06.11.2018
Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы і Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр прэзентуе выстаўку “Завуся я толькі Янка Купала”, якая прымеркавана да прэм’еры спектакля па жыцці і творчасці першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы і да 100-годдзя БССР.
Выстаўка створана на аснове калекцый музея і прадстаўляе рукапісы знакамітых твораў паэта, драматурга, публіцыста, прыжыццёвыя выданні, мастацкія творы, якія адлюстроўваюць творчы шлях Янкі Купалы. Фотаздымкі і дакументы прадстаўляюць жыццё паэта ў розных гарадах: Вільня, Мінск, Санкт-Пецярбург, Масква.
Знаёмства з гісторыяй і традыцыямі шляхецкага роду Луцэвічаў, вядомага з XVII ст., тлумачыць вытокі адданага служэння Янкі Купалы сваёй радзіме. Жыццё ў арандаваных фальварках, праца на броварах далі паэту асабісты досвед багатай гісторыі і традыцый беларускага народа, вобраз якога паўстаў у вершы “А хто там ідзе?”. Сёння твор перакладзены на 100 моў свету.
Гісторыя віленскага перыяду жыцця Янкі Купалы прадстаўлена нумарамі газеты “Наша Ніва”, на старонках якой былі апублікаваны больш за 150 твораў Янкі Купалы.
На выстаўцы – гісторыя знаёмства Янкі Купалы і Уладзіславы Станкевіч, якая стала жонкай і вернай сяброўкай паэта, а пасля яго трагічнай смерці – стваральнікам і першым дырэктарам музея.
Адзін з раздзелаў выстаўкі – “Янка Купала і Санкт-Пецярбург”, горад вучобы і творчага сталення паэта, дзе выйшлі з друку яго першыя зборнікі “Жалейка”, “Гусляр”, “Шляхам жыцця”.
Вершы Янкі Купалы 1920-30-х гадоў адлюстроўваюць складаны шлях станаўлення беларускай рэспублікі ва ўмовах савецкага ладу,а публіцыстыка і вершы ваеннага часу поўныя веры ў сілы свайго народа і вызваленне Бацькаўшчыны. Асобна прадстаўлена тэма таямніцы смерці паэта.
Творчасць Янкі Купалы стала сцягам духоўнага адраджэння народа, абуджала гістарычную памяць нацыі, фарміравала грамадзянскі ідэал беларускай дзяржаўнасці, уздымала нацыянальнае мастацкае слова да сусветнага ўзроўню.
тел.: (017) 275-81-26
220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44
Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by