Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Ці паўторыцца на "Біс" Кіпр, мядзведь і бенефіс? (1999 г., Культура)

Ці паўторыцца на "Біс" Кіпр, мядзведь і бенефіс? (1999 г., Культура)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ЦІ ПАЎТОРЫЦЦА НА "БІС" КІПР, МЯДЗВЕДЬ І БЕНЕФІС?

Гледзячы на Наталлю Гайду падчас яе бенефісу, я, падобна герою вядомай песні, ціха стагнала ў знясіленні: "Ах, якая жанчына!.." I, па-мойму, аналагічныя пачуцці зведалі ўсе гледачы, якіх сабрала ў той вечар Наталля Віктараўна. Яна літаральна патанала ў кветках, авацыях і вялікай колькасці шчырых кампліментаў, якія гучалі падчас яе шанавання.

І сапраўды, зорцы аперэты ёсць чым ганарыцца. Яе імя стала своеасаблівым сімвалам беларускага тэатра музычнай камедыі, я б нават сказала, яго талісманам. Наталля Гайда аддала гэтаму тэатру без малога 30 гадоў – столькі, колькі ён існуе.


Яе дэбют на гэтай сцэне адбыўся ў дзень афіцыйнага адкрыцця тэатра – 17 студзёня 1971 года. У той вечар была сыграна прэм'ера гераічнай музычнай камедыі Юрыя Семянякі "Пяе "Жаўранак", і Наталля Гайда выканала там галоўную ролю – разведчыцы Ірыны. З тае пары, як кажуць, сплыло шмат вады, і за гэты час яе гераіні шматразова мянялі імёны. Кожнае з іх больш, чым гучнае: Сільва, Марыца, Тэадора, Разалінда, Ганна Главары, Эліза Дулітл, Джулія Ламберт, Долі Леві, а таксама Паўлінка, Эпіфанія, Герцагіня Мальбара, Памела Кронкі... Пералік мог бы доўжыцца да бясконцасці. Але ні ў адной сваёй ролі Наталля Гайда ніколі не заставалася і не застаецца самадастатковай аперэтачнай дзівай, бо, апроч вакальнага дару, надзелена яшчэ і талентам драматычнай актрысы – на жаль, такім дэфіцытным сярод акцёраў музычных тэатраў увогуле. Таму гераіням Наталлі Віктараўны глядач заўсёды верыць. Яна быццам трымае ўсіх пад гіпнозам свайго бясконцага абаяння, і чараўніцтва гэта цудоўна ўздзейнічае на любую аўдыторыю – старую ці маладую, мужчынскую ці жаночую. Яе любяць, і любоў гэтую яна заслужыла. Больш дакладна было б нават сказаць не "заслужыла", а "зарабіла", бо сэнс існавання для Наталлі Гайды заключаецца ў працы. І менавіта ў гэтай каласальнай працаздольнасці, на маю думку, тоіцца сакрэт яе маладосці.

Сваім бенефісам актрыса зрабіла вялікае свята ўсім паклоннікам, якія чарговы раз прыйшлі ў захапленне ад яе ігры і спеваў. Ну, а сама яна была вельмі кранута ўвагай да сябе з боку Прэзідэнта, які даслаў у адрас Наталлі Гайды віншаванне з юбілеем, крышталёвую вазу і раскошны кошык з кветкамі, а таксама ўвагай урада і гарадскіх улад. На вечары прысутнічалі прэм'ер-міністр Беларусі С. Лінг, мэр горада У. Ярмошын, старшыні раённых адміністрацый, якія літаральна засыпалі яе кветкамі і падарункамі. Самым нечаканым падарункам, бясспрэчна, стаўся букет кветак, сціснуты ў лапах і паднесены бенефіцыянтцы... жывым мядзведзем, які трапіў у тэатр аперэты проста з цырка. А самай прыемнай, напэўна, была навіна ад У. Ярмошына, які вырашыў праблему летняга адпачынку Наталлі Віктараўны: разам з мужам – салістам беларускай оперы, заслужаным артыстам рэспублікі Юрыем Бастрыкавым – яна адправіцца на Кіпр.

Артыстка не развітваецца. Пакуль у яе застаецца два спектаклі, у якіх гледачы могуць яе пабачыць, – "Шклянка вады" і "Дарагая Памэла". На жаль, гэта ўсё, што можа сёння прапанаваць тэатр сваёй легендарнай актрысе. Дарэчы, недаравальным і нават абуральным палічылі многія гледачы тое, што свой бенефіс Наталлі Гайдзе даводзілася весці "пад раяль" і фанаграму без удзелу аркестра. Абураліся і самі аркестранты, якія дружна сядзелі ў глядзельнай зале і не меншм астатніх "хварэлі" за віноўніцу ўрачыстасцей. Няўжо тэатр не змог адшукаць магчымасці, каб падключыць да працы аркестр? Але гэта – тэма для іншых, зусім не юбілейных нататкаў.

...А мне ўзгадаўся верш паэта Уладзіміра Карызны, якога я таксама бачыла сярод гледачоў і які колькі гадоў таму прысвяціў Наталлі Віктараўне вось гэтыя радкі:

Голас твой віруе і чаруе, –
Такі ён, зачаруе – назусім.
Ён лёд расколе, сэрца завіруе
I адгукнецца у бары глухім.
Дзівосны голас!
На зямным улонні
Ён можа травы гнаць, сады сцяліць…
Мне хочацца узяць яго у далоні,
Да вуснаў, нібы птушку,
Прытуліць.

Далучаюся да гэтых узнёслых слоў ад імя ўсіх паклоннікаў Наталлі Гайды. З юбілеем вас, шаноўная, любімая Наталля Віктараўна! Шчасця вам!

Вольга БРЫЛОН.
Культура. – 1999. – 29 мая.– 4 чэрв. – С. 12.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: