« Назад
VIVA LA GAJDA!
Першая лэдзі аперэты
Партэрныя крэслы... будуць парыпваць, Пакуль над аркестрам Не ўспыхне маланкаю першая скрыпка! Нібыта збавенне, Нібы з нематы вызваленне... Няхай на імгненне! Жыццё – за такое імгненне...
Уладзімір Някляеў
Калісьці я пачуў прыгожую, хоць і досыць дзіўную казку-прыпавесць. Паводле яе, жыла на свеце лялька, зробленая з... солі. I як у кожнай жывой істоты, была ў яе запаветная мара – убачыць мора. Ляльку нарэшце прывезлі да мора, яна ўвайшла ў ваду і, натуральна, пачала растварацца ў ёй. I вось, стоячы ў вадзе па шыю, яна раптам радасна ўсклікнула: "Людзі, я шчаслівая! Я нарэшце ведаю, што такое мора. Мора – гэта я!"
Так ужо склалася, што нам спрадвеку наканавана плаваць у прэснай вадзе штодзённых клопатаў, сварак, звадак, жыць у вечнай пагоні за прывідным поспехам. I гэта вялікае шчасце, што ёсць сярод нас людзі, якім дадзеная зайздросная здольнасць насычаць будзённае прэснаводдзе існавання сваім розумам, сэрцам, талентам; насычаць душою, ствараць мора жыцця.
Да адной з такіх Богам і лёсам пазначаных асоб днямі прыходзіць юбілейны май. Зрэшты, для заўзятых тэатралаў ды сталых наведнікаў Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь гэта – сакрэт полішынеля, бо менавіта сюды яны прыходзяць на хвалюючыя спатканні з каралевай чардаша – народнай артысткай Наталляй Гайдай.
Так, будуць мінацца гады, шумець і адыходзіць чарговыя тэатральныя сезоны, але ў гісторыі нацыянальнай культуры яна назаўжды застанецца першай Лэдзі аперэты, заснавальніцай беларускага тэатра музычнай камедыі.
Як слушна сцвярджала адна з самых аўтарытэтных даследчыц творчасці артысткі музыказнаўца Э. Шумілава, "калі б было прынята не толькі сярод спартсменаў, але і сярод артыстаў складаць зборныя алімпійскія каманды, у зборную савецкай аперэты Н. Гайда, бясспрэчна, увайшла б адной з самых першых, самых лепшых, самых годных... Яна ўзвышае мастацкі вобраз аперэты да сапраўднага жыцця чалавечага духу. Шчаслівы дар вялікай артысткі, які належыць выдатнаму, духоўна багатаму, шчодраму, абаяльнаму чалавеку". I цяжка, відаць, сказаць лепш.
Але вернемся – не, не на 35 гадоў назад, да пачатку творчага шляху актрысы, – а ў таксама досыць далёкі 1973-і. Для ўсіх гэтая дата зусім шараговая, але не для мяне. Менавіта тады нясмелым юнаком я прыехаў ад роднай Нарачы ў шумлівы сталічны Мінск – вучыцца на філфаку БДУ. Наш курс займаўся ў другую змену, заняткі заканчваліся амаль а 19-ай. Але з зычлівай згоды выкладчыкаў за 5-10 хвілін да канца лекцыі я ўжо бег туды, дзе гарэла рампа, запальваліся сафіты, шумела глядзельная зала, – у тэатр. Першым і назаўжды любімым стаўся для мяне тэатр музычнай камедыі. Дзякаваць Богу, штодзённага маладога бывальца заўважыла колішняя касірка тэатра Марыя Сяргееўна і па-мацярынску падтрымала: прапаноўвала больш танныя білеты (з разлікам на студэнцкую стыпендыю), падказвала, дзе адбудзецца наступны спектакль (тэатр, як вядома, доўгі час быў беспрытульным, вандруючы з Палаца культуры прафсаюзаў у клуб імя Дзяржынскага, а адтуль у Дом афіцэраў). Аднак галоўная паслуга была ў іншым – касірка падказвала, калі ў спектаклі будзе зноў занятая Яна. На самым пачатку я яшчэ не ведаў яе імені, проста вылучаў на сцэне сярод іншых выканаўцаў асаблівыя голас, пластыку, абаяльнасць і натуральнасць.
Дарэчы, тут я хацеў бы зрабіць зусім невялікае адступленне ад тэмы гаворкі і сказаць колькі ўдзячных слоў тым працаўнікам тэатра, якія не красуюцца перад гледачамі, але без якіх ён (тэатр) быў бы ўсяго толькі арганізацыяй па пракату спектакляў. Сярод іх – бутафораў, касцюмераў, асвятляльнікаў, капельдынераў – з асаблівай павагай і цеплынёй называю імя касіркі іншага – купалаўскага – тэатра Леакадзіі Іосіфаўны Сарокі. Гэтая сардэчная жанчына (зрэшты, таксама прыхільніца таленту Н. Гайды) спрычынілася да таго, што купалаўцы сталі роднымі не толькі для мяне, але і сотняў маіх студэнтаў.
Сёння, азіраючыся назад, я спрабую растлумачыць сабе і сваім высокаінтэлектуальным калегам і прыяцелям, чаму лёс звёў мяне менавіта з "легкадумнай" аперэтай. Адназначнага адказу няма, бо, як сказаў адзін мудры чалавек, калі ты ведаеш, што кахаеш жанчыну за дабрыню і пяшчотнасць, то любіш, кахаеш менавіта гэтыя якасці, а не самога чалавека. А вось калі не ведаеш... Аперэта ж – таксама істота жаночага роду.
Відаць, гэтаксама глыбіннай унутранай інтуіцыяй кіравалася семнаццацігадовая сібірская дзяўчына, калі пасля заканчэння школы ў Іркуцку вырашыла паступаць у музычнае вучылішча пры Маскоўскай кансерваторыі. Яе не адстрашыла, але крыху ацвярэзіла і наступная няўдалая спроба, а таму, папрацаваўшы лабаранткай у геолагаразведчым трэсце, Наташа паступае ў... Свярдлоўскі юрыдычны інстытут. Пачаліся нялёгкія, але вясёлыя студэнцкія гады, удзел у канцэртах мастацкай самадзейнасці. А далей была шчаслівая паваротка лёсу – знаёмства з выкладчыцай кансерваторыі Л. Драздовай. Пасля Н. Гайда атрымлівае дыплом юрыста, адначасова займаючыся на вячэрнім аддзяленні славутай Свярдлоўскай кансерваторыі.
Не буду далей падрабязна пераказваць усе перыпетыі лёсу будучай зоркі. Яны добра вядомыя абазнанаму ў тэатральных справах чытачу. Зазначу толькі, што сёння з асаблівай цеплынёй і ўдзячнасцю Наталля Віктараўна згадвае педагагічны і чалавечы талент Людмілы Флегантаўны Драздовай, зацікаўленую ўвагу славутага рэжысёра У. Курачкіна, прыязную ацэнку маладой артысткі вельмі скупой на кампліменты знакамітай актрысы М. Вікс (прысуду якой баяліся ўсе пачаткоўцы).
Ёсць усё ж яшчэ адзін, менш вядомы шырокаму колу тэатралаў эпізод з яе жыцця. Займаючыся класічным оперным вакалам, Н. Гайда ўпотайкі ад строгіх "акадэмікаў" ад музыкі ўдзельнічала ў невялікай канцэртнай суполцы, якая выконвала... джаз. Як каго, а мяне гэты факт зусім не здзіўляе. За ім – адвечнае нежаданне талента быць апрыёры запраграмаваным, уціснутым у рамкі і каноны (60-ыя гады!), шматмернасць, стэрэаскапічнасць сапраўднага творцы. Але за ім і іншае – характар самой артысткі, у якім спалучаны інтэлігентнасць і дэмакратызм, а таксама – пікантнасць, добрая гарэзлівасць, схільнасць да імправізацыі, прыславёная "часцінка чорта". Сярод джазавых хаўруснікаў быў і слынны сёння бард Аляксандр Дольскі. Колькі гадоў таму ён гастраляваў у Мінску і ў шэрагу іншых даў канцэрт для музычна-тэатральнай эліты (багемы?) горада. Памятаю, як настальгічна слухала артыста Наталля Віктараўна і нервова пыталася ў мяне: "Як вы думаеце, ці пазнае? Усё ж столькі часу мінула..." Пазнаў. I пад чулыя воплескі залы выканаў у яе гонар і ў памяць сваёй студэнцкай маладосці бліскучую кампазіцыю ў джазавым стылі.
I зноў, ужыўшы вядомы вобраз А. Куляшова, павернем назад раку памяці і вернемся ў 17 студзеня 1965 года – дзень тэатральнага дэбюту Н. Гайды. Гэта была Б'янка ў оперы В. Шабаліна "Утаймаванне свавольніцы", было страшэннае хваляванне напачатку і нязвыклая лёгкасць потым – быў поспех.
Далейшыя вехі жыццёвага і творчага лёсу артысткі пазначаны скрупулёзнымі даследчыкамі ды скупымі радкамі энцыклапедый і даведнікаў. На сцэне Свярдлоўскага, а потым Беларускага тэатраў оперы і балета Н. Гайда выканала шэраг адметных партый лірычнага і лірыка-каларатурнага сапрана. Сярод іх Мюзэта ў "Багеме" Д. Пучыні, Джыльда ў "Рыгалета" Д. Вердзі, Марфа ў "Царскай нявесце" М. Рымскага-Корсакава. I неспрактыкаваныя гледачы, і знаўцы опернага мастацтва хто інтуітыўна, а хто і прафесійна доказна адзначалі нязмушанасць спеваў і зайздросную арганічнасць сцэнічнага існавання маладой артысткі, якая, здавалася, зусім не сачыла за жэстамі дырыжораў, – і ўсе ацанілі яе палётны, цёплага тэмбру голас. Сталася ўжо традыцыйным згадваць эпізод у Крамлёўскім тэатры, калі ў грымёрку да маладой Н.Гайды-Мюзэты зайшоў сам I.С. Казлоўскі і, пацалаваўшы руку, сказаў: "Вы – шампанскае!"
А шампанскае, як вядома, – неад'емны атрыбут аперэты. Далейшы лёс артысткі быў, такім чынам, прадвызначаны. Натуральна, не словамі знакамітага тэнара, а самой прыродай яе сінтэтычнага творчага дару, зрэшты, характарам самой Н. Гайды: як аперэта, віталістычнай, пікантнай, лірычнай, жаноцкай. З 1970 года спявачка становіцца салісткай тэатра музкамедыі. І адразу вядучай. Былі, праўда, скептыкі,што сумняваліся ў здольнасці ўладальніцы лёгкага высокага сапрана справіцца з тэсітурна нязручнымі, "прамежкавымі" аперэтачнымі партыямі. Аднак і ў размове з колішнім міністрам культуры Ю. Міхневічам, і, самае галоўнае, сваёй працай Наталля Гайда пераканаўча давяла права звацца каралевай чардаша.
А пачалося ўсё супрацоўніцтвам з незабыўным Ю. Семянякам. Іх творчыя дарогі сышліся неяк вельмі арганічна і надоўга. Зрэшты, адгорнем зноў старонкі памяці і паслухаем словы кампазітара, якія прагучалі са старонак "ЛіМа" роўна дзесяць гадоў таму.
"Пяе жаваранак"... У галоўнай ролі Ірыны – Н. Гайда... Яна была непаўторнай, усё, што рабіла актрыса на сцэне, было вельмі цікава. Роля драматычная. Тут для паспяховай працы адной "школы" малавата, тут павінна быць, як у народзе кажуць "дар ад бога" – а Наталлі Віктараўне дадзень шчодры дар... I вось калі я ўбачыў Гайду-Ірыну, цвёрда вырашыў, што буду пісаць "Паўлінку" і што Паўлінкай будзе Гайда... Усё, зробленае Н. Гайдай на тэатральнай сцэне, на мой погляд, з'яўляецца нашай нацыянальнай каштоўнасцю, акцёрскай і вакальнай класікай".
Тут я хацеў бы звярнуць увагу на адзін, менавіта моўны, нюанс. Толькі нядаўна прыехаўшы на Беларусь, карэнная сібірачка рызыкнула сыграць на беларускай мове. Ды каго – Паўлінку! Безумоўнаму поспеху актрысы зноў паспрыялі яе бездакорнае інтанацыйна-музычнае чуццё і найвышэйшы прафесіяналізм. Мушу з горыччу зазначыць, што далёка не ўсе акцёры нацыянальных драматычных тэатраў (у адроненне ад Н. Гайды) звяртаюць належную ўвагу на лексічную дакладнасць і феномен фанетычнай асімілятыўнай мяккасці ("сьнег"). Дарэчы, артыстка аперэты можа "даць фору" некаторым рамеснікам ад драмы і ў дакладнасці артыкуляцыі, калі кожнае прамоўленае ці праспяванае слова "далятае" да гледача.
А ўсё гэта – кампаненты "знешняга", кампаненты акцёрскай тэхнікі, драматычнага майстэрства, якія дапамагаюць артыстцы выявіць унутраную глыбіню спасціжэння вобраза.
"Мост мары" В. Лебедзева. Спектакль ішоў нядоўга, няшмат хто з маіх равеснікаў яго памятае. У час бясконцых пераездаў псаваліся дэкарацыі, змяняўся склад выканаўцаў, многія з аматараў аперэтачнага "шыку" прынялі яго ў штыкі. Іх бянтэжыла ўжо тое, што на галоўнай гераіні замест фальшывых дыядэмаў – звычайны рабочы камбінезон, замест прыклееных веек і накладных шыньёнаў – каротка стрыжаныя валасы і акуляры, замест імітацыі цыганскага танца ці канкана – акрабатычнае кола.
А між тым Н. Гайда і яе калегі-аднадумцы распавядалі нам адвечную, але ад гэтага не менш шчымлівую, кранальную гісторыю пра шчасліва-сумную недасяжнасць мары, недасяжнасць метэрлінкаў-надзей Сіняй птушкі шчасця. Добрая літаратура (А. Драбкіна), выразная, адметная музыка (В. Лебедзеў) і бліскучая (у высокім сэнсе гэтага слова) Н. Гайда – Марына.
Такіх здзіўленняў актрыса падаравала нам шмат. Яна здзіўляла і здзіўляе зайздроснай "стыльнасцю", умельствам насіць шыкоўныя строі і "шыкоўна" спяваць ("Viva la Mamma", "Сільва", "Шклянка вады") і гэтаксама арганічна пачувацца ў парыку і балахоне блазна, балетным трыко ці лахманах старой ("Гуляем у прынца і жабрака", "Джулія", "Дарагая Памела"). Здаецца, толькі ёй пад сілу так экспрэсіўна і зноў жа пікантна станцаваць "Тангаліту" ці "То-том-том-том". Памятаю, з якой асалодай працаваў з ёй і як ганарыўся-пахваляўся Гайдай перад сваімі калегамі вялікі танцоўшчык і харэограф С. Дрэчын, як захоплена сачыў за любімай артысткай вялікі рэжысёр С. Штэйн.
Вось і прагучала гэтае небяспечнае слова – вялікі. Пералік зорак аперэты доўжыцца з XIX стагоддзя да нашых дзён. Вытанчаная Гартэнзія Шнэйдар, абсыпаная брыльянтамі Вікторыя Кавецка, танцавальная каралева Марыка Рок, магнетычная Хана Хонці...
Так склалася, што я меў шчаслівую мажлівасць бачыць спектаклі "Комішэ Опер", Будапешцкай, Венскай, Варшаўскай аперэт, большасці тэатраў музкамедыі былога СССР. Таму, здаецца, маю права сцвярджаць: тут, у Мінску, побач з намі, жыве і працуе вялікая артыстка, зорка еўрапейскай велічыні. I толькі, мусіць, нашая адвечная сціпласць ды правінцыйная абачлівая асцярожнасць не дазваляюць сказаць пра гэта на поўны голас. Дык зробім м гэта хоць 6ы ў пярэдадзень яе юбілейнага 1 мая.
Ёсць імёны, якія рыфмуюцца з прызначэннем, Са шчырасцю, талентам і блаславеннем. Рыфмуюцца з Кальманам, Штраусам, Гайднам. Дык – Viva la Gaida! Viva la Gaida!
В. КАРАТАЙ. Літаратура і мастацтва. – 1999. – 30 крас. – С. 1, 10–11.
|