« Назад
У ЯЕ ГОЛАСЕ КВІТНЕЛА… РУЖА
Асабіста ў мяне яна заўсёды выклікала асацыяцыі з кветкай – яркай, незласліва дзёрзкай, на якую адразу звяртаеш увагу, якім бы пярэстым ні было ўсё суквецце. А як пачынала спяваць ці весці дыялог, тыя кветкавыя асацыяцыі звужваліся да Ружы з "Маленькага прынца".
Не, такога спектакля ў Беларускім дзяржаўным музычным тэатры, дзе Ірына Цярэнцьева іграла і спявала ўсе 15 гадоў пасля заканчэння вучобы ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, няма і ніколі не было. Але пераважна такімі былі яе шматлікія характарныя гераіні: хай сабе і капрызлівымі, гулліва патрабавальнымі, а часам і скандальнымі, у іх заўсёды, нягледзячы на колер сцэнічных строяў, "чырванела" каханне і нейкая прыхаваная безабароннасць, якая і вымушала выстаўляць тыя колкія шыпы.
Няма чаго і казаць, што яна была задзейнічана ледзь не ва ўсіх спектаклях бягучага рэпертуару: "Стойкі алавянны салдацік", "Цыганскі барон", "Севастопальскі вальс", "Даратэя", "Шклянка вады", "Дон Жуан у Севільі"… I ў кожную ролю ўносіла тую сонечнасць і цеплыню, што была ўласціва ёй і ў жыцці.
Калі Ірына толькі-толькі пачынала рабіць першыя тэатральныя крокі, ніхто і не верыў, што яна – былая "кансерваторка", з трывалай акадэмічнай падрыхтоўкай, атрыманай у класе народнай артысткі Беларусі Любові Каспорскай. Кожны яе выхад аказваўся настолькі артыстычным і запамінальным, быццам перад намі – бліскучая драматычная актрыса. А моцныя каларатуры ўвогуле схілялі да думкі, што гэта – не менш як замежная суперзорка, пераможца безлічы конкурсаў, якая неверагодным чынам апынулася ў нас на гастролях.
… I вось "гастролі" скончаны – раптоўна, для ўсіх нечакана, літаральна ў некалькі хвілін, пад час якіх урачы былі бяссільныя. Быццам хтосьці нячулы і жорсткі заўчасна зрэзаў кветку, не даўшы ёй як след раскрыцца-расцвісці…
Культура. – 2008. – 2 жн.
|