« Назад
У АПЕРЭЦЕ АБАВЯЗКОВА ТАНЦУЮЦЬ
Афіша паведамляе – А. Эшпай. "Увага, здымка!". Музычны спектакль з пралогам, эпілогам, танцавальнымі дывертысментамі і толькі адным антрактам. Лібрэта Б. Рацэра і В. Канстанцінава. Рэжысёр-пастаноўшчык А. Даўгаполаў...
Варта было б, напэўна, паведаміць далей, што асістэнт рэжысёра – В. Бажэнаў. (У дадзеным выпадку асоба немалаважная, паколькі запрошаны з Масквы рэжысёр, паставіўшы спектакль, паехаў і рыхтаваць яго да здачы, па сутнасці, давялося асістэнту: а пры адсутнасці яшчэ і галоўнага рэжысёра ў тэатры – гэта задача не з лёгкіх).
Варта было б назваць і іншых стваральнікаў гэтага і спрэчнага, і па-свойму цікавага спектакля – і мастака, і пастаноўшчыкаў танцаў, і хормайстра. Але афіша чамусьці іх не называе... Чаму – сказаць цяжка.
Зразумела, як і кожны цяпер сцэнічны твор пра сучасную моладзь, тым больш – аперэта, музычная камедыя "Увага, здымка!" выклікае нараканні за даволі схематычны паказ таго, што ёсць у сапраўдным жыцці, за адназначнасць характараў, за спрошчаную схему сюжэтнай пабудовы. Што ж, многія такія нараканні, мабыць, справядлівыя. Ды толькі ж наогул пэўная лёгкадумнасць, уласцівая жанру аперэты, без яе лібрэтысты, а потым і кампазітары пакуль што не могуць абысціся. Давайце станем на пазіцыю тых, хто лічыць гэтую лёгкадумнасць заканамернай, і тады новы спектакль Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР будзе ўспрымацца даволі звычайнай з'явай, творам, дзе штосьці ўдалося больш, штосьці, наадварот, не ўдалося ні аўтарам, ні выканаўцам.
Спектакль пра моладзь. Такую, якой гэта сучасная моладзь здаецца збоку. І як знешняя лёгкасць, бесклапотнасць, практыцызм, схільнасць да іроніі, здольнасць пусціць пыл у вочы, разыграць друга – не засланяе прынцыповасці, сумленнасці, імкненняў да вялікага і глыбокага кахання, адказнасці за ўсё, што адбываецца вакол. Спектакль аб сумленнасці і ў жыцці, і ў мастацтве. Моладзь марыць аб будучыні і ў той жа час адчувае сваю цесную сувязь з мінулым, якое не проста гісторыя, а – жывыя падзеі, чалавечыя долі. Яны хвалююць, а часам заклікаюць да адказнасці. І калі трэба прымаць прынцыповае рашэнне, то становіцца ясна, што ў галоўным сённяшнія Валодзі і Веры не вельмі адрозніваюцца ад людзей старэйшага пакалення, калі яны былі маладыя.
Спектакль пра моладзь. І таму ён немагчымы без танца. Тым больш, што наогул аперэты без танцаў не бывае. Менавіта на іх я і спынюся.
...Падымаецца заслона, гучыць музыка, маладыя, прыгожыя дзяўчаты і хлопцы да самазабыцця аддаюцца бадзёраму, жыццярадаснаму і імкліваму рытму сучаснага танца. Запланаваны рэжысёрам нумар-застаўка, дзякуючы свайму малюнку і агульнаму настрою, уплятаецца ў структуру спектакля, стварае атмасферу імклівасці, напружанасці сённяшняга дня. Рытмічнасць, дакладнасць, зладжанасць рухаў – усё гэта робіць танец энергічным, спартыўным, сучасным. Гэтая ж музыка паўтараецца потым у сцэне на пляжы ў пачатку другога дзеяння. Пластычна ж яна вырашаецца інакш. Шум, маляўнічасць, сонечнасць паўднёвага пляжа, радасць свабоды, адпачынку патрабавалі лёгкіх, дынамічных і разняволеных рухаў.
Балетмайстры І. і Л. Травініны вырашылі гэты дывертысмент ярка і выразна. Але ж хацелася б крыху большай сабранасці ад выканаўцаў, чысціні рухаў, дакладнасці, вызвалення ад некаторых не вельмі сцэнічных элементаў бытавога сучаснага танца. А то момантамі ствараецца ўражанне, што маладыя і жыццярадасныя артысты настолькі захапляюцца танцам, яго рытмам, што танцуюць ужо для ўласнага задавальнення, забываючы аб тым, як гэта выглядае.
Блізкія па настроі гэтаму танцу бугі-вугі і шэйк у сцэне адпачынку моладзі ў перапынку на здымках. Калі прывычна ўспрымаеш вальс лірычным, танга млявым, то новы сучасны танец нясе ў сабе самасцвярджэнне, гордасць і ў той жа час гарэзлівую насмешку, лёгкую іронію. Выканаўцы падкрэсліваюць гэта. Артысты балета выконваюць танец зграбна, крышку жартаўліва і прыгожа. Сярод сучасных харэаграфічных нумароў ёсць і "рускі". Зроблены на класічнай аснове, ён увесь – як ажыўшая цацка. Яго ўспрымаеш як танец-сувенір, бліскуча выкананы Л. Калечыц і кардэбалетам.
Ёсць у балеце і танцы-ілюстрацыі, якія дапамагаюць раскрыць стан героя, выявіць яго думкі, пачуцці. Расказ Веры аб сваім захапленні кіно, аб дзіцячым успрыманні яго суправаджае дыксіленд, які выконвае канкан. Апраўданы музыкай і ўпамінаннем аб канкане ў песні гераіні, нядрэнна пастаўлены і выкананы, ён, на маю думку, увогуле не зусім стасуецца з драматургіяй спектакля і нічым не ўзбагачае яго.
Вакальны дуэт Сені і Марыны суправаджаецца балетным дуэтам "Карыда", які выконвалі Г. Шылянкова з В. Карулісам і В. Стаднік з А. Казінцом. Танец ідзе як бы другім планам. Ён заснаваны на матывах іспанскага народнага танца, і кожны рух дэманструе гордасць, смеласць. Гэта паэма аб каханні адкрытым, максімальна выразным у сваіх праяўленнях. Аб'яднаны з дуэтам, танец становіцца сімвалам моцных і прыгожых узаемаадносін.
Удалы і чыста класічны, мяккі, блакітны (і па каляровым афармленні, і па настроі) дуэт "Неба", які суправаджае арыю Валодзі. У ім апраўдана і асэнсавана кожная поза і падтрымка. Усё пранізана далікатнасцю, чуласцю, узаемаразуменнем і чысцінёй пачуццяў. Дуэт, зліваючыся з марамі героя, дапаўняе, паглыбляе і пластычна выяўляе іх. Тэхнічна выкананы на добрым прафесійным узроўні, танец узбагачаны яркай эмацыянальнасцю выканаўцы Л. Калечыц. Хацелася б пажадаць толькі В. Карулісу большай пранікнёнасці, выразнасці ў раскрыцці ўнутранага стану яго героя.
У харэаграфічных нумарах спектакля занята амаль уся танцавальная група. Пераважна – артыстычная моладзь. Яна яшчэ ў станаўленні, яшчэ шукае, як кажуць, сябе, выпрацоўвае стыль і манеру выканання, замацоўвае ўзаемаразуменне паміж салістамі і масоўкай. Трэба сказаць, што робіцца гэта старанна, з пачуццём адказнасці за кожны выхад на сцэну.
Прэм'ера адбылася, але работа працягваецца. Ідзе яна не толькі ў плане ўдасканалення тэхнікі, але і ў напрамку большага выяўлення акцёрскага майстэрства, большай вобразнасці выканання. Таму, калі гледачы першых спектакляў адчувалі напружанне, хваляванне, радасць выканаўцаў, то ў далейшым, трэба меркаваць, мы ўбачым адточанасць і завершанасць кожнага нумара.
Праўда, ніякая адточанасць асобных нумароў не вызваляе рэжысуру ад абавязку дакладна "манціраваць" харэаграфію з драматычнымі момантамі і вакальнымі эпізодамі. Пакуль што арганічнасці ў "мантажы" спектакля "Увага, здымка!" няма. Мабыць, таму многія з нас успрымаюць балетную частку як ілюстрацыйны дадатак да дзеі, апладзіруюць танцоўшчыкам за іх умельства і натхненне "наогул", без трывалай сувязі з драматургіяй твора.
Э. МАРОЗ. Літаратура і мастацтва. – 1972. – 9 чэрв.
|