Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/У казцы можна апынуцца... (1989 г., Вечерний Минск)

У казцы можна апынуцца... (1989 г., Вечерний Минск)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

У КАЗЦЫ МОЖНА АПЫНУЦЦА...

Няма на свеце дзіцяці, якое б не марыла апынуцца ў казцы – хоць на гадзіну, хоць на імгненне... І гэтыя мары зусім рэальныя, калі за іх ажыццяўленне бяруцца дарослыя – захопленыя, самаадданыя, апантаныя жаданнем прынесці нашым дзецям радасць.

Невыпадкова прэм'ера музычнай феерыі "Стойкі алавяны салдацік" на сцэне Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР выклікала непадробную цікавасць маленькіх гледачоў. Чаму рэжысёр звярнуўся менавіта да гэтай казкі? Па-першае, цудоўныя гісторыі Г.Х. Андэрсена маюць здзіўляючую жыццеўстойлівасць: многія пакаленні людзей вучыліся дабрыні, душэўнай шчодрасці, гуманнасці, сутыкаючыся са светам яго казак. Па-другое, пастаноўшчыкаў прывабілі прыгажосць і паэтычнасць музыкі С. Баневіча – вядомага ленінградскага кампазітара, аўтара музычных спектакляў "Лёс барабаншчыка", "Гісторыя Кая і Герды", "Прыгоды Тома Соера".

Пастаноўка дзіцячага спектакля на сцэне Тэатра музычнай камедыі была надзённа неабходная. Яна крыху запоўніла той прабел, які ўтварыўся ў рэпертуары беларускіх тэатраў: рэдкія дзіцячыя музычныя прэм'еры ў ДАВТ, не ўбачыла святла рампы ні адна беларуская дзіцячая опера.

Калі глядзіш прэм'ерныя спектаклі "Стойкага алавянага салдаціка", нельга не адзначыць, што рэжысура, сцэнаграфія, акцёрская ігpa, узаемадзеянне аркестра з выканаўцамі – на належным прафесіянальным узроўні. Спектакль да таго ж адкрыў гледачам новыя імёны акцёраў, якія валодаюць добрымі сцэнічнымі і пеўчымі данымі Абаяльны, наіўны ў сваёй прастадумнасці і адкрытасці сам Стойкі алавяны Салдацік (В. Шабуня). Гэта не проста маленькі цацачны чалавечак, здольны толькі на выкананне загадаў: пасля з'яўлення Прыгожай Балерыны ўсхвалявана, пяшчотна забілася яго сэрца. І натхнёныя мелодыі нарадзіліся ў закаханай душы...

У дзіцячым пакоі Салдаціка акружала мноства лялек. І ад акцёраў спатрэбілася вялікае пачуццё меры і густу, каб сцэна не ператварылася ў магазін цацак, каб кожная мела сваю індывідуальнасць. Запомніўся маленькым гледачам Цацачны Конь (Н. Адамовіч). Паслужлівасць, ветлівасць яго сугучныя характару другога персанажу – Лялькі (В. Пятліцкая), якая быццам гасцінная гаспадыня дома была беззапаветная ў сваёй дабрыні, шчырая ў жаданні ўcіх аб'яднаць, развесяліць, зрабіць герояў па-сапраўднаму, "па-чалавечаму" шчаслівымі. Да вобразаў дабра і святла належыць і Прыгожая Балерына – маўклівая і грацыёзная, недасягальная, як мара (заслужаная артыстка БССР Л. Рабушка).

Удала ў агульную канву спектакля ўплецены элементы мяккага камізму, даступнага дзецям гумару. Сапраўды смешнымі былі і Свіння-скарбонка (В. Міціна), і Завадны Салавей (заслужаны артыст РСФСР А. Кузьмін). Песня яго была інтанацыйна аднастайнай, знешне "халоднай". Як ні стараўся выводзіць рулады заморскі спявак, хібa можа быць што-небудзь больш прыгожае за сапраўдную, чароўную мелодыю Салаўя-птушкі (Л. Казючыц)! Дарэчы, выкананне гэтай партыі патрабуе высокага майстэрства і дастаткова развітай каларатуры; выкананне песні маладой спявачкай было натхнёным і рамантычным.

Як у любой казцы, супраць сіл дабра выступілі "адмоўныя " персанажы. І калі ўчынкі Крата (А. Ранцанц) вызначаліся некаторай бездапаможнасцю, то дзеянні Чарцяняці з табакеркі (Г. Нікіцін) і Пацука (І. Літвін) былі мэтанакіраванымі і зламыснымі.

Аб тым, што ўсе стваральнікі спектакля – аднадумцы, сведчыць удалая, вырашаная ў рамантычным ключы сцэнаграфія (мастак А. Марозаў), тонкая рэжысура (пастаноўшчык Ю. Бяроза), збалансаванае гучанне аркестра (музычны кіраўнік і дырыжор Г. Аляксандраў), які чуйна вядзе "дыялог" з вакалістамі як у сольных, так і ў ансамблевых сцэнах (дастаткова ўспомніць эпізод балю са "свецкай гутаркай").

Поспех пастаноўкі не выключае далейшай крапатлівай работы над спектаклем, аднак ужо цяпер відавочна, што харэаграфія аказалася найбольш слабым месцам. Балетмайстру А. Кастрыцкаму не хапіла паэтычнасці, арыгінальнасці мыслення, а часам і проста прафесійнай упартасці ў рэалізацыі задуманага, калі глядзіш гэты спектакль, зноў вяртаешся да пытання аб адкрыцці Дзіцячага музычнага тэатра, якое ўзнімалася не раз, і на сённяшні дзень для гэтага ёсць галоўнае: энтузіязм маладых выканаўцаў, энергія музычнага кіраўніка, падтрымка з боку грамадскасці. Засталося знайсці адпаведныя ўмовы і формы творчай дзейнасці, структурную арганізацыю. І тут перашкодай не можа быць адсутнасць новага памяшкання. (Успомнім, што першы сезон Ленінградскі дзіцячы музычны тэатр адкрыў на сцэне Дома афіцэраў імя С.М. Kіpaвa).

Такім чынам, сустрэча з казкай адбылася. І хто ведае, магчыма, у бліжэйшай будучыні на гэтай сцэне мы сустрэнемся з беларускай казкай, у якой будзе шмат песень, танцаў.

Э. АЛЕЙНІКАВА.
Вячэрні Мінск. – 1989. – 2 лістап.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: