Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Урокі гастрольнага жніўня (1984 г., Тэатральны Мінск)

Урокі гастрольнага жніўня (1984 г., Тэатральны Мінск)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

УРОКІ ГАСТРОЛЬНАГА ЖНІЎНЯ

Сапраўды, мінская аперэта не можа паскардзіцца на свае гастрольныя маршруты. У мінулым годзе прывычнае нядзельнае шматгалоссе на алеях Петрадварца было перапынена ўрачыстым голасам распарадчыка: "У гонар Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР адкрыць фантаны!"

А ў жніўні 1984 года мінскія артысты часова прапісаліся на сцэне сочынскага Зімовага тэатра, дзе іх своеасаблівасць ацэньвалі загарэлыя адпускнікі з розных куткоў краіны. Пасля выключна паспяховых ленінградскіх выступленняў, калі іх з захапленнем прымала патрабавальная публіка гэтага горада, нашаму тэатру трэба было трымаць экзамен перад гледачом не менш патрабавальным, але больш разнастайным па сваіх мастацкіх прыхільнасцях і густах, па сутнасці, перад гледачом усесаюзным. Жнівень быў дванаццатым працоўным месяцам для калектыву, ён завяршаў доўгі і складаны тэатральны сезон, і, натуральна, неабходна было пераадолець стомленасць, набраную за год, прыстасавацца да гарачага вільготнага клімату. Востра адчувалася на гастролях і вымушаная (з прычыны хваробы) адсутнасць вядучай салісткі тэатра, талентам якой ганарыцца ўся савецкая аперэта, – Наталлі Гайды. Усё гэта прад'яўляла да калектыву павышаныя патрабаванні.. У гэтым плане гастролі былі паказальнымі. Яны выявілі як моцныя, так і слабыя звенні ў рабоце калектыву, больш дакладна вызначылі перспектывы яго далейшага развіцця.

Сочы... Славутая платанавая алея стракаціць яркімі эфектнымі плакатамі, якія запрашаюць на канцэрты Л. Івановай, на паказы Ленінградскага мюзік-хола. А сярод іх сціплыя і немудрагелістыя (уласна, чаму?) афішы аперэт "Лятучая мыш" і "Ноч у Венецыі" I. Штраўса, "Вясёлая ўдава" і "Фраскіта" Ф. Легара, мюзіклаў "Мая чароўная лэдзі" Ф. Лоў і "О, мілы друг" В. Лебедзева. I ўсё ж аперэта не згубілася ў гэтай гастрольнай шматколернасці. Больш за дваццаць дзён запоўненыя ложы Зімовага тэатра ўсхвалявана дыхалі ў рытме вальсаў і чардашаў, танга і факстротаў, у рытме музыкі, што шмат разоў адыходзіла ад нас і заўсёды зноў вярталася абноўленая і памаладзеўшая.

Зразумела, сапраўдны спектакль ствараецца толькі ў адзінстве музыкі з дынамічнай інтрыгай, вынаходлівай сцэнаграфіяй, выканальнцкай натхнёнасцю. Але не пабаімся сцвярджаць, што наяўнасць нават палавіны кампанентаў робіць спектакль здольным. Так, поспех у гледачоў "Лятучай мышы" і "Вясёлай удавы", якія не вызначаюцца рэжысёрскай арыгінальнасцю, звязаны, перш за ўсё, з элегантнай дасціпнасцю лібрэта, "Фраскіты" – з экзатычнай яскравасцю касцюмаў і наогул іспана-цыганскім каларытам спектакля. I найбольш высокую ацэнку гледачоў і крытыкі атрымалі спектаклі "Мая чароўная лэдзі" і "Ноч у Венецыі", у якіх таленавітасць выканаўцаў падтрымана прафесіяналізмам рэжысуры (С. Штэйн), тонкасцю і эмацыянальнасцю прачытання музычнай партытуры (дырыжор А. Лапуноў). Не выпадкова "Лэдзі" была запісана Сочынскім тэлебачаннем.

I спецыялісты, і тэатралы адзінадушна адзначалі высокую агульную культуру тэатра, якая адчуваецца ў сур'ёзнасці прывезенага рэпертуару, у натуральнасці, арганічнасці акцёрскай ігры, вольнай ад грубага камікавання і архаічнай "вампукі", у яркасці і стараннасці пастановачнага афармлення спектакляў. I даверлівыя шчырыя студэнты, і сівыя тэатральныя капельдзінеры гаварылі, што ў мінскім тэатры маладосць жанру аперэты падмацоўваецца маладосцю мастацкага кіраўніцтва, салістаў, балета, хору, што і дае калектыву творчы патэнцыял.

Шмат добрых слоў было сказана ў адрас артыстаў. I сапраўды прыгожа і свежа гучаў на гастролях голас В. Мазур (Ганна Главары), вытанчанасцю і абаяннем падкупалі гераіні Н. Белавусавай (Фраскіта) і В. Пятліцкай (Адэль), ярка і тэмпераментна іграў Хігінса Г. Харык, Фалька – П. Рыдзігер, Дулітла – Ю. Лазоўскі, Дэльаква – К. Лосеў. Сталы прафесіяналізм паказалі З. Вяржбіцкая (Чыбалета) і Г. Казлоў (Урбіна), улюбёнасцю ў сваіх герояў, маладым запалам захаплялі гледачоў А. Касцецкі, С. Якавец, А. Кузьмянкоў. Запомніліся гледачам акцёры А. Ранцанц, Г. Нікіцін, I. Скарабагатава, а таксама таленавітыя салісты балета Л. Рабушка, Г. Акімава, В. Крупскі, А. Казінец.

...Кветкі, авацыі, запоўненая зала. Здавалася б, поўны поспех. I ўсё ж у некаторым спадзе цікавасці гледача да апошніх спектакляў тэатра адчуваўся не толькі блізкі подых працоўнай восені, але і пэўныя пралікі ў рэпертуарнай палітыцы калектыву. На працягу месяца ў Сочы актыўна паказваліся толькі пяць спектакляў, якія ішлі па 5–6 разоў.

Востра адчувалася адсутнасць у рэпертуары яркіх мюзіклаў, напісаных сучаснай музычнай мовай і разлічаных на маладзёжную аўдыторыю. Адносная няўдача "Мілага друга" з'явілася тым славутым выключэннем, якое пацвярджае правіла. Па сведчанню гледачоў, ідэйна-эстэтычнае ўражанне ад спектакля было ў значнай ступені зніжана яго тэхнічнай непадрыхтаванасцю: нездавальняюча працавала гукаўзмацняльная апаратура, адсутнічаў баланс паміж сцэнай і аркестрам, а таксама паміж рознымі групамі аркестра. Дарэчы, надзвычай моцнае і не заўсёды роўнае гучанне аркестравай медзі адчувалася і ў іншых спектакля ("Фраскіта", "Мая чароўная лэдзі", на заключным канцэрце). Здаецца, што гэта становіцца застарэлай хваробай нашага маладога тэатра.

Даўно гаворыцца пра адсутнасць у тэатра паўнацэннага і дастаткова вялікага канцэртнага рэпертуару. Аб адсутнасці перамен і ў гэтай галіне красамоўна сведчыў заключны канцэрт, складзены наспех і выкананы недастаткова выразна. Над стварэннем новых канцэртных нумароў у тэатры актыўна працуе бадай што толькі балетмайстар-рэпетытар Ю. Лапша.

Выклікае заклапочанасць і адсутнасць строгага мастацкага самакантролю ў шэрагу выканаўцаў, а таксама зніжэнне патрабавальнасці да іх з боку кіраўніцтва тэатра. Асабліва недапушчальна, што вакальная, размоўная і мізансцэнічная неахайнасць, адсутнасць строга выверанага драматычнага і пластычнага малюнка ролі сустракаюцца, на жаль, і ў вядучых, вопытных акцёраў тэатра. На творчым патэнцыяле і творчай дысцыпліне трупы адмоўна адбілася доўгая адсутнасць у тэатры галоўнага рэжысёра, а таксама педагогаў па вакалу, рэжысёра-педагога і рэжысёра па пластыцы.

Думаецца, тэатр сам цвяроза ацэньвае свае недахопы і будзе працаваць над іх ліквідацыяй. Не адставаць ад жыцця настойліва шукаць – толькі такі шлях вядзе да значных мастацкіх адкрыццяў. Не выпадкова новы галоўны рэжысёр намеціў шэраг мер па ўмацаванню творчай дысцыпліны ў калектыве, не выпадкова бліжэйшая прэм'ера тэатра – мюзікл Пажлакова "Сірано дэ Бержэрак" па матывах славутага твора Э. Растана сярод далейшых планаў, як працяг творчай лініі тэатра, – работа над мюзіклам Я. Глебава "Мільянерша" па п’есе Б. Шоў.

Хочацца верыць, што, уступаючы ў свой 15-ы сезон, калектыў Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР улічыў як дадатныя, так і негатыўныя ўрокі гэтага гастрольнага жніўня.

В. КАРАТАЙ. 
Тэатральны Мінск. – 1984. – № 6.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: