Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Сучасныя чараўнікі, або Рэпартаж з Закулісся (Вольга Наважылава, "Маладосць", 2012, № 1)

Сучасныя чараўнікі, або Рэпартаж з Закулісся (Вольга Наважылава, "Маладосць", 2012, № 1)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

СУЧАСНЫЯ ЧАРАЎНІКІ, АБО РЭПАРТАЖ З ЗАКУЛІССЯ

12-177aСёння мы з вамі зазірнём у свет закулісся. Даведаемся, хто акрамя акцёраў і рэжысёраў стварае спектаклі. Адкрыць для вас гэты патаемны і дзівосны свет згадзіўся Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр. Цішэй! Дзверы з надпісам "Службовы ўваход" адчыняюцца…

У гэтым тэатры працуюць ажно 400 сапраўдных чараўнікоў (а як яшчэ назваць людзей, якія ствараюць для нас новую, чароўную рэальнасць). Праходзім праз турнікет і трапляем у прасторны хол з агромністым прыгожым акварыумам і каштоўнай інфармацыяй на сценах. Мастацка-пастановачная частка тэатра складаецца з васьмі цэхаў. Некаторыя з іх мы сёння наведаем.

Першы пункт нашай экскурсіі — жывапісна-бутафорскі цэх, у які мы ўзнімаемся па цёмнай, загадкавай, як у прыгодніцкім фільме, лесвіцы. Начальнік цэха Тамара Жэран запрашае нас у вялізнае памяшканне з высачэзнай столлю. А на падлозе нас сустракае… "заднік" да спектакля "Шчаўкунок", праца над ім у самым разгары, злева — безліч вялікіх вёдраў з яркімі фарбамі, а ў розных месцах ляжаць новенькія сінія кулісы (іх так шмат, што страшна незнарок наступіць на такую прыгажосць!).

— Палотны мы фарбуем, сушым, сшываем. Потым рассцілаем на падлозе, і мастак пачынае наносіць малюнак, — тлумачыць асаблівасці творчага працэсу Тамара Уладзіміраўна. — Для кожнага спектакля рэжысёр-пастаноўшчык і мастак-пастаноўшчык ствараюць эскізы, якія разам са спісам рэквізіту і бутафорыі прыносяць да нас. Аб’ём працы ў нас надзвы-ы-чай вялікі! Гатовыя кулісы і іншую нашу "прадукцыю" мы аддаём у машынна-дэкарацыйны цэх, а яго работнікі ўжо вырашаюць, дзе што размясціць.

А наступным пунктам нашай вандроўкі стала бутафорская частка цэха. Колькі там цікавых прадметаў, як у антыкварнай краме! На стале, напрыклад, — маскі для будучых "мышак". Спачатку скульптар вылепіў з пластыліну аснову, бутафор падрыхтаваў маленечкія кавалкі паперы для пап’е-машэ, а таксама шматочкі тканіны — матэрыял для вырабу масак. Затым для кожнай шляпніца змайстравала пухнатыя шэрыя шапачкі.

12-177b— А вось, глядзіце, якія прыгожыя кветачкі стварае па асаблівай тэхналогіі наша майстрыха-кветачніца! — Тамара Уладзіміраўна дастае са скрыначкі жоўценькія прыгажунькі. — А майстар па дрэве прынёс з лесу вось такія незвычайныя "сюжэты"! На паліцы размясціўся цэлы "лялечны спектакль" з прыроднага матэрыялу.

— Самае цікавае, што ў Беларусі бутафораў нідзе не рыхтуюць, усе нашы работнікі — самавучкі! — з гонарам канстатуе начальнік цэха. — Але ж любоў да тэатра і сваёй прафесіі, а таксама штодзённая карпатлівая праца дапамагаюць ім ствараць сапраўдныя шэдэўры!

Вопытны бутафор Мікалай Мартынавіч (вельмі сціплы чалавек, нават прозвішча сваё адмовіўся назваць) расказаў нам, што менавіта ад людзей яго прафесіі залежыць усё асяроддзе, якое акаляе на сцэне артыстаў: шпагі, шляпы, тростачкі, маскі, "ювелірныя" вырабы і г. д. Цяжка было прымусіць сябе пакінуць гэты "музей". Але нас чакала сцэна! Зірнуць на тэатральную залу вачыма артыстаў — гэта мара многіх, а нам удалося яе ажыццявіць! Свет рампы нібыта адасабляе артыстаў ад залы, аднак разгледзець прыхільнікаў ім удаецца! Дэкарацыі, якія размяшчаюцца ў "кішэнях" сцэны і ззаду, на ар’ер-сцэне, я даследавала з найвялікшай цікавасцю, спрабуючы здагадацца, што з якога спектакля. Таксама пашчасціла паназіраць настройку мікрафонаў, калі артысты прагаворвалі свой тэкст альбо проста лічылі да пяці, а гукарэжысёр выстройваў для кожнага патрэбны гук.

Зразумела, не маглі мы не зазірнуць у грымёрны і касцюмерны цэхі.

Бяззменны начальнік грымёрнага цэха Юлія Раброва — знаны майстар па грыме, пра яго сакрэты яна ведае ўсё! Тут, у грымёрнай, "ствараюцца вобразы". Артыст заходзіць сюды яшчэ звычайным чалавекам, а выходзіць адсюль — пасля накладання грыму — персанажам п’есы! У залежнасці ад складанасці грыму, грымёры працуюць над вобразам кожнага героя ад 15 хвілін да гадзіны. А калі перад прэм’ерай ідзе пошук грыму, то гэта найскладанейшая праца доўжыцца "да перамогі", пакуль не будзе знойдзены варыянт, які задаволіць і рэжысёра, і мастака, і артыста, і самога грымёра — часам не толькі гадзінамі, але і днямі.

— Грым — гэта палова поспеху артыста! — сцвярджае Юлія Канстанцінаўна і з гонарам паказвае нам адмысловыя прыстасаванні для стварэння парыкоў. Вось, напрыклад, страшэнная на від, але вельмі карысная штука — трэсбанк. Выкарыстоўваюць яго для нанізвання валос на ніткі, з якіх потым робяць хвасты, косы, локаны, парыкі і г. д.

Аднак мы пакідаем грымцэх, бо да яго гаспадыні прыйшлі артысты, і накіроўваемся ў касцюмерны. Тут нас сустракаюць некалькі абаяльных жанчын, і хаця памяшканне зусім невялічкае, нам яно падаецца вельмі ўтульным. Тут размяшчаюцца і прасавальныя дошкі, і вешалкі з тэатральнымі касцюмамі, і капелюшы з вялікімі пер’ямі. Начальнік касцюмернага цэха Галіна Сердзюкова працуе ў гэтым тэатры ўжо 40 гадоў!

— Кожны касцюм да спектакля трэба падрыхтаваць — памыць, адпрасаваць, пачысціць… Пасля спектакля мы збіраем касцюмы і размяшчаем па складах — іх у нас 12 асноўных і 2 "запаснікі".

Кожны абслугоўвае "сваіх" артыстаў, адна — балет, другая — вядучых салістаў, трэцяя — аркестр і г. д.

— Усе мае дзяўчынкі — цудоўныя, у нас працуюць толькі людзі, улюбёныя ў тэатр і акцёраў, — падкрэслівае субяседніца.

Касцюмеры прыходзяць на працу за тры гадзіны да спектакля, а за гадзіну ўсе касцюмы павінны быць развешаны па грымёрках. Апрануцца акцёрам таксама дапамагаюць касцюмеры. Іх спрытныя рукі могуць пераапрануць выканаўцу з аднаго касцюма ў іншы часам за 15–20 хвілін!

Апошні наш прыпынак за кулісамі тэатра — пасяджэнне "круглага стала", прысвечанае сучаснай беларускай аперэце і мюзіклу. Справа ў тым, што тэатр абвясціў конкурс на стварэнне лепшага твора на беларускай мове і з гэтай нагоды сабраў у сваіх сценах вядомых і пачынаючых кампазітараў і літаратараў. Падчас гутаркі за "круглым сталом" высветлілася, што ў гэтай галіне шмат праблем, і яны засмучаюць усіх, хто цікавіцца нацыянальным мастацтвам. У краіне толькі некалькі кампазітараў, якія могуць стварыць добры мюзікл, але і ім складана знайсці аўтара лібрэта.

Але будзем спадзявацца, што справа зрушыцца з месца, музычны тэатр, а таксама мы, яго гледачы, дачакаемся ад нашых творцаў дастойнага нацыянальнага мюзікла!

Вольга НАВАЖЫЛАВА.
Маладосць. – 2012. – № 1. – С. 131–133.

На здымках:
Тканіна для касцюма чараўніка — зоркі ззяюць, як сапраўдныя!
Тамара Жэран паказвае эскіз лялек для балета "Шчаўкунок".



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: