Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/У галоўнай ролі – Белавусава (1983 г., Тэатральны Мінск)

У галоўнай ролі – Белавусава (1983 г., Тэатральны Мінск)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

У ГАЛОЎНАЙ РОЛІ – БЕЛАВУСАВА

press1983-07bАдна з вядучых актрыс мінскай музкамедыі, яна адорана прыродай вялікім сцэнічным абаяннем. У яе мяккі, "аксамітавага" тэмбру голас, грацыёзная выразная пластыка. Кампазітар Марк Самойлаў, у аперэце якога "Такая ноч" Белавусава іграла ролю Прыгожай, зрабіў такі надпіс на праграмцы спектакля: "Ніна! Вы – самая прыгожая з усіх прыгожых. Вялікае дзякуй Вам!" Увесь гэты комплекс дадзеных нібы прадумовіў прызначэнне Ніны Белавусавай толькі на галоўныя ролі. 

Як вядома, сярод гераінь аперэты нярэдка сустракаюцца вобразы неглыбокія, аднаколерныя, псіхалагічна спрошчаныя. У такіх выпадках рэжысёры шырока выкарыстоўваюць танцавальнае майстэрства Ніны, ствараючы для яе складаныя танцавальныя нумары. I тады ярчэй раскрываецца яе чалавечы тэмперамент і роля набывае больш выразныя, святочныя, сапраўды аперэтачныя фарбы. 

...Музыка, тэатр вабілі Ніну з ранняга дзяцінства. Побач з вучобай у школе яна займалася ў балетнай школе пры душанбінскім оперным тэатры. Стаўшы прафесіянальнай балерынай, пяць гадоў працавала на яго сцэне. Пазней вучылася ў Дзяржаўным інстытуте тэатральнага мастацтва імя Луначарскага на курсе прафесара I. Туманава, аднаго з відных драматычных і музычных рэжысёраў СССР. Пасля заканчэння інстытута прыехала ў Мінск, у толькі што створаны Тэатр музычнай камедыі БССР. 

Самай першай роляй на сцэне гэтага тэатра была роля спявачкі Мадлен у "Фіялцы Манмартра" I. Кальмана. Роля самая цяжкая, таму што першая; роля, якая стала адной з самых любімых. Нездарма цудоўны эпізод з гэтай аперэты з палымянай песняй і бурным каскадным танцам пад назвай "Карамбаліна" Ніна захоўвае ў сваім канцэртным рэпертуары да гэтай пары. Рэцэнзуючы "Фіялку", тэатральны крытык А. Есакоў пісаў: "Маладосць, прывабнасць, прыродны тэмперамент, імклівыя і пластычныя рухі, бездакорны танец, добры голас. "Прымадонна" іграе "прымадонну". Усе гэтыя якасці маладой актрысы мімаволі зачароўваюць гледача". 

Зачароўвала ў "Фіялцы", зачароўвала ў пераважнай большасці пастановак. За 12 год работы на аперэтачнай сцэне яна сыграла звыш 50 ролей. Сільва і Марыца, Мадлен і Адэта ("Баядэра") – у аперэтах I. Кальмана, Зорыка і Ілона ("Цыганскае каханне"), Ганна Главары і Валянціна ("Вясёлая ўдава") – Ф. Легара, Разалінда ("Лятучая мыш" I. Штраўса), Батманава ў "Халопцы" М. Стрэльнікава, Чана і Анжэла ў "Пацалунку Чаніты" Ю. Мілюціна, Насця ў "Бабім бунце" Я. Пцічкіна – такі ролевы багаж актрысы Н. Белавусавай. Яму можа пазайздросціць любая артыстка. Усе яе сцэнічныя работы вызначаюцца бясспрэчным густам. Высокая прафесійная і чалавечая культура Белавусавай праяўляецца і ў тым, што пры размеркаванні ролей яна не навязвае рэжысёру свайго "прэм’ерскага" жадання і да ўсіх ролей – любімых і нелюбімых – ставіцца аднолькава сур'ёзна. 

Асабліва падабаецца ёй іграць ролі з драматычным паваротам лёсу, ролі кідкія, каскадныя, дзе можна прадэманстраваць і пералом характару, і дынамічную рухавасць сцэнічных паводзін гераіні. Да такіх жаданых ролей адносяцца і Мадлен, і Пепіта ("Вольны вецер" І. Дунаеўскага), і Сільва, і Ілона, і Герарда ("Хітрамудрая закаханая"), і Эліза Дулітл ("Мая чароўная лэдзі"). 

Але як бы ні любіла актрыса ролі характарныя, каскадныя, яе прыродная жаноцкасць дазваляе ёй лёгка і пранікнёна раскрываць на сцэне лірызм і мяккасць гераінь ціхіх і сціплых, якія глыбока хаваюць свае пачуцці. 

Цікавыя тры апошнія работы Белавусавай: Разалінда ў "Лятучай мышы", Віржыні ("О, мілы сябар" В. Лебедзева) і галоўная роля ў мюзікле Б. Рацэра і В. Канстанцінава з музыкай А. Журбіна "Пенелопа". 

У "Лятучай мышы" асялком, якім правяраецца акцёрскае майстэрства актрысы, з'яўляецца сцэна развітання з мужам, які збіраецца ў турму. Муж Разалінды, жуір і гуляка, ашуквае яе на кожным кроку. Вось і зараз, расказваючы Разаліндзе пра свае паляўнічыя прыгоды, ён выдае сябе, як гаворыцца, з галавой. Разам з дырэктарам тэатра Фалькам ён накіроўваецца... не ў турму, а на баль. Увесь гэты падман глядач бачыць спачатку да канца. I актрыса, якая іграе Разалінду, трапляе ў двухсэнсавае становішча, падвяргаецца небяспецы паказаць сваю гераіню дурніцай. Але Белавусава выходзіць з гэтага становішча з гонарам. Яе гераіня не разумее падману, бо яна поўная чысціні, шчырасці, вялікай даверлівасці і кахання да мужа. І, зразумела, выклікае павагу і сімпатыі гледача. 

Віржыні ў спектаклі "О, мілы сябар" – маладая, неразумная, вельмі ардынарая дама вышэйшага свету. Завяла сабе маладога каханка, прыніжаецца, ліслівіць перад ім, падкупае, прадае падслуханыя тайны мужа. Быццам і не варта яна ні нашай спагады, ні нашага засмучэння. Але ў выкананні Белавусавай яна дзіўна кранае нейкай чалавечай безабароннасцю. Гэты нягоднік Дзюруа – пэўна, прадмет яе шчырага, адданага кахання. Віржыні-Белавусава сапраўды пакутуе. Яе па-чалавечаму шкада, бо толькі яна ва ўсім скопішчы персанажаў надзелена жывымі чалавечымі пачуццямі. 

I трэцяя работа – Пенелопа. У аснову п'есы лёг сюжэт старагрэчаскага міфа пра Адысея і Пенелопу. Асноўная думка спектакля заключаецца ў тым, каб выкрыць, асмяяць рабства чалавечага духу, імкненне дагаджаць "сильным мира сего" і крывадушна сведчыць насуперак відавочным фактам. 

Але іранічны аўтарскі тон у пераказе чароўнага міфа пра жаночую вернасць на сучасны лад стварыў небяспеку развянчання самой ідэі вернасці. Можа ўзнікнуць адчуванне, што стаічная жаночая вернасць Пенелопы – хлуслівая выдумка, міф. Бо Пенелопа ў гэтай п'есе пакахала маладога ганчара Клеонта. Аднак Н. Белавусава здолела і тут пераадолець двухсэнсавасць сітуацыі і стварыць жаноцкае і паэтычнае аблічча гераіні антычнай старажытнасці. Жалобна апушчаныя ўніз куточкі вуснаў, непазбыўны смутак у прыгожых чорных вачах гавораць пра сапраўднасць яе шматгадовай журбы. Мужа яна чакае. А каханне да ганчара? Пенелопа не вінаватая ў тым, што гэта пачуццё ўспыхнула ў ёй. Яно вялікае і шчырае, гэта дар багоў. I тым большым здаецца яе маральны подзвіг, калі яна адмаўляецца ад гэтага кахання ў імя Адысея, ад якога адкаснуліся ўсе блізкія, якога асмяяў народ. Так прыгажосць міфа, яго духоўная значымасць зберагаецца, а вобраз Пенелопы вырысоўваецца ва ўсёй легендарнай і чалавечай прыгажосці, у арэоле духоўнай цэласнасці. 

Тут – двайная заслуга актрысы Белавусавай. Так іграе яна. I мы, гледачы, з асалодай ёй апладзіруем!

Г. ВАЎЧОК. 
Тэатральны Мінск. – 1983. – № 4.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: