« Назад
У ЧЫМ ТАЯМНІЦА МАЙСТРА?
Дырыжор аркестра – дзівосная, чароўная прафесія. Яна вымагае ад музыканта найглыбокіх прафесійных ведаў, шырокай эрудыцыі. Невыпадкова, каб стаць дырыжорам, трэба мець дзве вышэйшыя музычныя адукацыі. Такія сучасныя патрабаванні, прытым толькі ў гэтай спецыяльнасці. Дырыжор – гэта і адукаваны музыкант, і чалавек, надзелены асаблівымі валявымі якасцямі, што дазваляюць яму прывабіць і павесці за сабой велізарны калектыў. Адным узмахам дырыжорскай палачкі! З гэтай нагоды, напрыклад, пра А. Тасканіні пісалі, што ён здзіўляў сваёй амаль гіпнатычнай сілай пераканання…
Можна сказаць, што ў руках дырыжора – лёс твора, лёс музыкі…
Беларуская сучасная дырыжорская школа параўнаўча маладая. Ля яе вытокаў стаялі знакамітыя I. Мусін, які пазней выехаў у Ленінград, і М. Шнейдэрман – абодва вучні буйнога савецкага дырыжора А. Гаука. Першыя захады па стварэнні нацыянальнай дырыжорскай школы былі зроблены I. Абрамісам (прадстаўніком першага пасляваеннага выпуску), які з часам вырас у буйнога тэатральнага дырыжора, што сумяшчаў артыстычную дзейнасць з педагагічнай працай у Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. У яго класе займаўся і Аляксандр Сасноўскі – адзін з адметных сучасных музыкантаў, у рэпертуары якога сёння – больш за 30 спектакляў, ажыццёўленых у Дзяржаўным музычным тэатры Беларусі, сімфанічная музыка, творы сімфаджазавага жанру.
Аляксандр Сасноўскі вядомы найперш як дырыжор тэатральны. Менавіта ў Музычным тэатры (да нядаўняга часу – музычнай камедыі), дзе ён працуе з 1980 г., найбольш поўна раскрыўся яго творчы патэнцыял.
Да прафесіі дырыжора Аляксандра цягнула яшчэ ў музычным вучылішчы, дзе яго педагогам быў вядомы музыкант Леанід Іваноў. У Беларускай кансерваторыі таксама пашанцавала з настаўнікам: гэта быў знаны Іосіф Абраміс, які сумяшчаў працу дырыжора ў тэатры музычнай камедыі з выкладаннем у вядучай творчай ВНУ Беларусі. Закончыўшы тры курсы, Аляксандр вырашыў паспрабаваць свае сілы ў сэрцы дырыжорскага мастацтва – Ленінградскай кансерваторыі. На папярэднім праслухоўванні ён быў заўважаны вялікім I. Мусіным і пасля здачы экзаменаў прыняты на дырыжорскі факультэт (клас Э. Грыкурава і Ю. Цемірканава).
У гады ленінградскага студэнцтва адбыўся і ўдалы тэатральны дэбют. Ён упэўнена прадырыжыраваў спектаклем "Яўгеній Анегін" (без адзінай рэпетыцыі!), хаця быў толькі на II курсе.
Падзеі разгортваліся ў тэмпе presto. Сасноўскага запрасілі ў Мінск дырыжыраваць "Сільвай" (уводзіў у спектакль яго "духоўны бацька" I. Абраміс), а хутка адбыўся і дэбют як дырыжора сімфанічнага аркестра ў Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Быў зроблены выбар на карысць прафесіі дырыжора музычнага тэатра, або тэатральнага дырыжора.
Далучэнне з маладых гадоў да актыўнай творчай дзейнасці дало выдатную магчымасць вызначыць свае далягляды, назапасіць рэпертуар. З часам быў набыты практычны досвед, прафесійныя навыкі, асвоены многія творы. Дапамаглі веды, атрыманыя ў студэнцкія гады.
А. Сасноўскі паспяхова закончыў Ленінградскую кансерваторыю, а потым і асістэнтуру-стажыроўку (клас прафесара Юрыя Цемірканава), стаў дырыжорам, а потым і галоўным дырыжорам Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Беларусі (цяперашняга Музычнага), стварыў Сімфанічны аркестр у Брэсцкім тэатры драмы і музыкі, выкладае на кафедры аркестравага дырыжыравання БАМ.
Адна з найбольш значных удач А. Сасноўскага пры канцы 80-х у тэатры музычнай камедыі – "Клоп" У. Дашкевіча. Дырыжор арганічна "ўпісаўся" ў пастаноўку, выканаўшы функцыю не толькі маэстра за пультам, а й акцёра – удзельніка сцэнічнага дзеяння. Ён правёў спектакль на адзіным дыханні, раскрыўшы характэрную для музыкі гуллівасць і выгадна адцяніўшы лірычныя эмоцыі. Дырыжор-інтэрпрэтатар выявіў тонкае адчуванне формы і драматургіі твора, пластычнасць, закладзеную ў музычным матэрыяле "Клапа".
Паступова творчая манера А. Сасноўскага пачала набываць устойлівыя рысы. Адна з іх – імкненне ўбачыць спектакль у розных ракурсах, пачуць хутчэй ледзь пазначаныя, чым выразна выяўленыя кампазітарам процілегласці. Адсюль імкненне надаць музычнай тканіне рэльефнасць, што характарызуе трактоўкі спектакляў "Вясёлая ўдава", "Фраскіта", "Ноч у Венецыі", "Цыганскі барон", "Лятучая мыш". А рэжысёрскае вырашэнне "Джуліі" У. Кандрусевіча дазволіла А. Сасноўскаму актывізаваць дынаміку займальнага дзеяння, перадаць атмасферу элегантнага гумару, дзе ў музычна-драматургічным сэнсе кульмінацыяй робіцца фінал мюзікла. Дырыжору ўдалося выявіць характэрнае для музыкі багацце кантылены, яе незвычайнае спалучэнне з яркімі дынамічнымі кантрастамі і бліскучай віртуознасцю вакальных партый, выразнасцю рэчытатываў і рэплік. Высокая зладжанасць оперна-сімфанічнага (а дакладней: тэатральна-сімфанічнага) ансамбля вызначыла поспех пастаноўкі "Джуліі".
Паспяховай была і пастаноўка другога мюзікла У. Кандрусевіча "Шклянка вады". Дакладнае адчуванне формы і драматургічнага працэсу – вынік нястомнай працы дырыжора над павышэннем прафесіяналізму аркестра, што зрабілася асабліва актуальным, калі ў склад трупы тэатра ўвайшоў балет. Балетная музыка, як вядома, больш "патрабавальная" да аркестра. Аднак не толькі дзякуючы балету вырасла майстэрства аркестра, а менавіта майстэрства аркестра паспрыяла пастаноўкам балетных спектакляў на сцэне тагачаснага тэатра музычнай камедыі.
Быў у жыцці Аляксандра Сасноўскага перыяд, калі ён мусіў пакінуць пасаду галоўнага дырыжора. У тэатры быў крызіс, і малады дырыжор паехаў у Новасібірск, дзе працягваў выканаўчую дзейнасць, гастраляваў з тамтэйшым тэатрам па гарадах Сібіры, ладзіў сімфанічныя канцэрты. У 1994 г. ён вярнуўся на радзіму і, заняўшы пасаду галоўнага дырыжора ў родным тэатры, распачаў з уласцівай яму энергіяй і неардынарнымі арганізацыйнымі здольнасцямі ствараць новы тэатр. Наперадзе была новая мара, а значыць, і новая мэта. Разам з тагачасным дырэктарам С. Косціным пачаў займацца праблемай пераўтварэння тэатра ў Музычны.
Сасноўскі сур'ёзна і надзвычай адказна рыхтаваўся да новага рэпертуру. Перад усім сканцэнтраваў увагу на артыкуляцыйнай выразнасці духавых інструментаў, на культуры інтанавання струнных, а галоўнае – на выхаванні артыстычнасці, імправізацыйнай ігравой манеры аркестрантаў. Пры гэтым дырыжор творча рос разам са сваімі калегамі: ярчэй праяўлялася маштабнасць яго мыслення і ўпэўненасць інтэпрэтатара, больш выразным зрабіўся дырыжорскі жэст.
У той пераходны перыяд быў пастаўлены шэраг спектакляў (хаця іх значна менш, чым у 80-я – пач. 90-х), сярод якіх асноўнае месца займае "Капялюш Напалеона" А. Штрауса. У спектаклі ўдзельнічаў увесь "цвет" трупы, шэрагі якой, на жаль, адметна парадзелі. Сасноўскі актыўна спрычыніўся да пастаноўкі і ведаў сцэнічнае дзеянне да дробезяў. Яму ўдалося дамагчыся зліцця музычнага і драматургічнага вобразаў, сапраўды мастацкага ансамбля. Ён, як звычайна, вывучаў усе мастацкія "дробязі". Гутарыў і з мастаком, і з бутафорам, і з рабочым сцэны. Падчас рэпетыцыі нярэдка з'яўляўся на сцэне, дзе разам з рэжысёрам падказваў спеваку характэрны жэст, тлумачыў малазразумелыя месцы. Ён быў сапраўдным кіраўніком спектакля, звыкла ўдзельнічаючы ў яго стварэнні. Зноў пацвердзілася тая дзівосная сіла і неўтаймоўнасць тэмперамента, якой надзелена мастацкая натура А. Сасноўскага. Як заўсёды, спектаклем ён дырыжыраваў энергічна і эмацыянальна.
Падчас працы над партытурай "Даратэі" Ц. Хрэннікава (нядаўняя прэм'ера) дырыжор дамогся кампактнасці, зладжанага гучання, пастаянства ўнутранага пульсу, драматургічнай яснасці ўсіх ліній фактуры, пэўнай перспектывы музычнага развіцця.
Галоўнае для яго – паслядоўнае ўвасабленне аўтарскай задумы, выкананне рэмарак, г. зн. захаванне прыроды кампазітарскага стылю. Аднак пры ўсім старанным выкананні стылявых нормаў і аўтраскага тэкста, пры ўсёй павазе да дырыжорскіх традыцый, А. Сасноўскі не прымае сціплую ролю пасіўнага інтэпрэтатара. Яго пазіцыя – актыўная прысутнасць асобы выканаўцы, своеасаблівы дыялог з аўтарам.
Адсюль – знарочыстая гіпербалізацыя розных музычных элементаў і кампазіцыйных структур, імкненне да дынамізацыі формы і да т. п. Усё гэта дасягаецца на рэпетыцыях, дзе твор нараджаецца, адточваецца. Высокая патрабавальнасць у працы дазваляе дырыжору дасягаць належнага выніку, які, вядома, вызначаецца многім: пачуццём ансамбля, прафесіяналізмам музыкантаў, ды найперш – невытлумачальным валявым імпульсам кіраўніка аркестра, яго энергіяй. Сасноўскі валодае гэтай сілай пераканання. Ён выкладае свае думкі ясна і проста, у даходлівай форме, звяртаючыся да яркіх вобразных метафар, а нярэдка – і па-рэжысёрску, замяняючы аповед паказам. Невыпадкова прыцэс пастаноўкі, а часам і сам спектакль, не абыходзяцца без яго ўдзелу ў якасці дзейнай асобы!
Вызначылася з часам яго новае "амплуа" – кшталту дырыжора-пастаноўшчыка. Дарэчы, такая практыка – даўняя. Вядома, што дырыжоры, надзеленыя артыстычным талентам, нярэдка займаюцца рэжысёрскай працай. Прынамсі, знаныя піцерцы Юрый Цемірканаў ды Валерый Гергіеў. Сасноўскі – вучань Цемірканава, які перадаў свайму гадаванцу "рэжысёрскае" адчуванне музычнай сцэны.
Дарэчы, і ў канцэртную музыку А. Сасноўскі ўносіць дух тэатральнасці.
Ягоная здольнасць яскрава ўзнавіць тэатральна-відовішчныя і жанрава-характарыстычныя якасці музыкі асабліва паказальная ў працы з сімфанічным аркестрам Брэсцкага тэатра драмы і музыкі. (Дарэчы, "форму" сімфанічнага дырыжора ніколі не страчваў: быў мастацкім кіраўніком і дырыжорам сімфанічнага аркестра Рэспубліканскга каледжа пры Беларускай Акадэміі музыкі, дырыжорам аркестра БАМ). Схільнасць А. Сасноўскага да ахопу вялікіх сімфанічных палотнаў, да суладдзя цэлага і частак, агульнай логікі музычнай кампазіцыі з дэталізацыяй асобных бакоў і, вядома, да захавання творчай індывідуальнасці кампазітара асабліва ярка выявілася пры выкананні 4-й сімфоніі Брамса, 40-й сімфоніі Моцарта, дзе панавалі строгасць і адухоўленасць, адпаведныя ўзвышанаму ладу партытур.
Музыка Портэра, Бернстайна, Гершвіна, папулярных амерыканскіх кампазітараў, напоўненая яркім эмацыянальным каларытам, у нашых канцэртах – рэдкасць. Аднак у А. Сасноўскага яна – неад'емная частка рэпертуару. Бернстайна дырыжор падносіць у кідка-дэкаратыўнай манеры, падкрэсліваючы асляпляльную маляўнічасць гармоніі, тэмбравыя эфекты. Трактоўка "Блакітнай рапсодыі" Гершвіна дыктуецца блюзавым характарам музыкі, які вызначае высакародную прыгажосць і элегантнасць дырыжорскага жэста.
У чым жа тайна, прыцягальнасць маэстра, які здолеў дасягнуць з тэатральным аркестрам высокіх мастацкіх вынікаў? Думаецца, што не памылюся, калі вылучу ў яго творчай асобе высокую прафесійную культуру і культуру чалавечую. Гэты віртуоз дырыжорскай палачкі, надзелены надзвычайнай артыстычнай абаяльнасцю (артыстызм, як вядома, – адзін з важнейшых крытэрыяў ацэнкі дырыжорскага мастацтва), тэмпераментам і валявой памкнёнасцю, умее завалодаць увагай залы. І часам здаецца, што яго гранічна выразны жэст, заўсёды дакладны, эмацыйна насычаны, кіруе не толькі аркестрам, не толькі сцэнай, а й уяўленнем усёй аўдыторыі гледачоў-слухачоў.
Сапраўдных мастацкіх адкрыццяў А. Сасноўскі дасягае ў творах, напоўненых рамантычнай страснасцю, яркім каларытам, напалам эмоцый. Яго натуры блізкія святочнасць, яркая тэмпераментнасць, імкненне зацікавіць і захапіць усіх і ўсё непасрэднасцю перажыванняў і мастацкіх вобразаў. Захапляе ягонае светаразуменне, дзе ілюзіі – гэта зусім не ілюзіі, а тыя ідэалы, якія неабходныя нам.
Да дырыжораў адносяцца па-рознаму. Можна захапляцца знешнасцю музыканта, яго артыстычнасцю, любавацца мануальнай тэхнікай… А можна даверыцца – і гэта, думаецца, самае каштоўнае. Такі душэўны давер публікі да дырыжора – адно з дасягненняў А. Сасноўскага. Наогул, дзякуючы яго дзейнасці аркестр Дзяржаўнага музычнага тэатра выйшаў у лік найбольш аўтарытэтных творчых калектываў краіны, якому па сілах і правядзенне конкурсаў, фестываляў, святочных канцэртаў. Нездарма А. Сасноўскаму ўдалося ажыццявіць важную і перспектыўную ідэю "Парада маладых дырыжораў", заручыўшыся падтрымкай Міністэрства культуры, упраўлення культуры Мінгарвыканкама і роднага Музычнага тэатра.
Канцэрты, спектаклі – гэта святы. А як жа складваюцца будні музыканта, як дасягае ён такіх дзівосных вынікаў?
Вядома, што жыццё артыста складаецца з рэпетыцый і выступленняў, прычым рэпетыцыі займаюць ільвіную долю часу. Сасноўскі – не выключэнне. Нягледзячы на сваю шматбаковую дзейнасць, галоўнай сферай прафесійных інтарэсаў лічыць Музычны тэатр. Менавіта тут ён адбыўся як музыкант і як дырыжор, менавіта з гэтым тэатрам ён падзяляе ўсе цяжкасці і радасці, тут ягоны дом і працоўнае месца.
Сказанае – не метафара. Жыллёвыя ўмовы галоўнага дырыжора далёкія ад ідэальных. Ён жыве з сям'ёй у аднапакаёвай кватэры, дзе немагчыма выдзеліць "куток" для вывучэння партытур, для праслухоўвання музыкі і прагляду відэазапісаў, а тым больш – для папярэдняй дырыжорскай працы над творам. Здаецца, што ў нашай краіне робіцца нормай гаротнае становішча артыстаў, што нярэдка з'яўляецца прычынай іх "зыходу" з Беларусі. I ці не таму нашае мастацтва мала ведаюць у свеце і таму мала цэняць, а калі і цэняць, то не як з'яву нацыянальнай культуры, а ў якасці прыватнай праявы нейкай іншай культуры, напрыклад, рускай? I парадаксальна, і… сорамна… Складваецца ўражанне, што такое становішча кагосьці задавальняе, іначай не зрабілася б кватэрная праблема ў дзеячаў культуры і мастацтва прыкрай традыцыяй. А менавіта ў мастацтве і культуры – і толькі тут! – ёсць незаменныя людзі. Магчыма, варта ў якасці эксперыменту абмяняць свае побытавыя ўмовы камусьці з тых, у чыіх руках знаходзяцца пытанні жыццезабеспячэння дзеяча культуры і мастацтва, на "дах над галавой" артыста? Тады можна і гаварыць на роўных…
А пакуль маэстра вымушаны "тварыць" на "службе", зазіраючы ў свой "дом", але не жывучы ў ім… Адсюль – і новыя праблемы…
Аляксандру Сасноўскаму, як усім артыстам, цяжка. А быў жа час, калі яго запрашалі ў тыя гарады, дзе і зарплата была вышэйшая, і жыццё больш сытнае. Што ж прымушала яго вяртацца і працягваць пачатае, завяршаць незакончанае? Любоў да айчыны (як ні гучыць гэта напышліва) і справа. Дырыжор жыве сваёй складанай і цікавай справай, сваім тэатрам, аркестрам. Такі ён ёсць…
Таццяна МДЗІВАНІ. Літаратура і мастацтва. – 2000. – 14 ліп.
|