Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Вось такі нетрадыцыйны Дон-Жуан… (2007 г., Мастацтва)

Вось такі нетрадыцыйны Дон-Жуан… (2007 г., Мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

ВОСЬ ТАКІ НЕТРАДЫЦЫЙНЫ ДОН-ЖУАН…

"Дон-Жуан у Севільі" Марка Самойлава. 
Пастаноўка Аляксея Ісаева. 
Музычны кіраўнік Леў Карпенка. 
Хормайстар-пастаноўшчык Ганна Маторная. 
Балетмайстар Мікалай Рэутаў. 
Сцэнограф Андрэй Меранкоў, 
Мастак Алена Пашкевіч. 

У рэпертуары Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра з'явіўся спектакль, які можна лічыць самай рамантычнай і наіўна-вясёлай версіяй класічнага сюжэта, звязанага з імем вялікага спакусніка і калекцыянера жаночых сэрцаў.
 

Паводле ўсім вядомай легенды, незлічоныя донжуанавы подзвігі ды перамогі ў любоўных баталіях заканамерна, хоць і раптоўна, увянчаліся праклёнам, помстай, смертаносным поціскам рукі "каменнага госця". Змрочная містыка развязкі традыцыйнай гісторыі пра выклятага (але неўміручага ў сваёй сутнасці) героя захоўваецца, пэўна, ва ўсіх яе літаратурных і сцэнічных увасабленнях, у тым ліку і ў оперы В.А. Моцарта "Дон-Жуан". Аднак мюзікл расійскага кампазітара М. Самойлава "Дон-Жуан у Севільі" (камусьці ён больш вядомы з 1970-х гадоў пад назвай "Аднойчы ў Севільі") паводле п'есы С. Алёшына мае мажорны шчаслівы фінал. Больш за тое: сам галоўны персанаж трактуецца нетрадыцыйна. Гэты Дон-Жуан – толькі ўявіце! – уцякае ад шматлікіх сваіх прыхільніц, і няма сярод іх ніводнай, у чыёй кампаніі ён не пакутаваў бы! 

"Каханне да маладога прыгажуна, спадкаемцы багатага і знанага дваранскага роду, апаноўвае ўсіх жанчын. Імя, ахутанае мноствам легенд, з нястрымнаю сілай вабіць да ягонага ўладальніка і юных какетак, і спанатраных спакусніц. I ніводная з іх нават не можа дапусціць, што пад магічным імем Дон-Жуана хаваецца…" Гэты загадкавы эпіграф, змешчаны ў праграмцы новага спектакля, інтрыгуе. I хоць таямніца галоўнага персанажа спектакля "Дон-Жуан у Севільі" раскрываецца для гледачоў з першых жа сцэн, яны ахвотна прымаюць умовы гульні ў немудрагелістае qui quo і з цікавасцю, а хто і захапленнем, сочаць за развіццём дзеяння. Маўляў, якім жа чынам відавочнае для публікі "раскрыецца" для саміх удзельнікаў сцэнічнай гісторыі, як здолеюць закаханыя героі паразумецца і дасягнуць шчаслівай развязкі? 

Літаратурна-сцэнічная рэдакцыя мюзікла – А. Ісаева, мастацкага кіраўніка ды аднаго з вядучых артыстаў тэатра. Дырыжор Л. Карпенка зрабіў сучасную аранжыроўку партытуры, сцэнограф А. Меранкоў прыдумаў каларытнае дэкарацыйнае вырашэнне спектакля (з алюзіямі на тэмы паўднёвай прыроды, сярэднявечнага архітэктурнага ландшафту іспанскіх гарадоў), а мастак А. Пашкевіч – дзівосныя касцюмы, дасціпна спалучыўшы класічную стылістыку адзення часоў "плашча і шпагі" з элементамі рамантычнага рэтра і камічнымі акцэнтамі цяперашняй "гламурнай" моды. 

Дык які ж сакрэт палішынеля ў новым відовішчы? А вось такі: Дон-Жуан тут – не мужчына. У поўным сэнсе гэтага слова. У абліччы прыўкраснага юнака хаваецца высакародная і цнатлівая, бліскуча выхаваная, адукаваная і крыху сарамлівая паненка. Апранацца па-мужчынску і навучыцца фехтаваць яе вымусіў бацька: дзеля таго, каб абысці недарэчны закон і не пакінуць адзіную любую дачку беспасажніцай. Бо дзяўчына не мела права прэтэндаваць на фамільную спадчыну: спадкаемцам заможнага і паважанага чалавека мог быць толькі ягоны сын. Так што пікантная сітуацыя вакол персанажа з традыцыйным імем Дон-Жуан – усяго толькі нетрадыцыйны спосаб вырашэння гендэрных праблем у далёкай і даўняй цемрашальскай краіне. 

Між тым, сітуацыя, можна сказаць, на мяжы фолу. Дзяўчына ў донжуанавай масцы відавочна пакутуе ад празмернай цікаўнасці, агрэсіўнай увагі, а потым і адкрытых брутальных дамаганняў "крохкай" паловы свайго атачэння. Мала надакучлівых жанчын, дык яшчэ і прыгажун Камандор не хавае свайго захаплення, якое хутка змяняецца заляцаннямі, а ўрэшце – прызнаннем у закаханасці. Да гонару артыстаў тэатра, усе двухсэнсоўнасці, скажам так, рызыкоўныя для візуальнага ўвасаблення, разыгрываюцца без камікавання і пошласці, са смакам, якога вымагае жанр, і прытым – з пачуццём эстэтычнай меры. 

Часам бывае проста цяжка ўстрымацца ад смеху, назіраючы бліскучую акцёрскую ігру ў ансамблях! Помняцца сцэны з "непадкупным" цельпукаватым донжуанавым служкам Фларэсціна, якога непараўнана ўвасабляе Аляксандр Асіпец; з Доннай Аннай – гэткай "інфернальніцай" у выкананні Ірыны Шыцікавай і спакушальнай "вамп" – у Ірыны Заянчкоўскай; са "спякотнай, як спелае лета" Доннай Лаурай – выдатная работа Валянціны Пятліцкай – і яе "маладымі ды раннімі" дачушкамі Лючыяй і Разітай, якіх па-майстэрску, надзяляючы індывідуальнымі сцэнічнымі характарыстыкамі, прадстаўляюць, адпаведна, Ілона Казакевіч, Ала Лукашэвіч і Леся Лют, Ірына Цярэнцьева. Нават амаль нейтральны жанрава вобраз Дона Атавіо ўдаецца індывідуалізаваць улюбёнцам публікі Герману Казлову і Аляксею Кузьміну. А колькі камедыйных эпізадычных роляў прыцягваюць глядацкую ўвагу праз выдатную ігру Віктара Цыркуновіча (Дон Антоніо), Дзмітрыя Якубовіча (Дон Дыега), Кацярыны Дзегцяровай (Кацярына), Ірыны Скорабагатавай (Кухарка), Анжалікі Чумаковай (Служка)…

У гэтым густанаселеным відовішчы, дзякуючы сённяшняму высокаму прафесійнаму ўзроўню трупы, сузор'ю акцёрскіх і вакальных індывідуальнасцей, вылучаюцца многія дзейныя асобы. 

Немагчыма не выказаць захаплення тым, як тонка вядзе мелодыю лёсу сваёй гераіні – то загадкавага юнака, надзеленага безліччу вартасцей, то пяшчотнай, палахлівай дзяўчыны, то бясстрашнай закаханай летуценніцы – Маргарыта Александровіч (Дон-Жуан), як выдатна разумее, спрабуе разгадаць, далікатна падтрымлівае яе праніклівы і мудры, чулы і дасціпны сябар Камандор – Анатоль Олех. 

Як шчыра, яскрава, пачуццёва разгортваецца лейтматыў кахання, радасці жыцця ў масавых танцавальных і харавых сцэнах! Акцёры, як той казаў, купаюцца ў матэрыяле і "выцягваюць" яго да жывога відовішча. 

М. Самойлаву давялося пабачыць нямала ўвасабленняў свайго мюзікла. Мінская версія яму вельмі спадабалася, пра што аўтар музыкі, які прысутнічаў на самым першым паказе спектакля "Дон-Жуан у Севільі", паведаміў непасрэдна са сцэны, пад акампанемент прэм'ерных авацый. Кампазітар таксама прызнаўся ў шчырай любові да Беларусі, бо, хоць нарадзіўся ён у Ленінградзе, Мінск для яго амаль родны горад: карэннымі мінчанамі былі яго бацька, дзед і нават прадзед. Гэта, канешне, кранальны штрых у стасунках нашага музычнага тэатра з аўтарам-госцем… 

Але калі аціхае ажыятаж вакол чарговай прэм'еры, развейваецца эйфарыя свята, ад'язджаюць сябры-візіцёры і праявы гасціннасці адступаюць на другі план, патрыётаў беларускай музычнай сцэны зноў пачынае даймаць хранічнае пачуццё незадаволенасці. Цалкам зразумелае пачуццё на фоне таго, як апошнім часам фарміруецца рэпертуар аднаго з нашых самых папулярных тэатраў. Прэм'ера за прэм'ерай – а ўсё не на карысць развіццю арыгінальнай, сваёй, айчыннай музычна-тэатральнай творчасці. Цікава, чаму музыка нашых суседзяў, якая, па вялікім рахунку, не ўражвае першаснай свежасцю і пазначана штампамі масавай "слыхавай культуры" другой паловы мінулага стагоддзя, робіцца прыярытэтам рэпертуарнай палітыкі Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра? Чаму гэтак упарта ігнаруюцца нашы нацыянальныя аўтары, іх талент, прафесійная школа, жаданне супрацоўнічаць? Чаму нават не робяцца спробы падрыхтаваць да пастаноўкі ўжо напісаныя імі работы ў адпаведным жанры, чаму няма практыкі дзяржзаказаў беларускім кампазітарам на стварэнне партытур для гэтага калектыву? 

Далёка не першы раз усе гэтыя і падобныя пытанні скаланаюць паветра. Нібы тая рыторыка, на якую быў здатны іншы хрэстаматыйны персанаж, высакародны змагар за справядлівасць і годнасць – Дон-Кіхот. Але ж пры чым тут ён? Гаворка не пра мюзікл "Чалавек з Ламанчы", а пра музычную гісторыю, якая здарылася ў Севільі… I ўрэшце: Дон-Жуан – як Дон-Жуан. Яшчэ нікому не ўдалося зразумець яго таямніцу. Мо і насамрэч гэта была пераапранутая паненка. Ці нейкая іншая загадкавая, можа нават і незямная, істота?

Святлана БЕРАСЦЕНЬ.
Мастацтва. – 2007. – № 4. – С. 10–11.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: