Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/У пошуках антыштампаў (1983 г., Літаратура і мастацтва)

У пошуках антыштампаў (1983 г., Літаратура і мастацтва)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

У ПОШУКАХ АНТЫШТАМПАЎ

Нататкі пра Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі БССР

Няма несур’ёзных відаў мастацтва. I сцэнічнае ўвасабленне камедыі, меладрамы, твора "лёгкага" жанру – вельмі сур'ёзная, вельмі адказная справа. Аднак, пагадзіўшыся з гэткай, здавалася б, неаспрэчнай высноваю, можна прыгадаць і супрацьлеглую. Так, ёсць старая завядзёнка: мастацтва тэатраў музычнай камедыі паблажліва называць "аперэткай", відовішчам для публікі "нетэатральнага гатунку" і да т. п.

Думкі думкамі, словы словамі, а сцэнічная практыка палемізуе з аднабаковым і катэгарычным поглядам на магчымасці "вясёлага" жанру. Парасткі такой палемікі з'явіліся і ў Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі БССР.

Хутка тры гады, як скончыліся блуканні гэтага тэатра, калектыў асталяваўся ва ўласнай "хаце", станоўчыя зрухі ва ўнутраным жыцці так ці інакш адбіваюцца ў рабоце аркестра, хору, кардэбалету, салістаў, вытворчых цэхаў. Калектыў не можа паскардзіцца, што яго абмінае ўвагай шырокая публіка...

Пры ўсім тым, калі сёння назваць яго тэатрам плённых традыцый, з яснай рэпертуарнай палітыкай, з непаўторным сталым абліччам – гэта прагучыць ужо як аванс. Мусіць, надыдзе час і для такіх абагульненняў. А пакуль пагаворым крыху пра тыя дзве пастаноўкі мінулага сезона, якія – хочуць таго скептыкі ці не – сталі адметнымі ў жыцці калектыву, выявілі пэўную пазіцыю яго мастацкага кіраўніцтва, прыцягнулі да музкамедыі ўвагу грамадскасці тэатральнай.

Абедзве пастаноўкі – "Гора ад розуму" і "Мілы друг" – досыць спрэчныя, сталі прадметам нераўнадушнай увагі знаўцаў, крытыкаў, гледачоў-"нейтралаў", якія ацэньваюць работу тэатра па-рознаму. I само па сабе гэта, думаю, довад, што ў тэатры (і вакол яго) з'явіліся, нарэшце, тыя парасткі творчай – не міжусобнай! – палемікі.

Радкі афішы сведчаць аб прыхільнасці нашага тэатра музкамедыі да твораў, як гэта гаворыцца, "замешаных" на літаратурным матэрыяле. "Бабскі бунт" Я. Пцічкіна (па матывах прозы М. Шолахава), "Мая цудоўная лэдзі" Ф. Лоў (першааснова – "Пігмаліён" Б. Шоў), "Пенелопа" А. Журбіна (музычная трансфармацыя вобразаў гамераўскай "Адысеі" – праўда, у горшым сэнсе парадыйная); "Паўлінка" Ю. Семянякі і "Несцерка" Р. Суруса – беларускія музычныя камедыі, літаратурныя вытокі якіх таксама вядомыя. I – ужо названыя прэм'еры мінулага сезона. "Гора ад розуму" А. Фельзера і "Мілы друг" В. Лебедзева (адпаведна па творах А. Грыбаедава і Гі дэ Мапасана).

Калі на падставе іх распачынаць гаворку пра пераканальнасць ці недасканаласць, перспектыўнасць ці заганнасць такога жанравага пераасэнсавання літаратурнай класікі, давялося б гаварыць аб працы кампазітараў і лібрэтыстаў. Нам жа важнейшым падалося пагаварыць пра тое, якую спажыву для творчага росту далі трупе тэатра літаратурныя карані мюзіклаў "Гора ад розуму" і "Мілы друг". Чаму такая гаворка не ўзнікае з выпадку пастановак класічнага рэпертуару? Таму што славутая аперэтачная класіка, на жаль, вызначаецца вось якім парадоксам. Гэта не толькі прыемная музыка, далікатная пластыка, свята прыгожых эмоцый, шчодрасць смеху. Гэта, як вядома, бенефіс заштампаваных амплуа, непатрывожанае паселішча бяздумных, часам, безгустоўных, пашлаватых рэпрыз, банальных і недарэчных сюжэтных інтрыг, прытулак псеўдакамічных, на сённяшні погляд, персанажаў. Практыкі (як паказала і навуковая канферэнцыя, што праходзіла ў Мінску ў рамках III Усесаюзнага фестывалю творчай моладзі музычных тэатраў) заклапочаны выпраўленнем недарэчнасцей старых лібрэта, пераадоленнем пастановачных канонаў. Словам, шукаюць новае сэнсавае напаўненне, сцэнічнае апраўданне традыцыйнай для тэатраў аперэты драматургіі. А сучасныя мюзіклы і камедыі, створаныя з улікам асаблівасцей такога музычна-тэатральнага мастацтва, даюць магчымасць і акцёрам традыцыйных амплуа, і заўзятым іх прыхільнікам з публікі перагледзець, пашырыць і ўзбагаціць свае эстэтычныя ўяўленні пра мастацтва тэатра аперэты. Вось, напрыклад, "Гора ад розуму". Ці трэба даводзіць, які гэта незвычайны, новы для тэатра музычнай камедыі, складаны матэрыял! Ці ёсць аналагічны ў "абойме" аперэтачнай класікі?.. Не скажу, што твор паводле п’есы А. Грыбаедава (кампазітар А. Фельзер, дырыжор А. Лапуноў, рэжысура Р. Вікцюка, мастацкае афармленне А. Арлова і І. Чарэднікавай) крытыка вітала аднадушна. Як вядома, былі пра яго і непрыязныя водгукі, у якіх былі свае палемічныя нюансы таксама. Але нельга не падзяліць думку аднаго з рэцэнзентаў наконт музычнай драматургіі, пра якую ў "Горы ад розуму", на жаль, "і говоркі быць не можа", пра музыку А. Фельзера, якая "нічого не дадала да характарыстыкі герояў". (Балазе, да "характарыстыкі герояў", закладзенай у грыбаедаўскіх радках, можна нічога і не "дадаваць" – дай бог раскрыць, што ёсць!).

Так, музыку тут не назавеш ні арганічнай, ні арыгінальнай, яна скампіляваная з папулярных інтанацый, у сваёй другаснасці падаецца надта знаёмай, нават зацяганай. І – падбухторвае запытацца: а пры чым тут тэатр музычнай камедыі з яго спецыфікай? Ды ўласна музычная драматургія адпаведная сіле духу першаасновы? Ці нельга было тую самую пастаноўку грыбаедаўскай п’есы ажыццявіць на драматычнай сцэне, захаваўшы ў якасці музычнага афармлення некалькі хораў і зонгаў?..

Вядома, пытанні-папрокі рытарычныя. Бо глупствам было б адрасаваць іх нашаму тэатру. Ён хіба вінаваты, што рэпертуарны голад прытупляе патрабавальнасць і вымушае мірыцца з творамі, дзе да вялікай драмы прысуседзілася "кульгавая" музыка?.. Хіба можна вінаваціць тэатр за тое, што ён не аддаў перавагу якому-небудзь па ўсіх параметрах сярэдняму твору, "прыстойнай усярэдненасці", пра якую крытыка звычайна маўчыць: не вітае і не спаганяе? Што ён рызыкнуў узяцца за літаратурную класіку, кожнае новае ўвасабленне якой крытыка заўсёды пільнуе і амаль заўжды "прапясочвае"?

Дык не будзем чыніць суд над сур’ёзным эксперыментам тэатра, у выніку якога мастацкі сінтэз музыкі і драмы пакуль што не атрымаўся. Адзначым працаёмкую і плённую работу калектыву. Успомнім, што ёсць незвычайная і цікавая для трупы музычнага тэатра пастановачная канцэпцыя, заяўленая рэзкавата, востра.

Кантрастныя спалучэнні колераў сцэнічнай вопраткі; шаржаваная, марыянетачная пластыка жывых манекенаў фамусаўскага асяроддзя; "лялечныя" пацалункі Соф’і з Малчаліным; халуйскія манеры лакеяў з эпалетамі; медыцынскія крэслы-каталкі, з якімі зжыліся персанажы "вышэйшага свету"; яркая індывідуалізацыя сцэнічнай абмалёўкі гэтых персанажаў. І раптам – чысты абразок юнай пары ў белым адзенні, якая кружыцца пад мелодыю вальса Грыбаедава… Такімі візуальнымі сродкамі пазначаецца атмасфера хрэстаматыйнай грыбаедаўскай камедыі, падкрэсліваецца яе сатырычна-выкрывальны пафас. Разам з тым, радкі вядомых, "праграмных" маналогаў дзейных асоб гучаць у спектаклі невыразна; пастановачная экспрэсія здаецца неўраўнаважанай (медыцынскіх крэслаў на сцэне замнога; марыянетачная пластыка хору педаліруецца напачатку, а потым, як прыём, амаль знікае з партытуры дзеянняў і жэстаў персанажаў; у фінале занадта нагрувашчваецца "інфернальная" сімволіка).

У цэлым дзіўнае ўражанне ад спектакля не замінае адчуванню ўнутранага запалу ў рабоце акцёраў. Неардынарная для музычнага тэатра рэжысёрская думка па-добраму разварушыла – што там за сакрэт – досыць заштампаваную трупу. Праца з драматычным рэжысёрам аказалася карыснай прафесійнай школай для акцёраў-спевакоў.

На жаль, натхніць акцёраў, актывізаваць іх творчую думку ў распрацоўцы таксама нетрадыцыйных для гэтага жанру вобразаў не ўдалося пастаноўшчыкам "Мілага друга" В. Лебедзева (п'еса М. Разоўскага, вершы Ю. Рашанцава па матывах рамана Гі дэ Мапасана, рэжысёр К. Кауфман, мастак Л. Міхайлаў, музычны кіраўнік А. Лапуноў). Ва ўсякім разе, такое маё ўражанне.

"Мілы друг" уключаны ў рэпертуар як выкрывальны твор, скіраваны супраць жыццёвай філасофіі ваяўнічага пашляка і падонка, які верхаводзіць светам. Калі абагульняць – дык супраць самога тыпу бессаромніка, які прыстасоўваецца да любых акалічнасцей і жывы-здаровы бывае ва ўсе часы. Такія высновы з газетных інтэрв'ю са стваральнікамі спектакля. Але сам спектакль падаўся не надта пераканаўчым.

Відовішча атрымалася жывое, дынамічнае, маляўнічае. Эйфелева вежа і канкан у Фалі-Бержэр; эксцэнтрычная мітусня служак "жоўтай прэсы" і вельмі тактоўна, з усмешкай абыграныя алькоўныя сцэны; прывіды фантастычных рыбак і здань нябожчыка Фарэсцье; жорсткі, як прыёмы каратэ, танец акупантаў у Алжыры і сімвалічны паядынак Дзюруа са сваім маладым пераемнікам і сапернікам... Не без густу стылізаваная "пад Парыж" музыка з яе запазычанымі інтанацыямі ўспрымаецца досыць арганічна. I гучанне аркестра хочацца назваць не проста выразным – пластычным...

У пастаноўшчыкаў, зразумела, не было намеру стварыць універсальнае шоу, у час якога прыемна адпачывалася б самай рознай публіцы. Ды "Мілы друг" і сам па сабе не стасуецца з ідэяй увесяляльнасці. Таму і шкада, што паняцці "сацыяльны канфлікт", "выкрывальны пафас", "пародыя на кар'еру мярзотніка", "сатыра на грамадства, апісанае Мапасанам" – хутчэй дадумваеш да спектакля, чым выносіш з яго. Мабыць, гэта з'ява часовая.. Мабыць, намер пастаноўшчыкаў не застанецца толькі дэкларацыяй, выкрышталізуецца ўрэшце з пастановачных "красот", і работа акцёраў у вобразах ужо не будзе здавацца абстрактна-тэатральнай, набудзе жыццёвы, сацыяльны сэнс? Літаратурная аснова "Мілага друга" такія магчымасці дае...

Дарэчы, пра канкрэтныя акцёрскія работы ў дзвюх гэтых пастаноўках (у іх вызначыліся М. Адамовіч, А. Касцецкі, В. Пятліцкая, I. Скорабагатава, іншыя маладыя салісты) мы сёння не гаварылі наўмысна. Пра акцёраў Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР будуць у друку асобныя публікацыі. А на заканчэнне сённяшняй гаворкі занатуем яшчэ раз, што "Гора ад розуму" і "Мілы Друт" пацвярджаюць пэўную тэндэнцыю гэтага калектыву: увага да твораў са значнай літаратурнай першаасновай, імкненне процістаяць жанравым штампам. Гэтыя спектаклі не вызначаюць аблічча менавіта беларускай музкамедыі. Але вядома, што яны прывабілі да тэатра такіх строгіх у выбары жанру аўтараў, як Д. Смольскі, С. Картэс, І. Лучанок. Пачакаем іхніх твораў.

Сёлетнія гастролі ў Ленінградзе тэатр адкрыў "Несцеркам" Р. Суруса. I ўжо цяпер у планах пастаноўкі завершаных твораў беларускіх кампазітараў: "Трыбунал" Р. Суруса (паводле А. Макаёнка), "Дзяніс Давыдаў" А. Мдзівані. Будзе падстава для новай гаворкі...

Святлана БЕРАСЦЕНЬ.
Літаратура і мастацтва. – 1983. – 2 верас. – С. 10–11.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: