.
Фота Сяргея СУЛАЯ.
Культура. – 2011. – 5–11 марта. – С. 12.

На здымках: Лідзія Кузьміцкая ў спектаклі "Лятучая мыш"; Алег Лясун.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: