« НазадСТАНІСЛАЎ МАНЮШКА. РЭПРЫЗЗ конкурсу маладых выканаўцаў імя Станіслава Манюшкі "Убельская ластаўка" выраслі такія вядомыя ва ўсім свеце спевакі, як Аксана Волкава, Ілья Сільчукоў і Уладзімір Громаў. Цяпер яны з'яўляюцца салістамі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, выступаюць на самых прэстыжных оперных сцэнах Еўропы і Амерыкі. Сёлета "Убельскую ластаўку", заснаваную ў 1999 годзе, пасля некалькіх гадоў перапынку вырашылі адрадзіць на базе Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. А гэта значыць, што фестываль набудзе зусім іншы, больш прафесійны ўзровень. Слухаць маладых вакалістаў, патэнцыйных "зорак" сусветнай оперы карэспандэнт "Звязды" паехала на радзіму Станіслава Манюшкі ў Чэрвень, дзе прайшоў гала-канцэрт "Убельскай ластаўкі". Насамрэч беларуска-польскі кампазітар Станіслаў Манюшка нарадзіўся ў мястэчку Убель, тады Ігуменскага павета. Цяпер гэтая тэрыторыя ўваходзіць у склад Чэрвеньскага раёна. А на месцы маёнтка Убель, дзе нарадзіўся творца, стаіць адзінокая стэла. Надпіс на ёй нагадвае, што вакол — не проста месца, і пры жаданні можна наладзіць трансцэндэнтную сувязь (мне нават пачало здавацца, што ў паветры загучала першая беларускамоўная опера Манюшкі "Сялянка") з беларускай шляхетнай сям'ёй, якая некалі жыла тут. Цяпер тэрыторыя, на якой знаходзіцца трансцэндэнтная стэла, належыць "Мінсктрансу". Яе акаляе цэментная агароджа. — Для таго, каб паглядзець на стэлу, трэба клікаць загадчыка гаспадарчай часткі, каб ён адамкнуў брамку, — распавядае экскурсавод Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея Ірына Вабішчэвіч. — Абсурд. Добра, калі не выдзеруць адтуль стэлу наогул і не скажуць: забірайце. Але мы, усё ж, вельмі спадзяёмся, што некалі маёнтак Убель будзе адноўлены. Захаваліся малюнкі Напалеона Орды, па якіх можна яго адбудаваць. Пытанне захавання і аднаўлення архітэктурнай спадчыны вельмі актуальнае для Беларусі. Захавалася ў нас настолькі мала, што трэба берагчы пра гэта хаця б памяць. Таму аднаўленне фестывалю-конкурсу імя Манюшкі — важны крок. І не толькі з пункту гледжання падтрымкі ўнутрыбеларускай культуры, але і для развіцця міжнародных адносін. Як-ніяк, Станіслаў Манюшка лічыцца бацькам не толькі беларускамоўнай оперы, але і польскай нацыянальнай — таксама. Адзіны ў свеце музей Станіслава Манюшкі знаходзіцца ў пасёлку Азёрным. Створаны ў канцы перабудовы, сёння ён бадай што не змяніўся. Месціцца ў будынку старой школы, займае некалькі невялічкіх пакояў. Нядаўна школу выкупіў расіянін і плануе зрабіць там турыстычную базу ці нешта накшталт таго. З рыбалкай. Нават не ўяўляю, як побач з музеем Манюшкі будуць ужывацца прыезджыя турысты, рыбалка, шашлыкі і шансон. І ці не будуць яны заглушаць беларускія песні, якіх Манюшка напісаў больш за 300 (у тым ліку на словы Сыракомлі, Чачота і Міцкевіча) і якія стрымана-тужлівым рэхам разносяцца па залах музейчыка з калонак старога касетнага магнітафона?.. Магчыма, праўда, прыток расійскіх інвестыцый дасць новае жыццё і музею Манюшкі. Абновяць стэнды, змыюць адыёзныя "саўковыя" надпісы са сцен пра тое, што "беларускі народ ганарыцца тым, што на яго зямлі нарадзіўся вялікі польскі кампазітар", закупяць новыя экспанаты, наладзяць культурны абмен з іншымі краінамі. У культуру таксама трэба ўкладаць грошы. Інакш старыя надпісы саб'юць вас з панталыку. А квіток у музей, між іншым, каштуе ўсяго 1000 руб. Даступнасць, якая палохае. Але тое, што конкурс маладых выканаўцаў "Убельская ластаўка" імя Станіслава Манюшкі прайшоў на радзіме кампазітара, акрыляе. Ва ўсіх сэнсах. Вясна. Ластаўкі прыляцелі. — Такую назву нашаму конкурсу мы далі невыпадкова. Яна звязана з цудоўнай легендай, — распавядае старшыня журы конкурсу "Убельская ластаўка", заслужаны артыст Беларусі Віктар Скарабагатаў. — Манюшка нарадзіўся 5 мая. Было цёпла і сонечна. Тыдні праз два пасля нараджэння матуля вынесла калыску з малым на веранду. Прыляцелі ластаўкі і пачалі над калыскай Стасіка віць гняздзечка акурат у гэтай верандзе. А паводле беларускага фальклору, калі ластаўка або бацян уюць недзе гняздо, то прыглядацца да гэтага месца трэба надзвычай уважліва. Дзіцячы пакой перанеслі на веранду, і прыглядацца сталі да Стасіка. Аказалася, што хлопец мае добрыя музычныя здольнасці. Спачатку маці Альжбета, добрая піяністка, займалася з сынам. Потым аддала яго ў рукі Дамініку Стэфановічу, дырыжору Мінскага сімфанічнага аркестра. Пазней Стэфановіч параіў Манюшку атрымаць больш грунтоўную музычную адукацыю ў Берлінскай пеўчай акадэміі. І калі Станіслаў вярнуўся дадому з навучання, ён быў не проста кампазітарам. Яго друкавалі ў Германіі. Першыя нотадрукі Манюшкі звязаныя менавіта з Нямеччынай. На 180-годдзе кампазітара мы вырашылі, што трэба заснаваць фестываль. Прыехалі ў Чэрвень, знайшлі паразуменне з мясцовым кіраўніцтвам. Трэба сказаць "дзякуй" за падтрымку і Васілю Несцяровічу, і яго дачцэ Ірыне Серадзе — дырэктару адзінага ў свеце музея Манюшкі ў Азёрным. Потым у рамках фестывалю быў заснаваны конкурс вакалістаў. Конкурс "Убельская ластаўка", без перабольшання, вельмі важны. У Беларусі ёсць вакальныя конкурсы "для дарослых", а вось для маладых талентаў "Убельская ластаўка" — адзіная магчымасць заявіць пра сябе. Хто ведае, верагодна, гадоў праз дзесяць цяперашнія пераможцы будуць гучаць са сцэн не толькі айчынных Опернага і Музычнага тэатраў, філармоніі, але і з прэстыжных сцэн па ўсім свеце. І конкурс мае магчымасць падтрымаць і раскрыць будучых "зорак" беларускай вакальнай культуры. * * * Размах "Убельскай ластаўкі" пакуль вельмі сціплы. Ніякіх рэкламных расцяжак у цэнтры Чэрвеня (а некалі было і такое!), адна "самапальная" афішка побач з мясцовым ДК — вось і ўся рэклама. Хочацца, каб фестываль набыў такі статус, каб на гала-канцэрт у Чэрвень прыязджалі са сталіцы. Каб было шмат інфармацыі і піяру, каб мерапрыемства не ператваралася ў прафесійны "міжсабойчык"… Як здарылася з конкурсам піяністаў імя Манюшкі, які штогод ладзіцца ў розных гарадах свету. У канцы мінулага года такі конкурс па ініцыятыве прапрапраўнучкі Станіслава Манюшкі Клары Манюшкі адбыўся і ў Мінску. Залы сталічнай філармоніі былі напаўпустымі. Толькі на заключны канцэрт сабралася публіка, таму што ў горадзе нарэшце з'явіліся афішы… Дык каму гэта ўсё трэба, калі не нам? Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ. У конкурсе "Убельская ластаўка", які сёлета прайшоў у 8-ы раз і складаўся з трох тураў, удзельнічалі навучэнцы прафесійных музычных устаноў з усёй рэспублікі. Адна заяўка была нават з Кіева. У выніку журы, якое складалася з 6 чалавек (Віктар Скарабагатаў, Адам Мурзіч, Наталля Гайда, Валерый Аўраменка, Аксана Волкава, Уладзімір Громаў) вызначыла 14 пераможцаў у 6 намінацыях. Лаўрэатамі І ступені сталі Вольга Маліноўская (Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя Глінкі) і Віктар Гайдукоў (Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі). Дыплом за найлепшае выкананне беларускай песні атрымаў навучэнец БДАМ Аляксей Яравенка. Дыплом за найлепшае выкананне твора Станіслава Манюшкі — Андрэй Мацюшонак з Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Агінскага. Ёсць недасканаласці ў тэхніцы выканання пераможцаў: часам яны фарсіруюць гук, не да канца разняволеныя на сцэне альбо наадварот, празмерна экспрэсіўныя. Магчыма, ад хвалявання. Засмучае, што ў вакалістаў дрэннае беларускае вымаўленне. Пра яканне і асімілятыўную мяккасць забылі ўсе! А з-за гэтага такія цудоўныя песні страчваюць значную частку свайго хараства… Выратоўвае толькі шчырасць. "Ой, рана на Івана", — зацягвае Дзмітрый Янчанка (БДАМ), лаўрэат ІІ прэміі. На здымку: удзельнікі фестывалю "Убельская ластаўка". Звязда. – 2012. – 12 мая. – С. 6. |
тел.: (017) 275-81-26
220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44
Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by