Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/"Вэстсайдская гісторыя" ў Музычным: калі б былі паўзы… (2012 г., Наша ніва)

"Вэстсайдская гісторыя" ў Музычным: калі б былі паўзы… (2012 г., Наша ніва)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

"ВЭСТСАЙДСКАЯ ГІСТОРЫЯ" Ў МУЗЫЧНЫМ: КАЛІ Б БЫЛІ ПАЎЗЫ…

Прэм'ера знакамітага мюзікла адбылася з удзелам часовага паверанага Скэнлана.

Дзякуючы пасольству ЗША, ставілі спектакль з дапамогай амерыканскага рэжысёра і харэографа. Магчыма, спяшаліся — у кожным разе, ён і глядзеўся, і гучаў пакуль сыравата.

Найгорш тое, што акторы не расстаўлялі паўзаў. Ані ў малым, ані ў вялікім.

Таму і жарты праляталі — гледачу не давалі часу рассмяяцца, і трагічны фінал праваліўся. Не ставала секундаў маўчання — і тут віна пастаноўшчыкаў, не артыстаў.

Трэба адзначыць, што расейскі пераклад Уладзіміра Познера сам сабой ніякі, ды яго яшчэ й зусім не адаптавалі да беларускай рэчаіснасці.

Бліскучы гумар амерыканскага мюзікла амаль прапаўшы, а арыгінальны рытм не ўсюды захаваны. Халтурна перакладзены не толькі песні, але і дыялогі (прысутным на спектаклі досыць параўнаць тое, што яны пачулі, з версіяй арыгінала ў відэакліпе тут унізе).

Прысутныя ў зале амерыканскія дыпламаты былі збітыя з панталыку: чаму ніхто з беларусаў не смяецца?

Дык проста тэкст не ўдаўся, вось публіка і сядзела нерухома ды сачыла сабе за музыкай і пластыкай. Калі б даць мюзікл на пераклад якомусьці нашаму дасціпнаму Хадановічу — гэта выйшаў бы спектакль! Агонь!

Ясна, што гэта заняло б часу. Але і эфект быў бы выбуховы. Бо Хадановіч пераклаў бы мовай і праблемамі сённяшняй Беларусі.

Не ведаю — ён выбраў бы слэнг ці больш літаратурную мову, але ён сумеў бы знайсці такія эзопавы выразы, якія б публіка разумела б з паўслова.

Сіла арыгінала "Вэстсайдскай гісторыі" была не толькі ў геніяльнай музыцы і харэаграфіі, але і ў ягонай сацыяльнай вастрыні. Нічога такога ў пастаноўцы Музычнага няма. Выйшаў не спектакль пра наш час, пра сучаснае нам каханне і адмарозкаў, а куртуазны маньерызм. Гэта проста беларусы з класічнай кансерваторскай адукацыяй іграюць амерыканцаў 50-х. (Калі артысты з Кітайскай Народнай Рэспублікі граюць Уладзіміра Ільіча Леніна і Надзею Канстанцінаўну Крупскую, гэта, напэўна, выходзіць сувымерна.)

Не, я не кажу, каб паліцыянт быў абавязкова апрануты спецназаўцам у крапавым берэце. Але такія дэталькі выбівалі б іскру. Я нават падазраю, хто з рэжысёраў быў бы здольны паставіць "Вэстсайдскую гісторыю" ў перакладзе Хадановіча — Пінігін.

Урэшце, сама "Вэстсайдская гісторыя" ў арыгінале — гэта адаптацыя "Рамэа і Джульеты" на сучасныя аўтару рэаліі. Чаму б тады не пераадаптаваць адаптацыю да рэалій мінскіх Шабаноў?

Між тым акцёры ў касцюмах, скапіяваных з Брадвея, стылізаваных пад амерыканскія 1950-я, выглядалі рыхтык як мінская залатая моладзь, япі-пачаткоўцы з праспекта Скарыны. А не як банды са штатаў, дзе неграў лінчуюць. І тым больш не з Шабаноў.

Акцёры, між тым, стараліся, спявалі, танцавалі. Выдатныя танцы, выдатныя салісты, выдатныя хары. І ўратавалі, што маглі. І заслужылі доўгую авацыю. Дый музыка Бернстайна — дарэчы, сына габрэйскіх эмігрантаў з былой Рэчы Паспалітай — ні каліва не састарэла.

Перанос амерыканскага мюзікла ў Беларусь — добрая задума.

Пастаноўка Музычнага намарна не прападзе. Калі няўдачы прэм’еры падправяць, яна з поспехам пройдзе ў гарадах Беларусі. Яна зверне ўвагу беларускіх тэатраў на амерыканскія мюзіклы, на іх канвертабельнасць на сучасную аўдыторыю.

Бо што ўразіла — гэта сімпатыі публікі да Амерыкі.

Варта было паверанаму Скэнлану звярнуцца да залы па-беларуску, як воплескі перарывалі яго пасля кожнага сказа.

* * *

Рэжысёр-пастаноўшчык Настасся Грыненка. Дырыжор-пастаноўшчык Філіп Сайманз. Харэографы Пол Гордан Эмерсан, Дзмітрый Якубовіч. Выканаўцы галоўных роляў Ілона Казакевіч, Дзмітрый Якубовіч, Дзяніс Мальцэвіч, Святлана і Зміцер Маціеўскія, Віктар Цыркуновіч, Шамхал Хачатуран.

Сяргей ГЕЗГАЛА.
Наша ніва. – 2012. – 24 мая.

http://nn.by/?c=ar&i=74002



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: