Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Творчасць — не гандаль "з латка" (Святлана Берасцень, "Літаратура і мастацтва", 17.08.2012)

Творчасць — не гандаль "з латка" (Святлана Берасцень, "Літаратура і мастацтва", 17.08.2012)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ТВОРЧАСЦЬ — НЕ ГАНДАЛЬ “З ЛАТКА”

12-239aБеларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр паспяхова развівае творчыя стасункі з народным артыстам Расійскай Федэрацыі Генадзем Гладковым. З аншлагам ідуць на сцэне БДАМТ яго мюзікл для дзяцей і дарослых “Прыгоды брэменскіх музыкантаў”, балет “12 крэслаў”; тэатр атрымаў дазвол аўтара на пастаноўку мюзікла “Звычайны цуд”, ажыццявіць якую плануецца ў новым сезоне. Легендарны кампазітар неаднойчы прыязджаў у Мінск, знаходзіў час для гутаркі з карэспандэнтам “ЛіМа”. У інтэрв’ю, якое мы прапануем увазе чытача сёння, наш госць разважае над праблемамі, актуальнымі і для беларускага музычна-тэатральнага асяроддзя.

— Генадзь Ігаравіч, наш музычны тэатр абвясціў першы за сваю гісторыю конкурс на стварэнне арыгінальнага нацыянальнага твора і сабраў беларускіх кампазітараў, літаратараў, дзеячаў сцэны для размовы на гэтую тэму за “круглым сталом”. Падчас дыскусіі прагучала і ваша імя — у сувязі з рэплікамі тых творцаў, якіх абурае перспектыва пісаць “у стол”. Яны патрабуюць пэўных фінансавых гарантый, бо ёсць рызыка змарнаваць як мінімум год на “бясплатную” працу: зразумела, што з усіх нават вельмі ўдалых конкурсных праектаў толькі адзін будзе ўключаны ў бліжэйшы рэпертуарны план. Дык вось, у адказ на такія патрабаванні хтосьці з прысутных заўважыў: “А знаёмы нам Генадзь Ігаравіч Гладкоў, які мог бы дазволіць сабе аналагічныя прэтэнзіі, піша «ў стол»”…

— Я проста пішу тое, што мне цікава. На сур’ёзнай творчасці не заробіш, не ўзбагацішся. Наогул, высокае мастацтва, не папса, не прымітыў, — рэч дарагая і стратная. Часта і самому даводзіцца за нейкія праекты плаціць. Напрыклад, за выданне нот. Балазе, мяне цяпер “кормяць” нейкія іншыя творы, прынамсі, у тэатрах нямала маёй музыкі выконваецца, таму я магу пісаць ужо не толькі для таго, каб выжываць, а дазволіць сабе трошку такой кампазітарскай творчасці, якой яшчэ не займаўся. Цяпер пішу камічную оперу паводле Карла Гоцы “Зялёная птушачка”. Адносна нядаўна закончыў эпічны балет “Вяртанне Адысея” паводле Гамера. Не ведаю, які тэатр за гэта возьмецца, хто дасць грошы на пастаноўку. Але заўсёды перакананы: быў бы твор, а потым знойдзецца выканаўца, час зменіцца, хто-небудзь ды паставіць…

— Думаю, і нашы кампазітары-пачаткоўцы не маюць мэтай творчасці фінансавую выгаду. Але не ў кожнага хопіць мужнасці “патануць у мастацтве з галавой”, калі няма падтрымкі ў вырашэнні нейкіх побытавых праблем, трывалай матэрыяльнай забяспечанасці…

— Разумею, пра што вы. Сам пабыў у такой сітуацыі, калі ў не такі ўжо даўні час правы творцаў не ахоўваліся, аўтарскія адлічэнні перапыніліся. Я мусіў “круціцца”, хапаўся за ўсялякую працу. Выкладаў. За сімвалічныя грошы вёў музычныя радыёперадачы. Нейкія канцэрты свае ладзіў, хоць не надта гэта люблю. Яшчэ мяне выручылі… “ёлкі”. З 1991 амаль да 2000 года напісаў восем “ёлак” (музыку да масавых дзіцячых навагодніх святаў. — С. Б.). Хто б іншы сказаў: ну, чаго гэта я буду “ёлкі” пісаць? А я вось напісаў восем штук і сказаў: “Усё. Больш не магу. Я ўжо свае “ссек”. Досыць”. Яны мяне падтрымалі вельмі. Апроч таго, за адну з дзіцячых “ёлак” атрымаў маскоўскую кампазітарскую прэмію. Цяпер мой вучань выконвае гэтую “навагоднюю замову”. Дарэчы, вучням так і кажу: трэба круціцца, не сядзець дома і чакаць, што табе дадуць нешта ці ганаруюць нечым. І не трэба цурацца бясплатнай працы, калі гэта — на карысць твайго прафесійнага досведу. Я, напрыклад, знаёміў сваіх студэнтаў з выпускнікамі Вышэйшых рэжысёрскіх курсаў — гэткіх жа маладых, у якіх таксама грошай не было. І кампазітары-пачаткоўцы бясплатна пісалі музыку да дыпломных работ рэжысёраў. Збіралі невялікі музычны склад, выканаўцам за працу нешта плацілі, а ганарар кампазітару — не. Але ўсталёўваўся творчы кантакт! І праз пару гадоў выпускнік рэжысёрскіх курсаў ужо тэлефанаваў кампазітару з прапановай: “Я пачаў здымаць на студыі, давай супрацоўнічаць”. А ці пазваніў бы яму рэжысёр, калі б не было той, яшчэ студэнцкай, “бясплатнай” супольнай працы? Мая ж музыка прыйшла на экран таксама праз “бясплатныя” праекты! Калі пачынаў пісаць для кіно, не было і артыкула для аўтарскага ўзнагароджання за музыку. Плацілі толькі за аркестроўку. Але я пагаджаўся супрацоўнічаць на такіх умовах, бо хацеў пазнаць, як гэта робіцца. І калі сёння маладым кампазітарам прапануюць напісаць хоць нешта для тэатра, кажу: хлопцы, бярыцеся, толькі не сядзіце дома! Вас носам тыцнуць могуць за вашу спробу, а то і пагоняць. А з трэцяга разу ці з дзясятага нешта можа і атрымацца.

— А калі хочуць з першага?

— Не, ну гэтак у творчасці нельга: з амбіцыямі і без сумненняў! Хто і за што перад імі абавязаны? Калі табе ў дыпломе напісалі, што ты кампазітар, гэта нічога не значыць апроч дапушчэння, што ты можаш напісаць нейкую рэч, бо дыплом сведчыць: ты ведаеш асновы прафесіі. Але за наяўнасць дыплома табе не павінны прапаноўваць пісаць нейкія творы. Гэта ў савецкі час было перакананне: нам нехта (дзяржава, грамадства і г. д.) абавязаны… Ніхто не абавязаны! Чаму гэтак гавару? Я з чатырнаццаці гадоў “гармазой” (граннем на гармоніку. — С. Б.) зарабляў для сям’і, для мамы, для таты. Я працаваў у піянерскіх лагерах, на ўсялякіх “танцульках”. Мне за гэта не сорамна было. Калі паступіў у музычнае вучылішча, з часам кінуў гэту справу, бо замінала сур’ёзна займацца прафесіяй. Аднак маладыя мусяць быць актыўныя. Кволым і датклівым цяжка давесці свой талент і досвед, разумнаму і нелісліваму нават цяжэй уладкавацца на працу, калі побач перахопліваюць увагу кідкія, гаваркія, авантурыстычныя “астапы бендэры”. Усё цяжэй даказваць, здавалася б, відавочныя рэчы. Напрыклад, у кіно. Цяпер тут не рэжысёр — галоўны творца, цяпер тут прадзюсар — галоўны чалавек! Рэжысёру спадабаецца музыка, а прадзюсар скрывіцца: “Не! Мая жонка сказала, што гэта — не тэма, трэба, каб пашлягерней было!” Гэта як? Можа… папашлей? Я вучыў сваіх студэнтаў самаму добраму ў музыцы, яны кансерваторыю скончылі, і раптам ім камандуюць: “папашлей”! Цяжка зразумець, чаго ад іх патрабуюць, і знайсці нейкі больш просты варыянт музыкі, прыдатны да фільма. Яны і дагэтуль прыходзяць да мяне, кансультуюцца, паказваюць свае новыя творы. Я разумею сваіх вучняў: аднаму ў творчасці вельмі цяжка. Саюз кампазітараў сёння — не падтрымка, а нейкая фармальная арганізацыя. Абавязкова павінен быць настаўнік. Я і ў свае семдзесят сем такі быў бы шчаслівы, калі б мае старыя настаўнікі, людзі з вялікіх часоў Глазунова, Мяскоўскага, Шабаліна, яшчэ былі б жывыя, каб можна было з імі перамовіцца…

— Кансерваторыя не вучыць наладжваць адносіны з лібрэтыстамі. Як атрымліваецца гэта ў вас?

— Калі ўсё пішу я сам — для мюзікла “Вій” паводле Гогаля сам напісаў і сцэнарый, і ўсе вершы, — такі варыянт ідэальны. З “гэтым лібрэтыстам” у мяне добрыя адносіны. З Юліем Кімам трошку складаней, бо я мушу сёе-тое мяняць, але потым ён перарабляе паводле маіх пераробак і робіць лепш — трэба аддаць яму належнае, ён у гэтым плане больш таленавіты за мяне. Але я ўвесь час умешваюся ў “літаратурны працэс”. Амаль не мяняю вершы Юрыя Энціна: ён заўсёды вельмі дакладна працуе на музыку. У двух суаўтараў, бывае, розніцца бачанне твора. Ды я стараюся даказваць, што ўсё-ткі галоўнае ў гэтым жанры — музыка. Сцэнарый асобна не жыве. Навошта “проста так”, незалежна ад кампазітара, без дамоўленасці з ім, пісаць лібрэта? Куды яго потым: прадаваць з латка? Хто яго ўвогуле чытаць будзе? Сцэнарый праяўляецца толькі ў повязі з музыкай. Таму прашу суаўтараў: “Каб мне, аўтару музыкі, было цікава працаваць, зрабіце вось так і так”. А калі ўсё робіш сам — наколькі лягчэй! Не трэба тэлефанаваць, доўга чакаць адказу, перарабляць які раз пераробленае. Сам пішу — спакваля ўвесь час і перарабляю. І свае вершы лёгка мяняю, калі нешта замінае музыцы: таму што я пан-гаспадар. Трэба заўсёды нешта чытаць і вышукваць для сябе літаратурную крыніцу. У пэўны час гэтая рэч можа не зрабіць уражанне, адкладзеш яе. Пройдзе 10 гадоў, і яна — акурат тое, што трэба! Расквітнела, бо час яе падышоў. У мяне ладны запас колішніх задумак, яны занатаваныя: ёсць нават папка з усялякімі ідэямі.

— Калі б у вашых знакамітых твораў не было экраннай перадгісторыі, ці быў бы на іх попыт у сённяшніх тэатрах?

— Не, вядома ж! Кіно — такая рэклама! У мяне як атрымалася? “Сабака на сене”: прагучала музыка ў кіно, і папрасілі аперэту напісаць. “Звычайны цуд”: ёсць фільм і ёсць мюзікл. “12 крэслаў”: ёсць кіно, ёсць балет і ўжо ёсць мюзікл на лібрэта Юлія Кіма, напісаны па замове Свярдлоўскага тэатра музычнай камедыі. Здаецца, цяпер толькі старое і прываблівае. Калі напісаць зусім новае, публіка не ўспрыме: “мазгі не хочуць” нічога новага. Тыя ж “12 крэслаў”: мяне прасілі, каб і ў балеце, як у фільме, абавязкова гучаў “Белеет мой парус…”, інакш гледачы не зразумеюць, што на сцэне — Астап Бендэр. Ініцыятыва не ад мяне зыходзіць. Я займаўся б іншым, чаго яшчэ ў маёй творчасці не было (кшталту “Зялёнай птушачкі”, “Вія” ці “Пенелопы” паводле Моэма). Але тэатры просяць, дзяржава грошы дае ім на такія пастаноўкі. Усе, як дзеці, хочуць ужо знаёмае слухаць. Калі ўпадабаў малы казку, дык чытай яму адно і тое ж хоць мільён разоў, і ён будзе задаволены. Глядач не хоча сёння ўспрымаць новае, адкрываць для сябе нешта авангарднае, чакае падобнага да старога і надзейнага, просіць паўтарыць ужо знаёмае — вось у чым бяда нашых найбольш вядомых кампазітараў-прафесіяналаў. А што далей? Пакуль — пустэча. Ды ў свой час мы столькі “напхалі” музыкі ў фільмы, што можам нарэшце яе крышачку паслухаць і асобна, па-за кадрам. Праўда, цяпер кіно і тэлесерыялаў здымаюць нашмат больш, а нічога такога не выходзіць, каб уразіла і запомнілася як мюзікл ці музычны фільм. Некалі з’явілася “Карнавальная ноч” — і ўсе вар’яцелі ад радасці, а песні з экрана “ў народ” пайшлі. Даўно няма такога. Што ж, усё трэба прымаць як заканамерную і часовую з’яву, як марскі прыліў і адліў. Сёння хваля сышла, застаўся адзін пясок. Мора адступіла, потым яно прыйдзе зноў. Калі?.. Нявядома. Будзем чакаць!

Святлана БЕРАСЦЕНЬ.
Літаратура і мастацтва. – 2012. – 17 жн. – С. 18.

На здымку: народны артыст Расійскай Федэрацыі кампазітар Генадзь Гладкоў.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: