« Назад
УСЛЕД ЗА СТАЛЫМІ МАЙСТРАМІ
Мне хочацца падзяліцца з чытачамі (многія з якіх, мяркую, цікавяцца спектаклямі тэатра музкамедыі) назіраннямі за работаю маладых салістаў нашай аперэты.
Безумоўна, удзел у спектаклях побач з майстрамі, перайманне вялікага жыццёвага і творчага вопыту сталых партнёраў і дарадцаў дае маладым выканаўцам вельмі многа. А павучыцца ёсць у каго: Н. Гайда, Н. Равінская, В. Мазур, Н. Белавусава, К. Лосеў, В. Шаўкалюк, В. Фаменка, Ю. Лазоўскі, У. Лінкевіч, некаторыя іншыя – сталыя артысты з вялікім сцэнічным стажам. Каб адпавядаць узроўню іх майстэрства, маладзейшым партнёрам даводзіцца многа і напружана працаваць. Нярэдка вынік гэтай працы ўдалы, бывае – і не.
Найперш я вылучыла б работу ў тэатры Рыгора Харыка. Ён заявіў аб сабе на поўны голас, заняўшы ў трупе месца аднаго з вядучых салістаў. Помню, як сем гадоў назад малады спявак пачынаў свой творчы шлях. Яго вакальныя магчымасці, прыгожы голас пераважалі тады над акцёрскімі якасцямі (кансерваторыя, на жаль не дае сваім выхаванцам-спевакам дастатковых навыкаў драматычнай ігры, асабліва – для сцэны тэатра музычнай камедыі). Але працавіты пачатковец разумна выкарыстаў дапамогу, парады тых, хто побач, – рэжысёраў, артыстаў-калег. Нельга забывацца і пра талент, артыстычнае чуццё маладога спевака, яго ўменне пранікаць у аўтарскую задуму ролі, у сэнс вобраза і ствараць характар.
3 вялікім эмацыянальным напалам сыграў ён Жоржа Дзюруа, гэткага "шакала", які робіць сваю кар'еру, не грэбуючы самымі цынічнымі сродкамі. Дзюруа-Харык у службовых сітуацыях і ў інтымных сцэнах аднолькава нахабны, цалкам падпарадкоўвае свае ўчынкі ажыццяўленню ўласных авантур. Харык іграе Дзюруа з нейкай асаблівай вясёлай і выкрывальнай злосцю ("О, мілы друг...").
Адметная работа артыста – Чацкі. Хоць пра спектакль "Гора ад розуму" ёсць супрацьлеглыя меркаванні, выканання ролі Чацкага гэтая палеміка, бадай, не закранае. I сапраўды: Харык іграе з рэдкай аддачай фізічных і духоўных сіл, стварае вобраз Чацкага ў сучасным ключы.
Такіх вялікіх, псіхалагічна складаных роляў, якія пашанцавала сыграць Р. Харыку, у рэпертуары іншых маладых салістаў пакуль няма. Што зробіш, яркія, складаныя вобразы не часта ўбачыш у аперэтачных лібрэта. Пры ўсім тым, у работах многіх маладых артыстаў тэатра ёсць цікавыя акцёрскія знаходкі, якія робяць гэтыя работы запамінальнымі. Так, мне запомнілася роля місіс Пірс у мюзікле "Мая цудоўная лэдзі", якую сыграла маладая артыстка Ірына Скорабагатава. Місіс Пірс – побач з дуэтам Генры Хігінса і Элізы Дулітл у выкананні Р. Харыка і Н. Гайды – стала адной з яркіх фарбаў спектакля.
Артыста Анатоля Касцецкага мне не давялося пабачыць у значных ролях, хоць у яго творчым багажы яны ёсць. Але тое, што паказвае артыст у "маленькіх ролях" самага рознага плана, заслугоўвае ўхвалення. Прыгадаю яго Джэмі ў "Маёй цудоўнай лэдзі", дзе ён іграе з такой заўзятай гарэзлівасцю; Ляснічага ў "Лятучай мышы", дзе артыст сціплымі сцэнічнымі сродкамі стварае каларытны трагікамічны вобраз. Але асабліва адзначу А. Касцецкага ў "Горы ад розуму": ён тут іграе жаночую ролю. Яго гераіня, графіня-бабуля Хруміна, на працягу ўсяго дзеяння нічога не гаворыць. Гэтая роля без тэксту – цяжкая. Акцёр трапна карыстаецца сродкамі мімікі, пластыкі, нейкімі выклічнікамі, а сядзіць увесь час... у інваліднай калясцы. Арсенал нешматлікіх, але ёмістых сродкаў паказу характару старой Хрумінай дае надзвычай яркі эфект у агульнай сцэнічнай абмалёўцы фамусаўскага свету. У спектаклі "Чортаў наезнік" А. Касцецкаму выпала своесаблівая роля вядучага: прадстаўляе ўдзельнікаў, сам бярэ ўдзел у дзеянні, якое, да таго ж пастаянна каменціруе. Лёгка, з тонкім гумарам вядзе ён гэтую ролю. Часам здаецца, калі б не было ў спектаклі А. Касцецкага, пастаноўка, мабыць, страціла б цэласнасць.
Гледачам вядомае ўжо імя Пятра Рыдзігера, які нядаўна працуе ў тэатры. Удача маладога саліста – роля Малчаліна ў "Горы ад розуму". Марыянетачную фігуру свайго героя П. Рыдзігер малюе сродкамі замаруджана-млявай пластыкі, падкрэсліваючы не так уяўную сціпласць і дагодлівасць Малчаліна, як ягоную сутнасць – прыстасаванства і подласць. Бачыла я артыста і ў "станоўчай" ролі – гусарскага капітана Антала Браша з аперэты I. Кальмана "Чортаў наезнік". У гэтым эксцэнтрычным спектаклі (а наогул, ці патрэбна было ўвасабляць гэты твор і што ўнесла пастаноўка ў рэпертуарную лінію тэатра – пытанне асобнае), бадай, толькі адзін Антал Браш выглядае чалавекам з разумнымі, шчырымі пачуццямі і імкненнямі. Ён процістаіць закручанай у тугі клубок інтрызе астатніх удзельнікаў дзеяння. Але на фоне эксцэнтрычных выхадак персанажаў спектакля герой П. Рыдзігера "выпадае" са стылю пастаноўкі, падаецца быццам "цяжкаватым". Артысту нібыта нестае лёгкасці ва ўвасабленні вобраза.
Прозвішча Ніны Харужэнка сустракаецца ў праграмках ужо многіх спектакляў. Праўда, не так і часта яе прозвішча памечана "галачкай", якая сведчыць, што ў гэтай ролі артыстка сёння выходзіць да гледачоў. Але ёсць некалькі роляў, якія Н. Харужэнка іграе пастаянна, з цягам часу ўдасканальваючы сваю работу. Напрыклад, служанка Адэль у "Лятучай мышы". Маладая артыстка тут арганічная, дакладныя і праўдзівыя яе сцэнічныя паводзіны, сувязь з партнёрамі. У партыі Адэлі многа музыкі, гэта ж Штраус! I тут выканаўца павінна мець адпаведныя пеўчыя вартасці. Помню першыя выступленні Н. Харужэнка ў "Лятучай мышы": голас гучаў свежа, ярка, салістка няблага спраўлялася з даволі складанай вакальнай партыяй. Зусім нядаўна, пабываўшы на гэтым спектаклі, я адчула, што спявачка быццам нешта страціла: не так ярка гучыць голас, "разгараючыся" толькі на вярхах. Можа, Н. Харужэнка-актрыса крыху паслабіла ўвагу да ўласнага вакалу? Варта абавязкова аднавіць упушчанае.
У спектаклі "Вясёлая ўдава" Н. Харужэнка выконвае ролю Валянціны, жонкі барона Зетты, – іграе даму арыстакратычнага свету. Ды чамусьці яна падобная... на Адэль. Пашукаць бы больш тонкіх сцэнічных фарбаў, адпаведных менавіта гэтаму вобразу!
Дарэчы, маладыя артысты заўсёды маюць цяжкасці ва ўвасабленні так званых "фрачных" герояў. I справа не толькі ў тым, каб навучыцца насіць "арыстакратычную" сукенку або фрак, трымаць у руцэ пальчаткі, цыліндр або ларнет, пэўным чынам садзіцца на канапу... Гэта трэба ўмець. Складанасць у тым, каб дамагчыся стварэння вобраза ўсім ладам сцэнічнага існавання акцёра. Гэта цяжка, і ўдачы тут не такія частыя. У гэтым сзнсе вылучаецца Р. Харык, "фрачным" героям якога верыш заўсёды (напрыклад, графу Даніла, Эдвіну, Фальку).
У калектыве нашага тэатра музкамедыі сёння многа творчай моладзі, і, зразумела, немагчыма расказваць пра ўсе больш ці менш цікавыя работы маладых салістаў. Але ўжо тыя работы, пра якія ішла гаворка, сведчаць пра належную ўвагу кіраўніцтва тэатра да акцёрскай змены, якая ўслед за майстрамі старэйшага пакалення пачынае ўжо вызначаць творчае аблічча тэатра.
Алена РАКАВА. Літаратура і мастацтва. – 1983. – 30 снеж. – С. 10–11.
|