« Назад
АДАМ МУРЗІЧ: "УСЕ ЖАНРЫ ДОБРЫЯ, АКРАМЯ СУМНАГА"
Новы мастацкі кіраўнік тэатра музкамедыі Адам МУРЗІЧ плануе эксперыментаваць, захоўваючы традыцыі. Лёсы тэатраў – як лёсы людзей: то паласа белая, то паласа чорная. За апошнія гады Беларускаму акадэмічнаму музычнаму тэатру давялося многае перажыць: скандалы, масавыя звальненні зорак аперэты, адкрытыя лісты ў рэспубліканскія выданні і нават у Міністэрства культуры. Некалькі месяцаў тэатр заставаўся без кіраўніцтва: Аляксей Ісаеў, які сумяшчаў пасады дырэктара і мастацкага кіраўніка, падаў у адстаўку, і шэкспіраўскія жарсці за кулісамі трохі сціхлі. Зімой трупе быў прадстаўлены новы дырэктар – Аляксандр Пятровіч, а вось мастацкага кіраўніка абралі толькі зараз. Вакантную пасаду заняў Адам Мурзіч.
Адам Асманавіч Мурзіч дагэтуль узначальваў вакальнае аддзяленне ў музычным вучылішчы імя Глінкі. У 1992 годзе атрымаў званне заслужанага работніка Беларусі. Яго прызначэнне спачатку трымалася ў сакрэце. Калі Адам Асманавіч упершыню выйшаў да трупы, у зале пачуліся апладысменты. Не дзіва: за сваю доўгую педагагічную кар’еру Мурзіч адкрыў мноства талентаў. Яго вучні спяваюць на лепшых беларускіх сцэнах, у Марыінцы, у італьянскай і нямецкай оперы.
– Адам Асманавіч, ці збіраецеся вы "чысціць" рэпертуар?
– Несумненна, пыл стрэсці давядзецца. Я не магу назваць канкрэтныя пастаноўкі, але некаторыя з іх знікнуць з рэпертуару. Тэатр не павінен стаяць на месцы, ён павінен пастаянна развівацца. Я тут для таго, каб вярнуць класіку. Лічу, што працэнтаў 60-70 рэпертуару павінна быць прыкладам высокай класікі, якая задавальняла б запыты нашага слухача. Што датычыцца Ісаева… Гэта чалавек, які быў у тэатры, калі мяне яшчэ тут не было. Таму я не маю маральнага права гаварыць на гэту тэму. Гэта ўладальнік выдатнага голасу і вельмі яркай сцэнічнай знешнасці. Калі б такі спявак трапіў да мяне ў тэатр, я яго б песціў і на руках насіў. А ўвогуле прыйшоў час збіраць камяні.
– Як вы ставіцеся да мюзікла, эксперыментальных пастановак тэатра?
– Усе жанры добрыя, акрамя сумнага. Маладое пакаленне прапануе свой новы свежы погляд на мастацтва. Для мяне паказчык – перамогі на міжнародных конкурсах. Безумоўна, мюзікл павінен мець месца ў нашай афішы. Балетная трупа таксама не застанецца без увагі. Новае – гэта заўсёды цікава.
– У 2007 годзе тэатр пакінулі вядучыя артысты. Ці будзе тэатр наладжваць адносіны са сваімі ветэранамі?
– Ёсць людзі, якія з’яўляюцца сімвалам тэатра. Для мяне гэта ў першую чаргу Наталля Гайда. Я на яе маліцца гатовы! Маладым ёсць чаму павучыцца ў старэйшага пакалення. Наша мэта – еўрапейскі стандарт, высокая вакальная культура, вытанчаны густ, стыль, лёгкасць і прыгажосць. Як тут абысціся без пераемнасці пакаленняў?
– Некалі трупа аб’ездзіла ўсю Еўропу. Якія гастролі плануюцца?
– У асноўным гэта гастролі па Беларусі. Запланавана паездка ў Екацярынбург, але толькі ў 2013 годзе. Магчыма, адправімся ў Баку.
– Напэўна, самае набалелае пытанне і часткова рытарычнае: чаму ў творчых калектывах так часта ўзнікаюць канфлікты? Як вы збіраецеся падтрымліваць нармальны мікраклімат у калектыве?
– Мікраклімат – гэта самае галоўнае. Я кіраваў вялікімі калектывамі на грамадскай рабоце. Гэта вельмі складаны арганізм – вакальная кафедра, але ў мяне не было ніводнага канфлікту. Калі ў нас будзе лад, будзе праца і парадак. Дысцыпліна будзе не палачнай, а творчай. Для мяне гэта вельмі важна. Няма чацвёртага акцёра ў пятым дзеянні. Ёсць чалавек, які працуе ў тэатры. Да ўсіх павінны быць аднолькавыя адносіны. Я не прымаю нагавораў, калідорных размоў. Набалела? Бярыце праціўніка і прыходзьце да мяне ў кабінет. Разбяромся. У мяне любімчыкаў не будзе. Яны будуць у публікі.
Кацярына ГАБЫШАВА. Народная газета. – 2010. – 13 ліп. – С. 6.
|