« НазадУЛАДЗІМІР ІВАНОЎТой, які заўжды танцуеУ айчынным балетным тэатры рэдка сустракаюцца дзеячы ў такой ступені шматгранныя. Саліст балета, педагог, харэограф… Народны артыст Беларусі Уладзімір Іваноў — асоба легендарная і харызматычная. На працягу двух дзесяцігоддзяў ён танцаваў вядучыя партыі ў спектаклях Нацыянальнага тэатра оперы і балета. Аднолькава пераканаўчым быў і ў гераічных ролях, такіх як Тыль Уленшпігель, Спартак, Машэка, і ў лірыка-драматычных — як Рамэа і Хазэ, і ў відавочна камедыйных — як Базіль і прынц Лімон. Развітаўшыся з прафесійнай сцэнай, Уладзімір выкладаў у дзвюх Акадэміях — мастацтваў і музыкі, у харэаграфічным каледжы, у БДУ культуры і мастацтваў. Цяпер Уладзімір Іваноў — галоўны балетмайстар Беларускага музычнага тэатра. Але размову мы распачалі з даўніх уражанняў. Яны тым больш каштоўныя, што інтэрв'ю Уладзімір Уладзіміравіч не любіць і да кантактаў з журналістамі зусім не імкнецца. Мне заўсёды здавалася, што ваш шлях у мастацтве — сапраўды зорны… Такія ролі, такія партыі! Бляск, прызнанне! Вамі захаплялася неверагодная колькасць і прафесіяналаў, і аматараў балета. Да сённяшняга дня для многіх вы чалавек незвычайны… — Часам я вельмі баяўся, што мяне перавядуць на партыі другога — трэцяга плана. Цягам сцэнічнай кар'еры даводзілася літаральна весці барацьбу за тое, каб танцаваць. I ўвесь час мусіў даказваць сваё права на вядучыя партыі… Цяжка паверыць! Памятаю, у класічных спектаклях сярэдзіны 70-х вы танцавалі партыі, як кажуць, "другога становішча" — Ганс у "Жызэлі", Ротбарт у "Лебядзіным". Штосьці было ў вашым абліччы і пластыцы, што пярэчыла суцэльнаму акадэмізму. Згадваю, на здачы "Жызэлі" мастацкай радзе тагачасны міністр культуры з раздражненнем заўважыў: Ганса — Іванова трэба падстрыгчы, бо валасы надта доўгія. Пазней нечакана выявілася, што вы ідэальна падыходзіце для пастановак сучаснай харэаграфіі. Воблік вашага Тыля няўлоўна нагадваў салістаў "Бітлз". Ці Трубадура з фантастычна папулярнага мультфільма "Брэменскія музыканты"… — Калі я скончыў каледж і ў 1971-м прыйшоў у тэатр, спачатку мяне паставілі ў кардэбалет. Елізар'еў з'явіўся праз два гады. Да яго наша праца як артыстаў балета падавалася не надта цікавай. А вось з ягоным прыходам, здаецца, адкрыўся новы ўзровень — і танца, і спектакля ўвогуле. У той час артысты не мелі магчымасці бачыць многія прынцыпова важныя пастаноўкі. Валянцін Мікалаевіч прыехаў з Ленінграда, які лічыўся балетнай сталіцай. Там заўжды ладзілася шмат прэм'ер, туды трапляла мноства замежных гастралёраў. Першыя спектаклі Елізар'ева ўспрымаліся публікай і артыстамі… як бомба, што нечакана ўзарвалася. Такой пластыкі, сцэнаграфіі, нават прынцыпаў пабудовы спектакля ў нас ніхто не ведаў. Успамінаю час падрыхтоўкі "Кармэн-сюіты". Перапынак. Елізар'еў пакідае мяне ў рэпетыцыйнай зале і спрабуе асобныя рухі і камбінацыі… Для партыі Хазэ ці Тарэра? — Не! Рухі, якія будзе выконваць кардэбалет. Але гэта вельмі цікава! У "Стварэнні свету" мне ўжо знайшлася роля Бога. Хоць адначасова і Адама рыхтаваў. Тады ў нас мелася каму выконваць значныя партыі, кшталту Адама, — танцавалі Юра Траян, Валодзя Камкоў. Працэс рэпетыцый, калі на тваіх вачах ствараецца спектакль, — гэта сапраўды шчаслівыя моманты. I я Валянціну Мікалаевічу за іх вельмі ўдзячны. Бо з ім было лёгка і цікава працаваць. Тое, што Елізар'еў тлумачыў, я разумеў адразу. Мы адчувалі адзін аднаго. У балеце "Тыль Уленшпігель" паспеў станцаваць дзве партыі — і караля Філіпа (праўда, толькі аднойчы), і галоўнага героя. Ганаруся, што на сцэне маскоўскага Вялікага тэатра танцаваў Тыля падчас гастроляў тэатра. Наколькі я ведаю, разам з тэатрам вы пабывалі больш як у 20 краінах свету. Уражвае! Калі аналізуеш спіс выкананых партый, заўважаеш, што ў адной пастаноўцы вы танцавалі герояў, супрацьлеглых па эмацыйным стане і пластычных фарбах. Зігфрыд, рамантычны юнак — і Ротбарт, злы геній. Кароль Філіп, увасабленне зла — і насмешнік Тыль, які змагаецца за свабоду народа. Машэка — і Князь у "Кургане", пастаўленым паводле купалаўскіх паэм. А яшчэ былі ў вашай біяграфіі Спартак і Крас, Рамэа і Тыбальд. Мала хто з айчынных танцоўшчыкаў здатны на такую шырыню акцёрскага і пластычнага дыяпазону. Героі і нягоднікі, патэтыка і фарс, іронія і трагедыя… — Калі Елізар'еў прапанаваў рыхтаваць партыю Спартака, шчыра кажучы, я вельмі здзівіўся. Чамусьці здавалася, што я, высокі і худы, бліжэй да Краса, яго антаганіста. Прычым ролю трэба было засвоіць хутка. На гастролі ў Маскву тэатр вазіў балет Арама Хачатурана, мы выступалі на сцэне Крамлёўскага Палаца з'ездаў. А ў мяне яшчэ толькі-толькі чарговасць рухаў у партыі вывучана! Калі ішлі рэпетыцыі "Рамэа і Джульеты", не сумняваўся, што буду танцаваць Тыбальда. А раптам — Рамэа… Гэтага вашага героя добра памятаю. Хоць пасля прэм'еры (1988) прайшлі два з паловай дзесяцігоддзі. Калі артыст мае не толькі выдатныя прыродныя даныя, а яшчэ яркую эмацыйнасць і інтэлект — гэта адчуваеш праз дзве-тры хвіліны яго знаходжання на сцэне. Спектакль прывабліваў тым, што з Інэсай Душкевіч, выканаўцай партыі Джульеты, у вас было ідэальнае супадзенне. Па ўсіх параметрах! Па адухоўленасці аблічча, чысціні і высакароднасці ліній пластыкі, па трагедыйнасці эмоцый шэкспіраўскіх каханкаў. А якія дуэты! Такім героям верыш — ад першай сцэны і да апошняй. Спачуваеш, перажываеш за іх лёс. Яны не раздражняюць — ні фальшам, ні таннасцю прыёмаў. — Вы ўспомнілі Іну… Яна ўмее працаваць на рэпетыцыях. I ў партыях у нас быў вывераны літаральна кожны крок. Калі ў зале ішло не так, як трэба, я злаваў на яе і на сябе. Усе рухі, па, іх камбінацыі, найскладанейшыя віртуозныя падтрымкі паўтараліся неймаверную колькасць разоў. I таму на спектаклі ўсё атрымлівалася. Партыі былі адшліфаваны да дробязей. Я ведаў, што вось у гэты сцэнічны момант павярну галаву і нашы позіркі з Джульетай-Душкевіч перакрыжуюцца. А калі танцаваў з іншымі артысткамі, здаралася іначай. Азіраюся і бачу, што партнёрка па сцэне разглядае… уласны цень. Або кідае позірк у бок куліс — ці не стаіць там пастаноўшчык спектакля. Вядома, такія моманты ці разбураюць вобраз, ці зніжаюць яго гучанне. Ужо дваццаць гадоў не выходжу на сцэну як артыст. Але цяпер, з часавай адлегласці, успамінаю нават не тое, як танцаваў спектаклі. Бо гэта была праца. Адказная, якая патрабавала сканцэнтраванасці, засяроджанасці, сіл, фізічных і эмацыйных. Найперш запомніліся тыя моманты, калі спектаклі ставілі на нас. Гэта так важна! Як з танцоўшчыка вы паступова ператвараліся ў харэографа? Артысты, якія ярка рэалізавалі сябе на сцэне, не заўсёды арыгінальныя балетмайстры. Вы паставілі шмат запамінальных па вобразах і пластычных ідэях мініяцюр. Потым — спектакль "Кругабег" на музыку Алега Залётнева (разам з Юліяй Чурко) на сцэне Опернага. Пазней — балет "Мефіста" на музыку Уладзіміра Кандрусевіча ў Музычным тэатры… — Пачаў выкладаць у Тэатральна-мастацкім інстытуце, цяперашняй Акадэміі мастацтваў, і даводзілася працаваць са студэнтамі, якія ніколі не танцавалі. Там пачаў ставіць. Першы танец, які прыдумаў, — венгерскі, з тых рухаў, якія ведаў. Памятаю тагачаснае пачуццё творчага задавальнення. Удзячны Юліі Міхайлаўне Чурко, вядомаму крытыку і даследчыку танца. Яна літаральна адкрыла вочы на многія з'явы ў мастацтве. Бо артысты балета ў большасці сваёй кансерватары. Перакананыя, што класіка — вяршыня харэаграфіі. Але элементы мадэрна дадаюцца ў класіку, і гэта яе толькі ўзбагачае. Так ставіць спектаклі Барыс Эйфман. I атрымліваецца дзівосна! Чурко прапанавала выкладаць майстэрства акцёра будучым харэографам і балетным педагогам у Акадэміі музыкі. Мы пачалі рабіць пластычныя эцюды паводле беларускіх балад. Так узнікла задума балета "Кругабег". Пазней лёс сутыкнуў з Дзяржаўным музычным тэатрам, дзе паставіў балет "Мефіста". Спектакль атрымаўся моцны, глыбокі, меў філасофскае гучанне. У ім былі заняты вядучыя салісты трупы — Канстанцін Кузняцоў, Юлія Дзятко, Віталь Краснаглазаў. Праз некалькі гадоў вы вярнуліся да "Мефіста", аднавілі яго з новымі салістамі. Але цяпер балета няма на афішы… — Пракатны лёс спектакля не заўсёды залежыць ад пастаноўшчыка. Выканаўцы з'ехалі ў іншую краіну. Але ёсць настрой і жаданне вярнуць балет на сцэну, толькі з больш маладымі артыстамі. Дзесяць гадоў жыцця аддадзены працы ў харэаграфічным каледжы… — Заняткі былі вельмі напружаныя. Здаралася, па чатыры пары, значыць, восем гадзін кожны дзень. Часам і болей. Бо кожны рух трэба шліфаваць, працаваць над формай. Адказнасць за вучня вялікая. Тлумачыў выхаванцам: прафесія артыста балета такая, што размовамі нічога дасягнуць нельга. Трэба выходзіць на сцэну — і танцаваць. Прыходзіць у залу — і рэпеціраваць. Мой выхаванец Мікалай Радзюш з'яўляўся салістам нашага Тэатра оперы і балета. Танцаваў шмат галоўных партый. Цяпер ён адзін з вядучых салістаў Пецярбургскага тэатра балета пад кіраўніцтвам Барыса Эйфмана. Радуюся, што шмат танцуе і запатрабаваны. Калі працаваў у каледжы, усведамляў: ад таго, як буду займацца са сваімі вучнямі, залежыць іх лёс. Калі яны атрымаюць прафесію, усё ў іх складзецца добра. Не атрымаюць — будуць няшчасныя. Цяпер, пэўна, не быў бы такім суровым. Вёў бы сваю лінію больш мякка. Але вопыт прыходзіць паступова. Тлумачу, а вучань не зразумеў! Мне хацелася хутчэй атрымаць вынік. А навучэнцу трэба дайсці самому да рашэння. Тым і складаная педагогіка… Двое вашых сыноў таксама скончылі каледж, дзе менавіта вы былі іх педагогам. Харэаграфічная дынастыя — рэдкая ў Беларусі з'ява. Думаю, пластычныя здольнасці ў вашых сыноў немалыя. Танцавальныя гены дасталіся ім з двух бакоў. Ваша жонка, балерына Людміла Цярэнцьева, шмат гадоў была салісткай нашага тэатра. Выконвала і вядучыя ролі (Сольвейг у "Пер Гюнце", Нэле ў "Тылі"), і шмат сольных. — Калі ўзяў клас, дзе вучыўся старэйшы, Валодзя, дык не падзяляў: гэта мой, а гэта — чужыя. Памятаю, сын нават крыўдаваў: "Чаму ты на іншых звяртаеш увагу, а на мяне — не?" Але ўсім я рабіў адны і тыя ж заўвагі. Цікава, як склаўся лёс вашых сыноў пасля каледжа? — Старэйшы працуе ў тэатры чэшскага горада Брно. Валодзя хутка засвойвае малюнак танца. Можа днём вывучыць партыю, а вечарам ужо танцаваць. Выконвае вядучыя ролі. Лёгка вывучыў чэшскую мову. Радуе, што ён пачаў ставіць асобныя нумары. Нават паказваў свае мініяцюры ў Лодзі на міжнародным конкурсе. Летась ён пачаў вучыцца ў Празе, авалодваць прафесіяй харэографа. Малодшы, Аляксандр, працуе ў трупе Барыса Эйфмана. Станцаваў Прывіда ў "Рускім Гамлеце", Фёдара Паўлавіча ў "Карамазавых". Пра сыноў магу гаварыць бясконца. Яны — прадмет гонару і перажыванняў… 3 2010 года вы — галоўны балетмайстар Беларускага музычнага тэатра. Калі даведалася пра прызначзнне, уздыхнула з палёгкай. Бо ўзнікла адчуванне хоць бы часткова адноўленай справядлівасці. Многія гады заставалася ўражанне, што вашы таленты як след не запатрабаваныя. 3 якім настроем і планамі вы з'явіліся ў гэтай трупе? — Скажу шчыра, не збіраўся туды ісці. Катэгарычна не хацеў. Выкладаў ва Універсітэце культуры і мастацтваў на кафедры Святланы Гуткоўскай. Музычны тэатр запрасіў аднавіць "Мефіста". Калі Ніна Дзьячэнка стварала балетную трупу, яе не заўжды падтрымлівала кіраўніцтва тэатра. Апошнія гады калектыў перажываў не лепшыя часы. Паступова ўзнік "застой". Калі ж мы пачалі размаўляць з дырэктарам Аляксандрам Пятровічам і мастацкім кіраўніком Адамам Мурзічам, я адчуў, што яны зацікаўлены, каб харэаграфічная трупа інтэнсіўна развівалася. Тады падумаў: "А чаму б не паспрабаваць?.." Спачатку ў тэатры ўсе аказалася вельмі няпроста. Артысты, якія танцавалі асобныя нумары ў аперэтах, прызвычаіліся не да сур'ёзных рэпетыцый, а да таго, каб рабіць "зверку", удакладненне па мізансцэнах: хто дзе стаіць, адкуль выходзіць, — і ўсё! Маўляў, сустрэнемся вечарам на спектаклі. А харэаграфія патрабуе, каб адпрацоўваўся кожны рух. Многія не маглі зразумець: навошта рэпеціраваць у поўную сілу?! Калі ў балетнай трупе ёсць вядучыя майстры сцэны, салісты, яны павінны працаваць з большай нагрузкай, чым кардэбалет. Таму выйсце бачылася такое: або адмовіцца ад некаторых выканаўцаў, або прымусіць працаваць. Лічу дасягненнем, што за тры гады балетная трупа аднавілася больш як на палову. Шмат якіх вынікаў можна дасягнуць дзякуючы сябрам. Калі Інэсу Душкевіч прызначылі мастацкім кіраўніком каледжа, папрасіў яе: "Іна, дапамагай!" У новым сезоне ў тэатры пачнуць працаваць 15 выпускнікоў каледжа. Нарэшце будзем мець калектыў, які складаецца больш як з 40 класічных танцоўшчыкаў. А ёсць артысты, занятыя ў танцавальных нумарах аперэт і мюзіклаў. Зразумела, адны пераўтварэнні цягнуць за сабой наступныя. Выяўляецца, што для такой трупы замала грымёрак і рэпетыцыйных памяшканняў. Таму на месцы адной "кішэні" сцэны, дзе пакуль захоўваюцца дэкарацыі, вырашылі зрабіць дадатковую балетную залу… Прайшло тры сезоны. На маю думку, балетная афіша зрабілася больш разнастайнай. Цяпер на ёй сем спектакляў. У тым ліку два, ажыццёўленыя пры вашым непасрэдным удзеле: "Шчаўкунок" і "Асоль". А якія планы на наступныя сезоны? — Калі мае артысты не занятыя штодня ў аперэтах, можна працаваць над поўнаметражнымі харэаграфічнымі спектаклямі. У лістападзе ці снежні мяркуецца прэм'ера балета "Тысяча і адна ноч". Хачу зрабіць і ўласную рэдакцыю балета "Дон Кіхот". Лепшыя фрагменты харэаграфіі Марыуса Пеціпа застануцца нязменнымі, а вось ігравыя моманты або сцэну сну Дон Кіхота можна паставіць іначай. У спектаклі ёсць што танцаваць. Вядома, для кожнай пастаноўкі трэба мець некалькі складаў выканаўцаў, каб забяспечыць ім рэпертуарную і пракатную трываласць. I апошняе пытанне. Хто з сучасных балетмайстраў цікавы вам — па прынцыпах пабудовы спектакля, па пластычных пошуках? — Трупа Раду Паклітару мабільная, шмат у чым універсальная, але часам нагадвае калектывы ўніверсітэта культуры. Некаторыя пастаўленыя гэтым балетмайстрам спектаклі не ўспрымаю ўсур'ёз, а вось ягоныя мініяцюры заўжды ёмістыя і вобразныя. У Матса Эка высока ацэньваю "Дом Бернарды Альбы". З вялікім інтарэсам гляджу пастаноўкі Нача Дуата, у якіх вельмі красамоўныя целы танцоўшчыкаў, свежы і нечаканы малюнак. Самай значнай асобай у сучасным балетным тэатры падаецца Барыс Эйфман. Яго спектаклі вельмі насычаныя, кожная роля надзіва ёмістая. Па глыбіні думак, глабальнасці ідэй, па насычанасці кожнага руху — больш сур'ёзных харэаграфічных пастановак не бачыў. Уладзімір Уладзіміравіч, жадаю вам плёну ў няпростай сітуацыі — у Музычным тэатры, дзе балет з'яўляецца толькі адным з накірункаў дзейнасці трупы. Будзем чакаць балетных прэм'ер, каб потым распавесці пра іх нашым чытачам… Таццяна МУШЫНСКАЯ. |
тел.: (017) 275-81-26
220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44
Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by