« Назад VICTORIA ВІКТОРЫІ!
Колькі ведаю Вікторыю Мазур, заўсёды здіўляюся таму, як дакладна яна размяркоўвае сваё жыццё. Прырода надзяліла яе практычным розумам, які заўсёды ўласцівы дзелавым жанчынам. А яна і ёсць дзелавая жанчына – валявая, незалежная. А яшчэ – вельмі прыгожая, з цудоўным густам, які ніколі яе не падводзіць – ні на сцэне, ні ў жыцці. Сёлета да святочнага дня В. Мазур падышла, што называецца, "у поўным узбраенні": па-першае, атрымала, нарэшце, доўгачаканае званне "народнай артысткі Беларусі", а па-другое – зрабіла сабе і сваім паклоннікам заадно выдатны падарунак, наладзіўшы бенефіс, які мае адбыцца ў самае свята, 8-га сакавіка, у зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі. І зноў – прамое пападанне. Бо якое ж свята без аперэты? Тым больш, жаночае...
– Слова "аперэта" – жаночага роду, і прыхільніцы аперэты – гэта, у асноўным, жанчыны. Але ў Вас, вядомай актрысы, прымадонны гэтага жанру, напэўна ж, шмат паклоннікаў менавіта сярод мужчын. Якім Вы ўвогуле ўяўляеце сабе ідэальнага мужчыну? – Ну, па-першае, ён павінен быць сапраўдным мужчынам. Гэта галоўнае. Па-другое, павінен быць разумным і прыстойным чалавекам. Вось і ўсё. – Коратка і ясна. Ну, а ці можаце сказаць, што Вам шанцавала на сустрэчы з сапраўднымі мужчынамі? – Бадай што так, хаця свой ідэал я так і не сустрэла. Але і скардзіцца не магу, 6о ў маім жыцці былі мужчыны, з якімі я адчувала сябе шчаслівай. – Вікторыя Мікалаеўна, наколькі я ведаю, Ваша захапленне аперэтай пачалося ў студэнцкія гады, калі Вы яшчэ вучыліся ў кансерваторыі? – Так. Я трапіла ў тэатр аперэты на чацвёртым курсе – прайшла па конкурсе і адразу ж атрымала ролю Віялеты ў "Фіялцы Манмартра" Кальмана. Гэтая роля, напэўна, і вызначыла мой лёс. Я іграла самую-самую першую здачу, гэта было 10 верасня 1970 года, – вельмі добра памятаю той дзень. Я была такая шчаслівая! I тады проста закахалася на ўсё жыццё з усёй шчырасцю ў гэты жанр, дзякуючы гэтай ролі. Я асабліва яе неяк адчула, яна ўвайшла і ў сэрца, і ў душу. Я ўбачыла, які гэта дзівосны жанр – тонкі, чароўны. – Але з тае пары прайшло вось ужо амаль 27 гадоў. Калі Вам было больш камфортна, цікавей існаваць у тэатры – і ўвогуле, у жыцці – тады ці зараз? – Безумоўна, маладосць многае давала сама па сабе. Быў аптымізм, сіл было шмат. Таму што з узростам неяк паступова страчваецца і тое, і другое. Але цяпер прыйшло нейкае разуменне жыцця, яго веданне, нават смак, калі хочаце. Магу сказаць пэўна, што асабіста мне цікавей жыць менавіта зараз, нягледзячы на ўсе складанасці цяперашняга часу. Прынамсі, я стараюся, каб маё жыццё было напоўненым, багатым на падзеі. – Я ведаю, што Вы вельмі любіце чытаць... – Гэта, бадай, мой самы любімы занятак, маё выратаванне. Ведаеце, у дзяцінстве ў мяне была настольная кніга, да якой я і цяпер раз-пораз вяртаюся. Мне здаецца, што я яе ведаю напамяць. Гэта – "Кансуэла" Жорж Санд. Там галоўная гераіня – спявачка. І вось кніга пачынаецца з таго, што вядомы педагог Парпара дае ёй урок. I ён гаворыць, што галоўнае для вакаліста – гэта разуменне. I вось гэтая думка запала мне ў душу на ўсё жыццё. Але разуменне павінна быць не толькі ў музыцы. Яно павінна быць ва ўсім. Вось мяркуйце самі: калі мы з Вамі адна адну не разумеем – не атрымаецца размова. Калі я не буду разумець, што я раблю, пра што спяваю – таксама нічога не атрымаецца. Усё грунтуецца на разуменні. Я так лічу. – Вікторыя Мікалаеўна, Вы не з тых людзей, якія прывыклі скардзіцца на лёс. Вы лічыце сябе чалавекам шчаслівым? – Мне цяжка адказаць адназначна. У маім жыцці было шмат прыемных, узнёслых хвілін, пра якія я ўспамінаю з вялікай цеплынёй. За іх я, безумоўна, удзячная лёсу.
|
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by