Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/У завею па Брадвеі (2009 г., Культура)

У завею па Брадвеі (2009 г., Культура)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

У ЗАВЕЮ ПА БРАДВЕІ

press2009-01a У колішніх выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, падрыхтаваных як артысты музычных тэатраў, зноў пачалася творчая ліхаманка. У пошуках выратавання яны згуртаваліся з аднадумцамі і ў чарговы раз звярнуліся да жанру мюзікла – дакладней, да фрагментаў з мюзіклаў, склаўшы з іх музычнае рэвю "Прывітанне, Брадвей!". Спачатку той "Брадвей" разгарнуўся на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі, каб потым рушыць па іншых сцэнічных пляцоўках краіны.

А што? Увесь сцэнічны антураж – некалькі крэслаў, пазычаных у закуліссі (састаўце іх побач – вось вам і дарога), кавалак блакітнай фіранкі, накінутай на плечы (вось вам і мора, і неба, і "шлейф рамантызму"), а галоўнае – тры драўляныя швабры (яны ж – "рухавікі" цягніка, вешалкі, манекены і нават "партнёры", што ажываюць ад лісліва-пяшчотнай жаночай рукі). "І гэта – мюзікл?" – абурыцца той, для каго Брадвей – сімвал пастановачнай раскошы і спецэфектаў. Але ж "эфект" – ёсць! Ён – у той нічым не заменнай тэатральнай умоўнасці, калі дастаткова пакінуць хіба дэталі сцэнічных строяў (касцюмы – Любові Сідзельнікавай і з прыватнай калекцыі Юліі Бабаевай), астатняе дамалёўвае фантазія гледачоў. І артысты ў гэтым дапамагаюць, вызначаючы за галоўны складнік мюзікла не грошы, як чамусьці прынята думаць, а разняволенасць гульні (аўтар лібрэта і рэжысёр – Настасся Грыненка). Пры ўсім "капеечным" каштарысе спектакль не выглядае "бедненька" ці, тым больш, "самадзейна", наадварот, – вабіць абсалютнай прафесійнай выверанасцю, дзе ніводная дробязь не парушае агульную танальнасць і пры ўсёй полістылёвасці не ўзнікае нават намёку на эклектыку.

Жанр рэвю – "агляду", што набыў асаблівую папулярнасць на пачатку ХХ стагоддзя, патрабуе сюжэтнай канвы, на якую нанізваліся б самыя разнастайныя "пазычаныя" нумары. У спектаклі такім стрыжнем становіцца сцэнічная сітуацыя кастынгу і далейшых "рэпетыцый" асобных мюзіклавых сцэн. Пры гэтым артысты выступаюць адразу ў некалькіх ролях, выконваюць сольныя нумары, удзельнічаюць у дуэтах, трыо, "масоўках". І – ніводны з іх не "выязджае" на раней распрацаваных "тыпажах". Ва ўсіх – знаходкі. Ну хто калі чакаў, што Людміла Сучкова, спрактыкаваная на іміджы "вечнага Бураціна", гэтак зайздросна пачне змяняць маскі – ад сцярвозна-нервовай памочніцы рэжысёра да жанчыны, здольнай на забойства? Што лірычная Ілона Казакевіч ператворыцца ў гуллівае кацяня? А актрыса Купалаўскага тэатра Юлія Шпілеўская паўстане няўпэўненай правінцыялкай? Што Кацярына Дзегцярова, маючы трохгадовага сына і аднагадовую дачку, выйдзе за вечар ледзь не ў дзесятку роляў? І ўсе – "у дзесятку", уключаючы мужчынскую ролю гангстэра. У некаторых эпізодах змена аблічча была такой кардынальнай, што пазнаць Кацю можна было хіба па тэмбры голасу: надзвычай адметным, з унікальнай "пачуццёвай" вібрацыяй.

Не здзіўлюся, калі пры наступных паказах заспявае-затанцуе нават піяніст Аляксей Ішчанка, які цудоўна выступае канцэртмайстрам.

press2009-01b "Кастынг" на само рэвю прайшлі акурат 12 чалавек (акрамя згаданых удзельнікаў, – заслужаная артыстка Беларусі Валянціна Пятліцкая, артысты Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра Аляксей Грыненка, Дзмітрый Якубовіч, Дзяніс Нямцоў, з Рускага тэатра – Алена Дуброўская, выхаванец Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Дзяніс Мальцэвіч, юная зорачка, лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў Крысціна Святлічная). І гэтая лічба, што ўзнікла абсалютна спантанна, з’яўляецца шмат у чым сімвалічнай. Яна надае спектаклю незапланаваныя прыкметы… старажытнагрэчаскага тэатра, дзе з’яўленне на сцэне "хору" з 12-ці чалавек азначала "аб’ектыўны каментарый" да дзеяння. Дарэчы, каментарыі ў спектаклі "Прывітанне, Брадвей!" дае "голас за кадрам" (Сяргей Суцько). Заўважу: да канца спектакля мы так і не дачакаемся з’яўлення боса, які праводзіў кастынг. Таксама сімвалічна! Бо пастаноўка прысвечана светлай памяці педагога і рэжысёра Барыса Уторава – кіраўніка таго "эксперыментальнага" курса ў Акадэміі мастацтваў.

Яму было амаль 70, калі ён паставіў "Джулію" Уладзіміра Кандрусевіча – першы, можна сказаць, паўнавартасны беларускі мюзікл. Ён жа працаваў і над наступным мюзіклам гэтага кампазітара – "Шклянка вады", які і дагэтуль ідзе на сцэне Музычнага тэатра.

– Адкрыты да ўсяго новага, цікавага, – распавёў аўтар праекта, яго харэограф-пастаноўшчык (у сааўтарстве з А. Грыненкам) Дзмітрый Якубовіч, – Барыс Пятровіч быў для нас прыкладам творчай апантанасці. Да некаторых фрагментаў з мюзіклаў, што ўвайшлі ў рэвю, мы звярталіся яшчэ пад час вучобы, пад яго кіраўніцтвам. Іншыя нумары гучалі ў Беларусі ўпершыню (тэксты пераклалі з англійскай мовы, як звычайна, Аляксей і Настасся Грыненкі, аранжыроўкі зрабіў Уладзімір Ткачэнка). Утораў вучыў не блытаць маскультуру з назапашваннем лепшага сусветнага вопыту. Сярод амерыканскіх мюзіклаў ёсць як касавыя, так і дастаткова элітарныя. Гэта цудоўная музыка! І ўвядзенне яе ў гукавую прастору можа дапамагчы і нашым творцам у іх пошуках.

Надзея БУНЦЭВІЧ.
Фота Ігара КУЗНЯЦОВА.
Культура. – 2009. – 24–30 студ. – С. 9.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: