Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Свята танца на плошчы Барселоны (1995 г., Бездельник)

Свята танца на плошчы Барселоны (1995 г., Бездельник)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

СВЯТА ТАНЦА НА ПЛОШЧЫ БАРСЕЛОНЫ

Чаму ў двухмільённым Мінску павінна быць толькі адна балетная трупа?

Паводле неправераных чутак, Дзяржаўны тэатр музкамедыі Беларусі плануе паказаць у гэтым сезоне ажно 8 (!) прэм'ер. Заяўка гэта ўражвае, асабліва на фоне іншых калектываў, дзе, здараецца, за сезон не выпускаецца ніводная новая работа, а подпісам "прэм'ера" пазначаны ў афішы спектаклі двухгадовай даўнасці.

На пачатку кастрычніка ў тэатры музкамедыі адбылася прэм'ера мюзікла У. Кандрусевіча "Шклянка вады" паводле Э. Скрыба, а ў канцы лістапада – пачатку снежня балетны калектыў паказаў сваю новую работу – двухактовы балет "Дон Кіхот" на музыку Л. Мінкуса (сцэнічная рэдакцыя і пастаноўка Л. Кунаковай і С. Штыкава, дырыжор-пастаноўшчык – В. Чарнуха, мастак-пастаноўшчык – І. Нежны, мастак па касцюмах – Т. Тулуб'ева).

Прадчуваю пытанне скептыкаў: паўнаметражны балетны спектакль у музкамедыі? А чаму б і не! Балетны калектыў тэатра, які ўзначальвае энтузіяст сваёй справы Н. Дзьячэнка, прадставіў на суд гледача ўжо не адну сваю работу. Самымі першымі былі аднаактовыя балеты "Блакітны Дунай" на музыку І. Штрауса і "Іспанскі дывертысмент", потым "Шахеразада" на музыку М. Рымскага-Корсакава, "Па-дэ-катр" Ц. Пуні і шэраг харэаграфічных мініяцюр. Вясной 1994 года пад час правядзення міжнароднага фестывалю "Я люблю балет" адбылася прэм'ера "Шапэніяны".

Тут заўважаеш як мінімум дзве тэндэнцыі: па-першае, у пераліку назваў адлюстравана паступовае, але няўхільнае назапашванне менавіта класічнага рэпертуару, свядомая арыентацыя на лепшыя ўзоры балетнага тэатра; па-другое, пералік прозвішчаў пастаноўшчыкаў – Л. Трэмбавельская, К. Тэр-Сцяпанава, Л. Кунакова, згодных супрацоўнічаць з вельмі маладым "Мінск-балетам" (сёлета яму споўніцца толькі два гады), выклікае павагу і тэатразнаўцаў, і аматараў.

Мяркую, што няма аніякай патрэбы пераказваць сюжэт балета, падрыхтаванаму гледачу ён добра вядомы. "Дон Кіхот", паказаны на сцэне тэатра музкамедыі, натуральна, адрозніваецца ад твора з такой жа назвай на сцэне тэатра оперы і балета. I не толькі пабудовай (дзве дзеі замест чатырох), але і агульнай атмасферай. На акадэмічнай сцэне, напэўна, больш выверанага акадэмізму; на спектаклі музкамедыі, больш дэмакратычным і камерна-утульным, вельмі выразна адчуваеш эмацыянальную раскаванасць артыстаў, іх шчырае захапленне яскравай танцавальнай стыхіяй. Выканаўцы галоўных партый маладыя артысты Юлія Дзятко (Кітры), Кастусь Кузняцоў (Базіль), Людміла Кісялева (Вулічная танцоўшчыца), Ігар Ханцэвіч (Эспада) выпраменьваюць у залу моцны зарад станоўчых эмоцый, прымушаючы гледача перажыць разам з імі асалоду творчасці.

Гаворыць пастаноўшчык спектакля, знакамітая маскоўская балерына Любоў Кунакова:

– Гэта мая другая сумесная праца з тэатрам музкамедыі. Першай была "Шапэніяна". Шкадую, што з артыстамі, занятымі ў "Дон Кіхоце", не магла займацца больш, бо кожны вечар яны працуюць у спектаклях тэатра. Мне здаецца, што гэта натуральная з'ява, калі на сцэне тэатра музкамедыі ідзе балетны спектакль. Напрыклад, у Маскве на сцэне тэатра імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі ідуць і оперы, і балеты, і музычныя камедыі. У той жа Маскве зараз працуе каля сарака харэаграфічных труп. Дык чаму ў Мінску павінна быць толькі адна? Калі ў тэатрах музкамедыі працуюць выпускнікі харэаграфічнага вучылішча, дык яны павінны танцаваць (і не толькі нумары-"падтанцоўкі"), удасканальвацца, авалодваць тымі вобразамі, якія дазваляюць ім расці творча.

Харэаграфічны тэкст "Дон Кіхота" не зменены, але паколькі трупа налічвае ўсяго сорак чалавек, давялося скарачаць асобныя сцэны (напрыклад, сцэну сна Дон Кіхота), але так, каб гледачы гэтага не заўважалі. У спектаклі захаваны ўсе найбольш цікавыя фрагменты харэаграфіі А. Горскага – асноўныя сольныя і масавыя танцы. Ад супрацоўніцтва з калектывам "Мінск-балета" я атрымала сапраўднае задавальненне. Для маладых артыстаў – гэта значная творчая перамога...

Да слоў пастаноўшчыка дадам, што поспеху "Дон Кіхота" спрыялі і тонкае адчуванне харэаграфічнай партытуры дырыжорам В. Чарнухам, і выразная, маляўнічая сцэнаграфія І. Нежнага, і эфектныя кідкія касцюмы Т. Тулуб'евай.

Бясспрэчна, тэатр музкамедыі знаходзіцца зараз на ўздыме. Першыя крокі "Мінск-балета" не назавеш нясмелымі. Пры аншлагах ідуць вечары аднаактовых балетаў. Паказы, якія папярэднічалі прэм'еры "Дон Кіхота", збіралі паўнюткую глядзельную залу, пераважна моладзь. Артыстаў і пастаноўшчыкаў віталі шчодрымі апладысментамі і воклічамі "брава!"... Калі гледачы, арыентаваныя на "лёгкі" жанр, выбіраюць класіку, – гэта ўсяляе аптымізм і надзею...


Таццяна МУШЫНСКАЯ.
Бездельник. – 1995. – 23–29 янв. – С. 16–17.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: