« НазадУ РОЛІ ГАСТРОЛЕЙ: УЗРОШЧВАННЕ ЦІ ПРАПОЛКА?Каму — "сямейны прывід", каму — усеагульны піяр. Аналізуем? Такога не было ажно з савецкіх часоў ні ў адным з нашых тэатраў акрамя аднаго — Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, дзе ладзілася ажно двойчы: у 2008-м і зараз. Чатыры гады таму на працяглыя (амаль месяц!) гастролі прыязджаў Іркуцкі дзяржаўны музычны тэатр імя М.Загурскага, цяпер жа — Свярдлоўскі дзяржаўны акадэмічны тэатр музычнай камедыі. Статыстыка наступная: 3 тыдні, 9 спектакляў, паказаных двойчы-тройчы, 14 канцэртаў, у тым ліку ў Маладзечне, Барысаве, Гомелі, 230 артыстаў, 8 "КамАЗаў" з антуражам. Вынікі — толькі станоўчыя ды самыя рознабаковыя. Для нашага тэатра і, шырэй, беларускай нацыянальнай культуры — своеасаблівы "майстар-клас". Бо такое працяглае знаёмства, калі работы гасцей магла паглядзець не толькі публіка, але і самі артысты, не кажучы ўжо пра кіраўніцтва нашага тэатра (а дакладней — адразу некалькіх сталічных тэатраў), павінна пайсці на карысць. Дык чаму ж можна было павучыцца ў екацерынбуржцаў? І чаму, наадварот, яны маглі павучыцца ў нас? Праверка Мулявіным Насамрэч, два тэатры і два гарады аб'ядноўвае куды больш, чым гэтыя і ранейшыя такія ж гастролі — ажно ў... 1955 годзе. Екацерынбург (колішні Свярдлоўск) — радзіма Наталлі Гайда, якая стала "візітоўкай" беларускай аперэты, Уладзіміра Гасцюхіна, а галоўнае — Уладзіміра Мулявіна (невыпадкова сродкі ад гала-канцэрта пойдуць на ўзвядзенне яму помніка ў Екацерынбургу, куды для абмеркавання праектаў, звязаных з установай скульптуры, выязджала ўжо наша дэлегацыя). Дый цяперашнія расіяне — артысты Свярдлоўскага тэатра — прыехалі да нас, можна сказаць, "шчырымі беларусамі". На заключным гала-канцэрце з вуснаў вядучых гучалі не толькі дыфірамбы ў гонар беларускай мовы, але і заўвагі: маўляў, мінчане на ёй амаль не размаўляюць. А ў спектаклях ды канцэртах раз-пораз гучалі і згадкі пра Янку Купалу, і песняроўскі хіт "Касіў Ясь канюшыну", і амаль пастаяннае "Прывітанне, сябры!" ды іншыя беларускія фразы, прыказкі-прымаўкі. Так што першае, чаму можна было павучыцца ў гасцей, — шанаванне нашай мовы. Можа, у тым насамрэч даліся ў знакі "гены Мулявіна"? А вось у адрозненне ад "урока беларускай мовы і літаратуры", іспыт на веданне нашай гісторыі госці не прайшлі. Гастролі адкрываліся пышным, папраўдзе "імперскім" мюзіклам "Кацярына Вялікая". "Менавіта гэтая імператрыца зрабіла самы вялікі ўнёсак у развіццё рускай культуры!" — так пракаменціраваў выбар спектакля для ўрачыстага адкрыцця дырэктар Свярдлоўскага тэатра Міхаіл Сафронаў. Але ж тагачасны хуткі ўзлёт адбыўся і праз тых шматлікіх беларускіх творцаў ды артыстаў у прыватнасці, якія пасля падзелаў Рэчы Паспалітай (а два апошнія адбываліся пры самым непасрэдным удзеле Кацярыны) апынуліся ў Маскве і Пецярбургу. Для нашых гасцей гэта было адкрыццём. Значыць, пакуль недастаткова мы піярым свае культурна-гістарычныя здабыткі! А таксама само ўздзеянне не толькі рускай культуры на беларускую, але і наадварот, калі Беларусь у ХVIII стагоддзі "перадавала" еўрапейскія дасягненні, адаптаваныя славянскім "перакладам", ва ўсходнім кірунку. Глядач заўсёды мае рацыю Менавіта піяру можна і трэба павучыцца ў екацерынбуржцаў. Прычым самым розным яго формам: ад "мяккага", незаўважнага — да масіраванага, скразнога. Ужо ад самога дырэктара тэатра Міхаіла Сафронава (а ён, дарэчы, можа таксама лічыцца "напалову беларусам", бо ў свой час заканчваў нашу Акадэмію мастацтваў і пачынаў у Мінску сваю кар'еру) зыходзіць неўтаймоўная энергія: ён можа запэўніць любога скептыка, што кожны пастаўлены яго тэатрам спектакль — шэдэўр. Гастролі ж, як звычайна, складаліся не адно з шэдэўраў. Але, што вельмі важна, былі разлічаны абсалютна на ўсе глядацкія аўдыторыі: ад моладзі да пенсіянераў, ад вытанчаных эстэтаў да традыцыяналістаў, ад аматараў аперэтачнай класікі да прыхільнікаў найноўшых мюзіклаў. Таму абсалютна кожны паказаны гасцямі спектакль выклікаў не проста апладысменты — няспынныя авацыі! Такому прыёму, дарэчы, садзейнічалі і цудоўна пастаўленыя ў кожным спектаклі паклоны — як дадатковы міні-спектакль, яркі, запамінальны, адметны сваёй музыкай, драматургіяй, добра распрацаванымі ролямі. Здаралася, фінал аказваўся настолькі адточаным, што за яго можна было дараваць усе астатнія недахопы. Уражвала і прома-прадукцыя, якой можна шчыра пазайздросціць. На ўсе сучасныя пастаноўкі — назвычай арыгінальныя, адзначаныя выбітным дызайнам, — праграмкі, што публіка набывала не толькі дзеля інфармацыі, але і як своеасаблівы "сувенір на памяць". На многія спектаклі меліся яшчэ і разгорнутыя буклеты, аздобленыя безліччу фотаздымкаў. Можна было набыць і асобныя буклеты, прысвечаныя найбольш знаным салістам. Дадамо, што да гэтай платнай для спажыўцоў "рэкламы" дадавалася і бясплатная: міні-брашуры з прыцягальнымі анонсамі і фотаздымкамі кожнага гастрольнага спектакля. А яшчэ адметныя афішы, уменне ператварыць прэс-канферэнцыю ў квазіспектакль з добра размеркаванай драматургіяй, музычнымі нумарамі і г. д. — напрацовак у гасцей шмат. Сярод прыдумак — традыцыя выдаваць пад час гастролей пажыццёвыя сертыфікаты на бясплатны прагляд любых праектаў Свярдлоўскага тэатра тым наведвальнікам, якія набылі білеты і паглядзелі абсалютна ўсе прывезеныя спектаклі. Такая вось "рэкламная акцыя"! Музычныя "мічурынцы" Умеюць екацерынбуржцы піярыць і сваіх кампазітараў. На адкрыццё гастролей прыехаў Сяргей Дрэзнін, які і ў прэс-канферэнцыі слова браў ды за раялем "варажыў", і на паклоны пасля сваёй "Кацярыны Вялікай" выходзіў. А як мы, беларусы, піярым сваіх творцаў? Узгадаю два выпадкі. Неяк, яшчэ ў савецкія часы, вылучаючы нацыянальную прэм'еру на атрыманне Дзяржпрэміі БССР, тэатр уключыў у спіс усіх, акрамя... аўтара оперы. А крыху пазней ужо іншай установай аднаму з нашых знаных кампазітараў быў замоўлены балет паводле паланэзаў Міхала Клеафаса Агінскага. Аўтар вельмі сур'ёзна падышоў да задумы, распрацаваў арыгінальную кампазітарскую канцэпцыю, якая дазволіла сумясціць сучасныя фантазіі і драматургічна адбудаваныя цытаты. Пастаноўку нават вазілі ў Польшчу, пісалі пра яе і ў расійскім часопісе "Балет". Але імя кампазітара пры гэтым згадаць "забываліся". Нават на афішах! Затое там спраўна пазначаўся "аўтар ідэі" — той з кіраўнікоў установы, які і замовіў кампазітару гэты твор. Вярнуўшыся да "гастрольных майстар-класаў", дадамо, што "Кацярына Вялікая" стракацела шматлікімі музычнымі хібамі, заўважнымі нават звонку. Калі б наш кампазітар прынёс штосьці падобнае ў тэатр, твор адправілі б на дапрацоўку, а праз час, можа, увогуле "забыліся" б паставіць. "Кацярына...", прынесеная кампазітарам у тэатр, таксама там дапрацоўвалася — літаральна да апошняга імгнення. Але ж з якім размахам пастаўлены мюзікл! Яго можна ўвогуле не слухаць, дастаткова "гартаць малюнкі": эфект атрымліваецца за кошт сцэнаграфіі і папраўдзе шыкоўных сцэнічных строяў, разгледзець якія да дробязей немагчыма і пасля сотні праглядаў. Узгадалася колішняя опера Андрэя Бандарэнкі "Князь Наваградскі", якая мела тыя ж драматургічныя пралікі, што і "Кацярына...": у адзін спектакль былі "ўціснуты" ўсе жанравыя адценні гістарычнай тэмы: летапіс, меладрама, абрадавыя дзеянні, агучаны "канспект па гісторыі". Праўда, музыка там была — у сотні разоў лепшая, затое пастаноўка — непараўнальна больш танная: некалькі "фіраначак" на сцэне ды столькі ж — на артыстах. Таму і сышла з рэпертуару хутчэй, чым кампазітар атрымаў за яе ўзнагароду. З "Кацярынай..." жа ўсё наадварот: да двух гастрольных паказаў па просьбе гледачоў дадаўся трэці — незапланаваны, ранішні. І меў поўны аншлаг! А вось тры прывезеныя мюзіклы Аляксандра Пантыкіна на тэксты Канстанціна Рубінскага — прыклад таго, як у тэатры папраўдзе ўмеюць "узрошчваць" сваіх кампазітараў і лібрэтыстаў. Запрошаны да супрацоўніцтва яшчэ студэнтам Уральскай кансерваторыі, Пантыкін хутка перайшоў ад апрацоўкі замежных мюзіклаў да стварэння, па такой жа замове тэатра, уласных. А ў іх — ад нумарной структуры з лейтматывамі ("Храни меня, любимая...") да чаргавання нумароў з разгорнутымі сцэнамі ("Сіліконавая дура", праца над якой вялася ў тандэме з тэатрам цягам амаль двух гадоў) і, нарэшце, да лайт-оперы "Мёртвыя душы" — "лёгкага" па ўспрыманні твора з сучаснай опернай драматургіяй, філіграннай інтанацыйнай працай, багаццем літаратурна-музычных асацыятыўных шэрагаў. Для параўнання: амаль усе тыя нашы кампазітары, хто калісьці працаваў над сваімі музычна-сцэнічнымі творамі гэтак жа непасрэдна з самім тэатрам, больш да гэтага жанру не звярталіся. Ці тыя звароты станавіліся выключэннем. Ці наступныя творы гэтага кампазітара тэатр прынцыпова ігнараваў. Ці што-небудзь падобнае — з трывалай адсутнасцю хэпі-энду. А тут тэатр паступова, крок за крокам, "гадаваў" кампазітара, якому, бы дзікай яблыньцы, зрабіў у юнацтве "прышчэпку". У гэтым, пэўна, і розніца. Мы чакаем ад кампазітара адразу шэдэўр, каб цягам пастаноўкі атрымалася хаця б штосьці. Там, наадварот, бяруць ад кампазітара "штосьці" (вядома, прафесійнае, але, можа, не зусім дасканалае) — і намагаюцца давесці яго да вышэйшага гатунку, схаваўшы недахопы іншымі складнікамі спектакля. Так, дарэчы, робім і мы — толькі ў адносінах да "чужых" аўтараў. Са сваімі ж — наадварот: "даводзім" не твор, а самога кампазітара... Цікава і тое, што ўсе творы А.Пантыкіна вырашаны ў розных стылях. Як і ўсе спектаклі галоўнага рэжысёра тэатра Кірылы Стрэжнева, дзе штораз — непрадказальнасць. У нас жа, часцей, — паўтор аднойчы знойдзенага. Інфармацыя для роздуму? Мадэрн без аперэты Калі "Мёртвыя душы" аказаліся спектаклем, шчыльна населеным жывымі думкамі, дык рэальнымі "мёртвымі душамі" (дакладней, мёртвымі целам і душой) паўсталі ў час гастролей класічныя аперэты. Нават ваенная тэма ў далёка не лепшым мюзікле "Храни меня, любимая...", прымеркаваным яшчэ да 60-годдзя Перамогі, была пафарбавана творчым пошукам: фашысты, вырашаныя адно праз пластыку, нагадвалі карыкатуры, у цэнтры аповеду апынулася не толькі героіка, традыцыйна памножаная на лірыку ды трагізм кахання на мяжы са смерцю, але і тэма гаючай сілы мастацтва. Дый настальгічны "Парк савецкага перыяду" ўтрымліваў такія перспектыўныя для сучасных пастановак дэталі, як сцэнічны інструментальны ансамбль і ўвасабленне духа Парку праз постаць дворніка з гэткім прозвішчам — Парк. А вось "Цыган-прэм'ер" і "Прынцэса цырка" І.Кальмана не краналі ні пастаноўкай, ні спевамі (заўважу, што ў творах Аляксандра Пантыкіна ніякія вакальныя недахопы не адчуваліся, бо ўсе партыі кампазітар разлічваў на пэўных артыстаў ды іх магчымасці). Наш Музычны тэатр можа ганарыцца: у нас і спяваюць лепш (за выключэннем хіба пяцікурсніцы Уральскай кансерваторыі Людмілы Лакайчук з яе неверагодным каларатурным сапрана), і класіку ставяць больш мадэрнова, не здраджваючы добраму густу. Увогуле ж, прынцыповая розніца менавіта ў тым, якім бачыцца абодвум тэатрам глядач. Екацерынбург, як ужо адзначалася, ахоплівае ўсе катэгорыі, але — паасобку. Вось і атрымліваюцца крайнасці: на адным полюсе — багаты на ідэі постмадэрн, на другім — аперэтачны "парк" савецкага (дакладней, пасляваеннага) перыяду, "асучаснены" хіба гумарам ніжэй поясу. Перад нашым жа тэатрам маячыць прывід сямейных спектакляў, якія былі б цікавымі для сумесных праглядаў не толькі бацькам з дзецьмі, але і бабулям-дзядулям з моладдзю. Менавіта такім, дарэчы, падаўся пастаўлены расіянамі італьянскі мюзікл "Чорт і нявінніца". Дык мы — у рэчышчы найноўшых еўрапейскіх тэндэнцый? Опера ці песня? Заключны канцэрт, у якім сышліся прадстаўнікі абодвух тэатраў, завяршыўся "нічыёй". Госці "забілі гол" удзелам (дый самой наяўнасцю) выбітных "даччыных" калектываў: інструментальнага ансамбля "Смарагд" і "Эксцэнтрык-балета Сяргея Смірнова", выкарыстаннем прыёмаў інструментальнага тэатра ў мініяцюры "Дуэль". Нашы — ужо тым, што ў сваіх канцэртных праграмах, скіраваных на выхад за рамкі аперэтачна-мюзіклавага кола, звяртаюцца не адно да песень, як госці, але і да класічных рамансаў, нават опер. Таму замест "аднаўлення" традыцый канцэртнай патрыётыкі 1970–80-х усё часцей схіляюцца да тэатралізаваных праграм, адпаведных, ізноў-такі, найноўшым павевам развіцця сусветнай канцэртнай практыкі. Ды ўсё ж канчатковыя балы расставяць гастролі ў адказ, што адбудуцца праз год, калі наш тэатр выправіцца ў Екацерынбург. Надзея БУНЦЭВІЧ. |
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by