Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Трэцяе нараджэнне "Паўлінкі" (1973 г., Беларусь)

Трэцяе нараджэнне "Паўлінкі" (1973 г., Беларусь)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

press1973-08a...Гартаючы старонкі заўсёды маладой купалаўскай "Паўлінкі", нельга не звярнуць увагі, не затрымаць позірку на аўтарскіх рэмарках. Напрыклад, з'ява першая – "Як падымаецца заслона – Паўлінка пяе..." I гучыць народная песня "Ой, пайду я лугам, лугам..." Але ж нешта не пяецца Паўлінцы. Чакае яна свайго Якіма. I зноў спявае. Спявае "Дый чаго ж ты, дуб зялёны...", "Ой, ляцелі гусі..." А першае знаёмства са Сцяпанам Крыніцкім? Мы ж таксама спачатку чуем яго песню "Дзе мы едзем, дзе мы йдзём..." I адразу ж узнікае перад вачыма характар персанажа. А ягоная "Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець..."? Колькі гумару, жыццярадаснасці гучыць, іскрыцца ў гэтых словах і вядомай нам мелодыі. Нездарма ж Купала "аддае" яе Сцяпану, беларускаму мужыку. 

Пан жа Быкоўскі на вечарынцы ў Крыніцкіх спрабуе праспяваць нешта накшталт раманса, які раскрывае ўсю яго сутнасць – "Плываё голэмбе, лятаё лабэндзе..." I наогул другі акт з'яўляецца быццам музычным камертонам п'есы. Песні і танцы не спыняюцца... 

Сапраўды, нельга ўявіць сабе "Паўлінку" без музыкі, сакавітай народнай песні. I зусім невыпадкова, хоць з таго часу, як была напісана п'еса, прайшло ўжо больш за шэсцьдзесят год, звярнуўся цяпер да гэтай жамчужыны беларускай класікі наш папулярны кампазітар, заслужаны дзеяч мастацтва рэспублікі Юрый Уладзіміравіч Семяняка. 

...Вечар 26 верасня быў для мінчан сапраўдным святам. "Паўлінка" з'явілася на сцэне ў новым жанры! Беларускі Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі БССР паказаў, па сутнасці, першую нацыянальную аперэту. Лібрэта напісаў заслужаны дзеяч культуры БССР паэт Алесь Бачыла, пастаноўку спектакля ажыццявіў заслужаны дзеяч мастацтва РСФСР Сяргей {Сямён} Штэйн. 

Атмасфера на спектаклі была нейкай асаблівай – і ўрачыстай, і ўзнёслай, і трошкі насцярожанай. Нельга тут не пагадзіцца з народнай артысткай СССР Л. П. Александроўскай, якая адзначыла, што "ўсе мы чакалі новую "Паўлінку", новае ўвасабленне даўно ўсім дарагога, класічнага твора, ...мабыць, мы будзем сведкамі нечаканага адкрыцця нейкіх раней невядомых граняў і нюансаў". 

...Узнялася заслона. I "на свет цэлы" загучаў верш Янкі Купалы "Мужык" аб спрадвечных пакутах і крыўдах беларускага народа, "стогн-крык" збалелай душы працоўнага селяніна. "Я буду жыць – бо я мужык!" Песня-маніфест, якой пачалася дзея, прагучала вельмі эмацыянальна, з сапраўдным грамадзянскім пафасам. Кампазітар напісаў мелодыю ў тэмпе марша з выразным рытмічным поступам. I артыст В. Бурцаў, які мае прыгожы сакавіты голас, выканаў яе з вялікім унутраным уздымам. Наогул, песня Якіма праходзіць праз увесь спектакль як лейтматыў тэмы народа. Таму яна такая блізкая да беларускага меласа, які добра ведае і адчувае Ю. Семяняка. 

У другім акце п'есы асабліва добрае ўражанне пакінулі артысты-салісты, хор, балетная трупа, аркестр. Увесь творчы калектыў тэатра адчуў сапраўдную драматургію і сюжэт купалаўскага твора, самабытную яго мову. 

...Хата Крыніцкіх. Афармленне спектакля, умоўныя дэталі і элементы дэкарацый у святліцы добра перадаюць атмасферу часу, у многім вызначаюць рэжысёрскую канцэпцыю музычнай камедыі. Багацце разнастайных рэжысёрскіх прыёмаў і кантрасных выканаўчых фарбаў – ад паўтонаў да гіпербалізацыі – надае спектаклю своеасаблівы ўнутраны рытм. Прыгадаем выхад на сцэну пана Быкоўскага (артыст К. Лосеў). Трэба дадаць – бліскучы выхад. Фанабэрысты, чапурысты, амаль непрыступны шляхціц спявае вядомыя куплеты. Кампазітар напісаў музыку, якая яскрава перадае настрой гэтага персанажа. Пан Быкоўскі, спяваючы, танцуе нешта накшталт польскай мазуркі. Асабліва ж смяецца зала тады, калі "васпане" "выконвае" для гасцей раманс "3 нашэго кахання ніц не бэндзе..." з разнастайнымі варыяцыямі. Кампазітар уводэіць у раманс Быкоўскага нават элементы з опернай арыі, але ж фінальныя акорды зроблены ў джазавай распрацоўцы. I гэта не выпадкова. У смелым супрацьпастаўленні гратэску і драматычных элементаў п'есы, ненатуральных дзіўных выкрунтасаў музычных нумароў пана Адольфа і шчырай, лірычнай, задушэўнай народнай мелодыі, якую выконвае хор, выразна "гучыць" матыў адзіноцтва вось такіх, як Быкоўскі. 

"Паўлінка" не можа абысціся без народных песень. I кампазітар шчодра дорыць слухачу ўсю прыгажосць і чароўнасць народнай мелодыі. Цудоўна спявае артыстка Наталля Гайда (Паўлінка) з жаночым хорам каларытныя народныя песні "Ой, там у бору...", "У полі ніўка...", "Туман ярам...", апрацаваныя кампазітарам. А вядомая "Чаму ж мне не пець..." па-майстэрску прагучала ў выкананні квінтэта. 

I ў асабістых музычных нумарах Ю. Семяняка імкнецца не адступаць ад фальклорных першакрыніц, ад народных мелодый. Усім нам вядома песня кампазітара "Явар і каліна" на верш Янкі Купалы. У аперэце пастаноўшчыкі ўводзяць яе з акампанементам цымбалаў. Незвычайная прыгажосць рэгістраў народнага інструмента, прывабная працягласць гучання ствараюць пэўны настрой... 

Паўлінка з'яўляецца на сцэне ў другой карціне і спявае сваю арыю. Аднак характар гераіні выяўляецца для гледача з дапамогай розных сродкаў – і ў развіцці драматычнага дзеяння, і ў аркестровай музыцы, і ў дыялогах, і ў песнях, і ў харавых мелодыях. Кампазітар скарыстаў разнастайныя інтанацыі, падкрэсліваючы гэтым багацце натуры сялянскай дзяўчыны. 

Купалаўская камедыя – лірычная драма, дзе канфлікт агаляецца толькі ў кульмінацыйны момант. Раней жа ён быў нібы "прыкрыты" народным гумарам, жартамі і спевамі дзеючых асоб. Таму нельга не адзначыць музычную тэму "Каруселі", якая стала асноўным лейтматывам спектакля, сцвярджаючы зменлівасць чалавечага лёсу, жыццярадаснасць і аптымізм народа. 

...Спектакль пастаўлены. Гледачы горача апладзіравалі выканаўцам, кампазітару, рэжысёру – усяму творчаму калектыву. 

I яшчэ раз хочацца выказаць удзячнасць Юрыю Семяняку, які скарыстаў увесь свой багаты вопыт, назапашаны ім у самых розных жанрах. Ён умее быць "новым" і нечаканым. 

Л. КРУШЫНСКАЯ. 
Фота Н. ХАДАСЕВІЧА. 
Беларусь. – 1973. – № 12.

На здымку: У ролі пана Быкоўскага – артыст В. Фаменка, у ролі бацькі Паўлінкі – артыст Ю. Лазоўскі.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: