« НазадТРАЕКТОРЫЯ ПАЛЁТУ "…ЛАСТАЎКІ": ЗАВАЁВЫ — АДНОСНЫЯ"Абнулілі" конкурс: пачалі наноў ці паўтарылі ранейшыя памылкі? У Чэрвені завяршыўся Першы Адкрыты конкурс імя Станіслава Манюшкі "Убельская ластаўка" для студэнтаў-вакалістаў ВНУ. "У Чэрвені" — таму што непадалёк ад яго, у мястэчку Убель, нарадзіўся гэты знакаміты кампазітар. "Завяршыўся" — таму што ўсе тры конкурсныя туры праходзілі ў Мінску, у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры, у Чэрвені ж адбыўся толькі заключны канцэрт. "Ластаўка" — таму што, паводле сямейнай легенды, гэтая птушка прыляцела да немаўляткі, Манюшкі, напрарочыўшы славутую будучыню. Ну а наконт таго, што конкурс — Першы, можна і паспрачацца. Хаця, насамрэч, ён узняў куды больш разнастайных праблем, і не толькі "матэматычных". Хто з першых самы першы? Насамрэч, цяперашні конкурс — дзявяты. Бо ўпершыню "Убельская ластаўка" з лёгкай рукі знанага кіраўніка "Беларускай капэлы" Віктара Скорабагатава, сёлетняга старшыні журы, паляцела ў 1999-м, прымеркаваная да 180-годдзя з дня нараджэння нашага класіка. Вядома, ушанаванні С.Манюшкі ладзіліся па-рознаму, але ў гэтым і ёсць развіццё любой з’явы. Потым усё спынілася, а летась адрадзілася наноў. Вядома, называючы цяперашні конкурс Першым, арганізатары імкнуліся падкрэсліць розніцу паміж леташнім восьмым спаборніцтвам і цяперашнім. Яна і сапраўды вялікая. Там былі — пачаткоўцы, навучэнцы сярэдняга звяна, студэнты падрыхтоўчага аддзялення і двух першых курсаў ВНУ культуры. Тут — "для студэнтаў-вакалістаў вышэйшых музычных навучальных устаноў". А яго "адкрытасць" дазволіла ўдзельнічаць кітайскім студэнтам, якія вучацца ў нашай Акадэміі музыкі, прыехаць канкурсантам з Расіі, Украіны, Латвіі, нават з Бельгіі (вядома, адтуль была ўраджэнка Беларусі). Узровень — непараўнальна вышэйшы, што цалкам зразумела. Ды іначай увогуле было б смешна! Тым больш, сёлета змяніліся многія конкурсныя ўмовы. Але ўсё роўна — ну нельга так проста "абнуляць" ранейшыя вынікі! Бо ўзнікае парадаксальная сітуацыя. Конкурс, з аднаго боку, прызначаны адраджаць і захоўваць нашу гісторыю. З іншага ж, ён сам перакрэслівае сваю ранейшую гісторыю: маўляў, да 2013 года — нічога не было, таму я — першы! Падобныя "гульні ў першынство" паўтараюцца, на жаль, у нашай культуры надта часта: ніхто не хоча мець "папярэднікаў". А гэта тое ж самае, што забывацца на сваіх продкаў. Ці ж не паўтараем мы мінулыя памылкі? Як палепшыць лепшае? Конкурс меў добры папярэдні адбор: з 60-і заявак адабралі 24, але трое спевакоў не прыехалі — спаборнічаў 21. Агульны ўзровень — папраўдзе конкурсны, даволі высокі, без аніякіх скідак на "рэгіянальнасць". Тое, што студэнты часам спяваюць больш пераканаўча, чым нават вядомыя артысты, даказаў трэці тур, конкурсныя выступленні якога былі дапоўнены канцэртнымі. Ды ўсё ж, калі б улічвалася такое "канцэртнае дапаўненне", безумоўным лідарам стаўся б саліст нашага Вялікага тэатра, заслужаны артыст краіны Уладзімір Громаў, які быў сярод членаў журы: спалучэнне дасканаласці выканання з маладым імпэтам і свежасцю гучання дадзена не кожнаму. Арганізатары імкнуліся зрабіць конкурс максімальна непрадузятым, дзеля чаго адмовіліся згадваць, у класе якога выкладчыка навучаецца той або іншы канкурсант. Ва ўмовы ўвялі дадатковы пункт: "У конкурсе не маюць права прымаць удзел студэнты (вучні) членаў журы", — што само па сабе абсалютна справядліва. Але ёсць і іншы замежны вопыт: члены журы папросту не галасуюць за "сваіх", і тым да балаў астатніх членаў журы дадаецца сярэднеарыфметычны паказчык. У нас такі варыянт палічылі недастатковым: маўляў, каб члены журы, сярод якіх былі прадстаўнікі Расіі і Латвіі, не "дамовіліся" паміж сабой, бо ўсе разумеюць па-руску. Што ж да саміх прозвішчаў выкладчыкаў, дык вакалісты іх і без таго ведаюць: кола прафесіяналаў шчыльнае. Але нават не ведаючы, здагадацца не цяжка: "почырк" бывае бачны літаральна па першых нотах выканаўцаў. Дый акрамя афіцыйных выкладчыкаў бываюць і "неафіцыйныя", да якіх ходзяць раіцца. Нарэшце, нельга не ўлічваць і такую форму ўзаемаадносін, як супрацоўніцтва: майстры і моладзь часта разам удзельнічаюць у тых або іншых праектах. Так што прадугледзець усе "патаемныя" варыянты немагчыма. І ці трэба? Дык няўжо выкладчыкі не заслужылі, каб іх імёны з’явіліся ў конкурсных буклетах? Ці хаця б прагучалі са сцэны ўжо пасля падвядзення вынікаў, якія, вядома, перагляду і аспрэчванню не падлягаюць? І ці не выхоўваем мы такім падыходам "кароткую памяць" у навучэнцаў? Маўляў, усё дасягнутае — адно мая ўласная заслуга. Тым больш, што, пры ўсіх арганізацыйных намаганнях, конкурс, на жаль, не набыў славу "самага справядлівага". Камусьці рабіліся відавочныя "скідкі на пачаткоўства", калі дараваліся фальшывыя пасажы, стылёвыя несупадзенні, нават спыненне спеваў з далейшым "пераспяваннем". Камусьці не даравалі сталага ўзросту, а кагосьці іншага, з розніцай у даце нараджэння ўсяго ў некалькі дзён і з куды ніжэйшай "стартавай пазіцыяй", прапускалі ў наступны тур. Любы конкурс — справа суб’ектыўная. А тым больш — у спевах. І "журыць" бывае куды складаней, чым выступаць самому. Але… Чаму, да прыкладу, у журы не было ніводнага сапрана, калі сярод канкурсантаў іх — большасць? Надта шмат пытанняў засталося. Мабыць, яшчэ і таму, што сёлетняя "Убельская ластаўка", сабраўшы прадстаўнікоў шасці краін, сталася ў гэтым сезоне, усяго за апошнія шэсць месяцаў, ажно трэцім у Мінску вакальным конкурсам міжнароднага калі не статуса, дык разгорту. Таму "…Ластаўка" шмат у чым пазіцыянавалася як "альтэрнатыва" двум ранейшым (надта, маўляў, "заангажаваным") — імя Л.Александроўскай і "Competizione dell’Opera". Насамрэч, конкурсаў замнога не бывае. Але што ж атрымалася? Некаторыя канкурсанты папросту "пераехалі" з аднаго спаборніцтва на другое. Хтосьці — з амаль абсалютна тым жа рэпертуарам. Хтосьці — наадварот, з прынцыпова новым (у нашых рэаліях гэта магло б і вітацца, ажно — не). У любым выпадку, нашым спевакам далёка да тых, хто робіць конкурсы ледзь не сваёй "прафесіяй" ды ездзіць з адной і той жа праграмай "збіраць" грашовыя прызы. Але калі пераможцы і тыя, хто "сышоў з дыстанцыі", рэзка мяняюцца месцамі, гэта таксама наводзіць на роздум пра адноснасць некаторых "заваёў". Можна быць — лаўрэатам. А можна — запатрабаваным артыстам. Шкада, калі гэтыя "ролі" не супадаюць. На гэтым конкурсе яны супалі, бадай, хіба ў саліста нашага Музычнага тэатра Аляксандра Гелаха, які атрымаў другую прэмію. Але ж былі не менш яркія, адметныя беларускія выканаўцы, якім пашчасціла меней. Затое, як кажуць у такіх выпадках, "геаграфія была захавана": лаўрэатамі таксама сталі вельмі моцны ўкраінскі тэнар Валянцін Дыцюк (Першая прэмія і прыз за лепшае выкананне твора Манюшкі) і расіянка Лізавета Улаховіч (Трэцяя прэмія і такі ж прыз). Сярод дыпламантаў — Лаура Тэйване з Латвіі, якая больш уразіла ў першым туры. Ды ўсё ж галоўныя прэтэнзіі засталіся да арганізацыі. Няўжо да другога тура, які праходзіў на багата дэкарыраванай сцэне Музычнага тэатра, нельга было зрабіць элементарнае — настроіць раяль? Ці звярстаць конкурсныя буклеты так, каб імі было зручна карыстацца? Самае простае — змясціць удзельнікаў у алфавітным парадку. Ці ў алфавітным парадку краін, якія яны прадстаўляюць. Навошта ўвогуле былі тыя "кніжачкі", калі ў іх не змешчана праграма кожнага з удзельнікаў, а месца на старонках — хапае? Вядома, усё рабілася ў спешцы, тэрмінова. Дый самі буклеты з’явіліся на "Убельскай ластаўцы" ўпершыню, адразу прыўзняўшы статус конкурсу. Цудоўна, што на беларускай мове. Але ж так хацелася б, каб яшчэ і без прыкрых памылак: гістарычнае сведчанне, як-ніяк. Дый у саміх аб’яўках, што рабіліся са сцэны, хацелася б чуць правільныя націскі — хаця б у назве конкурсу. І, па магчымасці, правільных аўтараў твораў. Бо на першым туры хрэстаматыйна вядомыя "Шумныя бярозы" Рыгора Пукста на словы Янкі Купалы чамусьці двойчы аб’яўлялі… народнай песняй. Праўда, некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, быццам музыка была напісана Уладзімірам Тэраўскім, якога рэпрэсіравалі. І каб твор не знік, ягоны калега, рызыкуючы жыццём, "прыпісаў" яго сабе. Але ж стыль — пукстаўскі! Апрацоўка? У любым выпадку, няўжо абодва выканаўцы не ведалі, што спяваюць? Тады, прабачце, пытанняў узнікае яшчэ больш. Беларускасць — гэта… што? Ці існуюць, да прыкладу, нейкія адметнасці беларускай вакальнай школы? Даўно заўважана, што галасы ў беларусаў ужо з-за прыродных умоў больш "сціплыя", не такія "сценабітныя", як у некаторых іншых народаў. Затое ўмення імі валодаць, дасягаючы максімуму, — бывае і пабольш. Раней на некаторых ранейшых конкурсах, што ў нас ладзіліся, было заўважна, што цаніліся не адно вакальныя даныя, але і культура выканання, музычнасць, тонкасць інтэрпрэтацыі, уменне данесці найперш змест і стыль твора, а не адно галасавы патэнцыял. На гэтым, як мне падалося, больш улічваліся перспектывы — з еўрапейскіх пазіцый, бо маладыя члены журы самі многа ездзяць па замежжы, маюць багаты ўласны вопыт і могуць прадбачыць, хто з выканаўцаў будзе больш запатрабаваны на Захадзе. Але як тады з нацыянальнымі адметнасцямі? Цалкам заканамерна, што прыз за лепшае выкананне беларускай народнай песні (дарэчы, асабіста ад саліста нашага Вялікага тэатра Ільі Сільчукова) атрымаў кітаец Бао Сытэ, які ў нас навучаецца. І можна толькі падзякаваць нашай сусветна прызнанай зорцы Аксане Волкавай, якая гэтак жа асабіста адзначыла Настассю Храпіцкую — за яркія вакальныя даныя і артыстызм. Ды ўсё адно — на ўсіх таго вартых "не хапіла". А ці "хапіла" на конкурсе папулярызацыі нацыянальнай кампазітарскай творчасці? Ва ўмовах другога тура — абавязковае выкананне музыкі С.Манюшкі. На першым — раманс кампазітара краіны, якую прадстаўляе канкурсант. Здавалася б, чаго яшчэ жадаць? Хіба таго, каб усё гэта было пачута. Але — калі і кім? Інфармацыі пра конкурс відавочна бракавала. Ніякіх афіш, нават "самаробна-камп’ютарнага" друку. Нават у навучальных установах, дзе выкладаюцца сольныя акадэмічныя спевы. На сайце тэатра — адно папярэдняя інфармацыя, якая больш не абнаўлялася: ні парадку выступленняў з улікам лёсавання, ні праграм кожнага з удзельнікаў. На трэцім туры залу паспрабавалі, нарэшце, запоўніць. Атрымалася — дзесьці на трэць. І гэта прытым што ўваход быў вольны. А пры адпаведнай рэкламе фінал мог бы ісці і па білетах, хаця б за ўмоўны кошт. Міжволі напрошваліся параўнанні з Міжнародным конкурсам вакалістаў "Competizione dell’Opera", што праходзіў некалькі месяцаў таму ў рамках ІІІ Мінскага міжнароднага Каляднага форуму. Кошт білетаў — завоблачны. І ніводнага вольнага месца. Параўнанні, можа, не зусім этычныя, але фармат конкурснага фіналу тут быў аднолькавы. Спачатку — фіналісты спяваюць па адной арыі. Працяглы антракт, у час якога журы падлічвае балы і вызначаецца з узнагародамі. Нарэшце, урачыстае аб’яўленне вынікаў. У Музычным тэатры, дарэчы, гэтая "схема" ўзбагацілася выступленнямі членаў журы і артыстаў тэатра — найперш, тых, каму "Убельская ластаўка" ў свой час дала крылы. Прагучалі тут і манюшкаўскія творы. Але ў наступных такіх конкурсах няблага было б узгадваць Манюшку часцей. Ці, можа, рабіць адкрыццё-закрыццё конкурсу дадатковым манюшкаўскім праектам. На самую шырокую публіку! У Чэрвеньскім доме культуры і адпачынку зала была паўнюткай: сабралі школьнікаў, якія спраўна шамацелі абгорткамі прысмакаў. Але ж ці многа музыкі Манюшкі там прагучала? Уся надзея — на хуткую прэм’еру оперы Манюшкі "Слова гонару", што ладзіцца па ініцыятыве ўсё таго ж В.Скорабагатава і Камернага музычнага тэатра "Галерэя". З удзелам, так здарылася, "не адзначаных" канкурсантаў… Надзея БУНЦЭВІЧ. |
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by