« НазадСПЕВЫ, СЕНА, КАМАРЫ…"Баль у Соф'і Гальшанскай" Існуе дасціпны музычны жарт. Пра што думаюць мужчыны, апранутыя ў шыкоўныя смокінгі, калі сядзяць у першым радзе партэра, глядзяць на дырыжора і слухаюць сімфанічны твор? Горка шкадуюць, што ў дадзены момант знаходзяцца не на рыбалцы. Думаю, калектывы, якія ладзяць фестывалі ці асобныя праекты open air, добра памятаюць той жарт. Хіба можна належным чынам успрымаць музыку і зорных выканаўцаў, калі ў зале горача, душна, а за акном буяе лета? Open air — цудоўны сродак сумясціць тэатральныя вобразы і элементы рэлаксацыі, свежае паветра, адпачынак і класіку. Водар падвялага сена — і класічны балет. Уражанні ад сімфанічнага аркестра і… гудзенне камароў. Open air — павеў часу, магчымасць інтэрактыўнага ўспрымання мастацтва, пашырэння яго тэрыторыі. Дзе толькі не ладзяцца сёння фестывалі класічнай музыкі, танца, оперы! У былых кар'ерах, у старадаўніх замках, якія знаходзяцца высока ў гарах, на спецыяльна пабудаваных памостах на беразе возера. У антычных амфітэатрах — уявіце, як успрымаюцца там трагедыі "Антыгона", "Медэя", опера "Траянцы", балеты "Спартак" ці "Дафніс і Хлоя"! У Беларусі першапраходцам у гэтай справе быў Нацыянальны тэатр оперы і балета. Спачатку ўзніклі "Музычныя вечары ў Мірскім замку", потым імпрэзы ладзіліся ля муроў Сафійскага сабора ў Полацку. Цяпер калектыў арганізоўвае летнія фестывалі ва ўнутраным дворыку Нясвіжскага замка. На пачатку чэрвеня Беларускі музычны тэатр запрасіў сваіх прыхільнікаў у Музей народнай архітэктуры і побыту, дзе праходзіў "Баль у Соф'і Гальшанскай". Усё як мае быць. Пятніца, уік-энд, 10 вечара, амаль сцямнела. Квіткі па 75 тысяч, тым не менш гледачоў багата. Ад увахода ў музей і да сцэнічнай пляцоўкі легкавыя машыны шчыльна стаяць уздоўж дарогі. Значыць, цікава… Назва "Баль у Соф'і Гальшанскай" удалая, менавіта беларуская. Ёсць у ёй гістарычны вэлюм і водгулле ранейшых эпох. Чаму такая? Тэатр рыхтуе прэм'еру, мюзікл Уладзіміра Кандрусевіча, які будзе паказаны ў наступным сезоне. На "Балі…" было прадстаўлена цэлых восем фрагментаў. Што вельмі каштоўна, яны ішлі не пад фанаграму, а пад жывы аркестар (дырыжоры Марына Траццякова і Юрый Галяс). Нумары разнастайныя па тэмпах, рытмах, гучанні. Мініяцюрная Вольга Жалезская, якая выступала ў партыі Соф'і, абаяльная артыстка, мае моцны і прыгожы голас. Адметным падаўся Арцём Хамічонак у партыі Ганча, яе брата. Антон Заянчкоўскі (Ягайла) аддаваў даніну традыцыям і звычцы прэзентаваць прадстаўнічых герояў. Злёгку збянтэжыў нумар "Мужчынскія гульні". Не разумею, адкуль заўсёднае імкненне паказаць нашага чалавека выпівохам?.. Здзіўляла і тое, што некаторыя фрагменты будучага мюзікла падаваліся па-беларуску, некаторыя па-руску. Папярэднія работы Кандрусевіча ў гэтым тэатры ("Джулія", "Шклянка вады") пераконвалі: ён тонка адчувае асаблівасці жанру мюзікла. Пра канчатковы вынік можна будзе меркаваць тады, калі тэатр пакажа работу цалкам. Прысутнасць гасцей узбагаціла і разнастаіла праграму. Салісты Клайпедскага музычнага тэатра Даля Кужмарскітэ і Віргініус Пупшыс прадставілі фрагменты з мюзікла Джэры Бока "Скрыпач на даху". Мюзікл пра Тэўе-малочніка ліцэнзійны, у бліжэйшы час "ужывую" мы яго не пабачым і не пачуем. Таму знаёмства каштоўнае ўдвая. Іева Ванзелітэ і Міндаўгас Зімкус з Каўнаскага музычнага тэатра ўвасобілі фрагменты з мюзікла "Аіда". Героі тыя ж — Радамэс і Аіда. Музыка Элтана Джона, спеўныя інтанацыі больш блізкія да сучаснасці (прабачце, спадар Вердзі!). Моцныя галасы, нечаканы рэпертуар. Міжволі пазайздросціш! I "Скрыпача", і "Аіду" салісты з Клайпеды і Каўнаса спявалі па-літоўску. Хіба беларусам не варта павучыцца? I апошні штрых. Напрыканцы праекта на сцэну выйшлі маскоўскія выканаўцы. Глеб Мацвяйчук і Анастасія Макеева. Маладыя, яркія, перспектыўныя.. Калі хочуць запрасіць зорак, узнікае два пытанні. Першае: ці прыедуць? Другое: хто заплаціць? Мацвяйчук, спявак і кампазітар, у юныя гады жыў у Мінску і вучыўся ў нашай музычнай вучэльні ў Адама Мурзіча, цяперашняга мастацкага кіраўніка тэатра. (Цікава было б калі-небудзь апублікаваць спіс вакалістаў, на чый лёс паўплывала вучоба ў Мурзіча.) Думаю, даўнія кантакты паспрыялі таму, што артысты адгукнуліся на запрашэнне. Спявалі сола і дуэтам. Макеева прэзентавала фрагмент з мюзікла "Небяспечныя сувязі", які будзе неўзабаве ставіцца ў Маскве. Музыка — Мацвейчука. Такім чынам Глеб паўстаў падчас "Балю…" і як выканаўца, і як кампазітар. Узнікла і яшчэ адно неспадзяванае ўражанне. Побач з масквічамі, сапраўднымі зоркамі, што маюць моцныя, класныя галасы, адметны рэпертуар, стыльную вопратку, некаторыя нашы выканаўцы, хоць і былі ў парчу апранутыя, падаліся (чыста візуальна) глыбокімі і непапраўнымі правінцыяламі. 3 той тэатральнай эпохі, якая даўно прамінула. Што ж, будзем вучыцца! Увогуле "Баль у Соф'і Гальшанскай" атрымаўся. Традыцыя ўсталёўваецца і, думаю, далей будзе мець яшчэ большы творча-мастацкі і фінансава-арганізацыйны плён. На зваротным шляху з "Балю…" гледачы ажыўлена абмяркоўвалі артыстаў, іх рэпертуар, падзеі беларускай гісторыі і яе герояў. Мо падобныя фэсты ладзяцца менавіта з такой мэтай — абуджэння нацыянальнай самасвядомасці?.. Таццяна МУШЫНСКАЯ. |
тел.: (017) 275-81-26
220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44
Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by