Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Тэмперамент "…Мал алана" (2010 г., Культура)

Тэмперамент "…Мал алана" (2010 г., Культура)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ТЭМПЕРАМЕНТ "…МАЛ АЛАНА"

press2010-112a Вымераць узровень сусветным аршынам

Прэм'ера музычнай камедыі У. Гаджыбекава "Аршын мал алан" сталася сумесным беларуска-азербайджанскім праектам нашага Дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. Сумеснымі былі і склад пастановачнай групы, і прэм'ерны састаў артыстаў, і склад афіцыйнай дэлегацыі (вядома, ад абедзвюх краін), і нават кветкі, што выносіліся на сцэну з абодвух бакоў. Назаўтра госці з'ехалі, нашы ж удзельнікі спектакля чакаюць паездку ў Баку (сёлета споўнілася 125 гадоў з дня нараджэння кампазітара; у 2013-м – 100-годдзе самога твора). Ёсць час для падвядзення папярэдніх вынікаў.
 

Навошта тэатру пастаноўка азербайджанскай класікі, калі ў яго рэпертуары так мала беларускіх найменняў? Падобныя пытанні (дарэчы, абсалютна справядлівыя наконт невялікай колькасці айчынных твораў) турбавалі напярэдадні прэм'еры многіх. Але ўжо першы спектакль пераканаў: такое супрацоўніцтва на карысць усім, а не толькі гасцям і шматлікім прадстаўнікам азербайджанскай дыяспары, якія жывуць у Беларусі.

Па-першае, пастаноўка замежных твораў (а тым больш, сусветнай класікі, да якой можна аднесці і музыку У. Гаджыбекава) зусім не перашкаджае працы над сваімі: кожны чарговы спектакль ставіцца не замест, а ў дадатак. Па-другое, любое далучэнне да іншай культуры дапамагае спасцігнуць уласную, а дыялог нацыянальных культур, што ўзнікае пры падобным супрацоўніцтве, узбагачае кожную з іх. Асабліва ва ўмовах глабалізацыі! Калі нашы модніцы даўно ўжо "асвоілі" чаравікі з загнутымі насамі, дык чаму б не спрычыніцца не толькі да матэрыяльнай, але і да духоўнай культуры ўсходніх народаў?

Зараз у гасцей таксама было чаму павучыцца. Найперш – стаўленню да сваёй нацыянальнай класікі, уменню яе распаўсюджваць, папулярызаваць, ганарыцца ёй, пры гэтым абапіраючыся выключна на мастацкія якасці, а не на моду, прэстыжнасць або законы масавай культуры і шоу-бізнесу.

А колькі новых рысаў свайго таленту змаглі адкрыць, дзякуючы новаму спектаклю, нашы артысты! Маўленчы акцэнт, што з'явіўся абсалютна ва ўсіх, – толькі знешні, адразу заўважны дадатак. Галоўнае – у далучэнні да своеасаблівай спеўнай манеры, багатай на мелізматыку, дробныя ўпрыгожанні ледзь не кожнай ноты. А як узбагацілася пластыка нашых салістаў! Сярод тых, хто найбольш удала і пераканаўча спасцігнуў новыя законы, дадаўшы да іх уласную індывідуальнасць, – Наталля Гайда ў партыі Цётухны Джахан. Яе гераіня зусім не звыкла-крыклівая сваячка бальзакаўскага ўзросту, а на дзіва маладая, сатканая з усходняй загадкавасці і шарму, сардэчнай цеплыні і мацярынскага клопату. У кожным яе руху, кожнай фразе і нават ноце столькі мяккасці, грацыі, жаноцкасці і вытанчанай "хітрынкі", што яна дасць фору любой маладой артыстцы. А калі і ўяўляецца хтосьці яе будучай пераемніцай, дык гэта Леся Лют (Асья) – артыстка з папраўдзе чароўным голасам-званочкам і пластыкай, якая адным узмахам рукі здольная паўтарыць самы мудрагелісты ўсходні арнамент.

press2010-112b Ды што там казаць, калі гэтыя дзве салісткі глядзеліся на прэм'еры больш "азербайджанкамі", чым заслужаная артыстка гэтай краіны Інара Бабаева (Гюльчахра), спеўная манера якой падалася больш блізкай да еўрапейскай. Асабліва ў параўнанні з лаўрэатам міжнароднага конкурсу Фарыдам Аліевым (Аскер), які літаральна да кожнай ноты дадаваў ні з чым не параўнальную нацыянальную "бліскаўку". А якімі каларытнымі персанажамі, літаральна ўзрошчанымі пад азербайджанскім сонцам і пры гэтым, як і мае быць, абсалютна рознымі, паўсталі Аляксандр Асіпец (Султан-бек) і Ігар Бычкоў (Вялі, слуга Аскера). Калі першы ўвасабляе ўсходнюю мудрасць, трымаючы палову п'есы сваімі маналога-дыялогамі, дык другі – усходнюю імпульсіўнасць, прыцягваючы выбітнымі танцавальнымі рэплікамі-ўкрапваннямі. Удала знойдзены і нацыянальны характар Сулеймана (Антон Заянчкоўскі) – прадстаўніка маладога пакалення, які ўмее знайсці выйсце з любой сітуацыі. Добра ўжыліся ў новую пластыку і артысты хору (паводле нашых традыцый, дзвюх масавых сцэн відавочна замала – так і хочацца больш!).

Госці не хлусілі, калі ў адзін голас даводзілі, як ім пашанцавала працаваць з такой высокапрафесійнай, добра падрыхтаванай трупай, багатай на таленты. І можна толькі здагадвацца, колькі намаганняў прыклалі галоўны рэжысёр Азербайджанскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета, заслужаны дзеяч мастацтваў Азербайджанскай Рэспублікі Хафіз Гуліеў і балетмайстар, народная артыстка Азербайджана Медзіна Аліева, каб нашы салісты дасягнулі не знешняга пераймання, а спасціжэння самой сутнасці азербайджанскага характару і выканальніцкай манеры. Вельмі важным для нас было тое, што далучэнне да іншых нацыянальных традыцый ішло не праз "трэція рукі" і неадэкватны "пераклад", а менавіта праз непасрэдныя стасункі з носьбітамі і захавальнікамі культуры.

Таму надалей у спектакля ёсць два шляхі. Першы – удасканаленне назапашанага. Другі – паступовае страчванне знойдзенага, ператварэнне нацыянальных "разыначак" у аперэтачныя штампы. Не трэба даказваць, які з варыянтаў больш прадуктыўны. А працаваць у спектаклі ёсць над чым, пачынаючы з партыі Тэлі, бо гэтая гераіня пакуль больш нагадвае разбітную ўкраінскую сялянку. Пэўна, далейшага ўдакладнення патрабуюць і некаторыя тэмпарытмічныя асаблівасці твора. Не да канца, на мой погляд, усталявана гармонія паміж размоўнымі і музычнымі эпізодамі: першыя бываюць крыху расцягнутымі, у музычных жа нумарах дырыжор Марына Трацякова, здараецца, пачынае быццам эканоміць час, не даючы салістам і слухачам адчуць увесь смак вакальна-інструментальных "прыпраў". А ў аркестры, між тым, гучыць і нацыянальны азербайджанскі інструмент – нагара, на якім граюць супрацоўнікі Пасольства Азербайджана ў Беларусі.

Затое цудоўная гармонія паміж традыцыйным і сучасным знойдзена ў мастацкім афармленні (яго канцэпцыю прыдумаў Юсіф Токер з Турцыі, а ўвасобіла наша Любоў Сідзельнікава). Кулісы ўпрыгожаны шыкоўным арнаментам, а заднік з яго вялізнымі вокнамі-вітражамі, праз якія бачны архітэктурныя відарысы, а часам і сапраўдны тэатр ценяў, утварае ўяўленне трохмернай прасторы – ну проста фармат 3D, дый годзе! Карацей, гэта трэба пабачыць на свае вочы.

Надзея БУНЦЭВІЧ.
Культура. – 2010. – 27 ліст. – 3 снеж. – С. 12.


На здымках:

  1. Султан-бек – Аляксандр Асіпец, Джахан – Наталля Гайда.
  2. Гюльчохра – Наталля Дзяменцьева.


Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: