« НазадУ ЧАКАННІ ДАНІЦЭЦІМузычны феерверк у Музычным тэатры На завяршэнні мінулага тэатральнага сезона, напрыканцы ліпеня, калі стомленыя гарачынёй гараджане марылі толькі пра адпачынак, мора або шум зялёнай лістоты на лецішчы, Беларускі акадэмічны музычны тэатр паказаў сваю новую работу – "Любоў па-італьянску", пазначыўшы жанр як "музычны феерверк у 2-х дзеях". Якая ж яна, італьянская любоў? З аднаго боку, назва адсылае да вядомага фільма "Шлюб па-італьянску" (паводле п’есы Эдуарда дэ Філіпа "Філумена Мартурана") славутага рэжысёра Віторыа дэ Сіка, у галоўных ролях якога зняліся Сафі Ларэн і Марчэла Мастраяні. З другога, музыка і Італія – сінонімы, з’явы, звязаныя непарыўнымі сувязямі, бо краіна мае трывалыя музычныя традыцыі і лічыцца калыскай опернага мастацтва. Мінскі феерверк складаўся з дзвюх частак – камічнай оперы "Званочак, або Шлюбная ноч аптэкара" Гаэтана Даніцэці ў пастаноўцы Ганны Маторнай і музычнага рэвю "Шлягеры неапалітанскага квартала", ажыццёўленага Сусаннай Цырук. Заўважу, назва артыкула не значыць, што аркестр тэатра і музычны кіраўнік праекта дырыжор Алег Лясун не зразумелі стылю Даніцэці або неапалітанскіх шлягераў. Наадварот, абедзве часткі "Любові…" выглядалі лёгкімі, іскрыстымі, паўднёва-зіхатлівымі. Публіка проста цешылася раскошай знаёмых ці крыху забытых мелодый. Проста ў "Званочку" сярод герояў, якія павінны з’явіцца на сцэне, чакаюць і… Даніцэці. Праўда, фізічна ён так і не з’яўляецца, але нябачна прысутнічае, увасобіўшыся ў музычных вобразах. Чым адметная пастаноўка "Званочка"? Найперш тым, што гэтая опера ніколі раней не ставілася на нашай сцэне. Нагадаю, Даніцэці, які пражыў не надта доўгае жыццё, усяго 51 год, напісаў больш за 70 опер. Пасля завяршэння опернай кар’еры Расіні (1829) і смерці Беліні (1835) ён становіцца на чале італьянскай опернай школы. І да першых трыумфальных пастановак Вердзі лічыцца буйнейшай асобай у нацыянальным музычным тэатры. Даследчыкі яго творчасці мяркуюць: спадчына Даніцэці неаднародная і супярэчлівая, бо вызначаецца разнастайнасцю жанраў і стылёвай стракатасцю. Ягоным творам уласціва пэўная легкадумнасць, імкненне кампазітара да займальнасці, паспешлівасць (часам оперы ствараліся за адзін-два тыдні) прыводзілі да пэўных музычных пралікаў. Разам з тым неверагоднае меладычнае багацце яго сачыненняў хвалюе слухача і дагэтуль. Сярод партытур Даніцэці найбольш вядомыя "Любоўны напой" і "Дон Паскуале". І першая, і другая ў розныя гады ставіліся на нашай опернай сцэне. "Дон Паскуале" быў увасоблены рэжысёрам Юрыем Аляксандравым і прывабліваў зіхатліва-камедыйнымі артыстычнымі работамі Віктара Чарнабаева, Віктара Скорабагатава, Людмілы Златавай. Да ліку славутых сачыненняў Даніцэці належыць і "Лючыя дзі Ламермур". (У 1999-м у оперным адбылося яе канцэртнае выкананне). Звяртаўся да опусаў Гаэтана Даніцэці і Беларускі музычны тэатр. Амаль 20 гадоў таму той жа Юрый Аляксандраў паставіў надзіва яркі камедыйны спектакль-фарс "Viva la mamma, або Пікантныя кашмары тэатральнага жыцця". Мінскія тэатралы на яго ламіліся, а зала залівалася і стагнала ад няспыннага смеху. Даніцэці – кампазітар з вельмі тонкім пачуццём гумару, чулы лірык, майстар вакальнага пісьма, знаўца тэатра… Вынікаючыя з гэтага якасці партытуры і раскрывае "Званочак". Жанр камічнай оперы надзіва дакладна адпавядае і сутнасці сцэны, на якой увасоблены твор, і чаканням слухачоў. "Званочак" мае выдатнае дасціпнае лібрэта Юрыя Дзімітрына (важна, што яно не італьянскае, а рускамоўнае, бо ў камедыі заўсёды істотна, хто што сказаў, як і каму). Сумесная праца пастановачнай групы (дырыжора Алега Лесуна, харэографа Вячаслава Іназемцава, мастака Любові Сідзельнікавай) шмат у чым залежала ад рэжысёрскага бачання матэрыялу. Ганна Маторная – пастаноўшчык малады і надзвычай перспектыўны. Павагу выклікаюць дзве яе вышэйшыя музычныя адукацыі (дырыжор-харавік і ўласна оперны рэжысёр, яна вучылася ў класе аўтарытэтнага педагога Маргарыты Ізворскай-Елізар’евай). Раней давялося пабачыць дыпломную работу Ганны, оперу Генры Пёрсэла "Дыдона і Эней", ажыццёўленую ў опернай студыі Акадэміі музыкі, – яна сведчыла пра вынаходлівасць пастаноўшчыка, здатнага ўвасобіць складаную партытуру, маючы мізэрныя тэхнічныя і фінансавыя сродкі, а ў Музычным тэатры –"Калядны альбом", які паказваўся на каталіцкае і праваслаўнае Раство. Апошняя праца аказалася нязвыклай – ажурна-акварэльнай, вытрыманай у рамансава-настальгічнай танальнасці, без заштампаванага аперэтачнага каскада, напору, канкана. Рэжысёр прыдумала спектакль ад пачатку да канца, выступіла сцэнарыстам і лібрэтыстам, здолела з’яднаць багатыя відэа– і вакальны шэрагі, адшукаць для кожнага саліста псіхалагічна акрэсленую ролю. Натуральна, "Званочак" вырашаны ў зусім іншай танальнасці, гэта стракатая, імклівая камедыя, у якой дзейнічае няшмат герояў. Галоўныя – аптэкар Анібале (Віктар Цыркуновіч і Яўген Глебаў), Серафіна, яго другая жонка (Наталля Дзяменцьева і Леся Лют), Энрыка, каханак Серафіны (Андрэй Марозаў і Сяргей Суцько). Што аднесці да вызначальных вартасцей пастаноўкі? Найперш тыя ўнутраныя драйв і тэмп, якія да апошняй хвіліны прымушаюць перажываць за лёс закаханых герояў (Серафіны і Энрыка) і гадаць: як жа развяжацца няпростая сітуацыя? Па-другое, рэжысёр цудоўна ўсведамляе: статыка музычнай дзеі, калі артыст выйшаў і толькі пяе, – галоўны вораг успрымання жанру сучасным гледачом. Яна робіць оперу архаічнай, таму ў "Званочку" неаднойчы трансфармуецца сцэнаграфія, а спектакль насычаны дынамікай і рухам. Гэта датычыць і танцаў гасцей на вяселлі і пасля яго, і мізансцэн салістаў. "Званочак" дазваляе і пасмяяцца, і адпачыць, і атрымаць эстэтычнае задавальненне. Пастановачная група і салісты свабодна адчуваюць сябе ў музычным матэрыяле і жанры, бо ўвасабленне оперы атрымалася разняволеным і сапраўды камедыйным. Назва "Шлягеры неапалітанскага квартала" зноў-такі выклікае асацыяцыі і адсылае да першага грузінскага мюзікла "Мелодыі Верыйскага квартала". Новых работ Сусанны Цырук заўжды чакаеш. Здольнасць рэжысёра прачытаць па-новаму даўно вядомыя музычныя фрагменты штораз выклікае захапленне. Напрыклад, уверцюра з "Севільскага цырульніка" (ёю пачынаюцца "Шлягеры…") звычайна прымушае радасна засяродзіцца на ўласных слыхавых уражаннях. А тут – візуальная праекцыя, арыгінальны балетны нумар… Што яшчэ асабліва запомнілася і ўразіла? Выключная дасціпнасць пастаноўшчыка выяўляецца тады, калі запеты аж да немагчымасці шлягер "О, sole mio!" (яго раз-пораз пяе заяц у мульціку "Ну, пачакай!") яна вырашае… як сустрэчу Мафіёзі (Яўген Ермакоў) з ягоным першым каханнем. Трэба ведаць лірычную прыроду тэнара (дарэчы, голас Ермакова становіцца ад сезона да сезона ўсё больш насычаным і багатым), каб усвядоміць, які моцны камедыйны эфект вынікае з супастаўлення пяшчотнага тэмбру, горкіх слёз былой каханай… і чорных бліскучых плашчоў аховы, рэспектабельнай машыны. Хрэстаматыйны глянец знікае сам, і такіх эпізодаў у рэвю шмат. І калі Андрэй Марозаў (нядаўні саліст оперы, ён перайшоў у трупу Музычнага тэатра) спявае "Песню закаханага салдата" Каніё. І калі ў выкананні Лідзіі Кузьміцкай (у спектаклі – Грэшніца, якая раскайваецца) пранікнёна гучыць славутая "Ave Maria" Качыні. І калі Дзяніс Нямцоў, віртуоз як у спевах, так і ў танцах, выконвае імклівую Тарантэлу з балета "Анюта" Валерыя Гаўрыліна. Бляск, вынаходлівасць, гумар – адным словам, сапраўны феерверк! І для спевакоў такія праекты дужа карысныя. Бо італьянская музыка (у 2-й дзеі праграмы гучалі творы Каніё, Леанкавала, Расіні) надзвычай спрыяе развіццю вакальнай тэхнікі, моцы голасу, чысціні інтанавання, а ў Музычным тэатры, скажам шчыра, ёсць з гэтым пэўныя праблемы. Магчыма, скептыкі заўважаць, што у 1-й частцы "Любові па-італьянску" зашмат руху, нават мітусні, – у параўнанні з 2-й часткай, зробленай больш цвёрдай і ўпэўненай рукой, але ўсё-такі ў оперы і музычнага рэвю розныя правілы і законы. І, на маю думку, добра, што феерверкі ў іх атрымаліся непадобныя. А напрыканцы размовы пра асаблівасці італьянскага кахання хачу заўважыць: тэмперамент у кіраўніцтва нашага Музычнага тэатра не беларускі (то-бок маркотна-млявы ці рахмана-няспешны), а хутчэй італьянскі – гарачы, бурлівы, амбітны. Так можна патлумачыць неверагодную колькасць прэм’ер і музычных праектаў, якія калектыў прэзентуе на будучы сезон. Сярод іх – аж не верыцца! – два спектаклі, зробленыя на аснове партытур нацыянальных аўтараў: навагодняе мюзік-фэнтэзі "Цётухна Прастуда, або Новы год адмяняецца" Алены Атрашкевіч (у пастаноўцы Анастасіі Грыненка) і балет "Асоль" Уладзіміра Саўчыка (харэограф Уладзімір Іваноў). У верасні ўжо адбылася прэм’ера эксцэнтрычнага балета "Дванаццаць крэслаў" на музыку Генадзя Гладкова. Рамантычнай казкай для ўсёй сям’і стане "Папялушка", пастаўленая на тэмы брадвейскіх мюзіклаў. Спіс класікі папоўніцца аперэтай "Граф Люксембургскі" Франца Легара. Апагеем сезона можа зрабіцца славутая "Вестсайдская гісторыя" Леанарда Бернстайна, разам з нашай Анастасіяй Грыненка яе будуць увасабляць амерыканцы – дырыжор Філіп Сіманс і балетмайстар Пол Гордан Эмерсан. Калектыў нібыта пераконвае: саступкі сапраўднаму густу, якія назіраліся ў папярэдні перыяд яго існавання (або стагнацыі?), былі часовымі. Трупа змяняе вектар развіцця і ад таннай забаўляльнасці, імкнення да поспеху сярод не дужа патрабавальнага гледача пераходзіць да ўсведамлення сябе не як музкамедыі, а менавіта музычнага тэатра, дзе могуць і павінны ісці оперы, балеты, мюзіклы, праграмы сімфанічных твораў, рэвю. Такім чынам калектыў узнімае ўласную рэпутацыю, падтрымлівае інтарэс музычнай грамадскасці, прываблівае новых творцаў – айчынных і замежных. Тэатр паставіў для сябе надзвычай высокую планку. Жыццё тут віруе, таму і подых пошукаў, маладога азарту адчуваецца амаль у кожнай новай рабоце. Ці рэальна ўвасобіць такую грандыёзную праграму? На пытанне адкажа сезон, які распачаўся. Але ў любым выпадку амбітныя планы выклікаюць павагу… Таццяна МУШЫНСКАЯ. На здымку: "Званочак" Гаэтана Даніцэці. Віктар Цыркуновіч (Анібале), Дзяніс Мальцэвіч (Слуга). |
тел.: (017) 275-81-26
220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44
Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by