Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Скарына зноў у Празе (Алеся Арыцкая, "Літаратура і мастацтва", 1.03.2013)

Скарына зноў у Празе (Алеся Арыцкая, "Літаратура і мастацтва", 1.03.2013)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

СКАРЫНА ЗНОЎ У ПРАЗЕ

13-56aФранцыск Скарына. Адразу прыгадваюцца тры гарады: Полацк, Падуя, Прага. У апошнім вядомы ва ўсім свеце беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар выдаў 23 кнігі Бібліі, тым самым назаўсёды звязаўшы Прагу з Беларуссю. Стагоддзі мінаюць, а сувязі толькі мацнеюць. І набываюць новыя адценні: у снежні мінулага года Беларускі саюз кампазітараў у межах Года кнігі распачаў праект "Францыск Скарына ў Празе", накіраваны на прадстаўленне беларускай арганнай музыкі ў кантэксце еўрапейскай XVI — XVII стагоддзяў. Пра гісторыю праекта і падзеі, з ім звязаныя, распавяла член БСК і Міжнароднай асацыяцыі "Мастацтва і адукацыя XX стагоддзя", лаўрэат прэміі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры ў намінацыі "Музычнае мастацтва" кампазітар Ганна Кароткіна.

— Ужо не адзін год я займаюся арганізацыяй канцэртаў духоўнай музыкі па ўсёй Беларусі, імкнуся ахапіць невялікія гарады альбо мястэчкі — гук аргана мае велізарны сэнс, у ім — жывая традыцыя. Калі ў храме няма аргана ці ён не працуе, мы выконваем духоўныя еўрапейскія творы XV — XVIII стст., духоўную музыку сучасных беларускіх кампазітараў на сінтэзатары з тэмбрам аргана — атрымліваецца паўнавартасны арганны канцэрт. Для многіх людзей такая музыка — сапраўднае адкрыццё. А ў мінулым годзе, сімвалам якога стала кніга, з'явілася ідэя спалучэння музыкі і выдавецкай дзейнасці Францыска Скарыны — правядзенне канцэртаў арганнай музыкі ў тых краінах, з якімі звязана імя гуманіста-асветніка, і, такім чынам, пашырэнне культурных сувязей паміж краінамі, тым больш што ў 2017-м будзе святкавацца 500-годдзе выдання Скарынам "пражскай" Бібліі.

Спачатку БСК планаваў ажыццяўленне праекта "Францыск Скарына ў Празе" не толькі ў Чэхіі, але ў Літве і Польшчы, аднак пакуль ажыццявіць яго атрымалася толькі ў Празе. Праект поўнасцю падтрымала Пасольства Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы, Міністэрства культуры Беларусі дапамагло з фінансаваннем. Хочацца выказаць падзяку Ігару Лучанку, старшыні БСК, які заўсёды падтрымлівае цікавыя прапановы, звязаныя з выкананнем беларускай музыкі за мяжой, і які таксама аказаў істотную дапамогу ў арганізацыі. Важным пунктам праекта была сустрэча ў Карлавым універсітэце і маё выступленне, прысвечанае прадмове да Псалтыра Францыска Скарыны. Шмат гадоў я займаюся даследаваннем культурнай спадчыны: будучы яшчэ студэнткай Акадэміі музыкі, захапілася медыявістыкай, паступова перайшла да самастойнага даследвання ірмалояў — старадаўніх праваслаўных песнапенняў, вывучаю бібліістыку. З дакладамі па гэтых тэмах выступала на міжнародных канферэнцыях у Гомелі, Полацку, Гальшанах.

— Распавядзіце, калі ласка, пра самыя цікавыя моманты праекта "Францыск Скарына ў Празе".

— Пачалося ўсё са знаёмства з Прагай. Спачатку дэлегацыя артыстаў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Чэшскай Рэспубліцы В. Марковіч і супрацоўнікі Пасольства Беларусі ў Чэхіі, а таксама прадстаўнікі беларускай дыяспары ўсклалі кветкі да помніка Францыску Скарыне ў Градчанах. Для нас была арганізавана цікавая экскурсія ў Славянскую бібліятэку, дзе мы пазнаёміліся з часопісам 1930 г. "Іскры Скарыны". Кульмінацыяй праекта сталі два канцэрты арганнай музыкі ў Касцёле Панны Марыі пад ланцугом, адным з самых старажытных касцёлаў Прагі. Трэба адзначыць, у снежні тут канцэрты не праводзяцца, бо існуе велізарная рызыка захварэць — тэмпература ў памяшканні вельмі нізкая, але мы не пабаяліся, і эфект, канечне, быў каласальны. Упэўнена, што для "пражскіх" беларусаў і прадстаўнікоў дыпламатычных місій канцэрт стаўся першым знаёмствам з беларускай арганнай музыкай.

Выканаўцай была адна з лепшых арганістак Беларусі — салістка Полацкага Сафійскага сабора Ксенія Пагарэлая, гучаў цудоўны голас салісткі Беларускага дзяржаўнага музычнага акадэмічнага тэатра Ганны Бяляевай. Праграма пачалася з твора "Таката і фуга" рэ мінор I. С. Баха, затым гучалі творы А. Вівальдзі, Г. Гендэля, Д. Пергалезі, Д. Качыні, С. Манюшкі; такія мае сачыненні, як "Францыск Скарына", сюіта для аргана (часткі "Францыск Скарына", "Біблія Скарыны" і "Маргарыта") і прэм'ера сюіты гістарычнага плана "Гальшаны". Завяршыла канцэрт "Аве Марыя" Ігара Лучанка. Канцэрты атрымалі станоўчы розгалас. Узрушаная публіка была ў захапленні ад голасу спявачкі Ганны Бяляевай і майстэрства арганісткі Ксеніі Пагарэлай.

— Ці плануецца працяг праект а ў 2013-м? Калі так, якія яго далейшыя перспектывы?

— Беларуска-чэшскае таварыства, сябрам якога я з'яўляюся з нядаўняга часу, пастанавіла праводзіць мерапрыемствы такога кшталту кожны год і рыхтавацца да 500-годдзя выдавецкай дзейнасці Францыска Скарыны. Таксама мы хацелі б правесці канцэрт арганнай музыкі ў Расіі на Днях культуры Беларусі ў Расіі, таму што арганная музыка — гэта дэманстрацыя культурнай спадчыны краіны, глыбокіх гістарычных еўрапейскіх каранёў.

Алеся АРЫЦКАЯ.
Літаратура і мастацтва. – 2013. – 1 сак. – С. 16.

На здымку: салістка Полацкага Сафійскага сабора К. Пагарэлая, салістка Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Г. Бяляева, кампазітар Г. Кароткіна.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: