Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Варыяцыі на тэму Радасці (2011 г., Літаратура і мастацтва)

Варыяцыі на тэму Радасці (2011 г., Літаратура і мастацтва)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ВАРЫЯЦЫІ НА ТЭМУ РАДАСЦІ

11-24aУменне радавацца жыццю… Для кагосьці гэта дар прыроды. Для кагосьці — мастацтва, навучыцца якому не так і проста. Што б там ні было, а ў радасным светаадчуванні, у простай радасці кожнага звычайнага дня заключаецца вялікая мудрасць зямнога жыцця, якой нам гэтак часта бракуе. Між тым, крыніцу простай зямной радасці знайсці зусім няцяжка: ёю можа быць і маляўнічы куток прыроды, і лагодная мелодыя, і вясёлы настрой сустрэчнага мінака, і дасціпная гісторыя з удзелам шчаслівых закаханых — такая, як музычная камедыя "Аршын мал алан". У гэтым сезоне яна ўпрыгожыла рэпертуар Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра.

Культавы фільм з удзелам куміра нашых бацькоў, вялікага азербайджанскага тэнара, уладальніка непаўторнага срэбразвоннага тэмбру — Рашыда Бейбутава, нібы ажыў у далёкіх сховах памяці, калі тэатральная зала напоўнілася сінкапіраванай пульсацыяй барабаннага пошчаку, экзатычнымі ўсходнімі інтанацыямі аркестравага дыхання, пранікнёнымі і трапяткімі спевамі салістаў і калі каларытным воклічам прагучала магічнае: "Аа-ршы-ы-ын ма-а-а-ла-а-а-а-а-ла-а-а-а-ан!" Амаль па-бейбутаўску. І радасна зрабілася ўжо ад таго, што прасякнуты цудоўнай музыкай камедыйны сюжэт падзабытай кінастужкі вярнуўся да сваіх вытокаў — атрымаў новае ўвасабленне менавіта на сцэне. Прытым для нашай публікі гэтая прэм’ера прынесла радасць абсалютнага адкрыцця: сусветна знакаміты твор "Аршын мал алан" у Беларусі ніколі раней не ставіўся, а яго экранізацыю давялося пабачыць не ўсім.

Мінскі спектакль, спраўджаны як значны і паспяховы сумесны культурны праект Азербайджана ды Беларусі, азнаменаваў 125-годдзе з дня нараджэння кампазітара Узеіра Гаджыбекава.

Выбітны талент, якім быў надзелены гэты класік азербайджанскага нацыянальнага музычнага мастацтва, здатны стварыць гонар любому народу. Педагог, складальнік першага на азербайджанскай мове падручніка па арыфметыцы для дзяцей, перакладчык на родную мову аповесці М. Гогаля "Шынель", арганізатар музычных гурткоў, аўтар газетных артыкулаў і фельетонаў… Яго самы папулярны опус, наконт жанравага вызначэння якога ў спецыялістаў няма пэўнасці (называюць "Аршын мал алан" ці аперэтай, ці музычнай камедыяй, ці камічнай операй), напісаны У. Гаджыбекавым паводле ўласнага лібрэта ў 1913 годзе, падчас навучання ў Пецярбургскай кансерваторыі. Праз пяць гадоў у Баку адбылася прэм’ера. Духмянай сонечнай кветцы, узгадаванай на жыватворнай першароднасці фальклору паводле класічных еўрапейскіх законаў музычнай творчасці, была наканавана неўміручасць: з таго часу твор перакладаўся на больш як 75 моў і ставіўся на розных кантынентах, у 187 тэатрах 76 краін. Летам 1925 года, напрыклад, "Аршын мал алан" паставілі ў Парыжы, у 2007-м — на музычнай сцэне Вены…

Палякаў, кітайцаў, грузінаў, амерыканцаў, расіян, балгараў неаднойчы прываблівала кранальная і павучальная жыццёвая гісторыя, пакладзеная ў аснову лібрэта, — дасціпны "рэцэпт шчаслівага шлюбу" ва ўмовах колішняга руціннага сямейнага ўкладу на Усходзе, пры якім нават сталая кабета, тым болей дзяўчына, была асобай бяспраўнай, пазбаўленай магчымасці адкрыта выказваць пачуцці, выбіраць для сябе спадарожніка жыцця, а жаніху забаранялася бачыць нарачоную да вяселля. "Аршын мал алан!" — вокліч аршына малчы, вулічнага гандляра тканінамі, стаў і своеасаблівым паролем, які дапамог маладому купцу Аскеру знайсці сваю каханую, і той пасткай, што ледзь не спрацавала супраць яго ж самога…

У нас, як вядома, спектакль ідзе на рускай мове, у пастаноўцы заслужанага дзеяча мастацтваў Азербайджанскай Рэспублікі, рэжысёра Хафіза Гуліева пры ўдзеле балетмайстра-пастаноўшчыка, народнай артысткі Азербайджана Медзіны Аліевай, іх беларускіх калег — дырыжора Марыны Траццяковай, рэжысёра Ганны Маторнай, балетмайстра Алены Дзмітрыевай-Лаўрыновіч, хормайстра Святланы Пятровай, сцэнографа Любові Сідзельнікавай (ідэя мастацкага вырашэння належыць Юсіфу Такеру, Турцыя).

Складана было і артыстам аркестра, хору, балета, і салістам, і творчаму кіраўніцтву нашага тэатра ўваходзіць у нязвыклую для еўрапейцаў эстэтыку твора, спасцігаць побытавы этыкет усходняга народа, знаходзіць візуальны адпаведнік загадкавай ментальнасці, псіхалогіі, тэмпераменту персанажаў. Праўда, выканаўцы "камплексавалі" перад новым матэрыялам нядоўга. Яны проста ўлюбіліся ў прыгожую музыку, у яе сонечную пачуццёвасць, інтанацыйную свежасць, імпульсіўную рытміку — і пэўная насцярожанасць у працы змянілася радасцю творчых пошукаў. А вынік гэтых пошукаў радуе цяпер і стваральнікаў пастаноўкі, і публіку: спектакль атрымаўся цэласны і дынамічны, "без швоў". Галоўны яго набытак — рэдкасны, арганічны ансамбль. Пры розных складах выканаўцаў падчас дзеі адразу ж узнікае суладдзе аркестра і салістаў, танца і дэкламацыі. Шчодры пасыл вытанчанай лірыкі, сакавітага гумару, зіхоткай дабрыні ды радасці падхоплівае зала. Да гонару артыстаў, яны пазбягаюць знарочыстага "каўказскага акцэнту" ў сцэнічнай гаворцы і рэчытатывах, ашчадліва і тактоўна карыстаюцца моўнымі сродкамі для характарыстыкі сваіх персанажаў, больш увагі надаючы жэстам, пластыцы руху, падтанцоўкам.

Шчырасцю сцэнічнага існавання артыстаў, ансамблевасцю іх ігры ўразіў самы першы паказ прэм’еры, у якім удзельнічаў госць з Азербайджана — выканаўца ролі Аскера, уладальнік яркага тэнара і чулы артыст Фарыд Аліеў. Ён цудоўна паразумеўся з беларускімі партнёрамі, кожны з якіх раскрыўся як майстар: у сольным эпізодзе, у дуэце, у віртуознай ансамблевай мізансцэне. Захапляў тонкі малюнак ролі хітравана Велі, слугі Аскера, увасобленага Ігарам Бычковым; парадыйную "лютасць" хатняга тырана Султанбека бліскуча выяўляў Аляксандр Асіпец; глыбокае адчуванне прыроды камічнага раскрывалася праз каларытную ігру Вікторыі Жбанковай-Стрыганковай у ролі служанкі Тэлі; а якой спраўнай, кемлівай ды маладжавай удоўкай падалася Джахан, "цётачка на выданні" — гераіня Наталлі Гайды!..

Адзін з нядаўніх спектакляў прайшоў пад кіраўніцтвам дырыжора Азербайджанскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета Эйюба Куліева, які высока ацаніў прафесійны ўзровень музыкантаў сімфанічнага аркестра тэатра і вакалістаў. Іх творчая самааддача зноў парадавала гледачоў. А душэўная шчодрасць, дружалюбнасць і ўзаемадапамога, прыгажосць і глыбіня пачуццяў, дабрабыт у доме і сямейнае шчасце, простая радасць далёка не бясхмарнага жыцця, усюдыісны выратавальны гумар — канстанта, закладзеная ў музычнай камедыі "Аршын мал алан", — робіць гэты спектакль заўсёды прыцягальным для публікі.

Святлана БЕРАСЦЕНЬ.
Літаратура і мастацтва. – 2011. – 3 чэрв. – С. 19.

На здымку: сцэна са спектакля "Аршын мал алан".



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: