« Назад
ТРЫ ПОГЛЯДЫ НА АДЗІН СПЕКТАКЛЬ
Парадаксальна, але не першых апладысментаў і не першых водгукаў крытыкі чакалі стваральнікі спектакля "Судны час". Чакалі пятага, дзесятага прадстаўлення на сцэне Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР: бо толькі пяты і дзесяты раз запоўненая зала магла даць адказ – ці прыняў, ці палюбіў глядач новую версію вядомага "Трыбунала". Чакалі ацэнкі стваральнікі, пастаноўшчыкі, выканаўцы...
Кампазітар Р.Ф. СУРУС:
– Думка аб стварэнні гераічнай музычнай камедыі прыйшла яшчэ ў час работы над "Несцеркам". Дарэчы, за саму ідэю ўсе ў тэатры прагаласавалі, што называецца, абедзвюма рукамі. Але ў якім драматычным матэрыяле яе ўвасобіць? Пасля доўгіх пошукаў спыніўся на п'есе А. Макаёнка "Трыбунал". Я добра разумеў, за якую адказную работу бяруся. З аднаго боку – стаўшы амаль класікай твор, які не адзін год ідзе на сцэнах ста тэатраў. З другога... Не ведаю, чым растлумачыць, але, варта было прачытаць п'есу "прафесіянальна", як я ўжо чуў музыку будучага спектакля – настолькі блізкімі мне як кампазітару былі драматургія, мова, народны гумар.
Працаваць над "Судным часам" было і цікава, і цяжка – драматургічна складана перапляталіся камедыйная, грамадзянская, лірычная лініі. Для кожнага з герояў трэба было знайсці эквівалент народнай песні, якая падыходзіла б і ўчынкам, і характару.
Мабыць, аб кампазітарскіх пошуках і знаходках можна расказваць бясконца, але якімі б табе самому яны ні здаваліся ўдачнымі – у канчатковым выніку іх ацэньвае глядач. I калі з цягам часу тэатральная зала не пусцее, калі яна адчувае, прымае і разумее тваю музыку, значыць, пошукі, сумненні, гады работы былі не дарэмнымі...
Галоўны дырыжор тэатра А.М. ЛАПУНОЎ:
– З задавальненнем чакалі працягу супрацоўніцтва з аўтарам "Несцеркі". Але не ўтаю: мне як музычнаму кіраўніку паставіць "Судны час" было не проста. Музыка Рыгора Суруса – і гэта, мабыць, галоўная рыса яго творчасці – заўсёды сучасная, паліфанічная, складаная. Паспрабуйце спалучыць у адно цэлае амаль вадэвільныя куплеты і найскладанейшую араторыю для хору, народныя песні і сімфанічныя ўрыўкі. А ўсё гэта ёсць у "Судным часе".
Прыйшлося многа працаваць і з хорам, і з выканаўцамі. Здаралася, у час рэпетыцый і спрачаліся, і мянялі сёе-тое – але, думаю, усё пайшло на карысць спектаклю.
Артыст В.В. СЕРДЗЮКОЎ:
– Гаворачы шчыра, прапанову на ролю Цярэшкі прымаў з няўпэўненасцю. Па-першае, акрамя эпізода ў "Паўлінцы", мне не даводзілася іграць у такіх спектаклях. Вельмі хваляваўся перад прэм'ерай: прымуць гледачы або не? I даражэй за пахвальныя водгукі крытыкі былі пачутыя пасля спектакля словы: "Ішоў на спектакль і не мог уявіць, што Цярэшка Калабок раптам спяваць будзе. А цяпер здаецца, што інакш і быць не можа...". Значыць, прынялі.
С. ГЕРАСІМАВА. Чырвоная змена. – 1984. – 20 кастр.
|