Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Удачы табе, "Несцерка"! (1982 г., Літаратура і мастацтва)

Удачы табе, "Несцерка"! (1982 г., Літаратура і мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

УДАЧЫ ТАБЕ, "НЕСЦЕРКА"!

Знаёмства з творчасцю Рыгора Суруса – гэта сустрэча з разнастайнасцю і шматфарбнасцю жыцця. Чалавек актыўнай жыццёвай пазіцыі, па-творчы апантаны, ён раскрывае ў музыцы старонкі гісторыі Радзімы, яе сённяшні дзень, апявае хараство. 

Узрушана гаворыць пра веліч і мужнасць савецкага салдата вакальна-сімфанічная паэма Р. Суруса "Памяці герояў", дзе дакументальнасць літаратурнай асновы (тэксты надпісаў на Мамаевым кургане, Марсавым полі, на сценах Брэсцкай крэпасці) зліваецца з мастацкім увасабленнем тэмы ўсенароднага подзвігу. Карціны народнага жыцця, адметныя ў сваёй дынаміцы, ажываюць у яго вакальна-інструментальнай сюіце "Сваток", фантазіі "Беларускія ўзоры", сюіце "Беларускія напевы"… А новая праца, якая захапіла кампазітара, – новы мастакоўскі зварот да падзей Вялікай Айчыннай: ён піша музыку для будучага спектакля Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР паводле п’есы А. Макаёнка "Трыбунал". 

Звяртаючыся для слухача, Р. Сурус ніколі не забываецца, на якой зямлі ён жыве, хто – ягоныя слухачы. Яго музыка характарызуецца народнасцю, лексіка кампазітара нярэдка грунтуецца на традыцыях беларускай песенна-танцавальнай жанравасці. І сярод іншых твораў тут перш за ўсё вылучаецца народная музычная камедыя "Несцерка". (Чытач, безумоўна, ведае, што гэты твор напісаны на лібрэта В. і А. Вольскіх паводле аднайменнай п’есы В. Вольскага і пастаўлены ў Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі БССР). 

Драматургічна цэласнае лібрэта з разгорнутымі народнымі сцэнамі, малюнкамі побыту, каларытнымі вобразамі дзейных асоб; стыхія народнай гаворкі з трапнымі сакавітымі прымаўкамі, – усё гэта дазволіла Р. Сурусу стварыць народную музычную камедыю, дзе пануе дух весялосці, аптымізму. Музыка, розная, як і само жыццё дапамагае нам перажыць разам з героямі іх трывогі і радасці, паверыць у перамогу дабра. Яна прасякнута духам народнага меласу: так, даводзіцца гаварыць не столькі пра цытатны спосаб выкарыстання беларускага фальклору, колькі менавіта пра аўтарскае яго засваенне, уменне перадаць сам дух, характар народнага мастацтва. У партытуры "Несцеркі" сустракаюцца мелодыі папулярных беларускіх песень "Сваток", "Антон маладзенькі", "Бульба". "Саўка ды Грышка" і інш. Усе яны маюць арганічнае развіццё ў музычным тэксце, надаючы яму асаблівую прывабнасць, каларыт. 

У творы Р. Суруса дакладна акрэсліваюцца дзве вобразныя сферы. У адной з іх – з адкрытай шчырасцю ўвасобленыя вобразы галоўных дзейных асоб. Гэта – сам Несцерка і яго сябры-скамарохі; Наста і Юрась; бацькі Насты; народ. Другая вобразная сфера аб’ядноўвае сілы, якія перашкаджаюць добрым людзям на іх шляху да шчасця. Тут і самадур пан Бараноўскі са сваімі паслугачамі, і самаўлюбёны дурань Самахвальскі. І калі для першай вобразнай сферы "Несцеркі" характэрная народная жанравасць і лірыка, дык для другой аўтар выбірае музыную пародыю, іронію, гратэск. 

Адзінству ж усяго твора (можна гаварыць і пра спектакль цалкам) спрыяе сістэма лейтматыўных характарыстык, якую шырока выкарыстоўвае кампазітар. Адметныя тэмы Несцеркі, скамарохаў, тэмы кірмашу, лялечнага прадстаўлення; танцавальныя рэмінісцэнцыі. А музыка пралога выконвае не толькі вобразна-сэнсавую функцыю (гэта тэма любві да роднага краю), але і лейтматыўную (неаднаразова яна паяўляецца ў ходзе музычна-драматургічнага развіцця, таксама і заключае спектакль, дзе гучыць шырока, урачыста, накшталт своеасаблівага лірычнага гімна). 

Многае ў творы Р. Суруса сведчыць пра цесную сувязь аўтара з традыцыямі народнага тэатра і народнага мастацтва ў цэлым. І вельмі важная асаблівасць "Несцеркі" – яго сучаснасць. Яна – у сучасным кампазітарскім мысленні з яркай экспрэсіяй музычнай мовы, часам складанымі рытмічнымі структурамі, цікавай аркестроўкай, новымі прыёмамі пісьма. Сучасная і сама пастаноўка спектакля, яе сацыяльная накіраванасць, арганічнае акцёрскае ўвасабленне вобразаў. Таму і глядач, разам са стваральнікамі спектакля, хвалюецца, весяліцца, журыцца, яшчэ і яшчэ раз адкрываючы ў мастацтве, у жыцці, дый у сабе самім сапраўднае хараство і дабрату. Як Хаджа Насрэдзін, як Ціль Уленшпігель, так і беларускі Несцерка стаў увасабленнем няўрымслівага, таленавітага духу народа. Ён – вечны. Ён, Несцерка, патрэбны людзям. 

І гэты герой, і сам спектакль Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР мае заслужаны поспех не толькі ў шматлікіх гледачоў. На Усесаюзным аглядзе спектакляў для дзяцей і юнацтва ў драматычных і музычных тэатрах краіны "Несцерка" ў пастаноўцы беларускай трупы заваяваў дыплом ІІ ступені. Добрыя водгукі спецыялістаў атрымаў твор Р. Суруса ў час ІІІ Усесаюзнага фестывалю творчай моладзі музычных тэатраў. Пастаноўка "Несцеркі" рыхтуецца ў тэатры горада Нікалаева… Словам, сцэнічны лёс народнай музычнай камедыі Р. Суруса складаецца шчасліва, і думаю, што заслужанай ацэнкай гэтай працы кампазітара можа стаць прысуджэнне яму Дзяржаўнай прэміі рэспублікі.

Іна ЗУБРЫЧ.
Літаратура і мастацтва. – 1982. – 24 верас. – С. 7.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: