« Назад «УБЕЛЬСКАЯ ЛАСТАЎКА», ПЕРШЫ АДКРЫТЫ КОНКУРС ІМЯ СТАНІСЛАВА МАНЮШКІ, у якім удзельнічалі студэнты-вакалісты ВНУ, прайшоў сёлета ў Мінску і Чэрвені. Ён зрабіўся падставай пераканаўча нагадаць пра безумоўную прыналежнасць кампазітара да беларускай музычнай культуры. Адзін толькі май прынёс яшчэ дзве значныя падзеі. Паболела беларускіх лаўрэатаў на Міжнародным конкурсе імя Манюшкі ў Варшаве: да саліста нашай Нацыянальнай оперы Юрыя Гарадзецкага сёлета далучыліся бас-барытон Анатоль Сіўко і тэнар Павел Пятроў (адпаведна 1-я і 2-я прэміі).
Конкурс быў названы Першым — маўляў, першы блін? Але ж ён, насамрэч, Дзявяты! Пагодзімся, што ён упершыню стаў адкрытым, сабраўшы спевакоў з Расіі, Украіны, Латвіі, нават Бельгіі (кітайскія студэнты ўдзельнічалі і раней). Упершыню прайшоў у тры туры, дзе фінал — з аркестрам. Упершыню ў складзе журы не было тых, у каго вучацца ўдзельнікі-студэнты. Імёны прафесараў нават не называліся ні ў буклетах, ні са сцэны, каб на членаў журы не ўплывалі іх заслугі. Упершыню да Чэрвеня, дзе быў заключны канцэрт, не даехала журы, у склад якога былі пакліканы былыя пераможцы «Убельскай ластаўкі», цяпер знаныя оперныя салісты (прыехаў, але з прыгодамі, толькі старшыня Віктар Скарабагатаў). Але навошта перакрэсліваць усё ранейшае, што рабілася ажно з 1999-га? Не, не цэнім мы ўласныя здабыткі!.. Надзея БУНЦЭВІЧ. На здымку: Вольга Жалезская, дыпламант конкурсу. |