Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Вікторыя Мазур, салістка аперэты (1976 г., Тэатральны Мінск)

Вікторыя Мазур, салістка аперэты (1976 г., Тэатральны Мінск)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ВІКТОРЫЯ МАЗУР, САЛІСТКА АПЕРЭТЫ

press1976-03a_tn Гучыць напружаная прэлюдыя. Адкрываецца заслона. Спектакль пачаўся. З'яўляецца Сільва. Гераіня жыве на сцэне, захапляючы залу сілай пачуццяў, напружаннем унутранай барацьбы. Тонкая і акрэсленая выразнасць колераў дэкарацый набывае ўсё большы сэнс з развіццём фабулы, з большай глыбінёю гучыць музыка, яе танцавальны вальсавы рытм уцягвае ў рух дзеі суперажыванні гледачоў. 

Эмоцыі гераіні глыбока стоены, насцярожвае яе іранічная адчужанасць... Здаецца, Сільва здольна прайсці ўсе перашкоды, каб упэўніцца ў сапраўднасці пачуцця каханага... Яна поўная жыццёвых сіл, і яшчэ больш загартоўваецца, пачаўшы барацьбу з нікчэмнасцю сваёю – і наваколля. Цаной узлёту ўсіх духоўных і фізічных сіл Сільве ўдаецца выбіцца з вартага жалю становішча, узвысіцца, засвяціць новай зоркай у юпітэрах славы. Яе бунтарская закаханая душа перакрэслівае маральныя і этычныя формулы, выпрацаваныя стагоддзямі. Страцім-лебедзь з кабарэ ўзнімае чыстыя крылы свайго кахання і – рушыцца паветраны замак, выгадная жаніцьба каханага з яе згоды становіцца крахам яе даверу. 

Адчуванне знешняй хісткасці становішча Сільвы праходзіць праз усё дзеянне, і таму гераіня адкідае ўмоўнасць, зачароўвае сваёй шчырасцю і непасрэднасцю. Лірычныя сцэны ў выкананні Вікторыі Мазур напоўнены трапяткой грацыёзнасцю: гэта вясновая ластаўка, што праганяе зімовы холад. 

Вікторыя Мазур выдатна выконвае каскадна-танцавальныя і буфонныя элементы аперэты. Сцэны спектакля шчодра надзелены гумарам, жывасцю рытмаў, і Мазур інтэрпрэтуе кожны рух мелодыі, кожны жэст з адшліфаванасцю і ўпэўненасцю майстра. Магчымасці яе голасу – моцнага лірычна-драматычнага сапрана – вельмі вялікія, і нярэдка экспрэсіўнасць асобным сцэнам надаецца дзякуючы выключна вакальным сродкам. 

Голас салісткі – інструмент перадачы драматызму. Выразныя паузы, узрушаная патэтыка сінкапіраванага рытму, лёгкасць і плыннасць дахаў акордаў гучаць у выкананні Мазур надзвычай поўна і закончана, ні адзін са штрыхоў не губляецца. Па словах дырыжора Н. Фоціна, усе партыі, выкананыя В. Мазур, адрозніваюцца выключным пачуццем меры. 

...Вікторыя з маленства любіць спяваць. Бацькі дзяўчынкі – прыхільнікі класікі, музыканты – з калыскі вучылі Віку адчуваць і разумець музыку. 

Непадалёку ад роднага дому – маляўнічы гай, дзе Віка праводзіць лепшыя гадзіны свайго жыцця, спяваючы няхітрыя дзіцячыя песні. Разам з рунню, з бурлівай плынню вясновых вод Дняпра ў яе сэрцы ўзрастае прага спяваць шчасце, паэтычную прыгажосць родных мясцін. 

Скончыўшы дзіцячую музычную школу ў родным Магілёве, Вікторыя Мазур паступае ў Мінскае музычнае вучылішча на дырыжорска-харавое аддзяленне. У 1965 годзе – яна ўжо студэнтка класу вакалу кансерваторыі, з чацвёртага курса якой праходзіць па конкурсу ў тэатр аперэты, і яе творчы шлях атрымоўвае новы кірунак. 

Пачатак працы ў тэатры – гэта пошукі асабістага стылю выканання, першыя дасягненні, імкненне аптымальна сінтэзаваць музыку, танец, акцёрскае майстэрства. 

Поспех прышоў неспадзявана, але ісці па дарозе славы не так проста. Крылы таленту слабеюць, калі іх перастаюць трэніраваць. Нястомная працаўніца, вечна незадаволены мастак, Вікторыя Мазур удала спалучае лірызм, стрыманую эмацыянальнасць і драматызм глыбокай паэтычнай сілы... 

На сцэне, адкінуўшы дэманстрацыйную ўмоўнасць, не сцэнічная маска – жывы чалавек, што сцвярджае вечную ўладу мастацтва і прыгажосці. 

Не спыняючыся на дасягнутым, а зроблена ўжо шмат: ролі Віялеты і Мадлен у "Фіялцы Манмартра", Марыі і Каці ў "Чацвёра з вуліцы Жанны", Чаніты і Анджэлы ў "Пацалунку Чаніты", Марыцы, Сільвы, Паўлінкі, а таксама Зорыкі ў "Цыганскім каханні", Фянісы ў "Дасціпнай закаханай", – артыстка імкнецца зрабіць "лепш і больш". Найвышэйшае задавальненне яна атрымлівае тады, калі мэта дасягнута ў калектыўнай працы. Асабліва трэба адзначыць станоўчасць партый, выкананых разам з К. Лосевым, Ул. Лінкевічам і інш. у аперэтах класікаў. У такім выкананні кантрастуюцца лепшыя вакальныя здольнасці артысткі, шліфуецца і выкрышталёўваецца яе майстэрства. 

У гэтым сезоне на сцэне тэатра з'явілася новая работа Вікторыі Мазур – Каця ў аперэце Баснера "Патрабуецца гераіня". Пажадаем жа поспехаў вядучай салістцы ў перадачы сваёй чысціні і любові да мастацтва кожнаму з гледачоў – аматараў аперэты. 

Дзіяна МАЗАНІК. 
Тэатральны Мінск. – 1976. – № 1.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: