Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Тэатр + рынак = ? ("Мастацтва", 2013, № 7)

Тэатр + рынак = ? ("Мастацтва", 2013, № 7)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ТЭАТР + РЫНАК = ?

З рэдакцыйнага "круглага стала"

Беларускі акадэмічны музычны тэатр другі год запар ладзіць міжнародны творчы праект "Наталля Гайда запрашае…". Сёлета яго праграма ўключала паказ дзвюх пастановак самога тэатра — класічнай аперэты "Містар Ікс" і вадэвіля "Сапраўдная гісторыя паручніка Ржэўскага", заключны гала-канцэрт, у якім удзельнічалі зоркі музычнага мастацтва з Масквы, Пецярбурга, Ніжняга Ноўгарада, Екацярынбурга, Петразаводска, Караганды. Своеасаблівым аналітычным вынікам музычнага тыдня стаўся "круглы стол" кіраўнікоў вядучых тэатраў СНД і Балтыі на тэму "Тэатр. Бізнес. Грамадства".

Высветлілася, што праблемы музычных калектываў на постсавецкай прасторы, нягледзячы на некаторыя нюансы, шмат у чым падобныя, але спосабы іх вырашэння досыць разнастайныя.

13-188a 13-188d 13-188g
Міхаіл Сафронаў,
дырэктар
Свярдлоўскага
акадэмічнага тэатра
музычнай камедыі
(Екацярынбург,
Расія).
Рамунас Каўбрыс,
дырэктар і рэжысёр
Клайпедскага
музычнага тэатра
(Літва).
Эган Кулганек,
дырэктар
музычнага тэатра
«Карлін»
(Прага, Чэхія).
13-188b 13-188e 13-188h
Амантай Ібраеў,
дырэктар
Карагандзінскага
акадэмічнага тэатра
музычнай камедыі
(Казахстан).
Беньямінас Жалвіс,
дырэктар
Каўнаскага
музычнага тэатра
(Літва).
Павел Полак,
мастацкі кіраўнік
музычнага тэатра
«Карлін».
13-188c 13-188f 13-188i
Алена Ларыёнава,
дырэктар
Музычнага тэатра
Рэспублікі Карэлія
(Петразаводск,
Расія).
Сяргей Міндрын,
мастацкі кіраўнік
Ніжагародскага
камернага
музычнага тэатра
імя Уладзіміра
Сцяпанава (Расія).
Аляксандр Пятровіч,
дырэктар
Беларускага
акадэмічнага
музычнага тэатра.

Першая тэза для абмеркавання: ці стаў музычны тэатр закладнікам рынку і рынкавых адносін?

Міхаіл Сафронаў: Я заўсёды крыху нервуюся, калі тэрміны "рынак" і "тэатр" ставяць побач. Так, мы прызвычаіліся да слова "прадукт", але нічога агульнага паміж рынкам і тэатрам быць не можа. Наш Свярдлоўскі тэатр музычнай камедыі — стабільны рэпертуарны тэатр з 80-гадовай гісторыяй. Магу пахваліцца, што за ўвесь гэты час у нас змяніліся толькі тры галоўныя рэжысёры. Пры чым тут рынак?.. Магчыма, такі кансерватызм нам у пэўнай ступені і замінае. Камусьці здаецца, што ўстойлівасць і ўраўнаважанасць шкодзяць творчасці. Але заўважу: кожны год мы нараджаем адну ці нават дзве сусветныя прэм'еры. Робім так свядома, і такі працэс падаецца нам прадуктыўным. У нас ёсць спектаклі з рознымі бюджэтамі — маленькімі і велізарнымі. Ёсць спектаклі, якія не проста акупляюцца, а яшчэ і прыносяць прыбытак. Але я перакананы: тэатр ніколі не можа быць прыбытковым і ніякія гастролі не могуць зрабіцца акупляльнымі.

Беньямінас Жалвіс: Хацеў бы адразу паспрачацца са спадаром Сафронавым. Умовы, якія вы маеце ў Расіі, вельмі адрозныя ад тых, якія склаліся ў Літве. Екацярынбург — горад-"мільённік", а ў Каўнасе ўсяго 300 тысяч жыхароў. Гэта другі горад краіны. Літва мае ўсяго 3 мільёны жыхароў і тры музычныя тэатры — у Вільнюсе, Каўнасе і Клайпедзе. I каб выжыць у гэтай сістэме, мы пачалі лічыць грошы. Хоць гэта і непрыгожае слова, але іншага не знаходжу. Мы робім прадукт і яго прадаём. Цалкам залежым ад гледача, які прыносіць грошы. У нас няма стапрацэнтнай датацыі. Трэба зарабляць самім, каб плаціць зарплату, выдзяляць сродкі на сацыяльнае забеспячэнне супрацоўнікаў, на медыцыну. Напрыклад, заробак артыста — тысяча долараў, а тэатру ён абыходзіцца ў тысячу семсот. I калі ў калектыве працуюць 350 чалавек, атрымліваюцца, пагадзіцеся, ужо вялікія сумы. I ўсе нашы дзеянні так ці іначай звязаны з рынкам.

Тым не менш, апроч аперэт і мюзіклаў у нашым тэатры ідзе 9 грандыёзных опер. Класічнага танца ў рэпертуары няма, найперш таму, што няма сваёй класічнай балетнай трупы. У Каўнасе калісьці існавала харэаграфічная школа, але 12 гадоў таму яе закрылі. Яе адсутнасць мы ўвесь час адчуваем, бо вільнюскія балетныя выпускнікі звычайна застаюцца ў сталіцы.

Амантай Ібраеў: Хацеў бы пацікавіцца ў чэшскіх калег, хто фарміруе рэпертуарную палітыку іх тэатра.

Эган Кулганек: У нашым калектыве іграюцца выключна мюзіклы і аперэты. Оперы прадстаўлены ў іншых тэатральных трупах. Вядома ж, мы сочым за тым, што адбываецца ў свеце, шукаем інфармацыю, будучыя праекты абмяркоўваюцца калегіяльна, але канчатковае рашэнне прымаю толькі я — дырэктар. I адказнасць за яго ляжыць толькі на мне.

Амантай Ібраеў: Ці можа мэрыя ўмешвацца ў фарміраванне вашага рэпертуару?

Эган Кулганек: Не, ніякага ўплыву на рэпертуар яна не аказвае.

Аляксандр Пятровіч: Хацеў бы дадаць, што ў беларускай сітуацыі вызначальную ролю пры кожнай пастаноўцы іграе наяўнасць грошай. Кожная пастаноўка папярэдне пралічваецца. Мы ведаем (няхай і прыблізна) памер бюджэту на год і, зыходзячы з гэтага, вырашаем, ці зможам фінансава адужаць той ці іншы спектакль. Галоўны менеджар ёсць галоўны менеджар: ён нясе адказнасць за ўсё. Рэжысёр мае права на творчую няўдачу, але адказвае за яе заўжды дырэктар. Яму і выпраўляць любую сітуацыю.

Міхаіл Сафронаў: Дарэчы, у Расіі ўжо гады тры ідзе дыскусія: хто галоўны — дырэктар ці творца? Па-мойму, пытанне дагэтуль адкрытае. У Расіі вар'яцкая колькасць тэатраў, і часам дырэктарам прызначаюць ранейшага дырэктара лазні. А ў некаторых калектывах сумяшчаюцца функцыі дырэктара і мастацкага кіраўніка. Гэта вельмі складанае пытанне, і мне здаецца, у Расіі яно яшчэ не да канца вырашана.

Алена Ларыёнава: Не варта забываць, што кожны тэатр, як і кожны чалавек, мае ўласную індывідуальнасць. Так, ёсць тэатры дырэктарскія, менеджарскія з моцнай камандай, але ёсць і аўтарскія. Дзякуй Богу, што сёння магчымы розныя формы існавання. Напэўна, у тым галоўны плюс сучаснага мастацкага жыцця. А што першаснае, эканоміка ці творчасць, пытанне складанае. Я падтрымаю Міхаіла Сафронава ў яго невясёлых разважаннях. У Расіі маецца сумны досвед, калі культурай спрабавала кіраваць Міністэрства эканомікі. Тады мы атрымалі шмат непахісных эканамічных установак, якія, урэшце, сталі знішчаць творчы працэс. Цяпер ідзе выпраўленне памылак. Добра, калі яно будзе адбывацца хутчэй.

Спадар Міндрын, а хто ў вашым тэатры ўплывае на рэпертуарную палітыку і фарміруе яе?

Сяргей Міндрын: Я прадстаўляю, напэўна, самы камерны — па назве і па сутнасці — тэатр. Ён малады — яму ўсяго 20 гадоў. Яго асаблівасць і ўнікальнасць у тым, што ў нас не было аркестра і мы пачыналі з пастаноўкі камерных опер. Ніжні Ноўгарад — горад вядомы, але ён усё роўна падзелены на сектары, і яны не аднолькавыя ў сэнсе цікавасці публікі да тэатра. Мы апынуліся, скажам шчыра, у зусім не тэатральным раёне. Паступова спрабуем сітуацыю змяніць, каб глядач пачаў да нас хадзіць, каб існаваў сустрэчны рух.

Рамунас Каўбрыс: Калегі, мне здаецца, у нашым абмеркаванні з самага пачатку штосьці згубілася. Нам важна вызначыць: якая культурная палітыка патрэбна сёння дзяржаве, як дзяржава глядзіць на дзеячаў культуры і чаго ад іх жадае? Каб мы займаліся духоўным развіццём нацыі ці каб зараблялі грошы? Важна самім зразумець, якая наша галоўная місія. Для чаго мы існуем? Ніколі тэатр, тым больш, музычны не будзе прыбытковым. Палічыце, колькі каштуюць інструменты ў аркестры. Усё вельмі дорага. Таму пакуль дзяржава сама не вызначыцца ва ўласных культурных прыярытэтах, да таго часу і тэатр будзе знаходзіцца ў пэўнай разгубленасці.

Алена Ларыёнава: Праблема ў тым, што дзяржава не ў стане ўцямна сфармуляваць задачы, якія мусяць рашаць установы культуры (і тэатры ў першую чаргу). Як і сваё стаўленне да тэатра. Бізнес-праект у тэатры магчымы. Існуе Брадвей, і людзі глядзяць яго прадукцыю. Але ні для каго не сакрэт, што на Брадвеі толькі 10% пастановак з'яўляюцца фінансава паспяховымі.

Спадар Кулганек, а які спектакль у вашым рэпертуары самы касавы?

Эган Кулганек: Цяжка сказаць. У нас сем назваў у рэпертуары, і кожная прэм'ера ігралася 100 разоў на год. Такім чынам, кожны сезон у нас быў новы касавы лідар.

Міхаіл Сафронаў: Спектакль "Кармэн" — удалы праект?

Эган Кулганек: Гэта самы паспяховы спектакль у гісторыі нашага тэатра.

Міхаіл Сафронаў: Рэжысёр-пастаноўшчык — з Чэхіі?

Эган Кулганек: Не, амерыканец.

Міхаіл Сафронаў: Падзеліцеся? (Агульны смех.)

Аляксандр Пятровіч: Вы адышлі ад пастаяннага рэпертуару?

Павел Полак: Нам цяжка зразумець, што такое "пастаянны рэпертуар". Іграем тое, на што ходзіць глядач. У нас не бясконцая колькасць спектакляў і існуе іх ратацыя.

Аляксандр Пятровіч: Колькі новых пастановак вы ажыццяўляеце за год?

Павел Полак: Дзве.

Аляксандр Пятровіч: Пры гэтым дзве здымаеце з рэпертуару?

Эган Кулганек: Неабавязкова. Можам зняць і адну.

Яшчэ адно пытанне, якое цікава было б абмеркаваць: ці з'яўляецца ліцэнзійны спектакль гарантыяй поспеху? У Мінску ставілі брадвейскі мюзікл "Вестсайдская гісторыя", у Екацярынбургу ідзе таксама брадвейскі прадукт — спектакль "Скрыпач на даху". Спадары Сафронаў і Пятровіч, што вашым тэатрам даў гэты вопыт?

Міхаіл Сафронаў: На працягу сезона "Скрыпач на даху" ішоў у нас з аншлагамі, і мы купілі правы яшчэ на год. Але ліцэнзійны спектакль — вельмі цяжкая тэма, і я не заўсёды раю калегам гэтым займацца. Надта ўжо многа патрабаванняў у агенцтва, якое дае права на пракат, сур'ёзныя штрафы ў тым выпадку, калі патрабаванні не выкананы. Але наша каманда прызвычаілася, мы вытрымліваем. "Скрыпач на даху" — не першы наш досвед, "Марыцу" мы таксама куплялі, але ў Будапешце.

Вы не будзеце далей адмаўляцца ад практыкі ліцэнзійных спектакляў?

Міхаіл Сафронаў: Ні ў якім разе. Ужо цяпер думаем пра тое, каб набыць правы на праект "Кармэн". Спадзяюся, чэшскія калегі падкажуць, як гэта зрабіць. Мусіць жа быць нейкая канкрэтная карысць ад нашай размовы?

Аляксандр Яўгенавіч, а што Беларускаму музычнаму тэатру даў вопыт "Вестсайдскай гісторыі"?

Аляксандр Пятровіч: Праект паспрыяў развіццю творчага патэнцыялу трупы, але вялікай глядацкай цікавасці, на жаль, не выклікаў. Варта адзначыць, што ліцэнзію нам купляла амерыканскае пасольства, за што мы яму ўдзячныя.

Міхаіл Сафронаў: Шчаслівыя людзі!

Аляксандр Пятровіч: Так, мы імкнёмся знаходзіць спонсараў на такія рэчы, як ліцэнзія. Першым праектам, які ажыццявілі сумесна з Пасольствам Азербайджана ў Беларусі, стаў спектакль "Аршын мал алан", які цяпер ідзе пад назвай "Вясельны кірмаш".

Эган Кулганек: Паводле ўласнага досведу заўважу, што заўсёды лягчэй дамовіцца з амерыканцамі, чым з англічанамі. У апошніх занадта жорсткія патрабаванні.

Аляксандр Пятровіч: А ці прыносяць вам партытуры свае, чэшскія аўтары?

Эган Кулганек: Мы ставім творы нацыянальных аўтараў, і ўвосень у нас адбудзецца чэшская прэм'ера. Але павінен прызнаць, што да "Кармэн" мы звярнуліся не ў апошнюю чаргу з-за таго, што не можам знайсці досыць якаснага чэшскага матэрыялу. Гэта вялікая праблема.

Аляксандр Пятровіч: Нам у гэтым плане, вядома, вельмі дапамагаюць расійскія кампазітары. Музычны тэатр яны літаральна закідваюць уласнымі творамі. I значная частка нашай афішы — сачыненні расійскіх кампазітараў. Наогул фарміраванне рэпертуарнай палітыкі — адзін з самых складаных элементаў тэатральнага працэсу. Але важна не забываць і пра тое, што трэба выхоўваць калектыў, акрэсліваць уласную эстэтыку і ўласны твар.

Міхаіл Сафронаў: Мне здаецца, сучаснаму музычнаму тэатру вельмі замінаюць антрэпрызы. Не хаваю, што стаўлюся да іх вельмі раўніва. Сёння іх паказваюць у Екацярынбургу кожны вечар. Там іграюць зоркі — Табакоў, Бязрукаў і гэтак далей. У нашым Доме афіцэраў могуць паказваць якую-небудзь заезджую "Сільву", калі на сцэне 4–5 чалавек, няма аркестра — гучыць фанаграма. I ўсім весела. Таму зразумела, калі ў чыноўнікаў раптам узнікае пытанне: навошта ўтрымліваць аркестр і цэлы тэатр у складзе 600 чалавек?

Сяргей Міндрын: Так, антрэпрыза можа быць пышнай, але пошлай, а можна на сцэне заслаць дыванок — і гэта будзе сапраўднае мастацтва. Не ведаю, можа быць, нашы спектаклі ў чымсьці недасканалыя, вартыя крытыкі, але мы імкнёмся часта ездзіць, каб паказваць сваё мастацтва ў рэгіёнах. Цяпер заняты працай над мюзіклам "Дзікі сабака дынга". Аўтар музыкі — рэктар нашай Ніжагародскай кансерваторыі імя Глінкі прафесар Эдуард Фертэльмейстэр. Мюзікл разлічаны найперш на моладзевую аўдыторыю.

Міхаіл Сафронаў: Гастролі сур'ёзнага калектыву — гэта заўсёды добра. Выступаю толькі супраць тэатральнай халтуры. Дарэчы, хацеў бы звярнуць увагу калег на такое новаўвядзенне, як віртуальныя залы. У Екацярынбургу ёсць філармонія, дык вось цяпер яна актыўна занялася віртуальнай трансляцыяй уласных канцэртаў. У нашай вобласці 75 гарадоў і раёнаў, а філармонія мае віртуальныя залы ўжо ў трыццаці. Мы таксама думаем пра віртуальны тэатр, каб паказваць свае спектаклі ў правінцыі. Не ўсюды добрыя дарогі, нармальныя пляцоўкі, не да кожнай вёскі даедзеш. Але практычна паўсюль ёсць бібліятэкі. У бібліятэцы вывешваецца панэль і вядзецца анлайн-трансляцыя праз інтэрнэт. На яе прадаюцца квіткі. Гэта выклікае велізарны ажыятаж. Дайшло да таго, што гледачы робяць заяўкі: якія спектаклі нашага тэатра яны хацелі б паглядзець. Віртуальны тэатр — рэч, на мой погляд, надзвычай эфектыўная. У тым ліку і ў асветніцкім сэнсе.

А што змяняецца ў жыцці тэатра пасля атрымання "Залатой маскі"? Павялічваецца глядацкі попыт?

Міхаіл Сафронаў: Любая ўзнагарода ўплывае на імідж тэатра. Іншая справа, што "Залатая маска", мне здаецца, перажывае цяпер не лепшыя часы. Звязана гэта з тым, што экспертнай радзе трэба паглядзець 600–700 спектакляў, прычым "ужывую" атрымліваецца не заўсёды. Напрыклад, ніводны з чальцоў экспертнай рады не прыехаў глядзець наш мюзікл "Скрыпач на даху". Яны бачылі яго на відэа. Але ў любым выпадку нічога больш значнага, чым "Залатая маска", цяпер няма. I кожны тэатр усімі сіламі імкнецца нарадзіць твор, варты хоць бы намінацыі. Дарэчы, у нас з'явіўся іншы тэатральны фэст, у якім могуць прыняць удзел і беларускія калектывы: "Музычнае сэрца тэатра". Ваш Музычны тэатр ужо быў на гэтым фестывалі з "Вестсайдскай гісторыяй" і атрымаў дыплом. Гэта фэст прыватнага парадку, але ён збірае вялікую колькасць удзельнікаў. Праўда, ён не прадугледжвае паказаў у Маскве. Гэта ўсё-такі вельмі дарагая ўцеха, таму эксперты таксама знаёмяцца з намінантамі па відэа.

Алена Ларыёнава: Магчыма, "Залатая маска" ў чымсьці недасканалая. Але ўсе разумеюць, што спектаклі, адзначаныя на ёй, вылучаюцца сваёй якасцю. Таму, несумненна, галоўная вартасць "Залатой маскі" — не момант спаборніцтва. Гэта своеасаблівае вызначэнне кірунку развіцця тэатра, таго, куды ён будзе крочыць, што з ім адбудзецца заўтра.

Беньямінас Жалвіс: У Літве няма "Залатой маскі", але ў нас ёсць узнагарода "Залаты крыж". Існуе і камісія, якая ездзіць па ўсіх літоўскіх тэатрах.

Аляксандр Пятровіч: Калегі, а ці можа крытыка сапсаваць рэпутацыю тэатра?

Міхаіл Сафронаў: Мы любім нашу крытыку. Якая заўгодна крытыка ў адрас якога заўгодна спектакля выклікае толькі большую цікавасць. Напрыклад, Васіль Бархатаў заўсёды ставіць складаныя спектаклі, яго шмат крытыкуюць, але інтарэс да гэтага рэжысёра толькі расце. Калі вам не падабаецца сучаснае прачытанне — проста не глядзіце такі спектакль.

Эган Кулганек: У Празе мы імкнёмся супрацоўнічаць з журналістамі падчас піяр-кампаній нашых прэм'ер. Што тычыцца крытыкі, дык я ўпэўнены: чым мацней ганяць — тым большы ажыятаж у публікі. Нядаўна наш калектыў пахваліў адзін з чэшскіх крытыкаў і мы спалохаліся, што ў тэатр перастане хадзіць глядач. (Смяецца.)

Алена Ларыёнава: Падводзячы вынік гутаркі, выкажу думку, што сёння зарука нашага прафесійнага поспеху — у шматстайнасці. Магчымы такія ці іншыя формы кіравання, фінансавання, рэпертуар можа спалучаць розныя жанры. Кожны глядач павінен мець магчымасць убачыць сваю любімую аперэту ці мюзікл, атрымаць новыя і свежыя музычныя ўражанні. I добра б не ехаць для гэтага за тысячу кіламетраў.

Міхаіл Сафронаў: Але калі сёння не будзе належнай увагі да падрыхтоўкі кадраў для музычнага тэатра, нас усіх чакаюць вялікія катаклізмы…

Паважаныя госці! Дзякуй за ўдзел у дыскусіі. Будзем спадзявацца, што наша сустрэча не апошняя і вы прыедзеце ў Мінск на гастролі разам са сваімі калектывамі або зможаце ўдзельнічаць у наступных праектах тэатра.

Задаваў пытанні і падрыхтаваў матэрыял "круглага стала" да друку Валянцін Пепяляеў. 
Мастацтва. – 2013. – № 7. – С. 24–27.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: