Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Сцэна музкамедыі: святло і цені (1995 г., Беларусь)

Сцэна музкамедыі: святло і цені (1995 г., Беларусь)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

СЦЭНА МУЗКАМЕДЫІ: СВЯТЛО І ЦЕНІ

Чвэрць стагоддзя таму, часткова на аснове музычнай трупы Магілёўскага абласнога тэатра музычнай камедыі, быў створаны Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі БССР.

Афіцыйнае яго адкрыццё адбылося ў Мінску 17 студзеня 1971 года пастаноўкай гераічнай камедыі Ю. Семянякі "Пяе Жаваранак". Але...

Але так ужо наканавана, відаць, тэатру, што перыяды поспеху і ўзлёту чаргуюцца з зацішшам, няўдачамі, таптаннем на месцы. Вось і новую тэатральную трупу пасля бліскучага пачатку чакала дзесяцігоддзе беспрытульнага існавання: штогод тэатр дарыў гледачам па некалькі цікавых прэм'ераў, але ўласнага памяшкання не меў.

Урэшце 15 кастрычніка 1981 года гораду быў падораны будынак тэатра музкамедыі. Ён, прынамсі, уключыў у свой аб'ём былы клуб тонкасуконнага камбіната, да якога проста прыбудавалі амфітэатральную залу на 800 месц з вялікай сцэнай. I ўсё ж рашэнне ўяўляецца ўдалым. Усе фрагменты будынка – і бронзавыя скульптуры музаў на парадным партале, і дэкарыраваны светлым мармурам, залацістым шклом ды латунню інтэр'ер, і рэльефы на калонах фае настройваюць гледачоў на сустрэчу з прыгожым і ўзнёслым відовішчам.

Унікальнасць тэатра ў тым, што на Беларусі ён – адзіны ў сваім жанры, і хоць дасведчаныя гледачы могуць дакараць калектыву за тое, што ў прафесійным плане пастаноўкі на беларускай сцэне не дасягаюць дасканаласці брадвейскіх, абвінавачанне недарэчнае. Бо мы жывём не ў Амерыцы. Тут іншы кантынент, іншая тэатральная школа, іншая сістэма духоўных каштоўнасцяў.

Капіраваць чужое – справа няўдзячная, падобнага нідзе не любяць. I значыць, каб выклікаць цікавасць да сябе, трэба шукаць свой непаўторны шлях, імкнуцца да арыгінальнасці. Гэта добра разумее кіраўніцтва Музкамедыі – дырэктар і мастацкі кіраўнік Сяргей Косцін, галоўны дырыжор Аляксандр Сасноўскі, галоўны мастак Уладзімір Жданаў, галоўны хормайстар Тамара Гуліна, галоўны балетмайстар Ніна Дзячэнка.

Працэс творчых пошукаў тэатра музычнай камедыі складаўся з поспехаў і правалаў, са спробаў і памылак, з узлётаў і падзенняў. Гэта безупынны рух. I калі часам у хвіліны адчаю можа здацца, нібыта ўсё застаецца на адным месцы, варта ўспомніць, што ўдачу не сустрэнеш на кожным кроку. I пастаноўка, якая сёння выклікае захапленне гледачоў ды спагадлівасць крытыкі, заўтра можа выглядаць састарэлай.

У гэтым вялікае пракляцце і вялікая вабнасць творчасці. Для людзей, якія прысвяцілі тэатру жыццё такая форма існавання – арганічна натуральная...

Калі гавораць пра творчы рост трупы тэатра музычнай камедыі, то адзначаюць, што ён адбываўся не з паступовай раўнамернасцю, а цыклічна. Адзін з такіх цыклаў бярэ пачатак у сярэдзіне васьмідзесятых гадоў, калі галоўным рэжысёрам у тэатр прыйшоў Вячаслаў Цюпа.

Пачалася ломка звыклых уяўленняў пра жанр музычнай камедыі, пра форму пастановак, што асабліва ярка праявілася ў фольк-оперы "Клоп", якая мела значны рэзананс у свой час.

Да аперэты Кальмана "Сільва" тэатр ужо звяртаўся ў 1972 годзе. Праз чатырнаццаць гадоў адбылася новая прэм'ера "Сільвы", якая застаецца ў рэпертуары па сённяшні дзень. Гэтай пастаноўцы ўласцівы нястомны рэжысёрскі пошук. Зразумела ж, што аперэта ўвесь час патрабуе новых варыяцый. Вось гэтая зменлівасць і складае пастановачную аснову "Сільвы". Трэцяя ж дзея ўяўляе, па сутнасці, шоу з выкананнем эстрадных танцаў. Зараз такое відовішча не асабліва ўражвае, а ў 1986 годзе не магло не захапіць нават заўзятых тэатралаў.

Адбылося вяртанне і да "Марыцы" (рэжысёр-пастаноўшчык Аляксандр Барсегян), якая ўпершыню ставілася ў Музкамедыі ў 1975 годзе. Прынамсі, гэтая пастаноўка адпавядае класічнаму жанру аперэты больш за "Сільву". Гледачы ж з аднолькавым задавальненнем успрымалі абедзве пастаноўкі.

Увогуле, зала на спектаклях класічнага рэпертуару заўсёды поўная. Здавалася б, адкуль у масавага гледача такая любоў да класікі, калі сучаснае жыццё – сапраўдны тэатр з неверагоднай драматургіяй ды непрадказальнымі сюжэтнымі хадамі? 

Відаць, наш сучаснік добра разумее, што жыццё і мастацтва – рэчы розныя, сумяшчаць іх можна і трэба далёка не заўсёды. Вось і сёння, стаміўшыся ад няўстойлівасці жыцця, шукае ў мастацтве не так новае, як адвечнае. Злабадзённыя хваляванні забудуцца. Да адвечнага ж – да руху чалавечай душы, кахання, лёсу, зменаў пачуццяў – інтарэс застаецца.

