Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/У бляску сцэны і прыцемках куліс (1987 г., Звязда)

У бляску сцэны і прыцемках куліс (1987 г., Звязда)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

У БЛЯСКУ СЦЭНЫ І ПРЫЦЕМКАХ КУЛІС

Гэту аперэту ведаюць усе, нават тыя, хто прынцыпова не прымаюць самога "гарэзлівага жанра".

I вось зноў "Сільва" і вялікі, сапраўдны поспех. У чым яго прычыны? Змяніўся час, пасталеў тэатр, у ім з'явіліся мастакі, здольныя вырашаць творчыя задачы на прынцыпова новым, сучасным ідэйна-эстэтычным узроўні. Старую, добра вядомую гісторыю яны расказваюць па-новаму, вылучаюць на першы план хвалюючы, шчымлівы расказ аб "свеце куліс", аб бясконцай магіі тэатра, аб немажлівасці канчатковага развітання з ім. Зноў, у каторы раз "ракавіна сцэны" народзіць сваю жамчужыну і той давядзецца прайсці выпрабаванне славай, каханнем, адзінотай – лёс кожнай сапраўднай артысткі і народнай артысткі БССР Н. Гайды таксама. Некалькі гадоў назад вядомы маскоўскі крытык прынародна назваў яе "Уланавай савецкай аперэты" – ацэнка надзвычай высокая, хоць і не часта чутая дома, у родных сценах. Сваёй новай работай актрыса яшчэ раз, акрамя найвышэйшага прафесіяналізму, засведчыла заўсёдную, зайздросную гатоўнасць да творчага пошуку.

Да традыцыйнага шчаслівага фіналу Сільва Н. Гайды прыйдзе праз каханне, злітае з недаверам, праз эмацыянальны шок і сапраўднае трагедыйнае "піке" фіналу першай дзеі, праз вытанчаны карункавы узор голасу і пластыкі. Традыцыйная аперэтачная графіка статычных характараў і мізансцэн стане тут жывапісам, пластычнай музыкай, калі побач, ды не разам пралягуць сцэнічныя дугі – жыццёвыя дарогі Сільвы і Эдвіна (прынцыпова важная спроба Р. Харыка пераадолець стэрэатыпы абстрактнай фрачнасці), калі слабы водгалас праспяваных мелодый будзе своеасаблівым кантрапунктам да наступных драматычных сцэн, і калі ўрэшце, як лісткі раскіданага шлюбнага кантракта – шматкі парванага шчасця – пасыплецца аднекуль зверху на сцэну бясконцы папяровы снег...

Падобных дарагіх знаходак рэжысёра-пастаноўшчыка В. Цюпы ў спектаклі багата, прычым, у іх арганічна паяднаны знешняя тэатральная эфектнасць і глыбокая ўнутраная змястоўнасць. Відаць, таму на дзіва памяркоўна і добразычліва ўспрынялі спецыялісты-музыканты выразна палемічную трэцюю дзею пастаноўкі, якая амаль цалкам ідзе "пад сінтэзатар". Так, ідуць гады, зіхатлівай мюзік-хольнай лесвіцай разбураецца традыцыйная ракавіна сцэны, і паўтараецца гісторыя артысткі, доўжыцца магія тэатра.

Прызнаюся, не часта аналізуючы аперэтачныя пастаноўкі, так хочацца ісці ўслед за рэжысёрскай думкай, сачыць за яе адмысловымі згібамі і паваротамі, а не вышукваць асобныя пралікі і недапрацоўкі (сярод такіх момантаў у спектаклях В. Цюпы мяне асабіста некалькі бянтэжыць празмерная схільнасць рэжысёра да перанясення дзеяння ўглыб сцэны, што ў некаторых момантах некалькі зніжае акустычнае і агульнае эмацыянальнае ўражанне).

Думаецца, можна смела прызнаць "Сільву" вялікім поспехам маладога рэжысёра, які стаў мажлівы таму, што В. Цюпа здолеў аб'яднаць вакол сябе сапраўдных аднадумцаў.

Добразычліва прымае шырокі глядач і спектакль з другім саставам выканаўцаў. I ўсё ж гэта зусім іншы спектакль, што вызначаецца найперш характарам увасаблення трох асноўных персанажаў. П. Рыдзігер (Эдвін) і А. Крайнікава (Лілі) іграюць упэўнена, прафесіянальна, аднак без таго ўсхваляванага дыхання, паэтычнасці, што ўласцівы менавіта гэтаму спектаклю.

Як усё ж важна на сцэне не баяцца "быць непрыгожым", нават у аперэце. А, можа, тым больш у аперэце, бо гэта ўздымае яе часта нескладаныя характары і калізіі да ўзроўню сапраўднага мастацтва.

Адрасую гэта пажаданне выканаўцы ролі Сільвы заслужанай артыстцы БССР В. Мазур. Аддаючы належнае яе надзвычай прыгожаму, "аксамітнаму", насычанаму голасу, крытыка доўгія гады сарамліва замоўчвала адсутнасць сур'ёзнай работы актрысы над драматургіяй вобраза, над дыкцыяй і пластыкай. Але, прабачце, тэатр – не філармонія, сцэнічны вобраз ствараецца ў сукупнасці ўсіх мастацкіх кампанентаў жанра, і тое, што з нацяжкай прымалася ў "Марыцы" або "Цыганскім каханні", не можа задаволіць у "Сільве" – адной з самых драматычных і адначасова тонкіх аперэт, тым больш у яе цяперашняй інтэрпрэтацыі.

Дваістае, супярэчлівае ўражанне пакідае музычны бок пастаноўкі. У "Сільвы" два дырыжоры – А. Лапуноў і А. Сасноўскі. Апошні стаў за пульт амаль "у пажарным парадку", аднак ужо у першых спектаклях кіраваў аркестрам тэмпераментна і дынамічна, надаючы твору неабходны напал. Думаецца, што пэўная мітуслівасць у тэмпах – з'ява часовая ў маладога дырыжора. Музыка І. Кальмана ў інтэрпрэтацыі галоўнага дырыжора тэатра А. Лапунова вабіць шырынёй, разгорнутай драматычнасцю, аднак прысутныя на прэм'еры вядучыя тэарэтыкі і практыкі музычнага тэатра – у прыватнасці, кампазітары Я. Глебаў і Д. Смольскі, а таксама кандыдат мастацтвазнаўства дацэнт Т. Шчарбакова выказалі сур'ёзныя прэтэнзіі ў адрас дырыжора, адзначылі адсутнасць неабходнага акустычнага балансу паміж спевакамі і аркестрам, што ператварае музычныя нумары ў бессэнсоўнае спаборніцтва двух бакоў з непазбежнымі стратамі для трэцяга – гледача (колькі, дарэчы, пра, гэта гаворана і пісана – не бяруся падлічыць, ды, як кажуць, воз...), крытыкавалі празмерна запаволеныя, "меланхалічныя" музычныя тэмпы, што рэзка зніжае агульны эмацыянальны тонус спектакля, а прафесар Я. Глебаў увогуле, ацаніў стан музычнай часткі "Сільвы" ў рэдакцыі А. Лапунова як нездавальняючы. 

Так, празмерная, няроўная гучнасць аркестра – застарэлая хвароба нашага тэатра, аднак, на жаль, ёсць у ім і хваробы больш сур'ёзныя, тыя, што робяць атмасферу яго "куліс" нашмат менш паэтычнай, чымсьці ў паказаным тэатральным "Арфеуме". Для тэатральнай грамадскасці сталіцы даўно сакрэтам Палішынеля з'яўляецца наяўнасць глыбокага творчага, а зараз ужо і чалавечага канфлікту паміж згаданымі галоўным дырыжорам А. Лапуновым і в. а. галоўнага рэжысёра В. Цюпай, даўно шырока вядомы і яго прычыны. З'яўляючыся на працягу пэўнага часу фармальным і нефармальным лідэрам калектыву, А. Лапуноў быў ініцыятарам значнага ажыўлення яго творчага жыцця за кошт супрацоўніцтва з сучаснымі кампазітарамі і арыгінальнымі рэжысёрамі, звароту да сур'ёзнай, "неаперэтачнай" драматургіі, аднак нярэдка дазваляў сабе ўмяшанне ў рэжысёрскую партытуру бягучых або прэм'ерных спектакляў. Упершыню сутыкнуўшыся з адпорам рэжысёра-пастаноўшчыка спектакля "Сірано" В. Цюпы, дырыжор паспешліва ўбачыў за гэтым міфічныя прэтэнзіі маладога мастака на лідэрства ў калектыве і заняў выразна амбіцыёзную пазіцыю, адназначна адмаўляючы як творчы патэнцыял рэжысёра, так і напрамак яго творчых пошукаў (які яшчэ ўчора сам прапагандаваў). Часткова зняць вастрыню сітуацыі можна было, "развёўшы" мастакоў па розных пастановачных групах, аднак А. Лапуноў катэгарычна (і насуперак логіцы) адмовіўся ад гэтага. На практыцы гэта прывяло да таго, што ён упарта імкнуўся дырыжыраваць спектаклямі, эстэтыку якіх не прымаў і якім публічна выказваў "вотум недаверу" (чамусьці ад імя міністэрства культуры). Зразумела, як гэта ўплывала на якасць спектакляў.

Нельга сказаць, каб трупа тэатра імгненна і цалкам прыняла творчую манеру маладога мастака ды і я далёкі ад таго, каб даваць яму індульгенцыю на творчую непагрэшнасць. Аднак апошняя работа В. Цюпы пераканала і скептыкаў у шырыні творчых мажлівасцей пастаноўшчыка, яго мастацкай самастойнасці, шчырай адданасці любімай справе. Той жа з апанентаў, хто не захацеў або не змог паспрачацца за свае мастацкія прынцыпы творча, на сцэне, заняўся вельмі няўдзячнай у нашыя часы безыменнай эпісталярнай творчасцю, пераважна на маральна-этычныя тэмы. Няма патрэбы казаць, як усё гэта адбіваецца на творчым клімаце ў калектыве.

А між тым, сутыкненні можна было б лакалізаваць, калі б больш важкім і паслядоўным быў голас партыйнай арганізацыі і дырэкцыі тэатра, калі б акрэслілася па-дзяржаўнаму прынцыповая пазіцыя кіраўніцтва Міністэрства культуры рэспублікі. Не магу не запытаць услед за вядучымі тэатральнымі рэжысёрамі В. Раеўскім, Б. Луцэнкам, В. Маслюком, чаму да гэтага часу (тры гады!) не вырашаецца пытанне аб галоўным рэжысёры тэатра? Гэты ледзь не беспрэцэдэнтны факт у немалой ступені падаграе закулісныя тэатральныя страсці, заахвочвае "барацьбітоў пяра", засмучае працаўнікоў сцэны. З аднаго боку, кіраўніцтва міністэрства са старонак ЛіМа заклікае павышаць дзейнасць, актыўнасць, прынцыповасць мастацкіх саветаў тэатраў, а з другога – мастацкаму савету той жа музкамедыі навязвае рэпертуарны план на бліжэйшыя 2 гады, з аднаго боку – дэкларуе адсутнасць дробязнай апекі над мастаком, яго асабістую адказнасць за сваю творчасць, а з другога – міністр культуры Ю. Міхневіч асабіста вызначае, які састаў выканаўцаў будзе сёння іграць "Сільву". Такі факт меў месца, напрыклад, 20 лістапада мінулага года.

Спыніць канфлікт, нармалізаваць абстаноўку ў мінскай аперзце трэба неадкладна. I для гэтага не патрабуецца нешта надзвычайнае: толькі сумленнасць, аб'ектыўнасць і прынцыповасць.

В. КАРАТАЙ.
Звязда. – 1987. – 15 лют.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: