Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/У музкамедыі ... балет (1993 г., Літаратура і мастацтва)

У музкамедыі ... балет (1993 г., Літаратура і мастацтва)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

У МУЗКАМЕДЫІ ... БАЛЕТ

За ўсю гісторыю існавання Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі толькі аднойчы гэты калектыў звяртаўся да пастаноўкі чыста балетных спектакляў. Як вядома, у пастаноўках тэатра музкамедыі балет адыгрывае не самую галоўную ролю, ён хутчэй выкарыстоўваецца як фон ці аздоба да асноўнага сцэнічнага дзеяння. Тым не менш, у склад балетнай трупы тэатра ўваходзяць людзі з адпаведнай падрыхтоўкай, здольныя ўдзельнічаць у больш маштабных работах. Таму ў свой час тэатр і ажыццявіў пастаноўку балета "Паненка і хуліган" на музыку Д. Шастаковіча. Глядацкі поспех спектакля засведчыў высокі прафесійны ўзровень выканаўцаў.

Сёння палова балетнай трупы тэатра – сёлетнія і леташнія выпускнікі Беларускага харэаграфічнага вучылішча. Рашэнне тэатра зноў звярнуцца да пастаноўкі балетных спектакляў – вельмі спрыяльны момант для творчай моладзі. За кароткі перыяд былі падрыхтаваны два аднаактовыя балеты – "Штраусіяна" ды "Іспанскі дывертысмент", і перад самым Новым годам адбылася іх прэм'ера.

Упершыню "Штраусіяна" была пастаўлена славутым У. Бурмейсцерам на сцэне Маскоўскага музычнага тэатра імя К. Станіслаўскага і У. Неміровіча-Данчанкі ў далёкім ваенным 41-ым. Задума гэтага балета ўзнікла пад уздзеяннем вельмі папулярнага ў той час амерыканскага фільма "Вялікі вальс", які выклікаў шырокую цікавасць да музыкі I. Штрауса і да асобы самога кампазітара.

Доўгі час гэты спектакль жыў на розных сцэнах вялікай краіны, але цяпер ні ў адным тэатры былога Саюза ён не ідзе. Перанос пастаноўкі "Штраусіяны" ажыццявіла балетмайстар Наталля Васкрасенская, якая ў свой час танцавала ў гэтым спектаклі на сцэне музычнага тэатра імя К. Станіслаўскага і У. Неміровіча-Данчанкі. Тэкст лібрэта ў праграмцы "Штраусіяны" адсутнічае: харэаграфічныя вобразы настолькі выразныя, што не вымагаюць ніякага тлумачэння. Балет гэты цікавы тым, што мноства роляў у ім увасоблена прыёмамі танцавальнай пантамімы. Вельмі цікавую сцэнаграфію ажыццявіў У. Жданаў. Менавіта ён, мастак, першы атрымлівае апладысменты гледачоў яшчэ напачатку, як толькі раскрываецца заслона. Дырыжор спектакля – А. Сасноўскі.

Другая частка балетнага вечара – "Іспанскі дывертысмент" на народную музыку – мае нумарны характар. За аснову пастаноўкі ўзяты двухактовы балет "Іспанскія мініяцюры", які ў 50-ыя гады быў пастаўлены ў Ленінградзе, у Кіраўскім тэатры. Харэаграфія В.Г. Херарды была настолькі бліскучая, а майстэрства выканаўцаў настолькі высокае, што іншыя тэатры лічылі немажлівай для сябе пастаноўку гэтага спектакля. Але цікавасць да яго была велізарная. У 60-я гады В.Г. Херарда ажыццявіў сваю пастаноўку ў Пермскім тэатры оперы і балета. Адну з вядучых партый у ім выконвала маладая балерына Ніна Дзьячэнка, якая цяпер працуе балетмайстрам у нашым тэатры музычнай камедыі. Ёй і належыць задума і ажыццяўленне "Іспанскага дывертысмента". Ведаючы гэтую пастаноўку знутры, праз сваю ўласную працу, а таксама добра ведаючы артыстаў трупы, многія з якіх былі яе вучнямі ў Беларускім харэаграфічным вучылішчы, Н. Дзьячэнка адабрала тыя мініяцюры з вядомага балета, якія больш арганічна маглі ўвасобіць нашы выканаўцы. Спектакль атрымаўся вельмі відовішчны, дынамічны. Агністыя і тэмпераментныя мелодыі стварылі агульны настрой весялосці і прыўзнятасці. Сцэнаграфію гэтага балета ажыццявіў таксама У. Жданаў. Падрыхтаваў спектакль да выпуску дырыжор С. Бурак.

У творчых планах балетмайстра Н. Дзьячэнкі – стварэнне харэаграфічнай сцэны, якая б вылучалася мабільнасцю. На сённяшні дзень у нашай рэспубліцы ёсць толькі адна вялікая, прэстыжная сцэна балетнага тэатра, работы якой, на жаль, даступныя ў асноўным толькі жыхарам сталіцы ды замежным гледачам. А калі працягваць сур'ёзную працу з харэаграфіяй на сцэне тэатра музкамедыі, то ў перспектыве можа з'явіцца яшчэ адна балетная трупа, якая будзе больш мабільнай і зможа даваць выязныя спектаклі па Беларусі.


Зоя ЛЫСЕНКА.
Літаратура і мастацтва. – 1993. – 12 лют. – С. 12.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: