Гастроли Свердловского государственного академического театра музыкальной комедии
« Назад Візіт да гранд-дамы
Свята аперэты зноў вяртаецца ў Мінск. У трэці раз яго ўдзельнікаў і гасцей збірае творчы праект "Наталля Гайда запрашае..." Тры вечары запар, з 31 кастрычніка па 2 лістапада, у Музычным тэатры выступяць вядучыя майстры сцэны — лепшыя салісты з розных гарадоў і краін. У чаканні сустрэчы з імі — наша гутарка з народнай артысткай Беларусі, прызнаным сімвалам аперэты цудоўнай Наталляй ГАЙДАЙ. — Наталля Віктараўна, не магу не спытаць пра ўражанні ад нядаўніх гастроляў ў Екацярынбургу, значных і для тэатра — ён выязджаў туды ўпершыню, і для вас асабіста. Бо гэта горад, дзе вы нарадзіліся, дзе правялі студэнцкія гады, дзе ўпершыню выйшлі на прафесійную сцэну. — Для мяне гэтыя гастролі былі сапраўды асаблівымі, і мне вельмі хацелася, каб усё там добра прайшло. Бо я заўсёды нашым артыстам гаварыла пра Екацярынбург як пра горад з даўнімі і трывалымі культурнымі традыцыямі — музычнымі, тэатральнымі. І, дзякуй богу, усё адбылося ўдала. Залы ў Свярдлоўскім тэатры музкамедыі былі поў-ныя, вельмі добра гледачы прынялі нашы спектаклі, выдатным атрымаўся сумесны гала-канцэрт — два аркестры на сцэне, салі-сты двух тэатраў, хор. Гэта было грандыёзна. — Публіка зямлячку ў вас прызнала? — Памятаюць, і кіраўніцтва тэатра памятае і ведае, што мне вельмі прыемна. Я хвалявалася, вядома. Усё ж 45 гадоў прайшло, як мяне там няма. І ўзрост... Ведаеце, у Екацярынбургу была дзіўная сустрэча з маім партнёрам па оперным тэатры Анатолем Бандарцом. Мы былі галоўнымі выканаўцамі ў выдатным спектаклі "Рамэа, Джульета і цемра" кампазітара Кірыла Малчанава. Я меркавала, што такая сустрэча можа быць. Але, калі выйшаў на сцэну паважны мужчына з кветкамі, так разгубілася, што не адразу яго пазнала. Зала бурна прарэагавала апладысментамі. Гэта было вельмі кранальна. — У Екацярынбургу ў вас засталіся блізкія, родныя? — Не, ужо нікога няма. І з тымі, з кім вучылася ў юрыдычным інстытуце і ў кансерваторыі, не прыйшлося сустрэцца. Усе адрасы, тэлефоны даўно памяняліся, шукаць не было калі з-за вельмі напружанага графі-ка. Мне нават не ўдалося з’ездзіць на поўнач Урала наведаць магілу бацькоў, не атрымалася, на жаль. — Чула, паміж нашым Музычным тэатрам і Свярдлоўскай музкамедыяй заключаны дагавор аб супрацоўніцтве. Трэба меркаваць, паездкі яшчэ будуць… — Супрацоўніцтва пачалося яшчэ з 2012 года, з першага фэсту "Наталля Гайда запрашае...". Пасля таго свердлаўчане ўжо прыязджалі да нас на гастролі. У наступным годзе яны зноў будуць тут. Затым плануецца наш візіт у адказ. Хаця раней часу загадваць цяжка. Гастролі — справа даволі складаная і арганізацыйна, і фінансава. Але такіх абменаў хацелася б больш. Яны патрэбныя і артыстам, і гледачам. Новая публіка, выканаўцы. Гэта цікава. У нас, артыстаў, вочы гараць — хочацца заваяваць новую аўдыторыю. Атрымліваеш нейкую асаблівую энергетыку, настрой, духоўны ўздым адчуваеш. — Дык што ж цяперашнія сустрэчы? Каго запрашае Наталля Гайда ў гэты раз у Мінск? — Не буду пералічваць доўгі спіс імёнаў. Прыедуць і салісты, і кіраўнікі музычных тэатраў. Прыстойная геаграфія вырысоўваецца: Новасібірск, Масква, Петразаводск, Іркуцк, Санкт-Пецярбург, Екацярынбург, Ніжні Ноўгарад, Растоў-на-Доне, Караганда, Каўнас, Клайпеда. — Вам давядзецца другі раз перажыць на сцэне юбілей — асабісты і творчы? — Наогул, думала на ім ужо не засяроджвацца. Але дырэктар нашага тэатра сказаў: ніякіх адгаворак, увесь год у вас юбілейны. Нарадзілася ў маі — адзначылі вясной, а восенню на фестывалі — само сабой. Вядома, гэта хвалююча, але і прыемна. — Святочныя сукенкі ўжо прыгатаваныя? — Вось думаю, як выкручвацца. Можа, паспею нешта новенькае дашыць. Ну а калі не... Гэта ж зоркі шоу-бізнесу заяўляюць: калі сукенку ўжо апранала, у другі раз — не магу. У нас такога няма. Таму апранаем, адкладваем, на нейкі час забываем, а потым знаходзім як новенькую. — Што ў афішы фестывалю? — Два спектаклі – "Сільва", "Бабін бунт" і гала-канцэрт. Рыхтуюцца сюрпрызы ад нашага рэжысёра Сусанны Цырук — у спектаклях ролі ў кожным акце будуць выконваць розныя артысты. Гэта вельмі цікава. — Вы занятыя ў праграме шчыльна? — Як заўсёды. Але, як гаворыцца, трэба — значыць трэба. У мяне тры дуэты з рознымі салістамі, у дадатак некалькі невялікіх выхадаў, недзе ў танцы павінна з’явіцца. Увогуле, пакруціцца прыйдзецца. — У публікі сёння ёсць цікавасць да жанру музычнай камедыі? — Мяркуючы па аншлагам і ў Екацярынбургу, і ў нашым тэатры, так. Але асабліва мяне радуюць ранішнія спектаклі — зала бітком. Я думаю: якія бацькі малайцы, што далучаюць дзяцей да тэатра. Бо цяпер настолькі скараціліся ў школе ўрокі спеваў, музыкі. Мне незразумела, чаму? Памятаю, музычныя заняткі ў нас у дзіцячым садзе нават у час вайны былі. Калі пайшла ў школу, вайна толькі скончылася, але чатырохгалосы хор быў, і танцавальны гурток, і малявання. А колькі народных песень, рамансаў, арый гучала па радыё. Мы, дзеці, спявалі ўсё запар: ад "У дороги чибис" да дуэта Таццяны і Вольгі "Слыхали ль вы за рощей глас ночной...". Памятаю, усё не магла зразумець, што ж чулі гэтыя львы? Але спявала. А тут нядаўна сутыкнулася з тым, што сказала студэнтцы развучыць арыю Снягуркі, першую, дзе яна з сяброўкамі. Дзяўчына на мяне здзіўлена глядзіць. Яна не ведае. І гэта студэнтка музвучылішча. Таму, паўтаруся, тое, што ў тэатры дзяцей поўная зала, — гэта выдатна. Менавіта з дзяцінства прывіваюцца цікавасць і любоў да музычнага мастацтва. — Зараз нешта новае рэпеціруеце? — Так. Гэта спектакль з рабочай пакуль назвай "Лехайм". П’еса — сплаў знакамітага мюзікла "Скрыпач на даху" з музыкай Джэры Бока і нашага кампазітара Алега Хадоскі з "Памінальнай малітвай" Рыгора Горына. Ставіць Міхаіл Кавальчык, гэта яго рэдакцыя. Так што чакаецца цікавая праца. Ирына СВIРКО Рэспубліка. - 2014. - 26 кастр. |
тел.: (017) 275-81-26
220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44
Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by