Два гады таму на базе балетнай трупы Музкамедыі арганізаваўся харэаграфічны калектыў "Мінск-балет". Артысты, якія раней ігралі дапаможныя ролі, выступаючы фонам да асноўнага сцэнічнага дзеяння, цяпер танцуюць у сапраўдных балетах "Іспанскі дывертысмент" і "Штраусіяна", "Шэхерэзада" і "Па дэ катр". 

Прыкладна ў той жа час быў створаны дзіцячы музычны тэатр "Казка". У Мінску, напэўна, не засталося дзяцей, якіх не вадзілі б у свой час на "Сцяпана – вялікага пана" ці "Зайку – зазнайку", "Беласнежку і сем гномаў" ці "Трубадура і яго сяброў". Хоць для дзяцей ставіць спектаклі нават больш складана, чым для дарослых: маленькі глядач інтуітыўна адчувае фальш і рэагуе непасрэдна – калі дзецям робіцца нецікава, зала напаўняецца гоманам. 

Неаднойчы ладзіў канцэрты і аркестр тэатра, дэманструючы, што па прафесійных якасцях ён можа стаць упоравень з філарманічным ці оперным аркестрам.

Менавіта оперным, бо падзеяй музычнага жыцця сталіцы напрыканцы 1993 года сталася прэм'ера камічнай оперы Даніцэці "Viva la Mamma! ці Пікантныя кашмары тэатральнага жыцця". Канешне, была пэўная рызыка – опера ніколі не ставілася ні ў адным з тэатраў былога СССР, і нельга было прадказаць рэакцыю гледачоў на пастаноўку оперы ў тэатры аперэты. 

Але мастацкае кіраўніцтва Музкамедыі вырашыла рызыкнуць, і вынікам стаўся шырокі рэзананс не толькі на Беларусі, але і за яе межамі. Акцёры ж даказалі здольнасць вырашаць складаныя творчыя задачы.

Стыль гэтай оперы – бельканта, патрабаваў ад салістаў віртуознага вакальнага майстэрства. Опера Даніцэці – пра тэатр. Таму, калі акцёры іграюць італьянскіх сабратаў па лёсу, верыш кожнаму іх учынку. Усе акцёрскія звадкі, капрызы, інтрыгі ды разборкі адыгрываюцца з вялікім веданнем справы. Агульны ж зварот да залы напрыканцы першай дзеі, што пакрыўдзіць артыста можа кожны, гучыць, так бы мовіць, з глыбінь сэрца, выпакутаваны кожным выканаўцам. А роля мужчынападобнай матухны Агаты – лепшая работа Арнольда Ранцанца апошніх гадоў.

У 1991 годзе рэжысёр Барыс Утораў паставіў мюзікл "Джулія", галоўная роля ў якім была напісана з разлікам на Наталлю Гайду. Спектакль на музыку Уладзіміра Кандрусевіча – прадгісторыя і сціслы пераказ "Тэатра" Моэма – ледзь не дзесяцігоддзе чакаў пастаноўкі. Матэрыял п'есы – лёс таленавітай і няшчаснай актрысы – стварыў выдатныя падставы, каб талент Наталлі Гайды разгарнуўся ў поўнай меры.

Увогуле, тэма тэатра як адзінага, што мае сэнс у жыцці і дзеля чаго варта жыць, прысутнічае ў многіх рэпертуарных спектаклях Музкамедыі.

Пасля прэм'еры вельмі складанай і вельмі цікавай пастаноўкі мюзікла Дж. Германа "Хэло, Долі!" (рэжысёр-пастаноўшчык В. Цюпа) два гады таму, гледачы прыхільна сустрэлі новы мюзікл беларускага кампазітара У. Кандрусевіча "Шклянка вады".

На жаль, да гэтага часу тэатру нестае новай пастаноўкі, якая цалкам засноўвалася б на нацыянальным матэрыяле. Уносіць жа ўклад у справу нацыянальнага Адраджэння абы-якой нізкапробнай халтурай Музкамедыя не можа.

Рост аўтарытэту Музкамедыі засведчаны прыняццем у 1993 годзе ў міжнародную грамадскую арганізацыю "Еўрапейская акадэмія музычных тэатраў".

На сённяшні дзень тэатр музычнай камедыі – другі буйнейшы ў рэспубліцы пасля тэатра оперы і балета. У складзе Музкамедыі – некалькі творчых калектываў. Усе яны працуюць на карысць адзінаму тэатру, ствараючы яму славу. Яму – і сабе.

Нездарма ж сёння глядач ідзе на Наталлю Гайду, імя якой з'яўляецца візітнай карткай гэтага тэатра, Уладзіміра Пятрова, чыё выканаўчае майстэрства прыносіць гонар і нашаму опернаму тэатру, Аляксея Ісаева, які рэалізуе свае шчодрыя вакальныя магчымасці не толькі ў аперэце, але і ва ўласных сольных канцэртах, Вікторыю Мазур, зорка якой заўсёды ззяе на тэатральных падмостках, адметных і непаўторных Германа Казлова, Людмілу Станевіч, Арнольда Ранцанца, Зінаіду Вяржбіцкую...

Тэатр ужо столькі гадоў супрацоўнічае з кампазітарамі Уладзімірам Кандрусевічам і Яўгенам Глебавым, Рыгорам Сурусам і Віктарам Войцікам. Нездарма з году ў год з'яўляюцца пастаноўкі, якія маюць вялікі глядацкі поспех.


Я. КОНЕЎ. 
Беларусь. – 1995. – № 2. – С. 26–27.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: