Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Якое жыццё, такі й тэатр? (1992 г., Літаратура і мастацтва)

Якое жыццё, такі й тэатр? (1992 г., Літаратура і мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ЯКОЕ ЖЫЦЦЁ, ТАКІ Й ТЭАТР?

Спектакль "Джулія" ў Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі Беларусі

Жыццё – вядома ж, якое. Але тэатр заўсёды быў не толькі люстэркам жыцця, а і яго альтэрнатывай. Калі ўсё жыццё было працята хлуснёй, тэатр спрабаваў гаварыць праўду. Бо гэта закон існавання тэатра і мастацтва ўвогуле: калі жыццё – штодзённыя хістанні ўлева-ўправа адпаведна палітычным амбіцыям, дык тэатр – захавальнік вечных каштоўнасцей; калі жыццё – гэта грошы плюс купоны плюс талоны, дык тэатр – прытулак Душы; калі жыццё – недарэчны маскарад, дык тэатр – гэта Тэатр. Менавіта з вялікай літары.

Твор У. Кандрусевіча "Джулія" паводле рамана С. Моэма "Тэатр" – у найвялікшай меры дыялог паміж Тэатрам і Жыццём. Дыялог на знешнім узроўні, калі калізіі жыцця Джуліі Ламберт даюць на дзіва дакладныя праекцыі на лёс выканаўцы гэтай ролі Н. Гайды. I дыялог на ўзроўні ўнутраным, у душы самой Джуліі, у выніку якога яна, нарэшце, разумее, што тэатр для яе – гэта і ёсць усё яе жыццё.

Але расхінаецца заслона – і атрымліваеш амаль шок: касцюмы, афармленне сцэны (мастакі У. Жданаў, В. Жалонкіна) робяць уражанне нейкага балагана, толькі не атмасферы сапраўднага Тэатра. Пасля трэцяга-чацвёртага прагляду стараешся не звяртаць на гэта ўвагу, але не дае спакою адна думка: як жа Джулія, пасля ўсіх жыццёвых выпрабаванняў, вяртаецца менавіта сюды – у такі тэатр? Зразумела, каб замест брыдкага рыззя на сцэне было што-небудзь больш прывабнае, патрэбны грошы, але ж... Няўжо і сапраўды тэатр ужо страціў свой статус альтэрнатывы бязлітаснаму побыту? Вось яна, першая і галоўная супярэчнасць пастаноўкі: паміж умоўным маскарадам, што апраўляе кожную дзею, – і тэатрам псіхалагічнай дакладнасці, які дэманструюць акцёры ў працэсе дзеяння.

Да гэтай відавочнай супярэчнасці далучаецца другая: паміж багатым асацыятыўным асяроддзем музычных нумароў – і занадта ўжо літаральным іх прачытаннем. За спінамі герояў амаль увесь час знаходзяцца чатыры мімы, якія "тлумачаць", пра што пяецца, а па ходзе дзеяння ўвасабляюць сабою параход, цягнік, ліхтарныя слупы і г. д.

Пластычнае вырашэнне дакладна ўпісваецца ў рэжысёрскую канцэпцыю (пастаноўшчык Б. Утораў), якую можна азначыць словам "ўмоўная рэчаіснасць" – з націскам на другім слове. А хочацца, каб з націскам на першым, каб больш палёту думак і фантазіі. Бо калі відэарад уяўляе сабой амаль падрадковы пераклад вершаў, гэта, безумоўна, абядняе пастаноўку, пазбаўляе яе такога жаданага ў мюзікле творчага пошуку.

Але не будзем пра тое, чаго ў спектаклі няма – лепш пра тое, што ў ім ёсць. Па-першае, у "Джуліі" ёсць даволі ўдала скроенае лібрэта (Я. Свірскі), у якім, здаецца, толькі сцэны вайны, наогул досыць каларытныя, падаюцца ўсё ж нейкім стылістычным дысанансам. Ёсць добрыя вершаваныя радкі з яркай вобразнасцю, арыгінальнымі рыфмамі (М. Кандрусевіч).

Па-другое, ёсць цудоўныя акцёрскія работы. Пэўна, уся беларуская перыёдыка павінна была б выбухнуць артыкуламі на тэму "бліскучае вяртанне Гайды". Спектакль, які разлічаны менавіта на яе выканаўчае майстэрства, – раскошны падарунак знакамітай артыстцы. Падарунак? Ці, можа, даўно запозненая даніна павагі да яе таленту? Першая спроба ўвасобіць гэты мюзікл была дзесяць гадоў назад, і цяпер можна толькі ўздыхаць, як непаўторна глядзелася б у тым спектаклі Н. Гайда. Але ж і сёння яна ўражвае сваёй маладосцю і амаль юначай натхнёнасцю, памножанай на майстэрства. Ад спектакля да спектакля расце дасканаласць выканання – засмучаюць толькі сукенкі галоўнай гераіні: вядома ж, яны не ад Ніны Рычы ці П'ера Кардэна, ды ўсё роўна хацелася б, каб тыя касцюмы хоць бы не перашкаджалі артыстцы выглядаць першай прыгажуняй (асаблівыя нараканні выклікае ружовы ўбор).

Р. Харык, нязменны партнёр Н. Гайды, бліскуча вядзе сваю ролю, не баючыся шчырай буфанады, – і ў некаторых эпізодах настолькі адцягвае на сябе ўвагу, што нават усю I дзею хочацца назваць "Джулія і Майкл". Але ж неўзабаве гэты таленавіты артыст, як вядома, з'язджае ў Амерыку. Гэтая акалічнасць надае спектаклю нейкае шчымлівае адценне: няўжо прэм'ера, якую чакалі дзесяцігоддзе, так і сыдзе ў нябыт? Харык не меў дублёра, але зараз ролю Майкла рэпеціруе Г. Казлоў, таму не будзем страчваць надзею.

У ліку бясспрэчных каштоўнасцей спектакля і астатнія акцёрскія работы. Псіхалагічная дакладнасць кожнай дэталі вызначае ігру маладога артыста В. Шабуні (Томас Фэнэл). Служанка Эві ў трактоўцы А. Крайнікавай атрымалася досыць іранічнай і разам з тым добразычлівай, крыху какетлівай і вельмі самастойнай, з пачуццём уласнай годнасці. Артыстка I. Скорабагатава прадстаўляе Эві больш нязграбнай, грубай, што, на мой погляд, усё ж збядняе вобраз, робіць яго больш трывіяльным.

Адточаная роля антрэпрэнёра Джымі ў выкананні А. Ранцанца, сталага майстра і вядомага коміка. У ігры больш маладога А. Касцецкага, можа, і не стае дасканаласці, якой пакуль замінае моцная плынь імправізацыйнасці, але ягоная трактоўка больш пераканаўчая. Ягоны Джымі – равеснік Майкла, таемна закаханы ў Джулію. Ён застанецца адзіны, хто будзе верыць у яе талент да канца, – і першы будзе вітаць яе вяртанне на сцэну.

Нарэшце, галоўнае, што ў спектаклі ёсць і без чаго яго б зусім не было, – гэта музыка У. Кандрусевіча. Работа кампазітара яркая, запамінальная, вельмі і вельмі прафесійная (даруйце, але апошні эпітэт замест пазнакі абавязковай умовы працы ўсё часцей робіцца лепшым з кампліментаў творцам). Кідкія мелодыі, разнастайнасць рытмаў, цудоўная аркестроўка на эстрадна-сімфанічны склад са шматлікімі інструментальнымі сола, з багатым выкарыстаннем ударных. У партытуру дадаткова ўведзены саксафон, гітара, бас-гітара, сінтэзатар (яго партыю выконвае У. Грыцкевіч). Кампазітар пашырае тэмбрава-тэхнічныя магчымасці інструментаў, эксперыментуе ў галіне гуказдабывання. Добра пабудавана музычная драматургія: акрамя традыцыйнай нумарной структуры, ёсць развітая лейтматыўная сетка, а таксама музычна аб'яднаныя буйныя сцэны. Асаблівае ўражанне робіць сцэна "Полулюди-манекены", фінал якой поліфанічна спалучае тры асноўныя музычныя тэмы.

Неаднастайная стылістычная аснова мюзікла: акрамя блюза ў мностве абліччаў, адкрыта шлягерных мелодый і лірычнай песеннасці, у "Джуліі" ёсць яшчэ адна лінія – музычная пародыя: на штампы "вялікай оперы", на "вердзіеўскія праходы" ў масавых сцэнах, на "ваенныя" араторыі савецкага перыяду. Але ўсё ж гэтая лінія падаецца непаслядоўнай – можа, за кошт не зусім адпаведных пастаноўчых аксесуараў.

Гукавое ўвасабленне партытуры працягвае ўдасканальвацца ў працэсе паказу прэм'ерных спектакляў (дырыжор А. Лапуноў). I хаця сям-там залішне павольнымі здаюцца тэмпы, дзесьці не выйграюцца джазавыя сола, а ў некаторых эпізодах аркестр глушыць рэплікі артыстаў – не гэта складае агульную карціну. Мы ўжо, здаецца, звыкліся, што нашы аркестранты не заўсёды прыхільна ставяцца да беларускай музыкі і што наогул наш аркестр музкамедыі нічога не варты. "Джулія" абвяргае абодва гэтыя пастулаты. Такі прыклад: на першых спектаклях замест двух ударнікаў прысутнічаў адзін – А. Сямак, які проста бліскуча правёў усе партыі. Дарэчы, музыканты граюць з такім натхненнем і непадробнай шчырасцю, што прымушае дараваць ім прыкрыя недарэчнасці ў найскладаным нумары "Примерная девица". I калі ацэньваць партытуру нават без аніякіх скідак на местачковы патрыятызм, то і тады мушу сумленна прызнаць: "Джулія" – адзін з найлепшых беларускіх (і не толькі беларускіх) твораў для тэатра музкамедыі. Да таго ж, гэта сапраўдны мюзікл, што сустракаецца значна радзей, чым проста абвяшчэнне твора ў гэтым жанры.

Застаецца спадзявацца, што "Джулія" зацікавіць таксама тэатры за межамі рэспублікі і атрымае мноства разнастайных мастацкіх інтэрпрэтацый. I ў гэтым сэнсе – дзякуй сённяшняй пастановачнай групе, што адкрыла для ўсіх дзівосную партытуру, і нізкі паклон рэжысёру Б. Уторааў, які быў ініцыятарам пастаноўкі. Можна бясконца не згаджацца з тымі ці іншымі рэжысёрска-трактоўчымі момантамі, але факт ёсць факт: не было б Уторава, нікому не патрэбныя ноты і дагэтуль, магчыма, пыліліся б у тэатральнай бібліятэцы. Бо ў тэатры, на жаль, – як у жыцці: тыя ж праблемы...

Надзея БУНЦЭВІЧ.
Літаратура і мастацтва. – 1992. – 27 сак. – С. 10–11.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: