Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/У сонечны дзень… (2011 г., Культура)

У сонечны дзень… (2011 г., Культура)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

У СОНЕЧНЫ ДЗЕНЬ…

25 гадоў таму, праз які месяц пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, ва Украіну выправілася трупа сталічнай Музкамедыі — цяперашняга Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. Гэта былі запланаваныя гастролі ў Кіеве. Але да спектакляў на сцэне ўкраінскай сталіцы далучыліся і выступленні перад тымі, хто працаваў у чарнобыльскай зоне.

11-228a— Тую паездку памятаю да дробязей, — узгадвае член саюзаў кампазітараў і мастакоў, канцэртмайстар БДУКіМ, а на той час — канцэртмайстар Музычнага тэатра, Усевалад ГРЫЦКЕВІЧ. — З Кіева мы выехалі зранку, вярнуліся позна ўвечары. Быў вельмі сонечны дзень, за вокнамі аўтобуса буяла разнаквецце. І гэткі рэзкі, жудасны кантраст: сады, агароды, палеткі, яркія фарбы прыроды, што набірае моц, радуецца сонцу ды цяплу, — усё гэта нібы мёртвае, не ажыўленае прысутнасцю чалавека. Хіба нейкая жывёліна беспрытульная дзесьці па вёсцы прабяжыць, а больш — нікога… Адчуванне, быццам патрапіў на нейкую іншую планету і пакуль не можаш уцяміць, што здарылася. Ці, можа, яшчэ павінна здарыцца — як у трылеры. Тая "карцінка" і дагэтуль стаіць перад вачыма…

— Пэўна, і на творчасці гэта неяк адбілася?

— Не, у мяне няма ні музычных, ні жывапісных работ, прысвечаных Чарнобылю. Мастацтва — зусім не абавязкова праславутае "люстэрка жыцця". Хутчэй, яно — рэзананс самой асобы творцы, ягоных прадчуванняў-адчуванняў. Прызнацца, увогуле не люблю мусіраваць чарнобыльскую тэму і, тым больш, пісаць творы "да даты". Але той вобраз "мёртвай прыгажосці" не проста запомніўся — ён даў імпульс да многіх далейшых разважанняў: што такое сапраўднае хараство, як беражліва трэба ставіцца да жыцця, бо без яго нічога не мае сэнсу. А ў астатнім — Гасподзь рассудзіць…

Слухаючы Усевалада Мікалаевіча, раптам падумала: можа, менавіта таму ў яго творчасці практычна няма "чорных" твораў, якіх бывае багата ў яго аднагодкаў? Акурат у 1986-м ён заканчваў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класе кампазіцыі прафесара Дзмітрыя Смольскага (дагэтуль займаўся як піяніст), паралельна завочна вучыўся жывапісу ў Маскве. У якасці кампазітарскай дыпломнай працы напісаў Фартэпіянны канцэрт. І на дзяржаўным іспыце іграў яго на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі разам з Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам, якім дырыжыраваў Анатоль Энгельбрэхт. Не чакаючы выпускнога вечара, рушыў следам за тэатрам, дзе ўжо працаваў, ва Украіну, з 30-ці гастрольных дзён заспеўшы толькі 19.

— А чым запомніліся самі выступленні перад чарнобыльцамі?

— Два канцэрты. Адзін — у самім Чарнобылі, у тамтэйшым Доме культуры. Другі — на адкрытым паветры, у лесе, за 11 кіламетраў ад АЭС, на той базе, дзе жылі ліквідатары наступстваў і адкуль яны ездзілі штодзень на рэактар. Праграма канцэртаў была разнастайнай. Каля дзесяці салістаў — сольныя, дуэтныя выступленні, танцавальныя нумары. Усё— не проста жывым гукам, а яшчэ і без мікрафонаў, як і належыць у жанры аперэты. Лепшыя артысты: Наталля Гайда, Рыгор Харык, Васіль Сердзюкоў, Зінаіда Вяржбіцкая, Герман Казлоў, Раіса Курлыкова, Вячаслаў Фаменка, Уладзіслаў Казінец…

— І "ўвесь вечар за раялем" — вы…

11-228b— Надта гучна сказана — "за раялем", бо ў абодвух выпадках гэта былі старэнькія піяніна: у клубе — чорнае, на адкрытай пляцоўцы — карычневае. І дагэтуль памятаю на іх кожную драпінку. Ноты перагортваў рэжысёр Вячаслаў Цюпа. А як нас прымалі! Пэўна, менавіта так віталі калісьці артыстаў франтавых брыгад…

— За гэтыя канцэрты, — распавядае народная артыстка Беларусі Наталля ГАЙДА, — усе мы атрымалі граматы Савета Міністраў СССР. Значна пазней сустрэла расійскіх калег, якія гэтак жа, як і мы, ездзілі выступаць перад чарнобыльцамі, але ўжо праз год пасля катастрофы. Адна з іх мяне запытвае: "А вы атрымліваеце льготы? Хутчэй звяртайцеся, куды трэба. Мы даўно ўжо ўсё аформілі". Не ведаю, можа, яно і правільна, але нам было неяк сорамна — перад тымі, хто, ахвяруючы сваім жыццём, знаходзіўся ў небяспечнай зоне не адзін дзень, як мы, а значна больш. Вядома, быў дазіметрычны кантроль. Ужо пакуль мы ехалі па той 30-кіламетровай зоне, нас некалькі разоў прыпынялі на спецыяльных пунктах, дзе вымяралі атрыманую дозу: і на нас, і на самім аўтобусе. І калі з'язджалі, нас правяралі таксама. Памятаю, мы ўсе яшчэ смяяліся, што болей за іншых набраў радыяцыі Грыша Харык (ён даўно жыве ў замежжы). Жартавалі з яго: маўляў, радыяцыя так і ліпне да цябе — можа, "пакахала"? Яшчэ больш пільна кантралявалі дозу ў тых, хто там працаваў. І ледзь толькі чалавек набярэ азначаны ўзровень, яго адразу адпраўлялі назад, а на гэтае месца прыязджалі новыя ліквідатары. Вось хто павінен быў атрымліваць тады льготы! Праўда, нават тыя, хто там працаваў, не заўсёды правільна ацэньвалі сітуацыю. Бо на забруджанай тэрыторыі трэба было хадзіць у спецадзенні, абавязкова — у галаўным уборы. Але ж— сонейка! Якія там хустачкі ці капялюшыкі? Глядзім, палова ліквідатараў ходзіць з непакрытай галавой. Дый замест рэспіратарных масак, якія таксама былі прадугледжаны санітарнымі нормамі, у кагосьці — марлевая павязка, а ў кагосьці — увогуле нічога няма. Бо сонейка прыпякае, вакол зеляніна— так і хочацца дыхаць на поўную моц… Чалавек жа так створаны, што пакуль не баліць, ён і не кажа. Радыяцыя— незаўважная, яе нельга памацаць, немагчыма адчуць на пах, а калі так — дык, можа, яе і няма? Падумаеш, паказчыкі на прыборах!

— Вы таксама правілы парушалі?

11-228c— Мы ж — артысты, прыехалі туды выступаць — значыць, усё павінна быць не толькі, як заўсёды, а яшчэ і лепш. Ці вы думаеце, мы ў рэспіратарах спявалі? Але сапраўды — адчуванне было, што знаходзімся дзесьці ў шпіталі. У Чарнобылі было шмат вайскоўцаў, рэзервістаў. А на базе ля рэактара ўсе — у белых халатах, бы ўрачы і медсёстры. Нам, дарэчы, таксама раілі: тое адзенне, у якім былі, пажадана выкінуць. І што вы думаеце? Вымылі ды зноў надзелі. Праўда, да сцен Дома культуры стараліся не прытуляцца, бо нас папярэдзілі: любая рэч у забруджанай зоне — у большай або меншай ступені радыёактыўная. Асабліва — тканіна, а найперш — заслоны, фіранкі. А таксама зеляніна. У Кіеве дарогі па некалькі разоў на дзень палівалі. І ледзь не на кожным вуглу трускалкі прадаваліся — спелыя, буйныя, чырвоныя, сакавітыя, вельмі танна. Але рэдка хто купляў, усе баяліся: маўляў, а раптам гэтыя ягады — з зоны? Вядома ж, людзі розныя бываюць. Хтосьці выратоўваў, не шкадуючы жыцця, а хтосьці думаў, як на тым горы ўзняцца. Нам расказвалі, што і рабавалі кінутыя хаты, і рэчы з іх перапрадавалі…

— А вы самі, вяртаючыся з тых гастролей, як адчувалі сябе? Бо адразу пасля Кіева тэатр гастраляваў у Севастопалі, і многія артысты толькі там, па іх словах, "адмыліся" ад радыяцыі…

— Я ў гэтым сэнсе, можа, аказалася больш "прывучанай", бо пэўную дозу радыяцыі атрымала яшчэ ў дзяцінстве. Мы жылі ў Сяміпалацінску, ездзілі ў тыя мясціны, дзе рабіліся першыя іспыты савецкай атамнай бомбы. Тады гэта замоўчвалася, ніхто не ведаў усёй праўды. Але многія невядома з чаго пачыналі хварэць. Сёння я смяюся: маўляў, у старасці пачуваю сябе лепей, чым у юнацтве. Можа, і сапраўды неяк адаптавалася? А тады — многія творчыя калектывы адмаўляліся на Украіну ехаць, і некаторыя запланаваныя гастролі зрываліся. Але мы выступалі перад ліквідатарамі, можна сказаць, па ўласным жаданні. Ніхто не прымушаў, сказалі: дабравольцы. На той дзень "Лятучая мыш" стаяла ў нашай кіеўскай афішы, я павінна была спяваць. Але папрасіла замяніць мяне ў спектаклі, бо не магла не паехаць. Маўляў, я ж член партыі, які ж прыклад астатнім пакажу? І тое, як нас сустракалі, апраўдвае ўсё. Бо мастацтва не толькі лечыць душы, але і пакідае надзею. На ўсё самае лепшае!

Надзея БУНЦЭВІЧ.
Фота з архіваў артыстаў і тэатра. 
Культура. – 2011 – 23 крас.

http://kimpress.by/index.phtml?page=2&id=5676

На здымках: выступленне перад ліквідатарамі аварыі (за піяніна — Усевалад Грыцкевіч); артысткі Наталля Гайда і Раіса Курлыкова;  пасля выступлення.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: