« НазадТАНЦЫ НА БЕЛАРУСКАЙ МОВЕБеларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр абвяшчае конкурс на стварэнне музычных спектакляў для беларускіх кампазітараў і літаратараў. Галоўнае патрабаванне – усе тэксты для музычных твораў у дзвюх намінацыях ("Беларуская музычная камедыя" (альбо аперэта ці камічная опера, дзве дзеі па 40-55 хвілін), "Беларускі мюзікл" (дзве дзеі па 50 хвілін)) павінны быць на беларускай мове. Такім чынам Беларускі музычны тэатр імкнецца стаць платформай для даўно страчаных стасункаў паміж літаратарамі і кампазітарамі Беларусі. І вярнуць беларускае слова ў музычныя тэатральныя пастаноўкі краіны. З нагоды абвяшчэння конкурсу ў музычным тэатры за "круглым сталом" сабраліся пісьменнікі, рэжысёры і кампазітары, каб абмеркаваць некаторыя асаблівасці конкурсу і наогул неабходнасць правядзення музычнага конкурсу з ухілам менавіта на беларускасць. Дарэчы, гэты конкурс павінен стаць не разавым мерапрыемствам, а рэгулярным. Што пастаянна будзе спрыяць як узнаўленню інтарэсу літаратараў да музычных жанраў і, магчыма, стварэнню сучаснай айчыннай школы лібрэтыстаў, так і стымуляваць кампазітараў да звароту да беларускага слова. Так, глядзіш, і гледачу вернем давер да беларускай мовы. Адам Мурзіч, мастацкі кіраўнік тэатра: – Сёння мы знаходзімся ў вельмі складаным фінансавым становішчы, аднак у нас ёсць партнёры, якія гатовы нас падтрымаць фінансава для таго, каб у тэатры з'явіліся цікавыя і ў музычным, і ў літаратурным плане спектаклі. Недалёка той час, калі тэатр будзе дзяліцца на дзве трупы. Адна – моладзевая, якая адчувае сучасны пульс і будзе "адказваць" за мюзіклы. І венская трупа, якая ў нас займае вядучае становішча ў тэатры, таму што мы ўсё ж спецыялізуемся на аперэце. Мы хочам мець паўнавартасную галасавую п'есу для таго, каб спявалі ў ёй людзі тэатра з пастаўленымі добрымі галасамі. Гэтае наша жаданне выклікана яшчэ і тым, што ў нашым рэпертуары вельмі мала музыкі айчынных кампазітараў. Няма бадай нічога, акрамя пастаяннага аўтара нашага тэатра Уладзіміра Кандрусевіча. У нас ідуць яго балет "Мефіста" і спектакль "Шклянка вады", якія пастаўлены даўно. У замарожаным стане – з-за таго, што зацягнуўся пошук спонсарскіх грошай – у нас знаходзіцца яго спектакль "Соня, Сонечка, Соф'я Гальшанская". Спектакль грунтуецца на беларускай гісторыі, але выйдзе на рускай мове. На беларускай мове, на вялікі сорам, у нас нічога няма. Гэта вялікі прабел. Мы ўжо давалі абяцанак нашай прэсе і музычнай грамадскасці, што гэты прабел пастараемся ліквідаваць. У Палажэнні конкурсу сцісла сказана пра аднаго пераможцу ў кожнай з намінацый. Але калі будзе некалькі вартых прапаноў, то мы іх усе адзначым і паступова ў розных сезонах здзейснім пастаноўкі гэтых спектакляў. Але, натуральна, калі яны не страцяць сваёй актуальнасці. Гэтым я намякаю аўтарам на тое, каб выбіраць актуальныя, значныя для беларушчыны тэмы. Навум Гальпяровіч, галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі міжнароднага вяшчання (радыёстанцыя "Беларусь") Белтэлерадыёкампаніі: – Тое, што беларуская мова павінна гучаць у нашых тэатрах, у музычных спектаклях, гэта безумоўна. Таму што найлепшыя дасягненні нашага мастацтва звязаны з супрацоўніцтвам беларускамоўных літаратараў і нашых кампазітараў. Але сёння сувязь паэтаў і кампазітараў, на жаль, перарвалася. І тут патрэбны нейкія зрухі рэальныя. Дамовы аб тым, што пэўная арганізацыя будзе супрацоўнічаць з пэўнай арганізацыяй, не пераконваюць. Арганізацыі ёсць арганізацыі. У першую чаргу павінны быць двухбаковыя асабістыя кантакты. Ніхто не хоча пісаць у стол. Трэба заключаць канкрэтныя дамовы на канкрэтныя заказы. Летам мы праводзілі "круглы стол" у Маладзечне па беларускай эстраднай песні. Размовы так і засталіся размовамі. Пагаварылі карпаратыўна. Кампазітары паскардзіліся, што няма вартых тэкстаў, паэты паскардзіліся, што ніхто з кампазітараў да іх не звяртаецца. І на гэтым усё і скончылася. Мы многа дэкларуем і мала робім. І калі музычны тэатр выступіў з такой цудоўнай ініцыятывай, то, спадзяюся, ён стане і такім цэнтрам, пляцоўкай, якая адновіць кантакты паміж беларускімі літаратарамі і айчыннымі кампазітарамі. Першае пытанне, калі да нас прыязджаюць з замежжа: а што ў вас з беларускай мовай? Безумоўна, нацыянальнае музычнае песеннае мастацтва павінна быць на мове Купалы і Коласа. Уладзімір Кандрусевіч, кампазітар: – Не трэба скардзіцца, што нас не вучаць пісаць лібрэта, нас не вучаць пісаць сцэнарыі. Рэч у тым, што калі я заканчваў кансерваторыю, нас таксама не вучылі пісаць, напрыклад, мюзіклы. Павінен быць талент у чалавека, які выдасць нейкую ідэю. І зыходзячы з гэтай ідэі трэба шукаць людзей, якія будуць спрыяць фарміраванню суцэльнага твора. Яскравы прыклад: найлепшы мюзікл, які ідзе зараз у маскоўскай аперэце, "Граф Монтэ-Крыста", напісаны хлопцам, які не мае ніякай музычнай адукацыі. А лібрэта да гэтага мюзікла напісаў дырэктар тэатра. Я лічу, што сёння гэта найлепшы прадукт у нашай галіне. Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ. |
тел.: (017) 275-81-26
220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44
Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by