« НазадУ НЯСВІЖ ВЯРНУЎСЯ БАЛЬ
Для гасцей тут былі чырвоная дарожка, фаер-шоу, рыцары на конях, бляск раскошы радзівілавых пакояў і шмат музыкі. Удзельнікамі ўрачыстасці ў начным палацы сталі лепшыя беларускія і замежныя выканаўцы: салісты оперы і балета Вялікага тэатра Беларусі і Вялікага тэатра Расіі. На балі гучалі вядомыя вальсы ў выкананні сімфанічнага аркестра Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра пад кіраўніцтвам маэстра Аркадзя Берына. Сярод ганаровых гасцей мерапрыемства — пераможца конкурсу "Міс свету", мадэль і актрыса з Ірландыі Разана Дэвісан, дачка вядомага спевака Крыса дэ Бурга, акцёр і спявак Дзмітрый Харацьян, саліст Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра Расіі Аляксандр Захараў, салістка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Аксана Волкава, сусветна вядомая балерына Анастасія Валачкова. Вандруючы па палацавых залах, госці балю здзейснілі своеасаблівае падарожжа скрозь стагоддзі. Многія з іх прызнаваліся пазней, што адчувалі непасрэдную прысутнасць колішніх гаспадароў, чые імёны назаўсёды знітаваны з гісторыяй і культурай не толькі Нясвіжа — усёй Еўропы: Барбары і Уршулі Радзівіл, Мікалая Сіроткі і Пане Каханку… Гісторыя Нясвіжа ажывае.
Анатоль КЛЯШЧУК. |